Гранты і ваўчары на інавацыі дзяржава плануе выдаваць з 2013 года. 21.by

Гранты і ваўчары на інавацыі дзяржава плануе выдаваць з 2013 года

06.08.2011 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай палітыкі Мінэканомікі Дзмітры КРУПСКІ сустрэўся з журналістамі і расказаў, што ў нашай краіне робіцца для таго, каб нацыянальная эканоміка развівалася інавацыйна.

  — Без прыцягнення ў краіну замежных інвестыцый і перадавых тэхналогій і без фарміравання інстытуцыянальнага асяроддзя ўсе нашы намаганні па комплекснай мадэрнізацыі краіны будуць асуджаны на няўдачу, — сказаў Дзмітры Крупскі.

Пры гэтым ён адзначыў, што сёння можна гаварыць пра захады, якія робіць Мінэканомікі якраз па фарміраванні ў Беларусі асяроддзя, спрыяльнага для інавацыйнага развіцця эканомікі. У прыватнасці, прынятыя Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады, а таксама Дзяржаўная праграма развіцця вышэйшай адукацыі на 2011—2015 гады.

— Міністэрства эканомікі актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы гэтых праграм: у прыватнасці, у праграму па развіцці вышэйшай адукацыі пад нашым ціскам былі ўнесены тэзісы пра павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму студэнтаў на тыя спецыяльнасці, якія непасрэдна патрэбны для забеспячэння інавацыйнага развіцця нацыянальнай эканомікі. Так, мяркуецца, што па спецыяльнасцях у сферы ІТ за 5 гадоў набор складзе 12,5 тысячы чалавек, у сферы біятэхналогій — 3,2 тысячы чалавек, у сферы нанатэхналогій — 1,65 тысячы чалавек. Гэта радыкальныя змены ў наборы студэнтаў, і, на нашу думку, менавіта пры такім падыходзе ў нас з'явіцца сур'ёзны задзел для разгортвання новых галін эканомікі — ІТ-індустрыі, біятэхналогій і нанаіндустрыі, — лічыць Дзмітры Крупскі.

Венчурнае фінансаванне ў Беларусі не прыжывецца?

Начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай палітыкі таксама расказаў, што Міністэрствам эканомікі ініцыяваная падрыхтоўка указа Прэзідэнта, які прадугледжвае ўвядзенне двух новых інструментаў — інавацыйных ваўчараў і грантаў на камерцыялізацыю аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці. У прыватнасці, яны могуць быць накіраваны на правядзенне маркетынгавых і патэнтных даследаванняў, складанне бізнэс-плана, ацэнку аб'екта інтэлектуальнай уласнасці, патэнтаванне за мяжой, інфармацыйнае прасоўванне аб'екта інтэлектуальнай уласнасці, інжынірынгавыя паслугі, прыцягненне інвестара або дзелавога партнёра і гэтак далей.

— Такім чынам, гранты і ваўчары выступаюць тым інструментам, які дазволіць да стадыі серыйнай вытворчасці поўнасцю выканаць тыя работы, якія з'яўляюцца ключавымі для вываду любога стартапа з мёртвай зоны, — перакананы Дзмітрый Мар'янавіч.

Калі адпаведны ўказ Прэзідэнта будзе прыняты, то выдача інавацыйных ваўчараў і грантаў на камерцыялізацыю аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці будзе ажыццяўляцца за кошт бюджэтных сродкаў, якія прадугледжаны на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць. Гранты і інавацыйныя ваўчары будуць прадастаўляцца на беззваротнай і бязвыплатнай аснове, але будзе пэўная асаблівасць для суб'ектаў прадпрымальніцтва — умовай бюджэтнага фінансавання будзе ўкладанне ўласных сродкаў суб'екта прадпрымальніцтва ў памеры не менш чым 20% ад плануемых затрат. Таксама плануецца прадугледзець механізм кампенсацыі ўкладзеных сродкаў у выпадку паспяховай камерцыялізацыі праекта. Мяркуецца, што выдача грантаў і ваўчараў пачнецца з 2013 года: штогод будзе выдзяляцца да 300 такіх ваўчараў і грантаў на суму, эквівалентную 22,5 мільёна долараў.

— Гэта нямала. Калі падзяліць, то сярэдняя сума грантаў і ваўчараў складзе каля 75 тысяч долараў. Гэта дастатковая сума для камерцыялізацыі аб'екта інтэлектуальнай уласнасці сярэдняга памеру.

Дзмітры Крупскі лічыць, што якраз такі інструмент фінансавання рызыкоўных праектаў у Беларусі будзе больш эфектыўны, чым, напрыклад, тое ж венчурнае фінансаванне:

— Ад моманту ідэі да рэальнай арганізацыі высокатэхналагічнай вытворчасці любы вынаходца, распрацоўшчык або любы ўладальнік аб'екта інтэлектуальнай уласнасці сутыкаецца з немалымі цяжкасцямі. І нават у краінах з развітай рыначнай эканомікай на гэтым шляху дастаткова шмат праблем. Там гэтае пытанне вырашаецца за кошт венчурнага фінансавання. Але яно з'явілася ў краінах Захаду пасля пераназапашвання капіталу: калі інвеставаць у 10 праектаў, з якіх 9 прагараць, а дзясяты прынясе вялікі прыбытак, стала больш выгадна, чым у традыцыйныя галіны. У Беларусі шмат гавораць пра венчурнае фінансаванне, пра развіццё венчурнай індустрыі, але я перакананы, што ў нас няма такога свабоднага капіталу. Таму мы пайшлі па такім шляху: фактычна дзяржава бярэ на сябе выдаткі па фінансаванні такіх вось піянерных праектаў, — лічыць Дзмітры Крупскі. — Я перакананы, што ў нас у тым выглядзе, як на Захадзе, венчурнае фінансаванне працаваць не будзе. Бо ў нас не хапае капіталу для рэалізацыі звычайных праектаў: мы прыцягваем сюды інвестыцыі, а не з'яўляемся іх экспарцёрам. Я бачу ў якасці інструмента фінансавання рызыковых праектаў якраз выкарыстанне грантаў і ваўчараў, якія выдаюцца на беззваротнай аснове. Гэта той самы венчур, але адаптаваны да нашых умоў.

Таксама ён паведаміў, што зараз падрыхтаваны праект указа Прэзідэнта аб унясенні змен і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта № 432 ад 31 жніўня 2009 года "Аб некаторых пытаннях набыцця маёмасных праў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці і распараджэння гэтымі правамі". У прыватнасці, гэтыя змены дадуць права выканаўцу праекта, які не з'яўляецца дзяржарганізацыяй, выкупіць на сваё імя маёмасныя правы на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці, а таксама зробяць зразумелым механізм узаемаадносін пры распараджэнні маёмаснымі правамі.

— Гэтыя два ўказы кардынальным чынам зменяць сітуацыю на рынку нашай інтэлектуальнай уласнасці, — мяркуе Дзмітрый Крупскі. — За апошнія 15 гадоў было дастаткова шмат зігзагаў і паваротаў дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы. Але зараз усе зразумелі, што інавацыйная эканоміка — гэта перш за ўсё рынак навукова-тэхнічных паслуг, рынак інтэлектуальнай уласнасці, дзе адбываюцца здзелкі з аб'ектамі інтэлектуальнай уласнасці. Таму прыняцце вось гэтых нарматыўна-прававых актаў будзе дакладным і выразным сігналам для ўсіх і знешніх, і ўнутраных інвестараў пра тое, што курс дзяржавы на пабудаванне інавацыйна арыентаванай эканомікі застаецца стабільным і непахісным.

"БелБіяград" пацягне на 2 мільярды еўра

Дзмітрый Крупскі таксама расказаў, што зараз завяршаецца праца над канчатковым варыянтам канцэпцыі стварэння нацыянальнага навукова-тэхнічнага парка ў галіне фармацэўтыкі, нана- і біятэхналогій "БелБіяград":

— Мяркуецца, што гэта будзе маштабны інфраструктурны праект, які па сваіх складанасці і шматаспектнасці будзе больш складаны, чым стварэнне Парка высокіх тэхналогій або будаўніцтва АЭС. Чаму? Бо мяркуецца, што "БелБіяград" будзе ўключаць у сябе комплекс будынкаў у Мінску, а таксама тры рэгіянальныя індустрыяльныя зоны з дакладна выражанай спецыялізацыяй: адна зона будзе спецыялізавацца ў галіне фармацэўтыкі і прамысловай біятэхналогіі, другая — у галіне біятэхналогій у АПК, трэцяя будзе мець спецыялізацыю ў галіне нанапрадукцыі.

Ён таксама дадаў, што дзве з рэгіянальных зон плануецца размясціць каля двух абласных цэнтраў, а трэцяя, магчыма, будзе інтэгравана ў склад кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.

Агульны кошт будаўніцтва "БелБіяграда" разлічаны ў памеры 2 мільярдаў еўра:

— Затраты на будаўніцтва мы палічылі па аналагічным парку ў Сінгапуры, таму мяркуем, што будаўніцтва будзе каштаваць каля 2 мільярдаў еўра. Калі будаўніцтва АЭС у нас ацэньваецца ў 6,5 мільярда долараў, то гэты праект па ёмістасці атрымліваецца другі па ліку. Хто яго будзе фінансаваць? Па вопыце таго, як такія праекты рэалізоўваліся ў краінах з развітай рынкавай эканомікай, можна сказаць, што ўсе тэхнапаркі — гэта камерцыйныя прадпрыемствы. І калі мы дадзім ільготы, то я не сумняваюся, што гэта выклікае сур'ёзны інтарэс у буйных фармацэўтычных вытворцаў свету. Бо мы фактычна прапануем ім увайсці на прастору з насельніцтвам 170 мільёнаў чалавек — я маю на ўвазе Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана. А пры зацікаўленасці фармкампаній рэалізоўваць тут свае інавацыйныя праекты аўтаматычна з'явіцца зацікаўленасць паўдзельнічаць у гэтай справе і ў дэвелаперскіх кампаній, бо гэта ўсё камерцыйна акупляецца, — лічыць Дзмітрый Крупскі.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай палітыкі Мінэканомікі Дзмітры КРУПСКІ сустрэўся з журналістамі і расказаў, што ў нашай краіне робіцца для таго, каб...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика