Вы прасунуліся на знешні рынак. Што далей?. 21.by

Вы прасунуліся на знешні рынак. Што далей?

09.12.2011 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

А далей можа здарыцца самае рознае: ад трыумфальнага шэсця па супер- і гіпермаркетах — да поўнага правалу. Адно слова — рынак. Што толькі не чакае там навічкоў. Чаго вартая, напрыклад, нядобрасумленная канкурэнцыя вытворцаў аналагічнай прадукцыі, розныя іх хітрыкі, мудрагелістыя пасткі...

Але не будзем пра сумнае. Дзелавых і настойлівых, тых, хто адчувае кан'юнктуру, калі ім ўдаецца трывала замацавацца на знешніх рынках, лёс узнагародзіць пастаяннай і надзейнай валютнай выручкай. А якому беларускаму вытворцу яна будзе лішняй? Праўда, у гэтым валютным прыбытку кроўна зацікаўлены і вашы канкурэнты з іншых краін. Таксама не супраць зарабіць мясцовыя вытворцы. Але што канкрэтна трэба рабіць для ўтрымання сваіх пазіцый за мяжой, пашырэння геаграфіі прысутнасці вашых тавараў на знешніх рынках? Аб гэтым днямі ішла размова ў Мінску, дзе пад эгідай асацыяцыі "БелБрэнд" і пры актыўнай падтрымцы Міністэрства эканомікі і Камітэта па навуцы і тэхналогіях адбылася першая рэспубліканская канферэнцыя на тэму "Абарона брэндаў беларускіх вытворцаў на знешніх рынках". У канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі сабраліся прадстаўнікі дзелавых колаў, грамадскіх арганізацый і саюзаў, бізнэсу, прадпрыемстваў-брэндаў, навукоўцы, эксперты, спецыялісты ў галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці.

Прысутныя былі аднадушныя ў думцы, што абараняць беларускія брэнды, іх імідж у вачах замежных спажыўцоў неабходна ўсімі законнымі спосабамі. Усведамленне надзвычайнай важнасці праблемы і заахвоціла год таму групу энтузіястаў на стварэнне асацыяцыі "БелБрэнд". Гэта добраахвотнае аб'яднанне суб'ектаў гаспадарання, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы вытворчасці і рэалізацыі тавараў і паслуг. І ўжо першая, скажам так, справа "БелБрэнда" паказала, што работы ў асацыяцыі будзе зашмат. Адно мінскае прадпрыемства сутыкнулася з жорсткім процідзеяннем канкурэнтаў у Расіі, пад пагрозай апынуўся шэраг выгадных заказаў. "БелБрэнду" ўдалося дапамагчы прадпрыемству адстаяць яго інтарэсы.

Галоўная мэта асацыяцыі — абарона і ахова фірменных найменняў і таварных знакаў беларускіх вырабаў у блізкім і далёкім замежжы. Праўда, асацыяцыя пакуль імкнецца садзейнічаць нашым прадпрыемствам у межах Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Сёння ў створанай імі Адзінай эканамічнай прасторы актыўна ідзе працэс фарміравання новага рынку. Працэс гэты даволі няпросты. Адна справа — дэкларацыі аб свабодным перамяшчэнні тавараў, капіталаў, працоўнай сілы, інвестыцый, іншая — інтарэсы канкрэтных вытворцаў са сваімі лабістамі ў калідорах улады, магчымасцю ўключыць, калі трэба, адміністрацыйны рэсурс, напрацоўкамі, традыцыйнымі каналамі збыту прадукцыі. І каму спадабаецца новы канкурэнт з якаснай і больш таннай аналагічнай прадукцыяй з суседняй краіны, нават пры ўмове, што яна член Адзінай эканамічнай прасторы? Як вядома, дружба дружбай, а тытунь...

З гэтай нагоды ў практыцы асацыяцыі — аказанне інфармацыйнай, кансультатыўнай, метадычнай дапамогі і прававой падтрымкі беларускім вытворцам-экспарцёрам у выпадку сутыкнення са спробамі выціснуць іх з рынку той ці іншай краіны. Лепшая абарона брэнда, гавораць прадстаўнікі асацыяцыі — аб'яднанне намаганняў носьбітаў гэтых брэндаў, пераадоленне іх раз'яднанасці, апора на кваліфікаваных юрыстаў, іншых спецыялістаў, здольных абыходзіць падводныя камяні ў знешнім гандлі. Напрыклад, у тых жа Расіі і Казахстане. Старшыня асацыяцыі Альберт Таіпаў расказаў цікавую гісторыю з практыкі дыскрымінацыі беларускіх тавараў у Расіі. Адносна нядаўна былы маскоўскі гораданачальнік на выставе беларускіх тавараў звярнуў увагу на прадукцыю баранавіцкай фірмы "Бархім" і загадаў набыць вялікую партыю яе мыйных сродкаў. Яго, як моцнага гаспадарніка, гэтая прадукцыя прывабіла выгаднымі суадносінамі цаны і якасці. Прадстаўнікі "Бархіма" былі на сёмым небе ад такога казачнага заказу. І вы думаеце, яны атрымалі яго? Дзе там! Падначаленыя гораданачальніка знайшлі спосабы і метады зацягнуць вырашэнне пытання, а потым па ўважлівай прычыне ўвогуле адмовіць "Бархіму". І такія выпадкі далёка не адзінкавыя. Вакол таго, як пазбягаць падобных непрыемных сітуацый, на канферэнцыі разгарнулася цікавая і гарачая дыскусія.

Безумоўна, інтэграцыйныя працэсы ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) дапамогуць зняць многія пытанні з пастаўкамі беларускіх тавараў на рынкі. Але ніхто не адмяняў канкурэнцыю. А яна, у тым ліку і нядобрасумленная, будзе пастаянна нагадваць пра сябе. І тут могуць быць самыя нечаканыя зігзагі і павароты. Акрамя гэтага, папярэджваюць спецыялісты, не трэба выключаць значны рост паставак кантрафактных тавараў з Кітая і краін Паўднёва-Усходняй Азіі з тэрыторыі Кыргызстан праз Казахстан. Перспектывы такой пагрозы надаюць дадатковую актуальнасць праблеме абароны айчынных брэндаў. Так, сёння ніхто не сумняваецца ў тым, што стварэнне Мытнага саюза, а зусім хутка АЭП, адкрыюць перад беларускімі прадпрыемствамі новыя перспектывы. Але ўзнікнуць і новыя рэальныя пагрозы — у прыватнасці, узмацненне жорсткасці канкурэнцыі, прыняцце неадэкватных мер з боку нядобрасумленных кампаній з трэціх краін.

Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А далей можа здарыцца самае рознае: ад трыумфальнага шэсця па супер- і гіпермаркетах — да поўнага правалу. Адно слова — рынак. Што толькі не чакае там навічкоў. Чаго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика