Дубкоў: Рэзкае зніжэнне працэнтных ставак прывядзе да адтоку рублёвых укладаў і хуткага росту аб'ёмаў крэдытавання эканомікі
02.06.2012 13:26
—
Новости Экономики
|
Дубкоў: Рэзкае зніжэнне працэнтных ставак прывядзе да адтоку рублёвых укладаў і хуткага росту аб'ёмаў крэдытавання эканомікі Што будзе з дэпазітамі і крэдытамі? Што змяняе новы Банкаўскі кодэкс? Навошта будуць павышаць мінімальны памер статутнага фонду для адкрыцця банка? Аб гэтым карэспандэнт "Звязды" гутарыць з намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргеем ДУБКОВЫМ.
— Стаўка рэфінансавання, а з ёю і стаўкі па дэпазітах, непазбежна зніжаецца. Ці не будзе зноў, як у мінулым годзе, адтоку ўкладаў насельніцтва з банкаў? — Насамрэч, дзякуючы станоўчым тэндэнцыям у эканоміцы стаўка рэфінансавання з пачатку 2012 года ўжо знізілася на 11 працэнтных пунктаў. Пры гэтым, нягледзячы на яе зніжэнне, у рэальным выражэнні (з улікам інфляцыі фактычнай і той, што чакаецца) стаўкі па дэпазітах знаходзяцца на высокім станоўчым узроўні. Яны забяспечваюць прывабныя ўмовы рублёвых зберажэнняў: іх даходнасць значна перавышае даходнасць укладаў у замежнай валюце. Са зніжэннем стаўкі рэфінансавання тэмпы росту рублёвых дэпазітаў могуць замарудзіцца, але адтоку ўкладаў, улічваючы паступовае павышэнне даходаў насельніцтва і станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы, не чакаецца. — Зразумела, што зніжэнне дэпазітных ставак адбываецца адначасова і са зніжэннем ставак па крэдытах. А крэдыты таксама патрэбны — і насельніцтву, і прадпрыемствам ды бізнэсу. На пасяджэнні Саўміна першы намеснік прэм'ер-міністра краіны Уладзімір Сямашка прапанаваў, каб стаўкі па крэдытах рэзка знізіліся ўжо ў другім квартале 2012 года, бо дарагія крэдыты замаруджваюць развіццё эканомікі. Што рабіць у такой сітуацыі? — Безумоўна, крэдытаванне з'яўляецца адным з ключавых фактараў развіцця эканомікі. Аднак тут трэба ўлічваць як рэальныя магчымасці для эканамічнага росту краіны, так і наступствы прадастаўлення танных крэдытаў — іншымі словамі, змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі. З аднаго боку, рэзкае зніжэнне працэнтных ставак прывядзе да адтоку ўкладаў у нацыянальнай валюце і ператоку ў іншыя формы зберажэнняў, а з іншага — да хуткага росту аб'ёмаў крэдытавання эканомікі. У выніку сітуацыя ў грашова-крэдытнай сферы і эканоміцы можа значна пагоршыцца, аж да паўтарэння 2011 года. Таму важна праводзіць узважаную працэнтную палітыку. Толькі такім чынам атрымаецца аднавіць давер эканамічных агентаў (суб'екты эканамічных адносін, якія прымаюць удзел у вытворчасці, размеркаванні, абмене і спажыванні эканамічных даброт, — аўт.) да нацыянальнай валюты, захаваць прыток рублёвых укладаў і тым сфарміраваць магчымасці для крэдытавання эканомікі, паступова зніжаючы пры гэтым кошт запазычання. Варта адзначыць, што праца банкаўскага сектара краіны вызначаецца станам рэальнага сектара эканомікі. Дзейнасць прадпрыемстваў павінна быць рэнтабельнай, суб'ектам гаспадарання неабходна зніжаць сваю залежнасць ад энергіі і сыравіны, развіваць экспарт. Грошы павінен генерыраваць рэальны сектар эканомікі, і развівацца прадпрыемствам неабходна ў першую чаргу за кошт асабістых рэсурсаў, а банкаўскі крэдыт — усяго толькі дапамога. — Як разумець адмену камісіі за крэдыты, што прадугледжана новым Банкаўскім кодэксам? І якія яшчэ новаўвядзенні гэтага дакумента варта было б адзначыць? — У праекце Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь" прадугледжваецца выключэнне нормаў аб плаце (камісійных і іншых плацяжоў) за карыстанне крэдытам. Кошт крэдыту павінен вызначацца працэнтнай стаўкай. Дадатковыя плацяжы за карыстанне крэдытам прыводзяць да таго, што крэдытаатрымальнік не заўсёды цалкам можа ацаніць свае магчымасці па абавязацельствах, якія на сябе прымае па крэдытнай дамове, і тым самым павышае крэдытныя рызыкі банкаў. Дадатковыя паслугі, якія могуць спадарожнічаць крэдытаванню, аказваюцца на аснове асобных дамоў альбо ў адпаведнасці з тарыфамі банкаў. Усё гэта дазволіць павысіць празрыстасць дзейнасці банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый пры крэдытаванні. Сярод новаўвядзенняў таксама можна адзначыць новую функцыю Нацыянальнага банка — ажыццяўленне маніторынгу фінансавай стабільнасці, а таксама забарону фінансавання няпрофільнай дзейнасці Нацбанка (галоўны банк краіны не мае права прадастаўляць крэдыты для фінансавання дэфіцыту бюджэту і набываць дзяржаўныя каштоўныя паперы пры іх першасным размяшчэнні, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год і (ці) Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь; усталёўваецца жорсткая забарона на ўдзел Нацбанка ў гаспадарчых таварыствах і іншых юрыдычных асобах, не звязаных з ажыццяўленнем банкаўскай дзейнасці). Важна і тое, што значныя змяненні прадугледжаны ў галіне нагляду за банкаўскай дзейнасцю. — Ці не стануць камерцыйныя банкі ва ўмовах, калі ім нельга браць камісію, даваць дарагія крэдыты? Ім жа таксама нічога губляць не хочацца. — Згодна з існуючым заканадаўствам, Нацыянальны банк не мае права ўмешвацца ў працэнтную палітыку банкаў. Ім дадзена права пры заключэнні крэдытнай дамовы з кожным канкрэтным крэдытаатрымальнікам вызначаць самастойна памер, перыядычнасць налічэння і тэрміны выплаты працэнтаў і платы за карыстанне крэдытам, калі яе аплата прадугледжана крэдытнай дамовай. Але працэнтныя стаўкі пры размяшчэнні банкамі крэдытаў вызначаюцца, зыходзячы з кошту прыцягнення рэсурсаў, у тым ліку грашовых сродкаў ва ўклады, і залежаць ад сітуацыі на крэдытна-дэпазітным рынку. Таму калі інфляцыя будзе складаць 19-22%, стаўка рэфінансавання дасягне запланаваных 20-23%, то будуць складзены ўсе перадумовы для зніжэння кошту крэдытаў і для прадпрыемстваў, і для насельніцтва. — Якія змены чакаюць банкаўскую сістэму нашай краіны пасля таго, як мінімальны памер статутнага фонду для адкрыцця банка будзе павялічаны да 25 млн еўра (у 5 разоў)? — Гэта прывядзе да павышэння патрабаванняў да інвестараў, якія хочуць ствараць банкі на нашай тэрыторыі, узмацнення іх адказнасці за якасць ажыццяўлення банкаўскай дзейнасці, а таксама адсякання доступу на беларускі банкаўскі рынак непразрыстага капіталу. Акрамя таго, гэта добра паўплывае на ўстойлівасць функцыянавання банкаў, якія ствараюцца. Яшчэ адзін аргумент на карысць такога рашэння — неабходнасць гарманізацыі заканадаўства (у тым ліку і банкаўскага) у дзяржавах — удзельніцах Адзінай эканамічнай прасторы. Зараз у нас памер мінімальнага статутнага фонду банка 5 млн еўра. Для параўнання: у Казахстане гэтая лічба складае 26 млн еўра, у Расіі — 7,2 млн еўра. Перспектывы стварэння Еўразійскага саюза і ўваходжання Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю прымушаюць задумацца аб процідзеянні экспансіі замежных банкаў, паляпшэнні канкурэнтаздольнасці беларускіх банкаў, для чаго і прынята такое рашэнне. Пры гэтым азначаны мінімальны памер статутнага фонду будзе ўсталяваны толькі для новых банкаў, што ствараюцца ў нашай краіне (у тым ліку ў выніку рэарганізацыі). Аднак Нацыянальны банк будзе ўносіць адпаведныя змяненні ў патрабаванні да мінімальнага памеру нарматыўнага капіталу для існуючых банкаў. Для тых, хто на момант унясення змяненняў не будзе мець адпаведнага капіталу, будзе ўсталяваны перыяд для яго паэтапнага нарошчвання да 1 студзеня 2015 года. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што будзе з дэпазітамі і крэдытамі? Што змяняе новы Банкаўскі кодэкс? Навошта будуць павышаць мінімальны памер статутнага фонду для адкрыцця банка? Аб гэтым... |
|