С.Чалы: “Галоўнае, каб самі сабе харакіры не зрабілі ”. 21.by

С.Чалы: “Галоўнае, каб самі сабе харакіры не зрабілі ”

22.07.2012 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб найбліжэйшай эканамічнай будучыні Беларусі "Тут і цяпер" расказаў эканамічны аналітык Сяргей Чалы.— Як можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі павышэнне заробкаў, якое запланавана на восень?

— Справа ў тым, што гэта пачынае ўплываць ужо сёння. У чэрвені назіралася сур'ёзнае паскарэнне тэмпаў росту рублёвай грашовай масы, асабліва агрэгата М1 (наяўныя грошы і грошы на бягучых рахунках). Пачынаючы з лютага менавіта названы агрэгат рос вялікімі тэмпамі. Цікава, што, калі раней павелічэнне наяўных грошай прыводзіла да прапарцыянальнага павелічэння рублёвых зберажэнняў, то зараз адбываецца павелічэнне аб'ёму валютных зберажэнняў (дарэчы, свежая тэндэнцыя: канец мая — пачатак чэрвеня). Усё гэта можа прывесці да інфляцыйнага націску праз павелічэнне выдаткаў насельніцтва, хаця ўлады гэта разумеюць і прапарцыянальна рыхтуюцца "звязваць часова вольныя сродкі насельніцтва" праз рост тарыфаў на транспарт і паслугі ЖКГ.

Упершыню з восені мінулага года насельніцтва стала чыстым пакупніком валюты (у чэрвені). Яе яшчэ прадаюць толькі прадпрыемствы. У нас ёсць механізм, з дапамогай якога павелічэнне даходаў звыш таго, што можа дазволіць сабе эканоміка, прыводзіць да росту спажывецкіх выдаткаў, прапарцыянальнага павелічэння імпарту ў ім і, адпаведна, праз гэта — да націску на валютны курс. У нармальных умовах усё гэта адбываецца на працягу 7 месяцаў, у крызіс — каля 4.

— Апошнім часам сталі з'яўляцца нейкія дзіўныя чуткі, што долар падскочыць ажно да 15 тысяч...

— Гэта, канечне, не так. Калі зыходзіць з выказанай мной версіі, то курс можа павялічыцца прыкладна на той жа працэнт, на які будуць павялічаны даходы насельніцтва. Толькі, магчыма, больш маруднымі тэмпамі, бо ўлады могуць гэтак жа, як з інструментамі коштавага кантролю, перайсці да механізму кантролю валютнага. Калі раней яны стрымлівалі долар знізу, не даючы яму падаць ніжэй 8 тысяч, то незаўважна для сябе могуць пачаць стрымліваць яго рост. Прычым спачатку гэта сапраўды будзе незаўважна, бо Нацбанк доўгі час быў чыстым пакупніком. Яны могуць вырашыць, што гэта проста пачынаецца нейкі спекулятыўны ўсплёск. У выніку і інфляцыя будзе не зусім карэктная, і курс рубля будзе крыху завышаны.

— Значыць, нечага асабліва страшнага не варта чакаць?

— Ніякага апакаліпсісу не будзе, але паступовы адыход ад тых механізмаў, якія дазволілі пераадолець крызіс, магчымы. Такім чынам, мы можам пачаць сеяць зерне новага крызісу. Але гэта не значыць, што праз месяц усё гэта "прарасце". Яно можа гадамі накоплівацца, як, напрыклад, крызіс 2009 года, які быў накапленнем дысбалансаў 2006-га.

— Што сёння можна было б зрабіць для таго, каб гэта прадухіліць?

— Па статыстыцы бачна, што паказчыкі рэальнага сектара зараз паляпшаюцца. А значыць, прадпрыемствы пакрыху вучацца працаваць у новых умовах. І, у прынцыпе, механізм павелічэння даходаў работнікаў павінен спрацаваць сам. Але каля 60% кіраўнікоў прадпрыемстваў, паводле даных маніторынгу Нацыянальнага банка, сцвярджаюць, што эканамічны рост стрымлівае недахоп кваліфікаванай рабочай сілы. А работнікаў няма таму, што за такія грошы не хачуць працаваць на Радзіме. Прыкладна з сакавіка прыватныя прадпрыемствы пачалі павялічваць даходы сваіх работнікаў. Тут трэба адчуваць мяжу, за якой натуральны працэс можа стаць ненатуральным. І тады аптымізм бізнэсу ў адносінах да будучых перспектыў можа змяніцца песімізмам.

Атрымліваецца замкнёнае кола: з аднаго боку ўлады глядзяць на тое, што ў эканоміцы ўсё добра і кажуць: "Давайце, давайце ўжо хутчэй павышайце даходы!" А яно і так адбываецца, таму не трэба прыспешваць.

Дарэчы, тое, што робіць Нацбанк, правільна. Ён якраз вельмі добра супрацьстаяць лабістам з рэальнага сектара, якія гавораць: "А давайце стаўку рэфінансавання адразу знізім да 24%". Такое супрацьстаянне ў нас заўсёды бывае пасля макрастабілізацыі. Проста прамысловыя лабісты заўсёды перамагалі. Ёсць надзея, што зараз гэтага не адбудзецца. Таму крыкі-прагнозы пра пятнаццаць тысяч за долар я не разумею. Я нават думаю, што да канца года не будзе і дзесяці тысяч, але пры ўмове, калі самі сабе харакіры не зробім.

— Але людзі ўсё роўна зноў зачасцілі ў абменнікі...

— Той, хто апёкся на малацэ, будзе дзьмуць на ваду. Любы рост долара за дзень крыху больш за сотню рублёў выклікае боязь: "А мо ўжо пачалося?". У маі ўжо такое было, калі курс падняўся ад 8000 да 8400. Нармальны рост курса быў бы нядрэнным для нашых экспарцёраў, бо ўнутраная інфляцыя за паўгода ўжо склала больш за 10 працэнтаў. А курс фактычна такі, як у пачатку года. Гэта значыць, што ў рэальным выражэнні рубель умацоўваецца, а канкурэнтаздольнасць нашага экспарту пагаршаецца. Таму нейкая кампенсацыя за кошт курса павінна была б адбыцца. Рубель не слабеў праз вялікія працэнтныя стаўкі, а зараз гэты фактар паступова знікае. І калі спрагназаваць павелічэнне курса на 10% да канца года, то вы застанецеся практычна з тым жа, што ў вас і было, не зарабіўшы нічога.

— Ці можна лічыць паказчыкам таго, што курс павінен крыху вырасці, рост цэн, які адзначаецца пастаянна?

— Аб гэтым і ідзе размова. Але нюанс у тым, што цэны галоўным чынам павялічваюцца на так званыя негандлюемыя тавары. На курс уплываюць тыя тавары, якія можна або прадаць за мяжу, або набыць за мяжой. А, напрыклад, нейкія побытавыя паслугі нельга імпартаваць, і іх узровень насамрэч не ўплывае на сітуацыю з валютным курсам. Ён, хутчэй, вызначаецца ўзроўнем плацежаздольнага попыту. Наша ж эканоміка заўсёды была двухсектарная: асобна існаваў знешні сектар са сваімі цэнамі, асобна унутраны -- са сваімі. Паміж імі часта была значная розніца. Асабліва гэта было заўважна па нафтапрадуктах. А растуць цэны як прамы вынік з павелічэння колькасці грошай на руках. Гэта асаблівасць нашай эканомікі. Калі пры адсутнасці нармальнай канкурэнцыі цэны фарміруюцца выключна плацежаздольным попытам. Іншымі словамі, колькі грошай на руках у насельніцтва ёсць, столькі і будзе адабрана. Таму атрымліваецца, што ў нас любое павышэнне даходаў амаль аўтаматычна "з'ядаецца" за кошт росту цэн, зыходзячы з простага прынцыпу "Купляюць жа".

— А які ваш прагноз на наступны год?

— Гэта ў значнай ступені будзе залежаць ад таго, які план прыме ўрад на наступны год. Прагноз можна рабіць ад самага аптымістычнага да самага песімістычнага. У нас жа ніхто не адмяняў асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011—2015 гады. А там рост — 66% за пяцігодку. Пры тым, што 2011 год быў блізкі да нуля, 2012 —5% (у лепшым выпадку). А значыць, кожны з наступных гадоў — па 15% эканамічнага росту. І калі пераможа пункт гледжання прэзідэнцкай адміністрацыі "А мы ж народу паабяцалі", і ўрад прыме план 15-працэнтнага эканамічнага росту, то гэта ўсё скончыцца вельмі хутка.

Самы добры прагноз — гэта тое, што 2013-ы год не вельмі значна будзе адрознівацца ад 2012-га. Хутчэй за ўсё, заробак у жаданыя 500 долараў будзе нейкім чынам дасягнуты, але зразумела, што гэта будуць ужо не тыя 500 долараў, як у канцы 2010 года, калі былі зусім іншыя цэны і ў рэальным выражэнні гэты ўзровень жыцця быў больш высокім. А калі гэта будзе дасягнута, улады супакояцца і можна будзе пачаць жыць так, як дазваляе эканоміка. Тым больш што галоўная рызыка ў нас сёння — нават не ўнутраная сітуацыя, а знешнеэканамічная кан'юнктура. У першую чаргу — краіны Еўрапейскага Саюза, бо крызіс прывядзе там да значнага зніжэння экспарту, а калі яшчэ адбудзецца і падзенне цэн на нафту, то і ў Расіі попыт на нашу прадукцыю знізіцца. У выніку мы атрымаем штосьці падобнае на 2009 год, які быў рэакцыяй на крызіс 2008-га: 20% дэвальвацыя і неабходнасць на паўгода замарозіць павышэнне даходаў. Самая вялікая небяспека, якая можа быць, — гэта калі мы паступова пачнём адыходзіць ад заваёў верасня-кастрычніка (калі нечакана аказалася, што крызіс вырашаўся мельмі проста — пераходам на плаваючы курс і жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай). Гэта два інструменты, якія прадухіляюць будучыя крызісы такога кшталту.

— Як паўплывае на нас уступленне Расіі ў верасні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю?

— Хутчэй за ўсё, ніяк. Проста на першы год Расія выпрасіла сабе шмат выгадных умоў. Але можа атрымацца і так, што там не будзе больш месца для нашай свініны. Дарэчы, айчынная свінагадоўчая галіна так дзіўна працуе, што ўся айчынная свініна ідзе на Расію, а мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы "працуюць" на імпартных (польскіх) свіннях. Малочныя ж войны, якія зноў зараз маюць месца, распачаты, насамрэч, не для абароны расійскіх вытворцаў, а таму, што ўжо закантрактаваны вялікія аб'ёмы замежнага малака. Імпарцёры проста чакаюць верасня, каб выйсці на расійскі рынак. І, зразумела, наша малако там мала каму патрэбна. У сярэднетэрміновай перспектыве, верагодна, пагоршацца пазіцыі нашага машынабудавання, асабліва сельскагаспадарчай тэхнікі. Але нейкіх асаблівых змен не будзе. У нас жа з Расіяй заўсёды былі асаблівыя адносіны. Што-небудзь, напэўна, прыдумаюць.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб найбліжэйшай эканамічнай будучыні Беларусі "Тут і цяпер" расказаў эканамічны аналітык Сяргей Чалы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика