Працоўная назва Кітайскага парка - "Вялікі камень". 21.by

Працоўная назва Кітайскага парка - "Вялікі камень"

17.01.2014 11:30 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Адзначаецца, што юрыдычная асоба, якая плануе рэалізаваць на тэрыторыі парку інвестыцыйны праект, мае развіваць яго ў сферах электронікі, тонкай хіміі, біатэхналогіяў, машынабудавання і новых матэрыялаў, а заяўлены аб'ём інвестыцыяў у рэалізацыю інвэстыцыйнага праекту павінен скласці ня менш за 5 мільёнаў даляраў ЗША.

Пра гэта, а таксама пра колькасць кітайцаў, якія прыедуць пад Смалявічы, і пра тое, што цяпер адбываецца на тэрыторыі парку, Радыё Свабодзе распавёў кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку Аляксандар Ярмак.

Найперш спадар Ярмак адзначыў, што адміністрацыя плануе адмовіцца ад доўгай назвы "Кітайска-беларускі індустрыяльны парк" на карысць карацейшай - "Вялікі Камень", якая паўтарае назву адной з суседніх вёсак.

"Па-ангельску будзем называцца "Great Stone". Але пакуль гэтая назва працоўная. Калі будзе ўнесеная адпаведная змена ва ўказ кіраўніка дзяржавы, то яна будзе выкарыстоўвацца на афіцыйным узроўні", - патлумачыў Аляксандар Ярмак.

Цяпер на тэрыторыі парку ніякіх будаўнічых працаў не вядзецца - найперш трэба стварыць знешнюю інжынерную інфраструктуру, якая забяспечыць тэрыторыю электраэнэргіяй, газам, тэлефоннай сувяззю, стварыць сістэму водазабеспячэння і каналізацыі.

"Сумесная кітайска-беларуская кампанія цяпер якраз займаецца будаўніцтвам інжынерных сетак, а таксама дарог, вуліц, лініяў электрычнасці, газу, сувязі, водазабеспячэння, каналізацыі. Цяпер ідзе праектаванне гэтых інжынерных камунікацыяў. Гэты працэс кантралюе адміністрацыя", - сказаў кіраўнік.

Паводле Аляксандра Ярмака, парк шчыльна працуе з 6 інвестарамі, якія гатовыя заключыць пагадненне аб рэзідэнцтве.

"Я мяркую, што ў першым квартале гэтага году мы ўжо першых рэзідэнтаў зарэгіструем. Гэтыя 6 інвэстараў, з якімі мы шчыльна працуем і якія ўжо амаль цалкам падрыхтавалі пакет дакументаў для рэгістрацыі. Ёсць інвестары з Расiі, Беларусі, Еўропы. Таксама і з Кітаю".

На пытанне пра колькасць кітайцаў, якія будуць жыць і працаваць у "Вялікім Камені", кіраўнік адміністрацыі парку сказаў, што вакол гэтай тэмы існуе шмат непраўдзівых чутак:

"Кажуць, што 600 тысяч кітайцаў павінны прыехаць і засяліць індустрыяльны парк. Гэта поўнае глупства. Глядзіце, нават у падобнага кшталту кітайскіх індустрыяльных парках у Азіі і Афрыцы, дзе кітайцы ў дакументах прапісалі, што ў парку могуць быць зарэгістраваныя толькі рэзідэнты КНР, колькасць кітайскіх спецыялістаў складае ня больш за 20 працэнтаў. У нашых дакумэнтах прапісана, што рэгістравацца могуць як кітайскія, так і беларускія, расiйскія, еўрапейскія, амерыканскія рэзідэнты. Таму з улікам генеральнага плану, паводле якога праз 30 гадоў тут будзе экагорад з колькасцю жыхароў 155 тысяч, тут ніякім чынам ня можа быць 600 тысяч кітайцаў. Я думаю, што іх будзе нашмат менш за 20 працэнтаў ад лічбы 155 тысяч. Тыя працы, якія вядуцца цяпер, выконваюцца сіламі "Мінскэнэрга", там працуюць беларусы".

Экагорад, які паўстане на тэрыторыі індустрыяльнага парку, паводле Аляксандра Ярмака, будзе пабудаваны такім чынам, каб побач з будынкамі размяшчаліся вялікія рэкрэацыйныя зоны. А дамы будуць не вышэйшымі за 12 паверхаў.

Побач з індустрыяльным паркам - некалькі заказнікаў. Сярод іх Волменскі. Аляксандар Ярмак запэўнівае, што блізкасць да індустрыяльнага цэнтру ніякім чынам не адаб'ецца на экалагічным стане навакольнага прыроднага асяроддзя:

"Калі тэрыторыя мае статус заказніка, то яна падпадае пад дзеянне адпаведных законаў пра ахоўныя прыродныя зоны. Гэтыя законы павінны выконвацца ўсімі, незалежна ад таго, ці гэта кітайска-беларускі парк, нейкі горад ці іншая тэрытарыяльная адзінка. Усе заказнікі, якія ёсць побач з паркам, будуць захаваныя", - запэўнівае Аляксандар Ярмак.

Таксама чыноўнік кажа, што канфлікт з незадаволенымі жыхарамі вёсак і дачных пасёлкаў, на тэрыторыі якіх размесціцца парк, вычарпаны.

"Нічога ня здарыцца з населенымі пунктамі. Як былі, так і застаюцца. Будуць развівацца згодна са сваімі планамі. Больш за тое, вакол населеных пунктаў захоўваецца зялёная зона. А там, дзе яе няма, будуць высаджаныя зялёныя зоны шырынёй 80-100 метраў. Усё будзе ўпісвацца ў агульную структуру. Я думаю, што ўсе населеныя пункты ў канчатковым выніку будуць падключаныя да сістэмы водазабеспячэння і сеткі каналізацыі індустрыяльнага парку. А што рабіць з кожным канкрэтным домам, будзе вырашаць кожны яго ўладальнік індывідуальна. Ён зможа яго захаваць, дабудаваць, прадаць, што заўгодна".

Жыхары вёсак і дач, якія апынуліся побач з кітайскім тэхнапаркам, баяцца пагаршэння экалагічнай сітуацыі, знішчэння лясоў. Яны шмат разоў пратэставалі, удзельнічалі ў слуханнях, але ўлады пераконваюць, што ніякай шкоды ад парку ня будзе. Некалькі актывістаў суд пакараў за арганізацыю мітынгаў пратэсту супраць парку.

Андрэй Дзмітрыеў, адзін з лідэраў кампаніі "Гавары праўду", якая актыўна ўдзельнічала ў сацыяльным пратэсце супраць будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, так камэнтуе сытуацыю:

"Чыноўнікі ўчынілі бунт супраць сваёй краіны Беларусі. Гэта здрада. Тое, што здарылася ў Смалявічах, - таму прыклад. Наступствы рашэння будаваць гэты парк будуць катастрафічнымі для ўсяго рэгіёну. Замест развіцця свайго бізнэсу і ўзмацнення сваіх грамадзянаў мы атрымаем другасортныя тэхналогіі, заснаваныя на інтарэсах іншых краінаў".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк атрымаў назву і 6 рэзыдэнтаў.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика