Чацвёртае вяртанне Альфрэда Мальца
17.07.2014
—
Новости Экономики
|
«РАССВЕТ ПОСТАВСКИЙ», акрамя асноўнага профілю — будоўлі, — мае яшчэ і сельгасфіліял. Больш таго — спраўляецца і там, і там. За поспехі на будоўлі арганізацыю заносілі на абласную Дошку гонару, а па ўраджайнасці зерневых яна не аднойчы ўваходзіла ў раённую тройку лідараў, збіраючы на круг па 40—45 цэнтнераў. І гэта пры бале глебы 18, амаль самым нізкім на Пастаўшчыне.
Набылі новую тэхніку. У тым ліку — тры зернеўборачныя камбайны і адзін для нарыхтоўкі кармоў. На фермах дойнае вядро замяніў малакаправод, а ручное кармленне жывёлы — кормараздатчык. Узначальвае філіял Уладзімір Радчанка. У тандэме з галоўным аграномам Марынай Гваздзеўскай, надзвычай творчай энтузіясткай па ўкараненні розных навінак, яны дабіліся прыкметных поспехаў. Напрыклад, ураджаі зерневых тут на ўзроўні перадавікоў — па 40—45 цэнтнераў. Мала таго, яшчэ і прадаюць насенне. Марына расказвае, што яна цесна супрацоўнічае з вучонымі сельгасакадэміі, высявае сарты, найбольш прыдатныя для тутэйшай зямлі, і толькі суперэлітай. А яшчэ робіць так, як падказвае вопыт і разумны разлік: — Сеем азімыя не да 10 верасня, як рэкамендуюць, а пасля гэтай даты. У выніку яны не перарастаюць і цудоўна пераносяць зімоўку. За ўсе гады не прапала яшчэ ніводнага гектара, — расказвае галоўны аграном. — Нават сёлета, калі не было снегу, усе тры сотні гектараў азімай пшаніцы выжылі. Акрамя зерневых, каб папоўніць скарбонку, у філіяле актыўна займаюцца вырошчваннем насення траў. Тут штогод атрымліваюць па 8—10 тон насення канюшыны і 30—40 тон злакавых. Гэта надзвычай выгадна. Адна тона насення канюшыны каштуе 75 мільёнаў рублёў, а злакавых — 35 мільёнаў. У філіяле слабая сушыльная гаспадарка, і давесці да кандыцыі насенне рапсу не было магчымасці. І тады замянілі яго лубінам, які таксама багаты на бялок. Летась атрымалі на круг па 20 цэнтнераў зерня. — Выгада кругом, як не паглядзець, — сцвярджае Уладзімір Радчанка. — Для вырошчвання лубіну не патрэбен азот, а наадварот, ён накоплівае яго пад наступную культуру. Зерне лубіну ўдвая даражэй, чым пшаніцы. Сёння мы абменьваем яго адзін к аднаму на камбікормавым заводзе.
ПРЫЕМНА было чуць гэтыя словы і перадавым механізатарам гаспадаркі Леаніду Гваздзінскаму, дарэчы, мужу Марыны, Алегу Падгайскаму, Уладзіміру Краско, Андрэю Ермалаеву. У цэнтры сельгасфіліяла, Груздаве, адкуль пайшлі славутыя на ўсю краіну груздаўскія музыкі, хоць яно і не стала аграгарадком, праведзена немалая сацыяльная праграма. Пабудавана 15 катэджаў для работнікаў, дзіцячы садзік, іншыя аб’екты. Вёска паціху адраджаецца. Сёлета яна папоўнілася трыма маладымі сем’ямі — Гудковых, Дзямковых і Селязнёвых — з іншых раёнаў вобласці. Сімвалічна, што ў сям’і механізатара Мікалая Дзямкова ўжо ў Груздаве з’явілася на свет дзіцяці. — Сёння мы — будаўнічая арганізацыя і сельгасфіліял — адно цэлае, — падкрэслівае дырэктар Альфрэд Малец. — Калі пасяўная, уборка, перакідваем тэхніку з будоўлі на палі. І наадварот, у зімовы зацішак у вёсцы — забіраем на будоўлю. «Рассвет Поставский» вылучаецца сярод іншых будаўнічых арганізацый даволі высокай якасцю выконваемых работ. Тут распрацавана і ўкаранёна ў вытворчасць сістэма менеджменту якасці і атрыманы адпаведны сертыфікат.
І ён паведаў наступную гісторыю: — Заглянуў аднойчы ў Паставах на будоўлю 60-кватэрнага дома і прыкмеціў там знаёмую сям’ю. «Ранавата прыехалі, — кажу паўжартам. — Мы толькі першы паверх выгналі». І чую ў адказ: «А наша кватэра якраз на першым паверсе і ёсць!..» Людзі ходзяць за намі па пятах, хочуць атрымаць як мага хутчэй добрае жыллё. Будаўнікі стараюцца, аднак, на жаль, не ўсё ад нас залежыць. Мы робім па праектах. Праекціроўшчыкі ж часам, у пагоні за зніжэннем кошту жылля, уводзяць танныя матэрыялы, якія не заўсёды адпавядаюць сучасным патрабаванням. Вось і паспрабуй даць тут якасць?! ГАЛОЎНАЕ, чаго ўдалося дабіцца кіраўніку арганізацыі, — гэта тое, што на кожным рабочым месцы члены калектыву ведаюць выдатна сваю справу. Ён здолеў стварыць баявы штаб, у які ўваходзяць галоўны інжынер Славамір Кухальскі, намеснікі дырэктара Уладзімір Раманенкаў і Анатоль Гваздоўскі, галоўны эканаміст Ніна Жорава, галоўны бухгалтар Лілія Кульгіна, прарабы Эдуард Лапцік, Павел Лешчык, Сяргей Грыбоўскі і іншыя. Цікавы факт: большасць кадравых рашэнняў па прыёме на работу людзей масавых прафесій прымаецца па ўзгадненні з брыгадзірам. — Быў час, — прыгадвае Альфрэд Іосіфавіч, — калі ў нас не хапала інжынерна-тэхнічных работнікаў. Я думаў тады, дзе ўзяць прараба? Цяпер гэтай праблемы не існуе. Толькі ў ВНУ за кошт прадпрыемства вучыцца штогод 5—6 чалавек. Так, гэта грошы, і немалыя. Але адначасова — і кадравы рэзерв, і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Калі многія ПМК вобласці істотна «парадзелі» з-за таго, што будаўнікі іх падаліся ў Расію на заробкі, з «Рассвета Поставского» ніхто не паехаў. Ім хапае работы і дома. Толькі за апошнія тры гады пастаўчане ўзвялі жывёлагадоўчы комплекс з робатамі ў ААТ «Хацілы» на 930 галоў дойнага статку, пусцілі ў строй першую чаргу комплекса ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», пабудавалі ў саміх Паставах сырцэх, а таксама жыллё: адзін 80-кватэрны дом, два — 40-кватэрных і пяць — 60-кватэрных. Прымаюць актыўны ўдзел у будаўніцтве Пастаўскага льнозавода, рэканструкцыі мясакамбіната ў Глыбокім, здалі два катэджы ў санаторыі «Белая Русь» Мінскай вобласці. Адметнай рысай характару Альфрэда Мальца з’яўляецца тое, што ён не баіцца агучыць набалелую праблему перад кіраўніком любога рангу, бо ведае: стараецца не для сябе, а для заказчыка, калектыву, дзяржавы. Між тым у біяграфіі кіраўніка «Рассвета Поставского» ёсць нямала загадкавага. Чаго толькі значыць такі факт: Малец чатыры разы пакідаў сваю арганізацыю, але потым зноў вяртаўся назад. Вось як пра гэта ён расказвае сам: — Пачынаў свой шлях з чыгункі. Бацька, Іосіф Канстанцінавіч, чалавек заслужаны, кавалер ордэна Чырвонага Працоўнага Сцяга. Маці, Леакадзія Антонаўна, палявод. Як і большасць бацькоў на той час, яны адправілі сына ў горад, каб не быць яму ў сельскай гаспадарцы. Я закончыў чыгуначны тэхнікум у Даўгаўпілсе і па размеркаванні трапіў у Расію. Потым была армія. Пасля яе закончыў на выдатна Наваполацкі палітэхнічны інстытут. Па размяркаванні ішоў першым. Прапаноўвалі Ленінград, Мінск, але выбраў Паставы. У мясцовай міжкалгаснай перасоўнай механізаванай калоне мне далі пасаду майстра. Але дзесьці праз год у інстытуце палічылі, што знікае каштоўны кадр і «пацягнулі» мяне ў навуку. Здаў кандыдацкі мінімум, займаўся ў НДІ ў Маскве. Але неўзабаве адчуў, што мне патрэбна не гэта, а практычныя справы. Вярнуўся ў Паставы, у роднае МПМК ужо ў якасці намесніка дырэктара. Аднак праз некаторы час паставілі дырэктарам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Толькі паспеў там наладзіць работу, як прапанавалі ўзначаліць МПМК. Гэта быў цяжкі 1996 год. Да арганізацыі да таго ж далучылі калгас «Рассвет». Будаўнічыя ПМК паўсюдна развальваліся, а тут яшчэ такі «давесак». Выратавала тое, што ўдалося выйграць тэндар на ўпарадкаванне граніцы. Цэлыя два гады мы мелі стабільную работу і грошы. Потым мне прапанавалі пасаду намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве. Адначасова закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Можна было працаваць, але абставіны склаліся так, што «Рассвет Поставский» застаўся без кіраўніка. І я зноў, у чацвёрты раз вярнуўся. Мой бацька на гэты конт пажартаваў: «Колькі я не адрываў цябе ад сельскай гаспадаркі, усё роўна ты ў яе трапіў». Уладзімір САУЛІЧ, «СГ» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«РАССВЕТ ПОСТАВСКИЙ», акрамя асноўнага профілю — будоўлі, — мае яшчэ і сельгасфіліял. Больш таго — спраўляецца і там, і там. За поспехі на будоўлі арганізацыю... |
|