Кушлікам на Завацкага пашанцавала ці наадварот...
02.08.2014
—
Новости Экономики
|
У ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна з бульбяных палеткаў, якія займаюць 220 гектараў, або ўсяго дзясятую частку ворнай зямлі, гаспадарка атрымала летась амаль 8 мільярдаў рублёў, ці палову выручкі ад рэалізацыі ўсёй прадукцыі. Рэнтабельнасць склала 52 працэнты. — Гэта бясцэнны дар зямлі, — сцвярджае дырэктар акцыянернага таварыства Фёдар Завацкі. — Паглядзіце, усе культуры — і сланечнік, і збажына, і рапс растуць наверсе. А бульба — у зямлі. Гэта — тая ж нафта! Той, хто кажа, што бульбу вырошчваць нявыгадна, сур’ёзна не займаўся ёю.
Бульба — тая ж нафта ў зямлі! У «Кушліках», дзе бал глебы надта нізкі, ледзьве дацягвае да 19, збіраюць на круг па 300—350 і больш цэнтнераў клубняў з гектара. Вырошчваюць каля двух дзясяткаў сартоў. Пераважна — беларускія: такія вядомыя, як «скарб», «брыз». Але ёсць і замежныя. Фёдар Завацкі паказаў бульбяныя плантацыі. Размешчаны яны ў так званым Поплаве, каля самай Заходняй Дзвіны, і нярэдка падтапляюцца. Сёлета, кал ішлі зацяжныя дажджы, у барознах стаяла вада. Цяпер жа, наадварот, падсушыла, і калі ўраджай ранніх і сярэднеранніх гатункаў паспеў сфарміравацца, то «скарб», «янка», «рагнеда» толькі зацвілі. Ім патрэбна вада, а яе няма. Дырэктар прыкідвае, як на наступны год зрабіць штучны паліў з Дзвіны. Мы спыніліся каля «іншаземцаў» — «мадэленэ», «рыв’ера», «маніту». Дзеля цікавасці раскапалі адзін куст апошняга сорту. Пад ім аказалася трыццаць адборных клубняў! Завезены ён сёлета з Галандыі. Гэты і яшчэ — «рока». Гісторыя набыцця элітнага насення як замежнага, так і айчыннага даволі незвычайная. Не ставала для закупкі грошай, і тады мэр Наваполацка Наталля Качанава сабрала за «круглы стол» кіраўнікоў прадпрыемстваў і папрасіла дапамагчы. З тым разлікам, што восенню грошы гэтыя вернуць ураджаем. Увогуле ж, да ўсялякага спонсарства Фёдар Завацкі адносіцца адмоўна. — У нас няма ніякіх спонсараў. Зямля і ферма — вось і ўсе нашы спонсары. Трэба толькі працаваць. Мы не хочам нават інвестыцый, каб толькі былі даступныя крэдыты: нармальна іх браць і ўкладваць у вытворчасць. Кушлікоўскі дырэктар аб’ехаў усю Еўропу: Германію, Швецыю, Іспанію, Чэхію, Францыю, Галандыю, Польшчу... Напэўна, лягчэй назваць тыя краіны, дзе ён не быў. І не ў якасці турыста, а з мэтай знаёмства з дасягненнямі замежных калег. Вось і праз месяц у яго запланавана камандзіроўка ў Германію на Дзень поля Еўропы. А сваіх спецыялістаў адпраўляе на падобнае мерапрыемства ў Сулу, да стаўбцоўскага фермера. — Трэба ездзіць, шукаць, вучыцца! — сцвярджае ён. Сёння, па разліках Завацкага, каб поўнасцю вытрымаць тэхналогію вырошчвання бульбы, а іначай лепш за гэту культуру і не брацца, у кожны гектар патрэбна ўкласці 2,5 тысячы долараў. Гэтыя немалыя грошы «зарабляюць» на сябе самі клубні. Першыя машыны з бульбай ранніх сартоў былі адпраўлены спажыўцам яшчэ 10 чэрвеня — у бальніцы, дзіцячыя садкі, магазіны. Звыш 70 працэнтаў ураджаю ідзе на экспарт, у такія гарады, як Масква, Санкт-Пецярбург, Яраслаўль, Мурманск, Петразаводск, а таксама Азербайджан, Паўднёвую і Паўночную Асецію. Тавар з «Кушлікоў» мае ўжо свой брэнд. Яму аддаюць перавагу перад іншым, бо ведаюць, што якасць гарантавана. Фёдар Завацкі, не крывячы душой, прыгадвае, што давялося нямала «папсаваць крыві», каб адстаяць сваё дзіця. — Займаліся спачатку мы ўсім патрохі. Пачалося з бульбы, бо ў мяне надта павага да яе яшчэ з дзяцінства. У вёсцы Леднікі, на Глыбоччыне, адкуль я родам, бульбай кармілі жывёлу, з бульбы і самі жылі. У тутэйшай гаспадарцы, як між іншым пераважна і ўсе, мы захоўвалі яе па-дзедаўску — у буртах. Працэнтаў да трыццаці потым выкідвалі. Калі сталі патрабаваць захоўваць бульбу ў спецыяльных сховішчах, кіраўнікі большасці гаспадарак, дзе раней саджалі клубні, каб не наклікаць бяду, адмовіліся ад іх. Я — застаўся пры сваім. Аднойчы наехалі правяраючыя, таблічку паставілі «бурт Завацкага», фатаграфавалі. Потым на сходзе дэманстравалі. Усе смяяліся, але ім было ўжо не да смеху. А я — з грашыма, пры «салярцы хадзіў»... З’явілася пасля ў гаспадарцы і прыстасаванае бульбасховішча на тысячу тон. Заўважыўшы, як у «Кушліках» выдатна працуюць з бульбай, на дзяржаўным узроўні па праграме бульбаводства была падтрымана ідэя кушлікоўцаў пабудаваць тут сучаснае бульбасховішча на 4 тысячы тон. Для гэтага была і яшчэ адна сур’ёзная прычына: побач знаходзіліся Полацк і Наваполацк з агульнай колькасцю жыхароў пад 200 тысяч, якія неабходна круглы год забяспечваць якаснай прадукцыяй. На выручку прыйшоў Сяргей Румас Усялякая справа, за якую бярэцца Фёдар Завацкі, ладзіцца не толькі хутка, але і на самым высокім узроўні. Так і з бульбасховішчам. Найперш чым за яго прыняцца, ён перагледзеў, што ёсць на гэты конт прыстойнага ў Еўропе, і спыніўся на галандскім варыянце. За 2013 год асвоілі, можна сказаць, астранамічную суму — 45 мільярдаў рублёў. Зроблены камеры для захоўвання клубняў у тары і насыпам, пад’яздныя шляхі. Аднак тэмп работ сёлета рэзка супыніўся. Справа ў тым, што ўжо як паўгода няма фінансавання аб’екта. Будаўнікам завінаваціліся 4,5 мільярда рублёў. — Сховішча фактычна гатова на дзевяноста працэнтаў, — гаворыць дырэктар. — Засталося аснасціць яго абсталяваннем і падаць электраэнергію. Не хапае яшчэ больш за 20 мільярдаў рублёў. Банкі, куды звярнуўся Завацкі, у крэдыце адмовілі. На выручку «Кушлікам» прыйшоў кіраўнік Банка развіцця Сяргей Румас, які з разуменнем аднёсся да праблемы дзяржаўнага значэння і пагадзіўся выдаць крэдыт у 21 мільярд рублёў пад 7,5 працэнта гадавых. Усе неабходныя паперы аформлены і знаходзяцца ў азначным банку. Застаецца прайсці ўзгадненне ў Савеце Міністраў і Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Завацкі разлічвае, што гэта працэдура не зацягнецца. Як-ніяк, а з 20 жніўня ў новае сховішча павінна паступіць бульба новага ўраджаю... Увод бульбасховішча, як гаворыць Фёдар Завацкі, гэта толькі першы этап. Далей тут разлічваюць арганізаваць паглыбленую перапрацоўку сыравіны, каб вырабляць прадукцыю з бульбы ў вакуумнай упакоўцы, замарожанай. У «Кушліках» займаюцца не толькі бульбай. Гэта палігон, іначай яшчэ называюць «дэманстрацыйная паляна», для выпрабавання новых сартоў многіх культур. Тут сёлета праходзяць выпрабаванне 21 сорт азімых збожжавых, 28 — яравых і ажно 56 сартоў кукурузы. Усюды, як паглядзець, ланцужком напачатку доследных палеткаў бялеюць таблічкі. Пшаніца азімая, беларускія сарты — «элегія», «ода», «узлёт», польскія — «фігура», «маркіза», багатка», французскі — «сэйлар». — У Францыі купілі азімы ячмень «тэрэзу», — заўважае між іншым Фёдар Завацкі. — Цікавы, вельмі цікавы. У бясснежную зіму здолеў «схавацца» ад марозу. Думаю, прыжывецца на нашай зямлі. Сарты збожжавых, якія зарэкамендавалі сябе, займаюць сваё месца не толькі на кушлікоўскіх палях, але і ў гаспадарках раёна. Праўда, тут узнікае адна нязручнасць — разлікі. Мала ў каго ёсць грошы. Хто аддае пасля збожжам з новага ўраджаю, хто — малаком. Некаторыя не могуць сплаціць свой доўг за 4 гады. А ўсяго кушлікоўцам вінаваты амаль 2 мільярды рублёў. Не прэч падзяліцца сваімі набыткамі ААТ «Кушлікі» ў насенневодчай галіне з хлебаробамі вобласці. Вось і нядаўна сюды прыязджалі спецыялісты з Міёр, Пастаў, Глыбокага. Ікона прыносіць удачу Намеснік начальніка Полацкага райсельгасхарчу Наталля Крывец паведала, што Завацкі вельмі добра працуе з кадрамі. Кожнага чалавека заўважыць, не праміне аддзячыць, калі той заслугоўвае. У розныя сельскія кампаніі, за выключэннем хіба што ўборачнай, імкнецца даць выхадны. Затрымліваюцца затое ў гаспадарцы і маладыя кадры. На мехтаку давялося пагутарыць з маладым спецыялістам, галоўным інжынерам Міхаілам Ціхановічам, у якога сёлета ў гэтым месяцы якраз заканчваецца абавязковы тэрмін адпрацоўкі. — Потым паедзеце? — цікаўлюся. — Усім задаволены: работай, жыллём, зарплатай, — гаворыць Міхаіл. — Пагэтаму прадоўжыў кантракт. Два магутныя зернесушыльныя комплексы працуюць без збояў. У многім, дзякуючы і гэтаму, ААТ «Кушлікі» сёння лідзіруе на жніве. Разам з Фёдарам Завацкім мы праехалі яшчэ па некаторых яго ўладаннях. Што запомнілася? Піларама, на якую кран-балку дастаўлялі ажно з самай Адэсы. У сталярным цэху робяць нават вокны. Школа, дзіцячы садок, два пасёлкі. Усюды — кветкі. Нават уздоўж дарогі паміж населенымі пунктамі буяе кветкавым морам грэчка. У гаспадарцы трымаюць 70 калод пчол. Мёд як для сваіх работнікаў, так і на прадажу для гараджан. — А тут, — паказвае Фёдар Фёдаравіч на паляну на ўскрайку пасёлка, — будзе царква. Збіраем грошы на яе будаўніцтва. У яе перанясуць і рэдкую пазалочаную ікону Маці Божай «Спарыцельніца хлябоў», якая знаходзіцца пакуль што ў дыспетчарскай гаспадаркі. Ікона, якой бласлаўляюць механізатараў напачатку важных работ. Гэта будзе зроблена і на масавую ўборку бульбы. СЁННЯ кушлікоўцы моляцца за свайго дырэктара Фёдара Завацкага, каб здароўе і гаспадарскі спрыт, настойлівасць у справах і надалей не пакідалі яго. Каб ён, барані Божа, не надумаўся пайсці з Кушлікоў. — Куды мне адсюль? — смяецца дырэктар. — Як прыехаў у гэту хату чвэрць веку таму, то і жыву тут. Праўда, быў эпізод, калі ўсё магло перамяніцца. У Верхнядзвінск напачатку новага тысячагоддзя спатрэбіўся начальнік райсельгасхарчу. «Заарканілі» Завацкага. Толькі дзевяць месяцаў вытрымаў кабінетнай работы. Ды і кушлікоўцы ўзбунтаваліся, запатрабавалі свайго старшыню назад... Уладзімір САУЛІЧ, «СГ» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна з бульбяных палеткаў, якія займаюць 220 гектараў, або ўсяго дзясятую частку ворнай зямлі, гаспадарка атрымала летась амаль 8...
|
|