"Чакаем патэнт на "Трусіка". Вытворца бялізны Serge пра новы брэнд і банкруцтва. 21.by

"Чакаем патэнт на "Трусіка". Вытворца бялізны Serge пра новы брэнд і банкруцтва

07.01.2017 18:48 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пры канцы студзеня ў Мінску пройдзе адкрыты аўкцыён па рэалізацыі маёмасці таварыства з абмежаванай адказнасцю «Серж». Летась у сакавіку эканамічны суд сталіцы прыняў да разгляду заяву кампаніі аб прызнанні яе эканамічна няздатнай, агучана рашэнне лічыць ТАА «Серж» банкрутам. Чаму банкрутуюць субʼекты гаспадарання і ці абавязкова гэта азначае спыненне дзейнасці? «Радыё Свабода» пацікавілася пра гэта ў заснавальніка і генеральнага дырэктара ТАА «Серж-Фэшн» Сяргея Атрошчанкі.


Фото: svaboda.org

Для Беларусі банкруцтва — навіна, а Трамп банкрутаваў свае кампаніі чатыры разы

— Сяргей, недасведчаная публіка разумее «банкруцтва» проста як ліквідацыю прадпрыемства, бізнэсу і г. д. Ці так гэта насамрэч?

— Трэба адрозьніваць слова «банкруцтва» і сам інстытут банкруцтва — то бок нормы заканадаўства і розныя працэдуры, калі фірма ў сілу пэўных абставінаў дайшла да крызіснага стану. У Беларусі ўсё гэта пакуль у навіну, а вось, скажам, новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп банкрутаваў свае прадпрыемствы чатыры разы, і гэта абсалютна нармальная ўсясветная з’ява. Само сабой, у гэтай справе ёсць свае нормы і правілы: каб вы разумелі, вось ён, беларускі закон аб банкруцтве (дэманструе стос папераў А4) — 183 старонкі дакладна распісанай працэдуры.

— Што ў выпадку з «Сержам»? Што азначае рэарганізацыя, якую вы правялі?

— ТАА «Серж» стала закладнікам знешніх абставінаў: fashion-рынак абваліўся, і практычна ва ўсім сярэднецэнавым сэгменце продажы ўпалі. Калі прадпрыемствы нашага легпраму працуюць пераважна ў бюджэтным сэгменце і ад падзення платаздольнасці пацярпелі ў меншай ступені (а нехта нават і выйграў), то мы страцілі істотна. На гэтым фоне ад пачатку 1990-х такой «прасадкі» агульнага рынку яшчэ не было. Натуральна, адбыўся спад.

У законе прапісаныя захады, каб папярэджваць эканамічную няздатнасць. Некалькі разоў звярталіся ва ўрад, я пісаў ліст на імя прэмʼер-міністра з прапановай зрабіць падатковыя канікулы, прадугледзець рэструктурызацыю доўгу — усё гэта прадугледжана законам аб банкруцтве, прывязаць для айчынных вытворцаў арэнду да выручкі. Нам па ўсіх пунктах адмовілі. Пайшлі ў камісію па папярэджанні эканамічнай няздольнасці Мінгарвыканкаму, абмяркоўвалі розныя варыянты з крэдыторамі. Таксама далі зразумець — дзейнічайце ў рамках сваёй кампетэнцыі.

— Паміж якімі варыянтамі даводзілася выбіраць?

— Што стаяла на шалях? Альбо рэальнае банкруцтва і людзі на вуліцы, альбо рэарганізацыя, пры якой працоўны калектыў пераходзіць на новае прадпрыемства. Апошняе прадугледжана артыкулам 17 Закону аб банкруцтве ды іншымі заканадаўчымі актамі. То бок выбар быў паміж тым, каб зачыніцца і не працаваць, і тым, каб распачаць рэарганізацыю. Мізэрная частка — 0,6% актываў ТАА «Серж» — у працэсе рэарганізацыі была пераведзена на новае прадпрыемства (ТАА «Серж-Фэшн»). У асноўным гэта швейнае абсталяванне, каб людзі працавалі, і столькі ж забралі даўгоў, пасіваў.

Правы і абавязкі перайшлі згодна з раздзяляльным балянсам, што прадугледжана законам. У выніку новае прадпрыемства свабоднае ад абавязанняў старога. Гэта дазволіла захаваць працоўны калектыў і працягваць працаваць. Сёньня, калі рынак арэнды перафарматаваўся, калі больш-менш збалансаваліся рынкавыя адносіны, мы стабільна працуем і паціху аднаўляем штат: на гэты момант ужо больш за 300 чалавек. А цягам двух гадоў колькасць будзе даведзена да 700, як у нас і было да крызісу.

— Што з фірмовымі крамамі, з калекцыямі? На ранейшых месцах пасяліліся іншыя арандатары — у тым жа гандлёвым цэнтры «Сталіца».

— У «Сталіцы» мы не сышліся па кошце арэнды, вось і ўсё. Але кожны месяц адчыняем новую краму. Спадзяюся, у новым годзе тэндэнцыя захаваецца. Раз на два тыдні выходзіць новая калекцыя. ТАА «Серж-Фэшн» падала на рэгістрацыю новы брэнд — «Трусік», гэткая гульня словаў паміж «свойскім зайцам» і элемэнтам бялізны. Вось чакаем, калі будзе зарэгістраваны, тады пачнём актыўнае прасоўванне.

Наогул, спажыўцы асабліва нічога не адчулі, хіба некаторае змяншэнне колькасці крамаў. Але цягам 2017 году фірмовая сетка будзе адноўлена па ўсёй Беларусі ў поўным абʼёме. Сітуацыя нармалізуецца, у цэлым для нас далейшая стратэгія зразумелая. Таму сам інстытут банкруцтва нясе грамадзкую карысць: захаваліся працоўныя месцы, пашыраецца гама прадукцыі, ідуць даходы ў бюджэт. Нармальная ўсясветная практыка, проста ў нас пакуль не адаптаваная. У гэтым сэнсе ТАА «Серж», мабыць, стала піянэрам, адсюль і падвышаная ўвага.


Калі рэклямаваць трусы і бюстгалтэры, без паўаголеных мадэляў не абысціся

— Летась колькасць банкруцтваў у Беларусі пераваліла за 3 тысячы. Гэта ўвогуле нармальна для адносна невялікай краіны?

— Тое, што столькі банкруцтваў? Наўрад ці хто будзе спрачацца, што ў Беларусі ў цэлым нестабільная макраэканамічная сітуацыя. Узяць хоць бы дэвальвацыі - пракаціліся літаральна адна за адной. І калі прадпрыемства мае валютныя крэдыты, а тавар аддае на рэалізацыю за рублі, гэта вельмі адчувальна. Напрыклад, да дэвальвацыі быў мільён даляраў, то пасля ўсё змяншаецца на суму дэвальвацыі. Адпаведна, знікаюць актывы.

А тут яшчэ зраслося ў адно: і дэвальвацыя, і намінаваныя ў валюце арэндныя плацяжы, хоць рэалізацыя тавару ідзе ў рублях, і падзенне спажывецкага попыту на фоне змяньшэння прыбыткаў грамадзянаў і ў нас, і ў Расеі, бо нашы эканомікі пераплеценыя. Масавыя банкруцтвы выкліканыя перадусім знешнімі фактарамі, бо сукупны попыт (у тым ліку з боку дзяржавы) скарачаецца — гэта і падзеньне абʼёмаў будаўніцтва жылля, і іншыя бюджэтныя праграмы. І калі разам са спажывецкім попытам падае і дзяржаўны, усё аднойчы і стрэліла. Але інстытут банкруцтва дазваляе знайсці выхады, каб аптымальна ўлічваліся інтарэсы ўсіх — і крэдытораў, і даўжнікоў, і дзяржавы.

— Ці паўплывала зніжэнне вытворчай актыўнасьці на захаванне долі рынку? Можа, не з ранейшым размахам, але працуе «Мілавіца», некалькі гадоў таму з’явіўся яшчэ адзін сурʼёзны канкурэнт — Mark Formelle.

— Трэба разумець, што на fashion-рынку існуюць розныя цэнавыя сэгменты — бюджэтны, сярэдні, прэміум. Serge працуе ў сярэднецэнавым сэгменце, як і «Мілавіца». Большасць беларускіх вытворцаў - гэта бюджэтны сэгмент. Натуральна, калі ў беларусаў пачынаюць падаць прыбыткі, яны з сярэднецэнавога пераходзяць у бюджэтны, з прэміуму — у сярэднецэнавы. І вось такая міграцыя спажыўцоў найбольш моцна ўдарыла менавіта па сярэднецэнавым сэгменце.

— Калі ўжо згадалі Mark Formelle, то нядаўна барацьбіткі за гендэрную роўнасьць абвінавацілі вытворцу ў сэксізьме, выкарыстанні жаночага цела ў правакацыйнай рэкламе і г. д. Але ж любая фірма, якая спецыялізуецца на шыцці бялізны, так ці інакш мае справу з паўаголенымі мадэлямі - прычым не абавязкова гаворка пра жанчын.

— У дадзеным выпадку пытанне трэба адрасаваць маім сябрам з Mark Formelle. Магу толькі сказаць, што мы з такой рэакцыяй не сутыкаліся. Натуральна, калі рэкламуем трусікі і бюстгалтэры ці бюстʼе, то яны будуць на мадэлі. Як гэта, уласна кажучы, робіцца ва ўсім сьвеце. Асабіста я за сваю досыць доўгую практыку крытычных выказванняў на гэты конт не чуў, хоць рабілі паказы ў клубах, дый цяпер па Мінску вісяць бігборды — ніхто прэтэнзіяў да нас не прадʼяўляў. Таму калі ў Mark Formelle была нейкая гісторыя, то давайце ім пытанне і накіруем.

Пакуль інвэстыцыйны клімат фармуюць сілавікі, прытоку капіталу чакаць дарма

— Нават крэдыторы — ад Міжнароднага валютнага фонду да фінансавых падразьдзяленняў эўразійскай супольнасці - адной з галоўных умоваў супрацоўніцтва з Беларусьсю называюць рынкавыя рэформы, прыватызацыю і г. д. Наколькі пэрспектыўная палітыка дзяржавы, якая ўпарта трымаецца за метады планавай эканомікі?

— Беларусь — класычная пераходная эканоміка. Не планавая, не рынкавая, а прамежкавая яе форма. Цяпер мы ў стане пераходу ад планава-адміністрацыйнай да сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікі. Шмат якія краіны прайшлі такі шлях — адны з большымі шокамі, іншыя з меншымі.

Я часта пра гэта кажу: ёсьць пяць асноўных, магістральных кірункаў.

Найперш — лібэралізацыя, куды ўваходзяць дэбюракратызацыя, скарачэнне ліцэнзавання і г. д.

Па-другое, інстытуцыялізацыя. Яна ўключае ў сябе прыватызацыю, абарону ўласнасці, заканадаўчае асяродздзе, судовую ўладу.

Трэці пункт — магутны антыманапольны орган. У нас зроблены толькі палавіністы крок: новае ведамства ўваходзіць у склад ураду, а павінна быць незалежным, рэагаваць на любое парушэнне канкурэнцыі, у тым ліку па лініі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

Чацьвёртае — макраэканамічная стабілізацыя. Неабходна выйсці на рост ВУП, прыціснуць інфляцыю, каб інвестары бачылі перспектыву, маглі складаць нармальныя бізнэс-планы, каб быў прымальны стан знешняга доўгу, золатавалютных рэзерваў, плацёжнага балансу, бюджэту, усё ў комплексе.

Пятае — адрасная сацыяльная падтрымка насельніцтва на пэрыяд пераходу ад планавай да рынкавай эканомікі. Мноства пытанняў, пачынаючы ад дапамогі па беспрацоўі (лічбы проста здзеклівыя) да барацьбы з дармаедамі.

— Наконт дармаедаў: ці апраўданая савецкая практыка — караць за тое, што не працуеш?

— Што такое «дармаедзтва», якое мы цяпер назіраем? Якраз індыкатар трансфармацыі эканомікі. Ва ўсіх краінах, якія праходзілі такі ж шлях, рос ценявы сектар — як спосаб узаемадзеяння грамадзян і эканомікі. Але ў СССР ценявы сэктар складаў 2%, у пераходных эканоміках бывае 20, 30, нават 40%. Людзі ў нейкі момант адчуваюць пэўную несправядлівасьць і проста перастаюць плаціць падаткі: нешта робяць дома, нешта кляпаюць у гаражы, нешта прадаюць праз інтэрнэт. Самым правільным рашэннем было б вывучыць вопыт дзяржаваў, якія перажылі штосьці падобнае і дармаедзтва перамаглі.

Як варыянт кампрамісу — больш справядлівае падаткаабкладанне. Так, можна паўшчуваць тых, хто працаздольны і не працуе, але гэта не адно і тое ж, калі нехта наўмысна сыходзіць у цень. Усе павінны плаціць за грамадзкія даброты. Знакаміты мэтад пугі і перніка. З пугаю зразумела, а пернік — зніжэнне падаткаабкладання, лягчэйшы ўваход у бізнэс для рамеснікаў, дробных прадпрымальнікаў і, вядома ж, мараторый на любыя штрафы і пакаранні. Ценявы сектар — толькі індыкатар, бо ёсць вынік і ёсць прычына. У нашым выпадку гэта вынік — значыць, трэба знайсці прычыну: правесці сацыялагічнае даследаванне, зразумець, у чым незадаволенасць людзей.

— Ці не адпуджвае патэнцыйных інвестараў гіпэрактыўнасьць беларускіх сілавікоў? Вялізная колькасьць эканамічных злачынстваў, дзясяткі гаспадарнікаў, прадстаўнікоў бізнэсу і ІТ-сфэры за кратамі - не самая прывабная карціна для тых, хто мог бы ўкладацца ў нацыянальную эканоміку…

— Абарона прыватнай уласнасці і, само сабой, бізнэсоўцаў як донараў бюджэту, як працадаўцаў - гэта падмурак бізнэс-клімату, аснова ўсёй эканомікі. Безумоўна, павінна адбыцца дэкрыміналізацыя шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, змякчэнне пакарання. Безумоўна, павінна быць зніжана актыўнасць органаў кантролю, нават прэзідэнт даў такую ўстаноўку — ад Новага году збавіць абароты.

Ці будзе яно выканана — пакуль незразумела. Але калі меркаваць па бюджэце на 2017 год, то выдаткі на сілавікоў павялічыліся, на органы дзяржаўнага кіраваньня — таксама павялічыліся. На адукацыю — наадварот, знізіліся. Іншымі словамі, па ўскосных прыкметах, асаблівага зніжэньня актыўнасці не прадбачыцца. Бо каб так было, скарацілася б і фінансаванне. Паглядзім, пра гэта цяпер шмат гаворыцца…

— Сяргей, а самі не думалі пра тое, каб перавесьці актывы ў шыроты, больш спрыяльныя для бізнэс-дзейнасці?

— Ды неяк ужо ўсімі каранямі сюды ўрос. Тут нарадзіўся, вырас, распачаў справу. Другая палова жыцця пайшла, што ўжо мяняць? Гэта хай моладзь ацэньвае, дзе лепш — дома ці за мяжой. Наадварот, буду працягваць гнуць сваю лінію, бо доўгія гады якраз змагаўся за спрыяльны бізнэс-клімат, займаў і працягваю займаць у гэтым пытанні актыўную грамадзянскую пазыцыю. То бок усё буду рабіць дзеля таго, каб менавіта ў Беларусі дзелавым людзям было добра.


Фото: svaboda.org

Сяргей Атрошчанка нарадзіўся ў 1970 годзе ў Мінску. Генэральны дырэктар ТАА «Серж-Фэшн» (вытворца ніжняй бялізны Serge).

Мае няскончаную вышэйшую тэхнічную адукацыю. У бізнэсе ад 1992 году — пачынаў з прыватнага прадпрымальніцтва. У 1993-м заснаваў прадпрыемства «Хемпік», якое спецыялізавалася на гандлі хімічнай сыравінай. Праз год кампанія стала заснавальнікам тыднёвіка «Свободные новости плюс», супрацоўніцтва было спынена пры канцы 1990-х. У 2002 годзе заснаваў новую газету «Обозреватель», быў шэф-рэдактарам. Апошні нумар выйшаў у снежні 2012-га. Сталы фігурант разнастайных рэйтынгаў самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму банкрутуюць субʼекты гаспадарання і ці абавязкова гэта азначае спыненне дзейнасці? "Радыё Свабода" пацікавілася пра гэта ў заснавальніка і генеральнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика