Меркаванне: «Нельга вырашаць жыллёвыя праблемы iншых людзей, адбіраючы дамы ў карэнных мiнчукоў»
10.05.2019 11:08
—
Новости Экономики
| realt.by
Источник материала: realt.by Як ужываюцца ў адным раёне прыватныя дамы ды шматпавярхоўкі? Ці бывае, што інфраструктуры даволі жыхарам – але недастаткова праектыроўшчыкам? Што такое раён-сад у цэнтры сталіцы? Чаму людзі цешацца жыццём ва ўласным доме на сваёй зямлі – і як гатовыя абараняць маёмасць ад зносу? Журналіст Realt.byІгар Хмара ладзіць вялікую экскурсію па родным раёне і распавядае, за што так моцна яго любіць. Як знайсці ў Мінску наш раён?-- Я нарадзіўся ды жыву ў раёне, які на сучаснай мапе Мінска не адзначаны. Болей за тое, наўрад ці большасць менчукоў увогуле ўспрымаюць маю малую радзіму як асобны ды цэльны раён. Але для мяне гэта адзіная прастора, непарыўна звязаныя з найбольш шчаслівымі ды прыкрымі падзеямі майго жыцця. Спадзяюся, неўзабаве ў актыўны ўжытак гараджанаў вернуцца тапонімы, знаёмыя ды любыя мною з маленства: Маякоўка, Араны, Малая Серабранка ды Сакалянка. Кварталы маюць выразныя межы. Маякоўка складаецца з пераважна высотнай забудовы абапал вуліцы Маякоўскага на яе пачатку: ад былога Чэрвеньскага рынка да адміністрацыі Ленінскага раёна. Араны раскінуліся ад фабрыкі «Камунарка» да прыватнага сектару на беразе Свіслачы. На іншым беразе ракі на ўтульным паўвостраве месціцца Малая Серабранка. А праз дамбу з ёй мяжуе Сакалянка, насупраць якой праз вуліцу Дзянісаўскую захавалася "Сталовая". Мой раён мае ўнікальнае геаграфічнае палажэнне. Гэта самы цэнтр Мінска: да вакзала – 2 прыпынкі на транспарце. З поўначы ды з поўдні раён атачаюць 1-е і 2-е транспартныя кольцы. На захадзе імкліва бяжыць электрычка, а на ўсходзе нетаропка рухаецца Свіслач. Па левым яе беразе год 10 таму праклалі галоўную гарадскую веладарожку, па якой зручна дабірацца ў суседнія раёны. Праваму берагу, на жаль, бракуе пешаходнай і веладарожкі, ліхтароў і скрыняў для раздзельнага збору смецця. Ці ёсць у Аранах нідэрландскі след?Праз прадмесце Араны па сучаснай вуліцы Аранскай калісьці праходзіла дарога Масква – Парыж. Аранская – адна з нешматлікіх вуліц Мінска, якія захавалі сваю дарэвалюцыйную назву. Яе, тым не меней, за савецкім часам ўсяляк блыталі: ў тэлефонным даведніку і на мапе пазначалі і «Аранская», і «Аранскага». Напраўду, вуліца не звязаная з каралеўскай дынастыяй Аранскіх з Нідэрландаў. Падобна, назва прадмесця паходзіць ад «араць». Сучасныя аранцы атрымліваюць ураджай рознымі спосабамі. Мяркуюць, што паваенныя дамы Аранскай збудавалі палонныя немцы. Пару дамоў з боку ТЭЦ знеслі пры пашырэнні вуліцы на пачатку 2000-ых. Тады ж узвялі развязку на скрыжаванні з вуліцай Трасцянецкай. Пасля даўняга зносу аўтабазы да вуліцы Індустрыяльнай не прыпісана ніводнага будынка: яна падзяляе прамысловую і рэкрэацыйную зоны. Пасля таго, як пры будаўніцтве веладарожкі перакрылі выезд на Дзянісаўскую, Індустрыяльная засталася адзіным шляхом у Малую Серабранку. Маякоўка: разнастайная архітэктура і поўны набор інфраструктурыАднак мы пакуль што вернемся ў Маякоўку. Цотны бок вуліцы Маякоўскага – спалучэнне архітэктуры розных эпох. Бела-ружовая шматпавярхоўка – адзін з самых доўгіх будынкаў Мінска, хоць фармальна ён аб’ядноўвае некалькі жылых дамоў. Узводзіць яго пачалі, здаецца, пасля Алімпіяды-1980 – а апошнія секцыі ля стадыёна дабудавалі толькі ў сярэдзіне 1990-ых. За даўгуном схаваліся пафарбаваныя хрушчоўкі, а ўздоўж чыгункі стройнай чародкай заселі прыватныя дамкі. Па іншы бок Маякоўкі стаяць сядзібы, якія ўпарта не саступаюць навабудам. Па вуліцах Лугавой, Палескай, Пажарнай і Аранджарэйнай спакойна ўжываюцца драўляныя домікі і цагляныя катэджы. Бліжэйшыя да Маякоўскага прыватныя дамы знеслі дзесятак год таму дзеля высотак, недарэчных каля Свіслачы. Першапачаткова на іх месцы планавалі 5-павярхоўкі, аднак у выніку яшчэ адзін недабудаваны грамадскі комплекс ужо 5 год нагадвае пра канечнасць быцця. А калісьці ў цені дрэваў тут стаяла лазня №5. Араны: дух барацьбы на беразе СвіслачыАраны – мясцовасць гераічная. Па вуліцы Аранджарэйнай ля Чэрвеньскага рынка ў гады Вялiкай айчыннай вайны на канспіратыўнай кватэры збіраліся падпольшчыкі. Яшчэ адзін штаб партызан месціўся па Лугавым завулку, дзе паўстала «ўкраінская» высотка. Дамы за ёй тонуць пад шатамі вішань. Па вуліцы Лугавой жывуць нашчадкі змагароў за свабоду Радзімы. Яшчэ на пачатку 1990-х іх агароды прасціраліся да самай Свіслачы. Тут жа ў 1929 годзе ўласнаруч збудаваў свой дом мой прадзед-цясляр. Гэтая сядзіба дагэтуль належыць нашай сям’і ды родзічам. Мы называем яе сваім лецішчам, бо любім адпачываць тут з бацькамі ды запрашаць сяброў. Акрамя рэлаксу мы намагаемся даглядаць гаспадарку, карыстаемся гародчыкам. Тут і ў ваколіцах я баўлю багата часу – і шчаслівы, што не вырас дзіцём асфальта. Мне даспадобы ласавацца яблыкамі, грушамі ды малінамі з уласнай зямлі, любавацца красаваннем бэзу. Праца на сваёй зямлі – найлепшы адпачынак: гэта не толькі карысная фізічная нагрузка, але і задавальненне спажываць смачныя вынікі сваіх высілак. Патэнцыйны дом-музей і талярантнасць па-аранскуУ доме жылі некалькі пакаленняў нашай сям’і, у тым ліку мой стрыечны дзядзька Алесь Асташонак – пісьменнік, перакладчык, сцэнарыст і грамадскі дзеяч. Дом збіраемся рэканструяваць: магчыма, калі-небудзь тут адкрыецца Алесеў музей. Я б з радасцю жыў тут сам, але найперш нам з суседзямі патрэбна абараніць свае дамы ад зносу. Мяркую, гораду не выпадае марнаваць гістарычную спадчыну і крыўдзіць карэнных жыхароў, ламаючы людзям жыццё дзеля абяцанак нейкага там інвестара. Аранцы адпавядаюць назве квартала: тут жывуць старанныя людзі, якія дбаюць пра ўласны дабрабыт. Праца асабліва кіпіць улетку, а пасля зносінаў з гародчыкам гаспадары дазваляюць сабе прысесці на двары і, любуючыся захадам Сонца над Свіслаччу, паклікаць суседзяў, каб разам атрымаць асалоду ад заслужанага адпачынку. У Аранах ужываюцца людзі розных пакаленняў, прафесій і нацыянальнасцей, а сядзібы дэманструюць развіццё архітэктурнай думкі цэлага стагоддзя: ад драўляных хатак з аўтэнтычнымі аканіцамі да цагляных катэджаў з ландшафтным дызайнам. Малая Серабранка: людзі з вялікім сэрцам і адкрытай душойЦеснымі сяброўскімі стасункамі славіцца і Малая Серабранка. У любы час з любой нагоды магчыма сабраць суседзяў і заняцца важнай справай талакой. У гэтым квартале таксама ўзнікала блытаніна з тапонімамі: вуліцу Маласерабранскую называлі і Мала-Серабранскай, і Малой Серабранскай. Мала хто памятае, што «Вялікая» Серабранка з 9 мікрараёнаў узнікла толькі ў 1960-я – а назву ёй далі аднайменныя фальваркі, якія прасціраліся ажно да чыгункі па абодва бакі сучаснай вуліцы Маякоўскага. Толькі што на Вялікдзень мы з серабранцамі каталі тут яйкі. Многія жыхары Малой Серабранкі маюць дакументы, паводле якіх продкі тутэйшых прыйшлі сюды ажно ў 1870-я. Цікава, што рэчышча Свіслачы рабіла круты заварот да цяперашняй тэрыторыі велазавода. Дзякуючы свайму нетыповаму геаграфічнаму палажэнню Малая Серабранка пераўтваралася ў кампактны квартал, дзе ўсе жыхары ведалі адзін аднаго. Пра з'яўленне госця адразу папярэджвалі сабакі, якія заліваліся брэхам ў перазовах. Па вуліцы Крайняй улетку дамы тонуць у кветках, а над кварталам лунаюць пошчакі салаўёў. Калісьці ў Малой Серабранцы пасяліліся адразу 6 стрыечных братоў і сясцёр. Дагэтуль многія серабранцы з’яўляюцца родзічамі. У Другую сусветную абарыгены хавалі ў дамах габрэйскіх дзяцей і дапамагалі партызанам прадуктамі з гародчыкаў. У 1960-я інтэрнат фабрыкі імя Крупской збіраў моладзь. Старажылы ўзгадваюць, як дзяўчаты па вечарах прыводзілі на танцы прыгажуноў-вайскоўцаў. А пасля маладзёны сустракалiся на пляжы ля рэчкі Зялёнкі, што працякала побач з дамбай на Свіслачы. Сакалянка: надгорная рамантыкаДзесьці ў дварах сярод хрушчовак ля чыгункі губляецца пачатак вуліцы Палявой, якая берагам Свіслачы выводзіць вас у Сакалянку: за гэтай мілагучнай назвай схаваўся яшчэ адзін утульны квартальчык. У адрозненне ад раўнінных Аранаў, сюды Сакалянскі завулак спускаецца да самай дамбы, праз якую мы калісьці лазілі на іншы бераг Свіслачы – ажно пакуль побач не збудавалі адмысловы мосцік для пешаходаў. З Сакалянскай гары адкрывацца дзіўныя краявіды: адсюль як на далоні бачны амаль увесь раён. Мінску неўласцівыя перапады рэльефу, таму любыя горкі ды прыгоркі ўспрымаюцца як экзотыка. Тым зручней карыстацца імі на світанку ці досвітку, каб асалодзіцца нябеснай дарогай сонца й нябёсаў. Спачуваю жыхарам шэрагу старых дамоў па Дзянісаўскай і Палявой, у якіх відарыс Свіслачы ды наваколля адкрываецца выключна з гаўбцоў. Віной таму радковая забудова, папулярная ў СССР у 1960-1970-я. Затое ніхто не замінае спусціцца да акваторыі, каб шпацыраваць з дзіцячым вазком, гуляць з сябрамі ў валейбол і бадмінтон, або ладзіць пікнікі ў асяроддзі разнастайных птушак. Дзе ў нашым раёне забаўляцца?У нашым раёне можна знайсці любую забаву. Гастраном «Асобы» літаральна на днях сышоў у нябыт праз сеткавую краму – аднак у акрузе некалькі гіпермаркетаў, дзе лёгка абраць любыя тавары. Побытавыя паслугі прапануюць крамы крокавай даступнасці, а некаторыя жыхары прыватнага сектару адкрылі малы бізнэс. Раёну не стае хіба арт-падзей, падстаў для збору на фэсты ды оўпэн-эйры. Блізкасць ТЭЦ спрычынілася да ўрбаністычнага пейзажу, які прыцягвае фатографаў у жанры індастрыял. Мой раён прадастаўляе багаты выбар умоў для шчаслівага ды заможнага жыцця. У нашым раёне за колькі хвілін лёгка задаволіць любую патрэбу. На першым паверсе дома №8 па вуліцы Маякоўскага ёсць пошта ды банк, побач – піцэрыя i хімчыстка, насупраць – дзяжурная аптыка, пракат ровараў і яшчэ адзін банк. Далей у бела-ружовым доме процьма крам і сэрвісаў, майстэрні ды цырульня, а ля берага Свіслачы – рэстаран з верандай. У пары прыпынкаў транспарту ў розныя напрамкі можна даехаць да дарослай і дзіцячай паліклінік, мастацкай і лінгвістычных гімназій, басейна, кінатэатра і стадыёнаў. Па веладарожцы можна хутка гнаць да Верхняга Горада. Хто жыве ў нашым раёне?Найгалоўнейшая каштоўнасць любога раёна – ягоныя жыхары. У нас прыемныя і працавітыя людзі, большасць з якіх сочыць за экстэр’ерам сваіх дамоў. Люблю заходзіць у госці да суседзяў, каб бавіць час разам. Уявіце, як прыемна піць гарбату, зважаць на гарадскі пейзаж і слухаць музыку качак, чаек і нават пеўняў. Што можа быць лепей, каб вітацца з мінакамі замест абязлічанага асяроддзя? Тут хапае спартоўцаў: яны выходзяць на прабежку ды запускаюць фрысбі. Сюды б яшчэ сабачую пляцоўку. Па берагах Свіслачы ўвесь сезон гуртуюцца рыбакі. Нядзіва, што перыядычна заўважаю тут і мастакоў. Чым для мяне ёсць жыццё ва ўласным доме на сваёй зямлі?Мяне абсалютна задавальняе вобраз жыцця ва ўласным доме на сваёй зямлі: гэта дае прастору для творчасці, калі ты сам вызначаеш стыль свайго будынка або выгляд двара. Я ўяўляю пачуццё гаспадара як найлепшы стымул развіваць маёнтак. Ты не чуеш суседзяў за сцяной і не надакучваеш ім сам, ты і твае дзеці маеце магчымасць непасрэдна кантактаваць з прыродай. Нарэшце, ты можаш вырасціць садавіну, гародніну і ягады, або проста кветкі, якія ўпрыгожаць сямейны стол. Можаш запрасіць сяброў на барбекю, а самы смачны сок я піў з яблыкаў, сабраных на нашым двары. Мясцовыя жыхары загартаваныя войнамі ды іншымі выправабаваннямі ХХ стагоддзя. Таму яны разлічваюць выключна на сябе. Я натхнёны размаўляць з настолькі працавітымі людзьмі, пераймаць вопыт рэальных дасягненняў. А яшчэ мяне бясконца радуюць шпацыры ды велапакатушкі ўздоўж Свіслачы, калі даводзіцца рэгулярна манеўраваць сярод качак, якія цешацца ласкавым сонейкам. Я абураны, што «Мінскграда» плануе знесці прыватны сектар дзеля грамадскіх комплексаў. Людзі гатовыя бараніць свае дамы і землі ўсімі даступнымі сродкамі. У раёне ўжо ёсць грамадскія комплексы й некалькі даўгабудаў: лепш спярша разабрацца з імі. Аляксандр Лукашэнка заклікаў спыніць ушчыльненне Мінска, а камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама нібыта імкнецца забудаваць кожны свабодны куток. У Беларусі фактычна адсутнічае прыватная ўласнасць, але «паказчыкі эфектыўнасці» – не падстава для канфіскацыі маёмасці. Людзі гатовыя рэканструяваць дамы пры гарантыях недатыкальнасці жылля. Дзяржава мусіць падтрымліваць ініцыятыўных грамадзян, а не клапаціцца пра буйны капітал і замежных інвестараў. Мы жывем тут, нібы на курорце: папрацаваў і пазагараў у адным месцы. Не ўяўляю, як адмовіцца ад дома з садам на карысць бятоннай клеткі. Аднастайныя шмапавярхоўкі сведчаць пра архітэктурнае выраджэнне, бо нельга вырашаць недахоп жылля экстэнсіўным шляхам, проста адбіраючы дамы ў карэнных менчукоў. Чалавек мацнее, калі працягвае справу продкаў ва ўспадкаваным маёнтку. Горад развіваецца, калі ўлічвае патрэбы гараджанаў і гарантуе стабільны лад жыцця для іх доўгатэрміновых інвестыцый у свой раён. Менавіта такое мысленне выхоўвае патрыятызм. Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Фота: Павел Садоўскі Чытайце таксама: – Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як ужываюцца ў адным раёне прыватныя дамы ды шматпавярхоўкі? Ці бывае, што інфраструктуры даволі жыхарам – але недастаткова праектыроўшчыкам? Што такое раён-сад у... |
|