Здароўе сэрца — у вашых руках
19.02.2010
—
Новости Здоровья
|
Сардэчна-сасудзiстыя захворваннi па-ранейшаму займаюць лiдзiруючую пазiцыю сярод прычын смяротнасцi. Безумоўна, медыкi навучылiся лячыць многiя з iх, а лекi дапамагаюць хворым весцi амаль звычайны лад жыцця. Але ўсё адно даводзiцца ў чымсьцi сябе абмяжоўваць. Таму лепш да хваробы не даводзiць. А для гэтага пра сэрца трэба ведаць усё. Ну, калi не ўсё, дык многае... "Чалавек з вялiкiм сэрцам..." Найбольш хутка сэрца расце ў першы год жыцця i ў перыяд палавога сталення. У норме сэрца важыць у мужчын прыкладна 332 г, у жанчын крыху менш — 253 г. Лiчыцца, што сэрца павiнна быць велiчынёй з кулак яго ўладальнiка. Павялiчваецца сэрца ў памерах або за кошт разрастання сардэчнай мышцы, або з-за расшырэння яго поласцяў — жалудачкаў. Прычын тут можа быць некалькi. Напрыклад, калi чалавек — спартсмен, штодзень трэнiруецца, то iнтэнсiўныя фiзiчныя нагрузкi патрабуюць i ад сэрца больш актыўнай работы: большага прытоку крывi, павелiчэння частаты сардэчных скарачэнняў. Гэта прыводзiць да таго, што клеткi сардэчнай мышцы павялiчваюцца ў памерах (так званае "сэрца спартсмена"). Іншыя прычыны павелiчэння сэрца: захворваннi (прыроджаныя парокi, гiпертанiя, вiрусны эндакардыт i г.д.); алкагольная iнтаксiкацыя. Сардэчныя хваробы перадаюцца ў спадчыну Генетычная схiльнасць — гэта толькi адзiн з дзесяцi фактараў рызыкi. Бярыце ў разлiк i iншыя: пол, узрост, курэнне, высокi крывяны цiск, высокi халестэрын, гiпадынамiя, лiшняя вага, цукровы дыябет, стрэс i нервовыя перагрузкi. Жаночае сэрца абараняюць гармоны Тэарэтычна гэта праўда. Калi ў жанчыны нармальны менструальны цыкл, калi яна не прымае лекаў, якiя сур'ёзна ўплываюць на гарманальны фон, эстрагены ахоўваюць яе сардэчна-сасудзiстую сiстэму. Да наступлення менапаўзы — потым арганiзм страчвае эстрагены, а разам з iмi i засцярогу, i неўзабаве жаночы пол даганяе мужчынскi ў тым, што датычыцца атэрасклерозу. Так бы жанчыны i жылi шчаслiва да клiмаксу, калi б вялi здаровы лад жыцця. Аднак стрэсы, курэнне, алкаголь, некантралюемая гiпертанiя знiжаюць эстрагенавую засцярогу сасудаў. Таму кардыёлагi ўжо не здзiўляюцца пацыенткам 25—35 гадоў з iнфарктамi i стэнакардыяй. Каб умацаваць сэрца, трэба есцi як мага больш прадуктаў з высокiм утрыманнем калiю Спалучэнне "як мага больш" робiць гэта сцвярджэнне небяспечным. Калiй сапраўды неабходны для нармальнай работы сэрца. Яго асноўныя крынiцы — раслiннага паходжання, таму няма нiчога дрэннага ў тым, каб павялiчыць у меню колькасць печанай бульбы, лiставой салаты, капусты, фасолi, гароху, бананаў, вотруб'я, сухафруктаў i iншых прадуктаў, багатых на калiй. Аднак наш арганiзм у любым выпадку возьме столькi калiю, колькi яму трэба, а астатняе выведзе з мачой. У гэтым i хаваецца праблема: трэба ведаць, у якiм стане ныркi. Гiперкалiемiя больш небяспечная, чым дэфiцыт калiю ў арганiзме, — яна можа выклiкаць спыненне сэрца. Таму прымяняць бескантрольна i па прынцыпе "як мага больш" дабаўкi з калiем нельга! Магнiй i справы сардэчныя Вядома, што хваробы сэрца i сасудаў залежаць ад збiрання халестэрыну ў сасудах. Колькасць халестэрыну ў арганiзме рэгулюе лецыцiн — незаменная амiнакiслата. Усе амiнакiслоты сiнтэзуюцца з раслiнных прадуктаў. Але сiнтэзавацца без ферменту, якi ўтрымлiвае вiтамiн В 6 (пiрыдаксiн), лецыцiн не можа. А пiрыдаксiн дзейнiчае толькi ў прысутнасцi магнiю. Самымi багатымi крынiцамi магнiю сярод прывычных прадуктаў з'яўляюцца кунжут, арэхi, семкi, разынкi, чарнаслiў, бананы, фасоля, бульба, а таксама вотруб'е, грэцкiя, аўсяныя крупы, грэцкi мёд. Сутачная норма магнiю: для жанчын — каля 300 мг, для мужчын — 400 мг. Тлустыя прадукты пагаршаюць работу сэрца Насамрэч некаторыя тлушчы паляпшаюць работу сэрца. 2—3 штотыднёвыя порцыi марской рыбы, якая ўтрымлiвае ненасычаныя тлустыя кiслоты амега-3, знiжаюць рызыку развiцця iнфаркту. Амега-3 панiжаюць у крывi ўзровень "дрэннага" халестэрыну. Зусiм супрацьлеглы эфект аказваюць насычаныя тлушчы (сметанковае масла i iншыя жывёльныя тлушчы) — яны забiваюць атэрасклератычнымi бляшкамi жыццёва важныя артэрыi. Лiшняя вага негатыўна адбiваецца на рабоце сардэчнай мышцы Такi паказчык, як iндэкс масы цела, сапраўды можа далучыць вас да групы рызыкi па сардэчных захворваннях. Калi ён больш за 30, вы знаходзiцеся практычна за адзiн крок ад iнфаркту. Паўната павялiчвае нагрузку на сэрца. Яму даводзiцца значна больш працаваць, каб прапампаваць такое вялiкае цела. I крывяны цiск будзе трымацца на высокiх лiчбах. Усе курцы рызыкуюць жыццём... Курэнне выклiкае спазм сасудаў, якiя сiлкуюць сэрца (смолы тытуню мяняюць iх структуру), i павышае згусальнасць крывi, што паскарае ўтварэнне тромбаў. Нiкацiн рэзка ўзмацняе назапашванне ў арганiзме халестэрыну, павышае ўтрыманне ў крывi злучэнняў, якiя выклiкаюць утварэнне тлушчу. Усё гэта разам узятае прыводзiць да iшэмiчнай хваробы сэрца, якая нярэдка пераходзiць у iнфаркт мiякарда. Каварства тытуню ў тым, што яго разбуральная работа да пары да часу схаваная ад чалавека. Нярэдка толькi за 3—4 тыднi да трагiчнага канца курцы пачынаюць адчуваць боль у вобласцi сэрца, цяжар у руках, асаблiва ў левай, што гаворыць аб блiзкай небяспецы. Памылковая думка, што калi выкурыць адну цыгарэту на дваiх або на траiх, то шкоды арганiзму будзе менш. Насамрэч, больш шкоды атрымлiвае той, хто дакурвае цыгарэту апошнi, бо ў апошняй трэцi цыгарэты якраз i канцэнтруюцца самыя шкодныя смолы, самыя шкодныя прадукты перагонкi тытуню. Такiм чынам, пакiдаючы свайму сябру або сяброўцы дакурыць цыгарэту, вы тым самым прапануеце iм пакаштаваць самай канцэнтраванай сумесi з атрутных рэчываў. Таму задумайцеся, калi просiце пакiнуць дакурыць або гэта просяць зрабiць вас. Ад моцнага спалоху сэрца можа разарвацца На фоне поўнага здароўя такога здарыцца не можа. У здаровага, фiзiчна актыўнага чалавека з-за стрэсу крыху падымецца цiск, сэрца будзе бiцца часцей, але нiчога больш сур'ёзнага не адбудзецца. А вось у непрывычнага да нагрузак выкiд адрэналiну можа справакаваць iнфаркт мiякарда i нават спыненне сэрца. Разрыў сэрца можа здарыцца, калi стрэс наложыцца на iнфаркт або сардэчная мышца ў чалавека моцна пашкоджаная з-за перанесеных у мiнулым iнфарктаў. Але гэта, на шчасце, вялiкая рэдкасць. Каб сэрца не балела, трэба спаць на правым баку Хутчэй за ўсё, гэты мiф прыдумалi тыя, хто ўжо мае паталогiю сэрца. Калi чалавек лажыцца (няважна, на якi бок), на 25—30 працэнтаў павялiчваецца аб'ём крывi, якую трэба перапампаваць сэрцу. Здаровы гэтага нават не заўважыць. Але калi прапускная здольнасць сэрца знiжана, яно будзе адчуваць перагрузкi — узмоцнiцца задышка, могуць узнiкаць болi. Нярэдка за сардэчныя болi прымаюць мiжрэберную неўралгiю. Калi ў чалавека ёсць ушчамленне нервовых канчаткаў, дэфармацыя пазваночнiка, то пры павароце на левы бок у яго могуць узнiкаць хваравiтыя адчуваннi ў грудзях. У храпуна сэрца можа спынiцца ў сне Храп можа быць прадвеснiкам i адным з асноўных сiмптомаў сур'ёзнага захворвання — хваробы спынення дыхання ў сне або, кажучы медыцынскай мовай, сiндрому абструкцыйнага апноэ сну — раптоўна абрываецца храп i ўзнiкае палохаючае спыненне дыхання, затым спячы гучна захрапе — i зноў пачынае дыхаць. Часам можа адзначацца да 500 спыненняў дыхання за ноч. Гэта вядзе як да вострага, так i хранiчнага недахопу кiслароду, што iстотна павялiчвае рызыку развiцця сур'ёзных сардэчна-сасудзiстых захворванняў: арытмii, гiпертэнзii, iнсульту, раптоўнай смерцi ў сне. Чырвонае вiно — адзiны вiд алкаголю, карысны для сэрца Бадай, нi аб чым iншым пацыенты не пытаюцца ў кардыёлагаў так часта, як аб карысцi чырвонага вiна. Сусветная арганiзацыя аховы здароўя абмяжоўвае карысную дозу алкаголю да 20 мл чыстага спiрту ў дзень. (У выпадку з чырвоным вiном гэта прыкладна келіх.) Такая доза алкаголю засцерагае сардэчна-сасудзiстую сiстэму. Гаворка iдзе аб любым алкаголi, чырвонае вiно з агульнага спiсу вылучае той факт, што яно ўтрымлiвае антыаксiданты — рэчывы, якiя перашкаджаюць пранiкненню халестэрыну ў сасудзiстую сiстэму, тым самым засцерагаючы сасуды ад развiцця атэрасклерозу. Вялiкiя ж дозы алкаголю аказваюць прамое таксiчнае дзеянне на сардэчную мышцу. Клеткi сэрца паступова гiнуць i замяшчаюцца праслойкамi тлушчавай або злучальнай тканкi. Сэрца драхлее, у цяжкiх выпадках развiваецца сардэчная недастатковасць: задышка, ацёкi, арытмii i... гiбель чалавека. "Сэрца, табе не хочацца спакою..." Так толькi ў песнi пяецца. Насамрэч наша сэрца любiць, калi мы спакойныя. Ужо даказана, што пазiтыўныя адносiны да жыцця станоўча ўплываюць на здароўе. Нуда, злосць, агрэсiя — эмоцыi разбуральныя не толькi для навакольных, але i для самога чалавека. Цалкам пазбегнуць стрэсаў немагчыма. Таму вельмi многае залежыць ад нашай правiльнай рэакцыi на iх. Рух — жыццё, а гiпадынамiя — праблемы з сэрцам Неабходным складнiкам прафiлактыкi сардэчна-сасудзiстых захворванняў з'яўляецца актыўны лад жыцця — тая самая "мышачная радасць", пра якую казаў акадэмiк Паўлаў. Гэта заняткi спортам, прагулкi на свежым паветры, плаванне, турыстычныя паходы — любая фiзiчная дзейнасць, якая прыносiць чалавеку задавальненне. Добра прызвычаiцца да гартавальных працэдур — гэта можа быць кантрасны душ, аблiванне халоднай вадой, хаджэнне басанож па снезе, наведванне лазнi або саўны — выбар вялiкi, i кожны можа знайсцi тое, што яму больш па душы. А мiж тым, усе гэтыя мерапрыемствы ўмацоўваюць сценкi сасудаў i тым самым папярэджваюць многiя сардэчныя немачы. Такiм чынам, падсумуем: фiзiчная актыўнасць, псiхалагiчны настрой на добразычлiвыя адносiны да сябе i свету, правiльнае харчаванне, адмова ад шкодных звычак — вось той мiнiмум, якi неабходны для таго, каб быць упэўненымi ў тым, што сардэчна-сасудзiстыя хваробы абыдуць вас бокам. Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сардэчна-сасудзiстыя захворваннi па-ранейшаму займаюць лiдзiруючую пазiцыю сярод прычын смяротнасцi. Безумоўна, медыкi навучылiся лячыць многiя з iх, а лекi дапамагаюць хворым весцi амаль звычайны лад жыцця. Але ўсё адно даводзiцца ў чымсьцi сябе абмяжоўваць. Таму лепш да хваробы не даводзiць. А для гэтага пра сэрца трэба ведаць усё. Ну, калi не ўсё, дык многае |
|