Удар па печанi: каб не было занадта позна. 21.by

Удар па печанi: каб не было занадта позна

12.03.2010 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хваробы стагоддзя

Праблемы захворванняў печанi нарастаюць як снежны камяк, i за апошнiя гады ў разы павялiчылася колькасць хворых з хранiчным гепатытам i цырозам печанi. Яшчэ 15 гадоў таму ў гастраэнтэралагiчных аддзяленнях цяжка было сустрэць некалькi хворых з цырозам. А сёння ў кожнай палаце гастраэнтэралогii 9-й клiнiчнай бальнiцы г. Мiнска праходзяць лячэнне 2-3 пацыенты з пашкоджаннямi печанi. З чым гэта звязана, спыталi мы ў дацэнта 2-й кафедры ўнутраных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта, кандыдата медыцынскiх навук, урача гастраэнтэролага Мiкалая Капралава.

— Асноўнымi прычынамi хваробаў печанi з'яўляюцца вiрусныя гепатыты ў хранiчнай форме; гепатыты i цырозы, якiя сфармiравалiся на фоне ўжывання алкаголю; пашкоджаннi печанi, звязаныя з прыроднымi i прамысловымi таксiнамi. Працяглы i бескантрольны прыём некаторых лекаў, асаблiва антыбiётыкаў, кортыкастэроiдных гармонаў таксама можа быць прычынай хваробаў печанi.

Аднак на сёння нас хвалююць, перш за ўсё, захворваннi печанi пры злоўжываннi алкаголем. Гэта прычына трывала выйшла на першае месца як фактар, пры якiм пашкоджваецца печань. Штодзённае ўжыванне больш за 40—60 г чыстага спiрту прыводзiць да вельмi небяспечных наступстваў. Менавiта такая доза алкаголю наносiць згубны ўдар па пячоначнай клетцы, якая па сутнасцi гiне. Гэта адбываецца пры гепатыце, як першым этапе развiцця алкагольнай хваробы печанi. Калi чалавек працягвае ўжываць спiртное на фоне алкагольнага гепатыту, то блiзкi той час, калi сфармiруецца татальнае пашкоджанне печанi — цыроз.

Печань — унiкальны орган. З яго работай звязана жыццезабеспячэнне чалавека, усе важныя працэсы, што адбываюцца ў арганiзме: сiнтэз бялку, вiтамiнаў, гармонаў, абмен тлушчаў, вугляводаў. Таму, калi печань пашкоджана, хутка парушаюцца ўсе гэтыя вiды абменаў, церпяць практычна ўсе iншыя ўнутраныя органы: страўнiкава-кiшачны тракт, лёгачная i сардэчна-сасудзiстая сiстэмы, ныркi.

Таму мы з разуменнем паставiлiся да тых змяненняў, якiя ўнесены ў Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях i накiраваныя на знiжэнне алкагалiзацыi ў грамадстве. На маю думку, гэта дасць магчымасць i нам аказваць больш эфектыўную медыцынскую дапамогу.

Не толькi моцныя спiртавыя напоi згубна дзейнiчаюць на печань. Мы ўжо сёння сустракаемся з выпадкамi, калi прычынай хранiчных гепатытаў, якiя часта прыводзяць да цырозу, становiцца так званы пiўны алкагалiзм.

— Як праяўляе сябе хвароба?

— У чалавека з пашкоджаннямi печанi ўжо на раннiм этапе развiцця захворвання з'яўляецца агульная слабасць, знiжаецца працаздольнасць i апетыт, парушаецца сон. У хворых з цырозам печанi з'яўляецца расстройства стулу, дыскамфорт у жываце. Дастаткова часта хвароба праяўляецца жаўтухай. Жаўцеюць скурныя пакровы, склера. Як правiла, апошнiя сiмптомы i прымушаюць пацыента прыйсцi да ўрача.

Хачу падкрэслiць, што для дыягностыкi хранiчнага гепатыту i цырозу печанi ў нас ёсць сучасная высокаiнфарматыўная апаратура. Гэтай катэгорыi хворых праводзяцца лабараторныя даследаваннi, якiя дазваляюць нам меркаваць аб ступенi развiцця печанi, аб фармiраваннi хранiчнага гепатыту цi больш цяжкай паталогii — цырозу.

— Цi магчыма вылечыць цыроз?

— Кансерватыўным шляхам, шляхам лекавай тэрапii i адпаведным лячэбным рэжымам харчавання мы можам толькi стабiлiзаваць цячэнне працэсу, прыпынiць развiццё тэрмiнальнай пячоначнай недастатковасцi. Апошняя, дарэчы, ужо непасрэдна звязана з лятальным зыходам. Вылечыць цыроз лекавымi прэпаратамi i дыетай практычна немагчыма.

На сёння iснуе адзiны радыкальны метад лячэння — гэта трансплантацыя донарскай печанi. Прымяняецца ён у вельмi цяжкiх выпадках, калi печань перастае выконваць сваю функцыю. Дарэчы, у нашай клiнiцы за год робiцца 35 такiх трансплантацый. Аднак мы не павiнны дапусцiць той фазы развiцця захворвання, калi пацыенту спатрэбiцца донарскi орган. Мы павiнны прыкласцi ўсе намаганнi, каб папярэдзiць развiццё тэрмiнальнай стадыi хваробы. Для гэтага ў нас ёсць сучасныя лекавыя прэпараты, распрацавана методыка лячэбнай дыеты. Але скажу прама: калi пацыент будзе працягваць ужываць таксiчныя дозы алкаголю, то ўсё гэта лячэнне не дасць нiякага эфекту. Таму пры алкагольным пашкоджаннi печанi правiла першае — тэрмiнова кiдаць пiць.

— Якiх правiлаў трэба прытрымлiвацца людзям, якiм пастаўлены ўжо дыягназ хранiчны гепатыт, каб не развiлася такая цяжкая паталогiя, як цыроз?

— Перш за ўсё спынiць дзеянне паталагiчнага фактару. Калi гэта алкаголь, пра што я ўжо казаў, нельга ўжываць яго, калi лекавы прэпарат — не прымаць яго. Калi ў наяўнасцi вiрусная iнфекцыя, то неабходна адпаведнае лячэнне. Хворыя з такой формай гепатыту лечацца ў iнфекцыйным стацыянары, дзе сёння шырока выкарыстоўваюцца антывiрусныя прэпараты.

— Вы казалi пра лячэбную дыету. У чым яе асаблiвасцi пры пашкоджаннях печанi?

— Так, пэўныя падыходы да дыетычнага харчавання пры гэтай паталогii iснуюць. Выключаецца шэраг прадуктаў: перш за ўсё, смажаная ежа, тлустая, жаўткi. Ежа, у асноўным, павiнна гатавацца ў вараным выглядзе, змяншаецца колькасць кухоннай солi. Чалавек павiнен харчавацца дастаткова часта — 4—5 разоў на дзень малымi порцыямi. Гэта дазваляе больш лёгка засвойвацца харчовым iнгрэдыентам.

У рацыёне павiнна быць дастатковая колькасць садавiны i агароднiны. Хворыя ў мяне часта пытаюцца, якую канкрэтна агароднiну лепш ужываць. Дык вось я адказваю — гарбуз. У яго мякацi ёсць рэчывы, якiя дапамагаюць аднавiць дыстрафiчныя парушэннi ў пячоначнай клетцы. З гэтай жа мэтай рэкамендуецца гатаваць стравы з гарбуза.

Нядаўна я сустрэў свайго пацыента, ён адчувае сябе нядрэнна, i расказаў, што па маёй рэкамендацыi гатуе з гарбуза больш за 10 страў, якiя сам прыдумаў, сярод iх нават пельменi.

Надзвычай карысная морква, салаты з яе. У гэтай агароднiне ўтрымлiваецца карацiн, якi валодае ўласцiвасцю змяншаць дыстрафiчна прыгнечаную функцыю печанi.

— А якую ролю адыгрываюць лекавыя раслiны ў лячэннi хваробаў печанi?

— Многiя лекавыя прэпараты, якiя мы выкарыстоўваем пры пашкоджаннях печанi, атрыманы з раслiн. Напрыклад, карсiл, агастатын — лекi, базiснай асновай якiх з'яўляецца растаропша. Гэта адно з самых распаўсюджаных пустазелляў, вядомае нам яшчэ пад назвай чартапалох.

Настоi, адвары, iншыя сродкi з лекавых раслiн можна прымаць, але папярэдне трэба пракансультавацца з урачом.

Вольга ШАЎКО.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праблемы захворванняў печанi нарастаюць як снежны камяк, i за апошнiя гады ў разы павялiчылася колькасць хворых з хранiчным гепатытам i цырозам печанi. Яшчэ 15 гадоў таму ў гастраэнтэралагiчных аддзяленнях цяжка было сустрэць некалькi хворых з цырозам. А сёння ў кожнай палаце гастраэнтэралогii 9-й клiнiчнай бальнiцы г. Мiнска праходзяць лячэнне 2-3 пацыенты з пашкоджаннямi печанi. З чым гэта звязана, спыталi мы ў дацэнта 2-й кафедры ўнутраных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта, кандыдата медыцынскiх навук, урача гастраэнтэролага Мiкалая Капралава.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика