Сэксуальнае здароўе беларусаў. Міфы і рэальнасць
07.05.2010
—
Новости Здоровья
|
У 1974 годзе першы прафесійны сэксапатолаг Беларусі, ініцыятар стварэння і нязменны кіраўнік Беларускай сэксалагічнай асацыяцыі Дзмітрый КАПУСЦІН прыняў свайго першага кліента, які звярнуўся з праблемай сэксуальнага расстройства. У гэтым інтэрв'ю Дзмітрый Зіноўевіч расказвае пра асноўныя сэксуальныя расстройствы і прычыны іх узнікнення. — Колькі беларусаў пакутуе ад сэксуальных расстройстваў? — Паводле сусветнай статыстыкі, кожны 10-ы мужчына пакутуе ад сэксуальных парушэнняў. Напрыклад, на эрэктыльную дысфункцыю ў ЗША скардзяцца ад 10 да 30 мільёнаў мужчын. Гэта прыкладна 10 працэнтаў мужчынскага насельніцтва. У Даніі гэта 4 працэнты мужчынскага насельніцтва, у Вялікабрытаніі — да 7 працэнтаў. Калі браць за аснову сусветную статыстыку, то ў Беларусі ад сэксуальных расстройстваў пакутуюць прыкладна 200 тысяч чалавек. Да спецыялістаў жа з падобнымі праблемамі звяртаецца не больш за 4 тысячы чалавек штогод. З гэтай колькасці мужчыны складаюць 95 працэнтаў. Жанчына можа жыць палавым жыццём нават пры наяўнасці сэксуальных расстройстваў. Усё залежыць ад таго, навошта ёй сэкс — усяго ў жанчын каля 40 матывацый да палавога жыцця. Як правіла, часцей жанчыны са сваімі сэксуальнымі праблемамі звяртаюцца да псіхолагаў. Яшчэ адзін распаўсюджаны "жаночы" варыянт выхаду з праблемы — самастымуляцыя (мастурбацыя). Даволі шмат і такіх жанчын, якія зусім нічога не робяць у надзеі, што іх сэксуальнасць разаўецца з узростам або са з'яўленнем новага партнёра. — Чым вы тлумачыце прычыны нізкай колькасці зваротаў да ўрачоў-сэксолагаў? — Іх вельмі шмат. Напрыклад, мужчыны баяцца магчымай агалоскі, саромеюцца самога факта звароту, часта не ўпэўненыя ў поспеху лячэння, апасаюцца, што лячэнне ўдарыць па кішэні. Адны не давяраюць дзяржаўнай сістэме ахове здароўя або ўрачам у прынцыпе, іншыя апасаюцца, што пры сэксалагічным абследаванні выявіцца больш сур'ёзнае захворванне. А нехта пастаянна адкладвае наведванне спецыяліста на пасля, цешыць сябе надзеямі, што ўсё пройдзе само сабой, або проста ставяцца з абыякавасцю да сваёй партнёркі. Ёсць і такія, хто спадзяецца на разрэкламаваныя ў СМІ "цудадзейныя" прэпараты або думаюць, што пры магчымай змене сэксуальнай партнёркі патэнцыя адновіцца. У жанчын таксама ёсць шэраг прычын. Многія, напрыклад, мяркуюць, што сам факт звароту можа прынізіць або пакрыўдзіць мужчынскі гонар партнёра або проста саромеюцца расказаць урачу пра свае сэксуальныя праблемы. Некаторыя жанчыны замоўчваюць сітуацыю, каб не праслыць німфаманкамі. Нехта лічыць такія кансультацыі бессэнсоўнымі па прычыне абыякавага стаўлення мужа да палавога жыцця або да асобы самой жанчыны. У надзеі вылечыцца ад палавой слабасці шэраг пацыентаў звяртаюцца да тых спецыялістаў, якія, па іх меркаванні, "бліжэй да мужчынскіх праблем" — да ўрачоў-уролагаў. І сапраўды, часам лячэнне выяўленай уралагічнай паталогіі прыводзіць да аднаўлення патэнцыі. Але ў палавым акце бярэ ўдзел не толькі палавы член і прастата, але і эндакрынная, нервовая сістэмы і, галоўнае — псіхіка, якой наносіцца ўдар нават пасля адзінкавага сэксуальнага зрыву. Бо ў такім выпадку з'яўляецца страх магчымай няўдачы, які ў сваю чаргу можа выклікаць працяглую адмову ад палавога жыцця. У ЗША практыкуецца сэкс-тэрапія — метад лячэння сэксуальных парушэнняў і сэксуальных дысгармоній, распрацаваны сэксолагамі Мастэрсам і Джонсанам. Сэкс-тэрапеўт працуе не з двума, а з трыма партнёрамі — мужчынам, жанчынай і іх шлюбам. Такі падыход у лячэнні сэксуальнага расстройства мае на ўвазе змяненне узаемаадносінаў партнёраў, а таксама іх асабістага стаўлення да праблемаў сэксу ў прынцыпе. У нас жа партнёры ў пары прыходзяць надзвычай рэдка. Прычыны часта хаваюцца ў матывацыі да сэксу. Напрыклад, многія жанчыны проста не хочуць лішні раз акцэнтаваць увагу на "трэшчыне" ў сэксуальным жыцці, таму што муж — здабытчык, ён зарабляе грошы, забяспечвае сям'ю. Навошта ж секчы сук, на якім сядзіш? Прасцей імітаваць аргазм або знайсці палюбоўніка. — Чым выкліканы асноўныя сэксуальныя дысфункцыі мужчыны? — Зніжэнне або адсутнасць палавога жадання можа быць выклікана многімі прычынамі — ад злоўжывання транквілізатараў, гіпатэнзіўных прэпаратаў да пячонкавай, ныркавай ці дыхальнай недастатковасці. Такое адхіленне, як сэксуальная агіда можа быць вынікам няправільнага сэксуальнага выхавання дзіцяці, непрымальнымі, з пункту гледжання мужчыны, патрабаваннямі партнёркі да сэксуальных кантактаў, а таксама страта партнёркай эратычнай прывабнасці для мужчыны. — Што выклікае сэксуальнае расстройства, у прыватнасці, эрэктыльную дысфункцыю ў мужчын? І якім захворванням можа спрыяць сэксуальная паталогія? — У многіх мужчын эрэктыльная дысфункцыя можа быць выклікана або ўзмоцнена дэпрэсіяй, нізкай самаацэнкай, пачуццём трывогі, напружанасці і страху. З-за боязі аказацца няздольным у сэксуальных абставінах многія мужчыны адмаўляюцца ад спроб блізкасці, што, з аднаго боку, выклікае нарастанне напружанасці ў адносінах з партнёркай і часам нават правакуе разрыў адносінаў. З іншага боку, сэксуальнае ўстрыманне (па любой прычыне) і асабліва пасля 40-45 гадоў, можа прывесці да сэксуальнага фіяска пры аднаўленні спробаў пачаць палавое жыццё. Сэксуальная паталогія можа таксама спадарожнічаць псіхічным захворванням (77 працэнтаў), алкагалізму (55 працэнтаў), наркаманіі (85 працэнтаў), хваробам органаў кровазвароту (30—48 працэнтаў), неўралагічным хваробам (70 працэнтаў), хваробам органаў мочапалавой сістэмы (15—90 працэнтаў), цукроваму дыябету (40—60 працэнтаў), эндакрыннай паталогіі (10—80 працэнтаў). — Назавіце таксама сэксуальныя расстройствы жанчын і прычыны, якія да іх прыводзяць. — Фрыгіднасць, або адсутнасць палавой цягі, што праяўляецца адсутнасцю або слабай цікаўнасцю да сэксуальнага жыцця, узнікае па розных прычынах. Перш за ўсё, гэта псіхалагічныя фактары: грубыя дзеянні мужчыны, асабліва на пачатку палавога жыцця, няспеласць палавога пачуцця жанчыны, страх нежаданай цяжарнасці, спробы згвалтавання, расчараванне ў сваім выбранніку. Існуе і фрыгіднасць, якая з'яўляецца вынікам агульных захворванняў — інтаксікацый, гарманальных парушэнняў, эндакрынных расстройстваў, гінекалагічных захворванняў і г.д. У жанчын сустракаецца таксама адсутнасць аргазму, што тлумачыцца шэрагам прычын — ад падаўленага стану і дэпрэсіі да матывацыі, калі жанчына не ставіць сваёй мэтай атрыманне аргазму. Ёсць сэксуальная ангеданія — адсутнасць адэкватнага задавальнення пасля палавой блізкасці пры захаванні нармальных сэксуальных рэакцый і аргазму; вагінізм — рэфлекторнае спастычнае скарачэнне мышцаў похвы, тазавага дна і бёдраў, што абцяжарвае ці робіць немагчымым палавы акт. Як правіла, вагінізм — праява псіхалагічных праблем жанчыны. Акрамя таго, сутаргавая рэакцыя можа ўзнікаць і пры розных захворваннях палавых органаў, іх няправільным збудаванні, псіхічных расстройствах — тады гэта называюць псеўдавагінізмам. — Які сярэдні ўзрост вашых пацыентаў? — Ад 18 да 80 гадоў. Самаму старэйшаму пацыенту ў маёй практыцы было 89 гадоў. Тое, што пасля 60 гадоў мужчына ўжо ні на што не здольны, — міф. Адзін з маіх пацыентаў хутка і лёгка вылечыўся ва ўзросце 82 гадоў. Галоўнае, каб сасуды былі добрымі, гармоны ў парадку, галава працавала. Іншымі словамі, важная палавая канстытуцыя чалавека — сукупнасць устойлівых біялагічных вартасцяў, якія складваюцца пад уплывам спадчынных фактараў і ўмоў развіцця ў прэнатальным перыядзе. І немалаважна, каб партнёрка ўзбуджала мужчыну. Палавая сіла мужчыны залежыць не ад таўшчыні палавога члена і не ад сілы яго сэксуальных жаданняў, а ад магчымасці эякуляваць, а таксама ад хуткасці аднаўлення пасля эякуляцыі. Усяго толькі 15 працэнтаў мужчын здольныя хутка аднаўляцца і ажыццяўляць больш за 7 палавых актаў у суткі. Як правіла, на такія подзвігі здольныя маладыя людзі ва ўзросце ад 19 да 25 гадоў. — Ці запатрабаваны сэксапатолагі ў Беларусі? Ці няма ў краіне дэфіцыту спецыялістаў гэтага профілю? — Дэфіцыту як не было, так і няма. Яшчэ ў Савецкім Саюзе падлічылі, што для павышэння сэксуальнай культуры і зніжэння ўзроўню сэксуальных расстройстваў неабходна адна стаўка ўрача-сэксапатолага на мільён насельніцтва. Прайшло шмат гадоў, а разлікі не змяніліся. У нас няма такой культуры — хадзіць да сэксапатолага, удваіх вырашаць праблемы, звязаныя з сэксуальнымі расстройствамі. А калі няма попыту — няма і прапановы. — Назавіце асноўныя паказанні для звароту да ўрача-сэксапатолага. — Іх шмат: расстройства палавой цягі — адсутнасць, зніжэнне або паталагічнае павышэнне; эрэктыльная дысфункцыя — праблемы з эрэкцыяй палавога члена; праблемы з эякуляцыяй — заўчасная, затрыманая, адсутнасць эякуляцыі; расстройства аргазму — адсутнасць, зніжэнне, хваравітасць аргастычных перажыванняў; вагінізм і цнатлівы шлюб; геніталгіі — болі падчас палавога акта; сэксуальна-шлюбныя дысгармоніі; наступствы сэксуальнага гвалту; сэксуальныя адхіленні; адхіленні ў сэксуальных паводзінах дзяцей і падлеткаў. P.S. У Беларусі сэксалагічную дапамогу аказваюць 9 урачоў-сэксолагаў. Усе яны працуюць у структуры абласных псіханеўралагічных дыспансэраў. Сэксалагічная дапамога аказваецца ананімна (пацыент не прад'яўляе пашпарт і можа не называць свайго сапраўднага прозвішча). У Беларусі сэксалагічную дапамогу аказваюць 9 урачоў-сэксолагаў. Усе яны працуюць у структуры абласных псіханеўралагічных дыспансэраў. Сэксалагічная дапамога аказваецца ананімна (пацыент не прад'яўляе пашпарт і можа не называць свайго сапраўднага прозвішча).Паводле матэрыялаў "Весніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 1974 годзе першы прафесійны сэксапатолаг Беларусі, ініцыятар стварэння і нязменны кіраўнік Беларускай сэксалагічнай асацыяцыі Дзмітрый КАПУСЦІН прыняў свайго...
|
|