Як засцерагчыся ад кляшчоў
22.07.2010 09:51
—
Новости Здоровья
|
У апошнія гады на тэрыторыі Беларусі павялічваецца колькасць кляшчоў. Расце і захваральнасць на клешчавы энцэфаліт і хваробу Лайма, якія перадаюцца з кляшчамі. Як адзначыў урач-паразітолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Андрэй Ведзянькоў, цыркуляцыя віруса клешчавага энцэфаліту ўстаноўлена ў 99 раёнах краіны (76 % тэрыторыі), а ўзбуджальніка хваробы Лайма — у 120 раёнах (92 % тэрыторыі).
Сёлета са скаргамі на ўкусы кляшчоў у медыцынскія ўстановы краіны звярнуліся каля 13,5 тысячы чалавек — на 25 % больш, чым за такі ж перыяд летась. Назіраецца і пашырэнне арэала гэтых крывасмокаў. Калі раней яны жылі толькі ў лесе, то цяпер "перабіраюцца" на дачныя і прысядзібныя ўчасткі, сустракаюцца ў парках буйных гарадоў. Такім чынам узрастае рызыка заражэння людзей інфекцыямі, якія могуць працякаць вельмі цяжка і нават стаць прычынай інваліднасці. Каб засцерагчы сябе ад магчымай небяспекі, трэба прытрымлівацца пэўных правілаў. Калі вы збіраецеся ў лес, абавязкова надзеньце галаўны ўбор і вопратку, якая б шчыльна прылягала да цела, з зашпіленымі манжэтамі на рукавах. Штаны павінны быць запраўленыя ў боты або перацягнутыя ля шчыкалатак тасьмой ці гумкай. Неабходна таксама праз кожныя дзве гадзіны рабіць агляд адзення і адкрытых участкаў цела. Кляшчы бачныя няўзброеным вокам. Страсаць варта ўсіх насякомых, якіх вы знайшлі. Акрамя таго, калі вы аматар лясных букетаў ці захапляецеся зборам лекавых раслін, абавязкова агледзьце гэтыя дары прыроды, ператрасіце іх таксама, каб не прынесці ў дом кляшчоў. Калі гулялі па лесе з сабакам, агледзьце і яго — кляшчы без цяжкасці могуць перапаўзці з поўсці жывёліны на чалавека ці на пасцельную бялізну, адзенне. Дарэчы, для свайго чатырохногага сябра лепш набыць спецыяльны ашыйнік, апрацаваны сродкам для адпужвання насякомых. Для кароткачасовага адпачынку лепш выбіраць адкрытыя паляны без сухастою, ламачча, падалей ад скірдаў сена, саломы, месцаў выпасу і стаянак жывёлы. Што рабіць, калі клешч усё ж прысмактаўся? Не спяшайцеся выдзіраць яго адным махам — можаце адарваць і пакінуць пад скурай хабаток пераносчыка інфекцыі. Можна змазаць самога кляшча і скуру вакол яго вазелінам, крэмам, абкласці ватай ці марлевым тампонам і заляпіць пластырам. Можна выдаліць кляшча з дапамогай баваўнянай ніткі. Трэба абвязаць яго бліжэй да таго месца, дзе ён прысмактаўся, ці за брушка і хістальнымі рухамі паспрабаваць выдаліць кляшча. Можна таксама выкарыстаць іголку ад аднаразовага шпрыца, якой насякомае падкалупліваюць як стрэмку. Пасля выдалення месца ўкусу змазваюць спіртазмяшчальнымі растворамі. Пажадана выдаленага крывасмока змясціць у флакон і аднесці на даследаванне ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб праверыць яго на заражанасць узбуджальнікамі хваробаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цыркуляцыя віруса клешчавага энцэфаліту ўстаноўлена ў 99 раёнах краіны (76 % тэрыторыі), а ўзбуджальніка хваробы Лайма — у 120 раёнах (92 % тэрыторыі).
|
|