Пры астэапарозе чалавек можа «стаптацца» аж на 10–15 см!. 21.by

Пры астэапарозе чалавек можа «стаптацца» аж на 10–15 см!

12.08.2010 13:41 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Астэапароз — захворванне, якое пашкоджвае касцявую тканку і пры якім у ёй утвараюцца пустоты-поры. Пры гэтай хваробе косці нашага шкілета становяцца надзвычай крохкімі і могуць зламацца нават пры невялікіх нагрузках.

Напрыклад, спатыкнуўся чалавек на роўным месцы, няўдачна адчыніў цяжкія дзверы або ўпусціў на нагу важкую кнігу. Здавалася б, дробязь. А для хворага з астэапарозам справа можа закончыцца пераломам. Часцей за ўсё гэтая праблема падпільноўвае пажылых жанчын. У асаблівай групе рызыкі — хударлявыя блакітнавокія бландзінкі, аматаркі кавы і цыгарэт.

Астэапароз характарызуецца нізкай мінеральнай шчыльнасцю касцей, зніжэннем якасці касцявой тканкі, змяненнем работы мышцаў. Асноўныя прычыны гэтага захворвання — гарманальныя парушэнні і недахоп кальцыю ў арганізме. Незбалансаванае харчаванне прыводзіць да недахопу кальцыю і вітаміну D, якія адказваюць за будову і захаванасць касцявой тканкі. Курэнне і алкаголь ускладняюць засваенне кальцыю арганізмам. Маларухомы лад жыцця і недастатковая фізічная актыўнасць таксама спрыяюць як крохкасці касцей, так і дрэннай каардынацыі рухаў, што прыводзіць да спантанных траўмаў.

Медыкі празвалі астэапароз «маўклівым злодзеем». Рэч у тым, што гэта захворванне заўсёды становіцца нечаканым для хворага, бо вельмі доўга працякае бессімптомна.

Можа прайсці да дзесяці гадоў з пачатку хваробы, а чалавек аб ёй і падазраваць не будзе. І толькі атрымаўшы пералом, даведаецца пра сваю хваробу. Пры нармальным стане шкілета чалавек не павінен нічога ламаць, падаючы з нязначнай вышыні — скажам, свайго росту. Акрамя таго, сігналам трывогі пры астэапарозе з’яўляюцца начныя сутаргі ў галёнках і ступнях, боль у касцях і ў спіне, змяненне постаці, змяншэнне росту на 2–3 см у год. Калі ў жанчыны з’явілася гарбаватасць, якой не было раней, асабліва ў перыяд менапаўзы, — магчыма, гэта значыць, што пазваночнік дэфармаваны ў выніку астэапарозу. У выпадку ўзнікнення падобных сімптомаў варта абавязкова звярнуцца да доктара.

Для дыягностыкі астэапарозу прымяняецца дэнсітаметрыя — даследаванне, якое дазваляе вызначыць мінеральную шчыльнасць касцявой тканкі, выявіць хваробу на ранняй стадыі і такім чынам прадказаць рызыку ўзнікнення пераломаў. Дэнсітаметрыя здольная фіксаваць мінімальныя страты масы косці, ацэньваць дынаміку шчыльнасці касцявой тканкі падчас развіцця хваробы або эфектыўнасць лячэння.

Калі астэапароз выяўлены, не трэба чакаць, пакуль здарыцца пералом шыйкі сцягна або пазваночніка (гэта можа прывесці да поўнай інваліднасці і нават смяротнага зыходу). Трэба адразу лячыцца!

Тут ужо кальцый не дапаможа: трэба будзе прапіць працяглы курс спецыяльных прэпаратаў ад астэапарозу. Гэтыя лекі «замуроўваюць» тыя самыя лункі, якія ўтвараюцца ў касцях пры іх разбурэнні. Але прызначыць іх можа толькі ўрач!

Што ж рабіць для прафілактыкі астэапарозу? Умацоўваць косці трэба з дзяцінства, уключаючы ў рацыён малако і кісламалочныя прадукты, есці прадукты, багатыя на кальцый, больш рухацца. Чым менш рухомы лад жыцця вядзе чалавек, тым большая верагоднасць захварэць на астэапароз. Пасля 30 гадоў варта асабліва звярнуць увагу на лад жыцця: адмовіцца ад празмернага ўжывання алкаголю, шыпучых напояў і кавы, ад курэння, рэгулярна займацца фізкультурай.

Усім вядома, што касцям неабходны вітамін D, які ўтвараецца ў арганізме пад дзеяннем ультрафіялетавых прамянёў, гэта значыць пад сонцам. Значыць, сонца — адзін з памагатых у барацьбе супраць астэапарозу. Акрамя таго, вітамін D паступае ў арганізм з пэўнымі прадуктамі, напрыклад з тлустай рыбай. І служыць ён для засваення кальцыю ў арганізме, а значыць, уплывае на стан нашай касцявой тканкі. Дарэчы, актыўны вітамін D таксама паляпшае каардынацыю рухаў, мышцавы тонус.

Будаўнічы матэрыял для касцей, зубоў, пазногцяў — кальцый. Ён надае ім трываласць. У арганізме дарослага чалавека прысутнічае 1–1,2 кг гэтага элемента (99% утрымліваецца ў шкілеце). Найбольш багатыя на кальцый малочныя прадукты (малако, тварог, сыр і інш.), сухафрукты, арэхі, гародніна (капуста, сельдэрэй, цыбуля, аліўкі), рыба. Паўлітра малака ў дзень — і сутачная патрэба ў кальцыі будзе задаволеная на 72%.

Пры непераноснасці лактозы (малочнага цукру) варта звярнуць увагу на іншыя крыніцы кальцыю: узбагачаны кальцыем апельсінавы сок (шклянка) утрымлівае 500 мг кальцыю; збожжавыя (тры чвэрці шклянкі) — 200–250 мг; вараныя соевыя бабы (паўшклянкі) — 90 мг; вараная брокалі (паўшклянкі) — 35 мг; адзін апельсін — 50 мг.

Для забеспячэння трываласці шкілета вельмі важныя суадносіны кальцыю і магнію ў арганізме. Калі колькасць магнію ў крыві падае, ныркі аднаўляюць раўнавагу, утрымліваючы менш кальцыю.

Калі канцэнтрацыя магнію ўзрастае, ныркі выводзяць менш кальцыю. Па гэтай прычыне арганізму неабходныя магній і вітамін В 6, які садзейнічае ўтрыманню магнію ў клетках. Магній прысутнічае ў просе, аўсяных шматках, бананах, капусце, грэчцы, гарбузовых і сланечнікавых семачках, арахісе, зялёным перцы, сыры, фасолі, гароху.

Маюць значэнне і правільныя суадносіны паступлення кальцыю і фосфару. Апошні пападае ў арганізм разам з прадуктамі харчавання, і дэфіцыт гэтага элемента сустракаецца вельмі рэдка (часцей за ўсё — у дзяцей). На фосфар багатыя: цвёрды сыр, яечны бялок, гарбузовыя семачкі, аўсяныя шматкі, свіная і ялавічная печань, белая фасоля, цяляціна, мяса птушкі, малако, проса, арэхі.

Паводле даследаванняў, на 20% павялічваецца крохкасць касцей у тых, хто ўжывае ў вялікай колькасці газіроўку.

Што яшчэ разбурае кальцыевы баланс арганізма? Ежа, багатая на тлушчы (асабліва жывёльныя), прыгнятае ўсмоктванне кальцыю ў кішэчніку і правакуе гіперкальцыйурыю (высокі ўзровень кальцыю ў мачы). Змяненні органаў страўнікава-кішачнага тракта з прычыны ўжывання алкаголю таксама падаўляюць усмоктванне кальцыю. Курэнне паскарае разбурэнне косці і садзейнічае фарміраванню больш нізкай касцявой масы. Адмоўнае дзеянне на касцявую тканку аказвае кафеін, які павышае вывядзенне кальцыю з мачой.

Ежа, багатая на тлушчы (асабліва жывёльныя), прыгнятае ўсмоктванне кальцыю ў кішэчніку і правакуе гіперкальцыйурыю (высокі ўзровень кальцыю ў мачы). Змяненні органаў страўнікава-кішачнага тракта з прычыны ўжывання алкаголю таксама падаўляюць усмоктванне кальцыю. Курэнне паскарае разбурэнне косці і садзейнічае фарміраванню больш нізкай касцявой масы.

Найлепшы спосаб умацаваць шкілет і прадухіліць астэапароз — рэгулярныя фізічныя практыкаванні. Нават калі ў вас ужо выяўлены астэапароз, фізкультура дапаможа падтрымліваць наяўную касцявую масу.

Хада, пешы турызм, танцы спрыяюць фарміраванню здаровага шкілета. Практыкаванні на супраціўленне (трэнажоры, плаванне) умацоўваюць мускулатуру і косці. Практыкаванні на гнуткасць (расцяжка, ёга) таксама вельмі важныя пры астэапарозе: гнуткасць суставаў прадухіляе траўмы. Аднак перад пачаткам выканання праграмы фізічных практыкаванняў пракансультуйцеся з доктарам. Гэта асабліва важна, калі вы ведаеце, што ў вас ужо адбываецца страта касцявой масы. Сілавыя практыкаванні не павінны выконвацца з вялікай нагрузкай. Бег трушком і скачкі могуць пашкодзіць пазваночніку. Празмерныя нагрузкі могуць прывесці да пераломаў аслабленых касцей, таму вельмі важна падабраць патрэбны ўзровень складанасці і інтэнсіўнасці фізічнай нагрузкі.

Распрацаваныя і актыўна выкарыстоўваюцца спецыяльныя праграмы прафілактыкі падзення, разлічаныя для пажылых людзей. Ім рэкамендуецца замацоўваць дываны і правады, якія размяшчаюцца на падлозе; трымаць свабоднымі калідоры, праходы і лесвіцы; выкарыстоўваць няслізкія дыванкі і парэнчы ў ванным пакоі, а таксама парэнчы ўздоўж лесвіц; насіць устойлівы абутак на нізкім абцасе.

Падзяліцца навіной: 
Звязда

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пры гэтай хваробе косці нашага шкілета становяцца надзвычай крохкімі і могуць зламацца нават пры невялікіх нагрузках.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика