Што дапаможа захаваць палавую моц да канца жыцця?
11.11.2010
—
Новости Здоровья
|
— Каб падтрымаць сваё сэксуальнае здароўе, да нас звяртаюцца пацыенты 70, 75, 80 гадоў, — сцвярджае аўтарытэтны сэксолаг. Спецыялісты ў адзін голас запэўніваюць: мужчына можа заставацца ваяром сэксуальнага фронту да глыбокай старасці. Што гэтаму замінае і якія меры прымаць, каб моцны пол як мага даўжэй захоўваў "баяздольнасць"? Пра гэта ў матэрыяле "Звязды". Рэгулярны сэкс выратуе ад грыпу і інфаркту? — Існуе гіпотэза, што сэкс з'яўляецца стымулятарам імуннай сістэмы. Таму ў сезон вірусных інфекцый рызыка захварэць зніжаецца... — Хутчэй за ўсё, гэтая гіпотэза правільная, — пацвярджае Алег Хімко. — Палавы акт — гэта пазітыўны стрэс, які мабілізуе ўсе сістэмы арганізма. І імунную сістэму ў прыватнасці. — У такім разе, ці абараняе сэкс ад іншых праблем са здароўем? — Даведзена навукай, што жаночыя аргазмы ў перадклімактэрычны перыяд з'яўляюцца добрым пратэктарам інфарктаў і інсультаў. Прафесіяналы ў галінах сэксалогіі і фізіялогіі называюць некалькі фактараў, якія з часам прыводзяць да імпатэнцыі: l Маларухомы лад жыцця. l Недалечаныя венерычныя захворванні. l Нявылечаныя ўралагічныя захворванні: піеланефрыт, гідранефроз і гэтак далей. Яны ўсё жыццё змагаюцца з арганізмам і пасля 60 гадоў, калі спадае актыўнасць, знаходзяць свой выхад. l Празмернае спажыванне алкаголю (пра тое, што можна лічыць празмерным, "Звязда" пісала ў нумары за 29 верасня — "Якая колькасць алкаголю не шкодзіць здароўю?") l Псіхасацыяльныя фактары (напрыклад, стрэсы, якія выклікаюць некамфортныя ўмовы на працы). Абмінуць усе гэтыя фактары не надта проста, але магчыма. Мы звярнуліся да найлепшых спецыялістаў у краіне, каб зразумець, якія меры варта прымаць у барацьбе з сэксуальнай няздольнасцю. 1. Спартыўны лад жыцця Калі казаць простымі словамі, то рэгулярныя фізічныя практыкаванні стымулююць палавую сістэму, трымаюць яе ў баяздольнай форме. — Фізкультура — гэта трэніроўка сасудаў, — тлумачыць Алег Хімко, галоўны сэксолаг Мінска, загадчык аддзялення сэксалогіі гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера. — Калі добра працуюць сістэма кровазвароту, мышцы, то і палавая сістэма працуе добра. У сваю чаргу, калі ёсць запыт да палавой сістэмы і яна функцыянуе (увесь капулятыўны цыкл ад псіхічнага складніка да эрэкцыйнага і эякуляторнага цалкам праходзіць два-тры разы на тыдзень), тады і ўвесь арганізм у цэлым функцыянуе больш паўнавартасна... Спартыўны лад жыцця сам па сабе запавольвае працэсы старэння арганізму, абараняе нас ад уздзеянняў стрэсавых фактараў. Вось як гэта адбываецца з навуковага пункту гледжання. — Паляпшаюцца забеспячэнне крывёй любых органаў і тканак, дастаўка да іх кіслароду, — тлумачыць Ірына СЫСОЕВА, кандыдат біялагічных навук, урач-кардыёлаг. — Паляпшаецца абмен рэчываў у гэтых органах. Гэтыя фактары ў сукупнасці прыводзяць да больш доўгай працягласці клетачнага цыкла. У выніку метадычнага дзялення клетка, якая робіцца "доўгажыхаром", дае такі ж генатып іншым клеткам. Названыя фактары ўздзейнічаюць на кару наднырачнікаў, дзе ўтвараюцца глюкакартыкоіды. Яны з'яўляюцца стрэсабмежавальнымі гармонамі, абараняюць арганізм ад шкодных уздзеянняў. Нават падчас складаных стрэсавых сітуацый арганізм не будзе "ламацца". У сваю чаргу ўздзеянне нагрузкі вядзе да таго, што ўзровень глюкакартыкоідаў дастатковы, і ён стымулюе нармальную патэнцыю ў мужчын на працягу доўгага часу. 2. З фізічнымі практыкаваннямі важна не перабраць меру Не кожная нагрузка карысна адаб'ецца на вашай палавой сістэме. І гэта яшчэ адзін важны фактар. — Важна разумець, як часта можна займацца спортам ці фізкультурай. Павінна быць дазаванасць нагрузкі, каб чалавек і адчуваў сябе паўнавартасна, і разам з тым не было перагрузак, як часам здараецца ў прафесійным спорце: "Давай-давай, птушка, нагамі, крыламі..." Паўсюль ёсць межы і запас трываласці, — папярэджвае сэксолаг Алег Хімко. — Не сакрэт, што з-за празмерных нагрузак у некаторых маладых спартсменаў здараюцца інфаркты. У нас ёсць пэўная статыстыка, звярталіся прадстаўнікі розных відаў спорту, якія часта атрымлівалі чэрапна-мазгавыя траўмы. Напрыклад, баксёры. Такія траўмы могуць справакаваць так званы сіндром парацэнтральных долек, што прыводзіць да значнага скарачэння палавога акта: мяняюцца парогі ўзбуджальнасці і хутка спрацоўвае эякуляторны рэфлекс. Але і гэта лечыцца. Таму прафесійны спорт не заўсёды бывае карысным для арганізма, а вось што тычыцца фізкультуры, я абедзвюма рукамі "за". Аўтарытэтны беларускі спецыяліст па фітнэсе Анатоль Ліс, які па сумяшчальніцтве ставіць тэхніку бокса вядомым беларускім байцам, таксама падтрымлівае ідэю правільнага і дазаванага падыходу да спартыўных практыкаванняў: — Найбольш карысная для чалавека ўмераная фізкультура. Увесь час трэніравацца на мяжы сваіх магчымасцяў — гэта няправільна. Мне 50 гадоў, але я працягваю ў сваё задавальненне бегаць са спартсменамі кросы па 6-8 кіламетраў, рабіць іншыя практыкаванні. Усё гэта раблю без харчовых дабавак і фармацэўтычных сродкаў. Арганізм прызвычаіўся да нагрузак і атрымлівае задавальненне. Калі чалавек не ўжывае наркотыкі, займаецца фізкультурай і ў яго нармальны генетычны код, то палавая функцыя можа захоўвацца вельмі доўга. 3. Як часта варта весці палавое жыццё? — Калі ў мужчыны працяглы час няма палавога жыцця, гэта ў сваю чаргу прыводзіць да пэўных парушэнняў. Але калі праблем з рэгулярным сэксам няма, палавая сістэма будзе добра і паўнавартасна працаваць, — сцвярджае сэксолаг Алег Хімко. — Гэта як у фізкультуры: ёсць трэніроўка — ёсць вынік. 4. Ці маюцца ў сэксе ўзроставыя абмежаванні? — Калі чалавек адчувае сябе добра, калі няма сур'ёзных захворванняў, такіх як цукровы дыябет, ішэмічнае захворванне сэрца, гіпертанія, калі ён не курыць, не злоўжывае алкаголем, ён і ў 60, і ў 65, і ў 70 гадоў здольны жыць палавым жыццём, — працягвае Алег Рыгоравіч. — Праўда, не так часта, таму што ідзе перабудова арганізма, і ўзровень тэстастэрону зніжаецца. Тым не менш ён здольны, калі сасуды працуюць добра і палавая цяга знаходзяцца на добрым узроўні. Часам дзядулі, вобразна кажучы, прыходзяць "на рамонт", каб падтрымаць сваё сэксуальнае здароўе. І мы ім дапамагаем. Здараецца, да нас звяртаюцца пацыенты ва ўзросце 70, 75, 80 гадоў. Не так часта, таму што з узростам павялічваецца рызыка захворванняў, але тым не менш... Яўген ВАЛОШЫН. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Каб падтрымаць сваё сэксуальнае здароўе, да нас звяртаюцца пацыенты 70, 75, 80 гадоў, — сцвярджае аўтарытэтны сэксолаг. Спецыялісты ў адзін голас запэўніваюць:...
|
|