Цукар: задавальненне з наступствамі
12.11.2010
—
Новости Здоровья
|
Цукар даўно запісаны прыхільнікамі здаровага харчавання ў раздзел "Атрута". Аднак катэгарычных праціўнікаў салодкай атруты непараўнальна менш, чым аматараў ёю "труціцца". Поўнай адмовы ад усяго салодкага дыетолагі не падтрымліваюць, але заклікаюць да разумных абмежаванняў. І не толькі з-за пагрозы атлусцення... Падлічылі — праслязіліся Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), заклапочаная празмерным спажываннем салодкага, падрыхтавала даследаванне "Дыета, харчаванне і папярэджанне хранічных захворванняў". У раздзеле, прысвечаным узаемасувязі паміж празмерным спажываннем цукру і атлусценнем, утрымліваюцца нормы спажывання цукру для кожнага чалавека, дастатковыя для аднаўлення страт энергіі. Для мужчыны гранічная доза цукру складае 60 грамаў у дзень, для жанчын — 50 грамаў. Гэта 12 чайных лыжак для мужчын і 10 — для жанчын. Вы дадаяце ў гарбату значна менш цукру? Не спяшайцеся радавацца. У гэтую норму ўваходзіць цукар, які мы кладзём у тварог, кефір, смятану, кашы, а таксама ўсе прыродныя цукры, прысутныя ў мёдзе, сіропах і соках. А яшчэ той, які дадаюць вытворцы ў вострыя соусы, кетчупы, вяндліну, каўбасы і іншыя прадукты для паляпшэння іх смаку і прадухілення псавання. У выніку чалавек з'ядае цукраў у 3—4 разы больш, чым рэкамендуюць эксперты СААЗ. Часам людзі, у прынцыпе абыякавыя да салодкага, раптам пачынаюць есці яго ў значных колькасцях. Такое бывае, калі павышаецца ўзровень стрэсу, узрастае разумовая нагрузка — напрыклад, падчас падрыхтоўкі да іспытаў або здачы важнага праекта. Няма прычын адмаўляць сабе ў такім допінгу, калі гэта часовая мера. Усё салодкае, а таксама садавіну і крухмалістую агародніну (моркву, буракі, бульбу, кабачкі), у якіх высокі глікемічны індэкс, пажадана есці да 16 гадзін. З'едзенае пазней з большай верагоднасцю прывядзе да набору вагі. Было салодка — стане горка Лішняя вага — зусім не адзіная непрыемнасць, з якой рызыкуюць сутыкнуцца аматары салодкага. Дарэчы, рана ці позна такое здараецца з усімі: "ем торцікі і не таўсцею" — гэта, на жаль, ненадоўга. Ласунам са стажам пагражаюць яшчэ больш сур'ёзныя праблемы. Якія менавіта? Праблемы з кішэчнікам Ежа, багатая на простыя вугляводы, трапляючы ў кішэчнік, стварае вельмі прывабнае асяроддзе для патагеннай мікрафлоры. Рэгулярна наладжваючы ёй "банкет на ўвесь свет", ласун атрымлівае ўзамен браджэнне, уздуцце кішэчніка і іншыя "радасці". І ў дадатак — "фон" для развіцця запаленчых захворванняў кішэчніка і ўзнікнення разнастайных алергічных рэакцый. Карыес і астэапароз Існуе мноства розных тэорый узнікнення карыесу. Адна з іх усім вядомая: лішак салодкай ежы стварае спрыяльнае асяроддзе для бактэрый, якія жывуць у поласці рота, а тыя, у сваю чаргу, выклікаюць пашкоджанне эмалі зубоў, і стаматолагі тут практычна бяссільныя. Аднак ёсць і іншая тэорыя, пра якую многія не ведаюць: салодкае "не сябруе" з кальцыем, ускосна спрыяе вымыванню яго з зубоў і касцей. З гэтым звязваюць той факт, што ў закаранелых ласуноў не толькі праблемы з зубамі, але і больш нізкая шчыльнасць касцей — прасцей кажучы, яны часцей пакутуюць ад астэапарозу. Дыябет Прамой сувязі паміж любоўю да салодкага і цукровым дыябетам няма: 5—10—20 гадоў адданасці торцікам і цукеркам не азначаюць, што такі дыягназ непазбежны. Аднак гэта ўсё ж адзін з фактараў рызыкі: па-першае, таму, што салодкае — гэта ў перспектыве лішняя вага, а яна ў сваю чаргу спрыяе развіццю дыябету. Па-другое, простыя вугляводы, якія ў вялікай колькасці трапляюць у арганізм, сур'ёзна перагружаюць падстраўнікавую залозу — калі гэта адбываецца пастаянна і ёсць праблемы з выпрацоўкай інсуліну, аднойчы ўсё можа закончыцца цукровым дыябетам. Галаўныя болі і метэаадчувальнасць Таму, хто скардзіцца на прыступы галаўнога болю, урач можа параіць выключыць з меню бананы і шакалад. Здавалася б, чаму? А таму, што на фоне высокага ўзроўню цукру ў крыві спазміруюцца (звужаюцца) сасуды — гэта адна з прычын, па якой можа разбалецца галава. Сасудзістая прычына і ў метэазалежнасці, ад якой пакутуюць многія аматары салодкага. Перапады настрою Вугляводы — гэта перш за ўсё энергія. Простыя вугляводы, да якіх адносіцца амаль усё з разраду ласункаў, — самы хуткі спосаб яе здабыць. Арганізм мог бы атрымліваць энергію і за кошт складаных вугляводаў (макарона, буры рыс, грэчка, вотруб'е і нават гародніна), але навошта напружвацца? Прызвычаіўшыся да салодкіх "падачак", ён будзе патрабаваць іх зноў і зноў. Так ласуны трапляюць у кабалу: за зарад бадзёрасці і пару гадзін добрага настрою давядзецца плаціць чарговай порцыяй салодкага. Атэрасклероз Лішак цукру ў крыві садзейнічае змяненню сасудзістай сценкі — яна страчвае эластычнасць, становіцца больш ломкай. Невыпадкова пры цукровым дыябеце перш за ўсё пакутуюць сасуды. У пажылым узросце гэта стварае яшчэ і павышаную рызыку атэрасклерозу, небяспеку якога пераацаніць немагчыма: інсульты і інфаркты — па-ранейшаму галоўныя прычыны смяротнасці. Гэтая залежнасць праходзіць за некалькі дзён Ласуны — людзі залежныя. Прырода гэтай залежнасці яшчэ не вывучаная да канца. Навукоўцы, так бы мовіць, спрачаюцца. Адзін заядае такім чынам стрэс. Другі на фоне нерэгулярнага харчавання спрабуе папоўніць дэфіцыт якіх-небудзь харчовых рэчываў. Трэці становіцца рабом дзіцячай звычкі заахвочваць сябе салодкім за які-небудзь подзвіг. Ну а чацвёрты "сядзіць на салодкім", бо гэта самы просты спосаб падагнаць арганізм, дабавіць "агеньчыку". Ласунам, як і курцам, здаецца, што яны ніколі не змогуць пазбавіцца ад сваёй звычкі. Насамрэч пры жаданні і пэўных умовах перамагчы ў сабе раба салодкага можна прыблізна за тыдзень. ТРЫ ЎМОВЫ: трэба цалкам адмовіцца ад некарыснага салодкага — гэта раз; увесці ў меню складаныя вугляводы (напрыклад, з'ядаць кожны дзень порцыю грэцкай або геркулесавай кашы і пару кавалачкаў зерневага хлеба) — гэта два; тры — папоўніць свой рацыён прадуктамі з высокім утрыманнем амінакіслаты трыптафан (яйкі, курынае мяса, арэхі, цвёрды сыр, тварог, фасоля, сачавіца), з якой у арганізме сінтэзуецца сератанін — той самы "гармон задавальнення", які ласуны прывыклі купляць за кавалак торта або шакаладку. Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цукар даўно запісаны прыхільнікамі здаровага харчавання ў раздзел "Атрута". Аднак катэгарычных праціўнікаў салодкай атруты непараўнальна менш, чым аматараў... |
|