Адзінота зніжае імунітэт
13.11.2010 18:03
—
Новости Здоровья
|
Апошнім часам пачуццё адзіноты літаральна захліснула грамадства. І з гэтай прычыны псіхолагі б"юць трывогу. Як адзначаюць спецыялісты, адзінота з"яўляецца складнікам чалавечай душы, яе часткай. Вучоныя нават заяўляюць, што прыкладна кожны дзясяты жыхар планеты мае прыроджаную схільнасць да адзіноцтва — ім заўсёды будзе чагосьці або кагосьці не хапаць. Адзінокімі сябе могуць адчуваць як мужчыны, так і жанчыны. Паводле статыстыкі, адзінокія мужчыны часцей пакутуюць ад павышанага артэрыяльнага ціску, ім пагражаюць сардэчна-сасудзістыя захворванні. Вучоныя сцвярджаюць, што гэта адбываецца, у асноўным, з-за таго, што мужчыны-адзіночкі аказваюцца без чуйнай увагі жанчын, а таму няправільна харчуюцца, злоўжываюць алкаголем, не займаюцца спортам. Пра тое, што вас мучыць менавіта пачуццё адзіноты, скажа набор пэўных эмоцый, злучаных у асаблівы хваравіты стан. Гэта кактэйль з трывогі, рэзкіх змен настрою, часам бяссонніцы, беспрычынных істэрык, з адчування бязвыхаднасці, якое параджае няўпэўненасць у сабе, а таксама зайздрасці да тых, у каго, на ваш погляд, усё добра ў асабістым жыцці. Вам або не хочацца ісці пасля працы дадому, або вы запіраецеся на "чатыры замкі" ва ўласнай кватэры. На фоне перакананасці, што адзінота — гэта прыгавор, пенсіянеры перастаюць кантактаваць нават са старымі сябрамі, суседзямі. Адсюль — дрэннае самаадчуванне... Ад адзіноцтва людзі нават паміраюць. Але адзінота — гэта не дыягназ, не штосьці непазбежнае. Гэта не больш, чым унутранае адчуванне. Як кажуць псіхатэрапеўты, не трэба блытаць адзіноцтва і адасобленасць. Наогул, застацца на нейкі час у ізаляцыі ад цесных стасункаў карысна ўсім незалежна ад узросту і сацыяльнага становішча — каб, напрыклад, падумаць пра сваё жыццё, заняцца любімым захапленнем, даць адпачынак мозгу і целу. Або ж, наадварот, актыўна штосьці ствараць. Часам гэтыя перыяды зацягваюцца, але ў выніку настае момант, калі зноў хочацца стасункаў з сям"ёй, сябрамі.Усё можна паправіць: ёсць метады выхаду з хваравітых станаў, а таксама магчымасць і пазбаўлення ад комплексу непаўнацэннасці. Самае важнае для пачатку — дыягностыка адзіноты. Таму неабходны падрабязны аналіз, а затым вызначэнне, чым выклікана адзіноцтва, што менавіта яго абвастрае. І толькі потым пачынаецца праца над тым, каб нейтралізаваць гэта разбуральнае пачуццё. Камусьці не хапае тактыльных адчуванняў, звычайных дотыкаў — такім людзям рэкамендуюцца масаж, басейн. Некаторым патрэбны бурныя эмоцыі — ім неабходна ісці ў клубы па інтарэсах, на канцэрты, шоу. Хтосьці мае патрэбу ў пастаянных стасунках — тут памочнікамі стануць клубы знаёмстваў. Галоўны рэцэпт — не замыкацца. Спачатку трэба прымусіць сябе жыць са знакам плюс, "выцягваць за валасы", як барон Мюнхгаўзен, а потым усё пойдзе як па масле. Калі чалавек пачынае кантактаваць (а гэта важна адчуваць сябе патрэбным), то праблемы адзіноцтва знікаюць самі па сабе. Абавязкова з"яўляюцца сябры, знаёмыя, а сярод іх можа знайсціся і ваша другая палавінка. Дарэчы, амерыканскія вучоныя даследавалі клеткі людзей, якія жывуць у сацыяльнай ізаляцыі — у адзіноце. Эксперымент паказаў, што адзінокае жыццё звязанае са зменамі ў дзейнасці генаў, якія адказваюць за запаленне ў арганізме, аслабленне імуннай сістэмы і павелічэнне рызыкі вірусных інфекцый, раку і сардэчных хвароб. Гены ў лейкацытах адзінокіх людзей былі відазмененыя і прыводзілі да збою ахоўных функцый імуннай сістэмы і антывірусных адказаў арганізма. Падзяліцца навіной:
Вольга Кулінковіч, Звязда Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнім часам пачуццё адзіноты літаральна захліснула грамадства. І з гэтай прычыны псіхолагі б"юць трывогу. Як адзначаюць спецыялісты, адзінота з"яўляецца... |
|