Няхай заўсёды будзе суха!. 21.by

Няхай заўсёды будзе суха!

08.02.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Большасць бацькоў ведае, наколькі распаўсюджана начное нетрыманне мачы ў дзяцей. Але мала хто ведае, што ёсць простыя спосабы ад яго пазбавіцца. Ад энурэзу часцей пакутуюць хлопчыкі. Варта таксама ведаць, што дзіця ніколі не мочыцца ў пасцель знарок. Малое нельга за гэта караць і сароміць: так можна толькі ўскладніць сітуацыю. Большасць дзяцей энурэз проста перарастае. Але калі для самога дзіцяці або ўсёй сям'і мокрыя пялёнкі становяцца крыніцай стрэсу, з гэтым трэба змагацца.

Энурэз ніяк не звязаны з прывучваннем дзіцяці да гаршка. Тое, наколькі дзіця навучылася ім карыстацца, не звязана напрамую з начным нетрыманнем. Ні бацькі, ні тым больш дзіця не вінаватыя ў начных нечаканасцях.

Віды энурэзу

Медыцынскі тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння начнога нетрымання мачы, — энурэз. Існуюць тры яго асноўныя разнавіднасці:

l  Дзённы энурэз

l  Першасны начны энурэз (у дзіцяці не бывае "сухіх" начэй)

l  Другасны начны энурэз (нетрыманне мачы мае месца час ад часу)

Распаўсюджанасць

Па меншай меры адзін эпізод энурэзу ў месяц здараецца ў 10—20% дзяцей ва ўзросце 5 гадоў, у 5—7% 10-гадовых дзяцей і ў 2—4% дзяцей ва ўзросце 12—14 гадоў. Энурэз таксама адзначаецца прыкладна ў 1% дарослых.

Прычыны энурэзу

Адзінага меркавання адносна прычын энурэзу няма. У адных дзяцей занадта малы мачавы пузыр; іншыя вельмі глыбока спяць і не прачынаюцца пры позывах да мочаспускання. Аднак дзеці без паталогій мачавога пузыра і парушэнняў сну таксама пакутуюць ад энурэзу. Часам гэта выклікана спадчыннымі фактарамі. Даказана, што, калі абодва бацькі пакутавалі ад энурэзу, верагоднасць развіцця хваробы ў дзіцяці складае амаль 80%. Калі толькі адзін з бацькоў пакутаваў ад энурэзу, верагоднасць складае 44%. Калі ніводзін з бацькоў не хварэў на энурэз, верагоднасць падобнага захворвання ў дзіцяці складае ўсяго 15%. Магчыма, захворванне выклікана гарманальным дысбалансам. Некаторыя даследчыкі звязваюць энурэз з недастатковай выпрацоўкай антыдыўрэтычнага гармону (АДГ) у начны час. У норме ў гэты час сутак узровень АДГ павышаецца і зніжае выпрацоўку мачы ныркамі. У дзяцей з паніжаным утрыманнем АДГ у начны час выдзяляецца мачы больш. Адзін з магчымых падыходаў да лячэння энурэзу заснаваны на павышэнні ўзроўню АДГ.

Лячэнне энурэзу

l  Некаторыя ўрачы раяць комплекс спецыяльных практыкаванняў для ўмацавання мышцаў мачавога пузыра. Гаворка ідзе пра практыкаванні, якія дазваляюць на час затрымліваць мачу і кантраляваць яе выдзяленне.

l  Яшчэ адзін метад прадугледжвае змяншэнне колькасці ежы, якая ўжываецца ў другой палове дня, і адмову ад напояў, якія ўтрымліваюць кафеін (кола, гарбата) перад сном.

l  Аларм-тэрапія. Да піжамы дзіцяці прымацоўваецца трывожны будзільнік, які спрацоўвае пад уздзеяннем вільгаці. Прыбор падае сігнал, які абуджае дзіця ў момант мочаспускання. Ад званка трывожнага будзільніка бацькі таксама могуць прачынацца, таму з іх боку неабходныя разуменне і падтрымка.

l  Прызначэнне хімічных прэпаратаў у форме таблетак, назальнага спрэю, якія павышаюць узровень антыдыўрэтычнага гармону ў арганізме.

l  Яшчэ адзін метад лячэння энурэзу — гіпноз. Яго паспяхова выкарыстоўваюць медыкі, якія валодаюць гэтай тэхнікай псіхатэрапіі. У сярэднім для пазбаўлення ад энурэзу неабходна 4—6 сеансаў.

Трывожны будзільнік і самаацэнка дзіцяці

Трывожныя будзільнікі — адзін з самых эфектыўных спосабаў лячэння энурэзу. Паводле даследаванняў, іх выніковасць складае каля 60—85%. Верагоднасць рэцыдыву захворвання пасля спынення іх выкарыстання — менш як 35%. Тым не менш некаторыя спецыялісты выступаюць супраць выкарыстання гэтай прылады, якая, па іх меркаванні, з'яўляецца адной з формаў прымусу. Дзіця можа ўспрымаць неабходнасць карыстацца трывожным будзільнікам як пакаранне, зневажэнне і абразу. Таму спачатку пракансультуйцеся наконт гэтага з псіхолагам.

Галоўны міф пра энурэз

Даследаванні паказалі, што бацькі часта разглядаюць энурэз як форму дзіцячага непаслушэнства. Гэта не так. Начное нетрыманне мачы не з'яўляецца праявай агрэсіі або злосці.

Падтрымаць дзіця

Ёсць шмат спосабаў дапамагчы дзіцяці, у якога з-за энурэзу заніжаная самаацэнка. Бацькі, якія ў дзяцінстве таксама пакутавалі ад нетрымання мачы, могуць распавесці пра гэта малому. Усведамленне таго, што нетрыманне мачы можа быць спадчыннай праблемай, зніме хваляванні і дапаможа дзіцяці зразумець, што энурэз — вельмі распаўсюджаная праблема, у якой яно само не вінаватае.

Забарона на пакаранне

Педыятры аднадушныя ў тым, што за начное нетрыманне мачы дзіця нельга караць. Гэта толькі выкліча ў малога дадатковую збянтэжанасць. Лепш прыдумаць спосаб пахваліць або ўзнагародзіць яго за "сухую" ноч. Заахвочваць дзіця трэба і падчас лячэння, калі яно дапамагае. Праблема можа паўстаць, калі выбраны метад аказаўся неэфектыўным і дзіцяці не ўдаецца ўстаць сухім. Дражніць і высмейваць малое ў такой сітуацыі — значыць толькі садзейнічаць яе пагаршэнню.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

(Працяг будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Большасць бацькоў ведае, наколькі распаўсюджана начное нетрыманне мачы ў дзяцей. Але мала хто ведае, што ёсць простыя спосабы ад яго пазбавіцца. Ад энурэзу часцей...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика