На якой назе быць з калегамі?. 21.by

На якой назе быць з калегамі?

14.05.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У офісе мы не толькі працуем, але і кантактуем, і з гадамі калегі становяцца калі не сябрамі, то прыяцелямі. Яны дапамагаюць нам у звычайным жыцці парадамі і сувязямі, з імі мы разам абедаем, а часам і вячэраем, ходзім у кіно, а бывае, што запрашаем у госці. Разам з тым існуюць некаторыя табу нават у самых цёплых стасунках паміж калегамі, і не ўсе тэмы варта абмяркоўваць з саслужыўцамі.

Межы адкрытасці

Пэўныя абмежаванні ў зносінах павінны быць — праца ёсць праца. Унутры калектыву, як правіла, існуе нейкая канкурэнцыя — сумесь рынкавых і агульначалавечых адносін, і гэтая сумесь можа быць вельмі выбухованебяспечнай.

У параўнальна спакойнай, стабільнай сітуацыі ўсё добра, але калі паўстае пытанне аб скарачэнні, кадравых перастаноўках, прасоўванні кагосьці па службовай лесвіцы, тут якраз усе гэтыя адкрыцці і пазаслужбовыя стасункі часам спрацоўваюць як міна запаволенага дзеяння.

Законы свецкай гутаркі

Тэарэтычна гаварыць можна пра што заўгодна — ад вытворчых момантаў да мужоў і дзяцей. Вялікая частка нашага жыцця праходзіць у офісе — гэта закон жыцця, але не прычына звальваць у адну кучу рабочае і сяброўскае.

Абмяркоўваючы сваё асабістае жыццё, гаварыць лепш пра сітуацыю, якая ўжо вырашылася і веды пра якую немагчыма будзе выкарыстаць супраць вас у далейшым.

Ёсць няпісаны закон: не гаварыць з калегамі пра здароўе, пра палітыку і пра сэкс. Зразумела, гэты закон не заўсёды такі ўжо строгі, часам яго дапушчальна парушаць, але таксама ў разумных рамках.

Псіхолагі адзначаюць: калі праблемы на працы звязаныя з хваробай, разводам, крызіснай сітуацыяй, то падзяліцца з калегамі і начальствам варта — толькі без лішніх падрабязнасцяў. Ёсць шчырасць, а ёсць душэўны стрыптыз, калі выкладваюць вонкі ўсю паднаготную. Вось душэўны стрыптыз адназначна недапушчальны. Ідэальна гаварыць праўду, толькі праўду, нічога, акрамя праўды, але не ўсю праўду.

Вось як каментуюць спецыялісты галоўныя плюсы і мінусы працоўных стасункаў:

"+" сяброўства дапамагае назапашванню досведу па сумесным пераадоленні цяжкасцяў;

"-" менавіта ў напружаных прафесійных сітуацыях сяброўства падвяргаецца сур'ёзнаму выпрабаванню;

"+" сяброўства з калегамі зводзіць да мінімуму бюракратычную цяганіну, спрашчае і паскарае вырашэнне многіх пытанняў;

"-" часам "прастата тая ж дурата", а субардынацыя — гэта далёка не заўсёды дрэнна;

"+" штодзённыя кантакты, магчымасць падзяліцца з калегамі ўсім, што цябе хвалюе;

"-" занадта шмат часу ідзе на размовы, і пакуль мы атрымліваем задавальненне ад стасункаў, церпяць прадукцыйнасць працы, а значыць, і зарплата;

"+" дапамога і ўзаемадапамога. Прыкрыць перад начальнікам сяброўку, якая спазнілася, падмяніць яе на час адпачынку або адгулу, проста трымаць адна адну ў курсе спраў;

"-" вельмі часта калегі, якія лічаць вас сябрам, просяць падмяніць, падстрахаваць, дапамагчы дапісаць справаздачу і да т.п. А ў выніку сітуацыя можа скончыцца тым, што вы будзеце ўвесь дзень выконваць чужую працу, а сваю асноўную рабіць "у вольны ад працы час";

"+" нярэдка важна мець магчымасць "паплакацца ў камізэльку", калі табе дрэнна, і хто, як не сябар-калега, падставіць табе плячо? Хоць, калі шчыра, то са сваімі праблемамі ўсё ж лепш ісці да спецыялістаў;

"-" моцная залежнасць ад эмацыйнага стану сяброў-калег. Калі на цябе літаральна абвальваецца чыйсьці эмацыйны негатыў, ты не можаш сказаць яму: "Прабач, але мне трэба працаваць".

Планка блізкасці і даверу ў сяброўстве вельмі і вельмі высокая. І адпавядаць ёй заўсёды — задача няпростая, далёка не ўсім яна пад сілу. І нават у самых неразлучных сяброў/сябровак бываюць сваркі з-за праяў эгаізму. А калі яны яшчэ і ўпартыя, не прывыклі саступаць, сварка можа зацягнуцца. Як вынік, настрой "на нулі", працаздольнасць падае — і добра яшчэ, калі не ўвесь калектыў уцягваецца ў разборкі: хто мае рацыю, а хто вінаваты;

"+" сяброўства дапамагае кар'ернаму росту. Напрыклад, сябар паведаміў вам пра вакансію, якая адкрылася ў яго арганізацыі або суседнім аддзеле. Вельмі многія знаходзяць працу менавіта такім чынам;

"-" ад сяброўства да суперніцтва — адзін крок. На працы хутка ўзнікаюць канфлікты інтарэсаў. Калі ваш кар'ерны рост ідзе хутчэй, чым у сябра, гэта можа выклікаць мноства негатыўных эмоцый у ваш адрас з яго боку. І далёка не кожны сябар праходзіць выпрабаванне чужым поспехам.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У офісе мы не толькі працуем, але і кантактуем, і з гадамі калегі становяцца калі не сябрамі, то прыяцелямі. Яны дапамагаюць нам у звычайным жыцці парадамі і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика