Адэнома — не рак. "Не выяўлена" — значыць, здаровы. А дысбактэрыёз не лечыцца часнаком. 21.by

Адэнома — не рак. "Не выяўлена" — значыць, здаровы. А дысбактэрыёз не лечыцца часнаком

18.05.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шаноўныя чытачы, вы павінны разумець, што адна справа — адказваць на вашы пытанні ў межах тых жа "прамых ліній", на якія мы запрашаем самых розных спецыялістаў, у тым ліку, напрыклад, анколагаў, і зусім іншая справа — лаканічна і проста расказаць на старонках грамадска-палітычнага выдання аб тым, чаму спецыялісты-медыкі вучацца ўсё сваё прафесійнае жыццё. Пытанні, якія мы атрымліваем, сведчаць аб адсутнасці спроб знайсці адказ з дапамогай лечачага ўрача, які абследаваў канкрэтнага пацыента і ведае яго ўзрост, спадарожныя захворванні, асаблівасці працякання асноўнага захворвання і г.д.

Калі ласка, вазьміце на ўзбраенне вельмі простыя парады. Не спрабуйце разбірацца ў захворваннях так, як у гэтым разбіраюцца спецыялісты. Заўсёды ўважліва слухайце ўрачоў, калі ў вас ёсць пытанні — задавайце іх. Але майце на ўвазе, што пастаноўка дыягназу, бывае, патрабуе працяглага часу. Тут як і з судовым разборам: прысуд не выносіцца па першым уражанні ад падазронай асобы. Так што часам трэба проста набрацца цярпення.

Калі ласка, НІКОЛІ не займайцеся самалячэннем! У ХХІ стагоддзі нават неяк няёмка пра гэта і гаварыць. Паверце, калі б замовамі можна было б лячыцца, ніхто не ўкладваў бы мільярды долараў у распрацоўку новых прэпаратаў. Не забывайцеся і аб тым, што ніводная, нават самая дарагая пілюля не зрабіла старога маладым. Трэба больш цвяроза ставіцца да аб'ектыўнай рэальнасці і больш высокія патрабаванні прад'яўляць да саміх сябе — займацца прафілактыкай захворванняў! Калі ж захворванне прыйшло — лячыцеся ў спецыяліста. Калі лячэнне выклікае пабочныя эфекты, пагаршае самаадчуванне, гэта не значыць, што ад яго варта адмовіцца, а ўказвае на неабходнасць новага звароту да спецыяліста.

 "Патлумачце, што гэта за хваробы — гангліянейрабластома і гістыяцытома фіброзная злаякасная? Ці даюць яны метастазы і г.д.?

г. Віцебск,сям'я Андрэевых".

Як паведамілі ў Мінскім гарадскім клінічным анкалагічным дыспансэры, гангліянейрабластома — гэта даволі рэдкая пухліна з нервовай тканкі. Часцей за ўсё сустракаецца ў дзяцей. Фіброзная злаякасная гістыяцытома — гэта пухліна мяккіх тканак рознай лакалізацыі. Любыя злаякасныя пухліны могуць даваць метастазы. Што да лячэння, то па паказаннях прымяняецца спачатку хірургічнае ўмяшанне, а затым праводзіцца хімія- і прамянёвая тэрапіі. Прагнозы будуць залежаць ад канкрэтнай сітуацыі.

З вашага пісьма незразумела, каму выставілі падобны дыягназ, па якой прычыне ў вас нарадзілася такое пытанне і якой менавіта дапамогі вы чакаеце ад рэдакцыі, а таму возьмем на сябе смеласць параіць назірацца ва ўрачоў-анколагаў, выконваць усе іх рэкамендацыі, ні ў якім разе не займацца самалячэннем і не шукаць эстрасэнсаў, гадалак і іншых людзей экзатычных прафесій, якія не вылечылі яшчэ ніводнага хворага на рак. Калі ласка, давярайцеся прафесіяналам і задавайце ім пытанні, якія вас хвалююць.

* "Сваячцы ў Гродне паставілі дыягназ "на момант агляду пераканаўчых даных за псіхічнае захворванне не выяўлена". Дык яна псіхічна здаровая або не? На словах урач сказаў, што яна здаровая, але ж чаму тады так і не напісаць — "псіхічна здаровы"? Сваячка цяпер ночы не спіць...

г.Орша,Адамовічы".

Асістэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Іна ПЯТНІЦКАЯ:

— Пацыент павінен уважліва слухаць, што кажа яму ўрач падчас прыёму. Калі нешта падаецца незразумелым, варта адразу ж і ўдакладніць. На практыцы можа прымяняцца як форма адказу "на момант агляду псіхічных парушэнняў няма", так і "псіхічна здаровы". Удакладненне "на момант агляду" дадаецца таму, што ўрач-псіхіятр ніводнаму пацыенту не ў стане гарантаваць адсутнасць псіхічных захворванняў да канца яго жыцця. Наогул дыягназ выстаўляецца паводле некалькіх дыягнастычных крытэрыяў. Калі іх недастаткова, то дыягназ, зразумела, не можа быць выстаўлены, аб чым сведчыць адзін з вышэйзгаданых варыянтаў урачэбнага адказу.

* "У брата адэнома прастаты, баліць ніз жывата... ПСА — 3,6. Сябры сказалі, што "як будзе 4, то гэта рак, маўляў, трэба зараз рабіць аперацыю". Што ўсё ж такі можна яму параіць?

г. Орша, Адамовічы".  

Загадчык аддзялення анкаўралогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансэра Ігар МАСАНСКІ:

— Дыягназ раку пры вышэйназваным паказчыку ПСА — на ўзроўні 3,6-4 — малаверагодны. Часцей за ўсё, у такой сітуацыі размова не ідзе аб пухліннай паталогіі. Лічба 4 — гэта ўмоўная мяжа, калі могуць прызначацца далейшыя спецыяльныя даследаванні: напрыклад, ультрагукавое даследаванне прастаты праз прамую кішку, біяпсія прастаты. Тактыку лячэння прастаты ў выпадку з вашым братам павінен вызначыць урач-уролаг, які ведае сітуацыю больш дакладна, пачынаючы з узросту пацыента.

* "...Вельмі даўно мне паставілі дыягназ — астэахандроз, і сказалі, што звужэнне сасудаў звязана з ім і што лячэння практычна няма. З цягам часу мне станавілася горш, але пазваночнік не балеў, і я падумала, што, мабыць, астэахандрозу ў мяне няма, і стала шукаць сваё лячэнне...

...У сталым узросце малако арганізмам засвойваецца звычайна кепска. У мяне таксама было такое. Урачы лячэння не прапануюць. Аднойчы я вырашыла папіць левамецыцін. Піла па 1-2 у дзень, некалькі дзён. Пасля гэтага я пачала есці малочныя прадукты — і зараз ніякіх праблем не ўзнікае... У чалавека ў страўніку і кішэчніку разводзіцца многа ўсякіх бактэрый, ад якіх бродзяць малако і малочныя прадукты, а левамецыцін іх вынішчае...

...Дысбактэрыёз я вылечыла часнаком. Трэба нашча з'есці зубок часнаку, есці 7 дзён. Нейкі час нічым не запіваць і не заядаць...

Лунінецкі раён, Ніна Іванаўна".

Дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Любоў ВАРОНІНА:

1. — Дыягназ "астэахандроз" выстаўляецца тэрапеўтам або неўролагам. Захворванне звязана з дэгенератыўнымі зменамі ў міжпазванковых дысках. Акрамя таго, да працэсу паступова далучаюцца дыстрафічныя змены суставаў пазваночніка — развіваецца артрыт, артроз. Вышыня пазваночнага слупа змяняецца, а значыць, адбываецца зашчамленне тканак, назіраецца і ішэмія, якая заўсёды звязана з болевым сіндромам. Косць сама па сабе, вядома ж, не баліць — пацыенты звычайна скардзяцца на боль у тканках, мышцах, якія акружаюць пазваночнік. Астэахандроз часта звязаны з узростам, хоць падобныя дыстрафічныя змены могуць назірацца і ў маладых людзей. У любым выпадку праблема цесна звязана са змяншэннем рухальнай актыўнасці, часцей пакутуюць людзі з лішняй вагой. Астэахандрозу спрыяе і зніжэнне ў крыві СО 2 — натуральнага сасудапашыральніка, што спрыяе дэгенератыўным і дыстрафічным працэсам у пазваночніку. Уплывае і ўзровень гармонаў.

Асноўнымі рэкамендацыямі пры такім захворванні будуць спыненне набору вагі або зніжэнне вагі і актыўны лад жыцця. Актыўны лад жыцця не мае на ўвазе корпацца цэлы дзень у агародзе. Размова ідзе пра неабходнасць выканання розных фізічных практыкаванняў, у тым ліку тых, што спрыяюць умацаванню мышцаў спіны. Варта адмовіцца ад лішку солі, жывёльных тлушчаў у харчаванні, лепш актыўна ўводзіць у рацыён кісламалочныя прадукты і ўжываць дастатковую колькасць вады. Пры некаторых станах паказана выкарыстанне супрацьзапаленчай тэрапіі, сродкаў, якія паляпшаюць мікрацыркуляцыю і г.д. Вельмі добра для прафілактыкі і лячэння астэахандрозу падыходзіць плаванне, заняткі ёгай, гімнастыка, гразелячэнне, іголкатэрапія. Але гэта — пасля зняцця вострага працэсу.

2. — У многіх людзей з узростам мяняецца ферментны склад кішэчніка, і малако дрэнна засвойваецца, што праяўляецца ў выглядзе дыспепсіі — гэта ўздуцце жывата, вадкі стул ці, наадварот, запоры. Як правіла, такая рэакцыя не ўзнікае на кісламалочныя прадукты, сметанковае масла, таму іх можна смела пакідаць у рацыёне, а ў кашу варта дадаваць малако, разведзенае напалову з вадой.

Што да левамецыціну, то гэта вельмі таксічны антыбіётык. Яго нельга прымаць без прызначэння ўрача. Тым больш, такі доўгі час. У процілеглым выпадку можна забяспечыць сабе ўскладненні з боку нырак, печані, можна дабіцца і вельмі моцнага парушэння мікрафлоры кішэчніка. Левамецыцін можа аказаць сваё таксічнае ўздзеянне на цэлы шэраг органаў і сістэм, нават на нервовую і кроватворную.

3. — Часнок сам па сабе вельмі карысны, гэта цудоўны імунастымулятар. Ужыванне аднаго зубка на працягу некалькіх дзён не нашкодзіць. Аднак лічыць часнок лекам нельга. Тут узнікаюць пытанні: хто выставіў вам дыягназ "дысбактэрыёз", які мікробны спектр пераважаў менавіта ў вас? Пастаноўка такога сур'ёзнага дыягназу патрабуе грунтоўнага мікрабіялагічнага даследавання.

Наш арганізм — вельмі складаны сімбіёз паміж макра- і мікраарганізмамі. Гэта стабільнасць і забяспечвае нам здароўе, абарону не толькі ад вірусаў і бактэрый, але і ад таксічных рэчываў і нават канцэрагенаў. Нармальны склад мікрафлоры неабходны для нармальнай жыццядзейнасці. Інакш не будзе здаровай нават сардэчна-сасудзістая сістэма. Якраз адсюль родам і ранняя ішэмічная хвароба сэрца, і артэрыяльная гіпертэнзія, і атэрасклероз. Нават невялікі зрух у мікробнай флоры выклікае пэўныя змены, а запушчаны працэс наогул пагражае вострай кішэчнай інфекцыяй.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шаноўныя чытачы, вы павінны разумець, што адна справа — адказваць на вашы пытанні ў межах тых жа "прамых ліній", на якія мы запрашаем самых розных спецыялістаў,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика