Як максімальна засцерагчы скуру на адпачынку?. 21.by

Як максімальна засцерагчы скуру на адпачынку?

18.06.2011 11:24 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як максімальна засцерагчы скуру на адпачынку?


Загар здольны змяніць наш настрой і знешнасць да непазнавальнасці. Сонца мяняе нас, дадаючы фігуры стройнасці, усмешцы — бляску, эмоцыям — аптымізму, вобразу ў цэлым — упэўненасці і сэксуальнасці. Усё гэта лёгка тлумачыць вечную моду на загар. Лёгкія адценні спелага абрыкоса, цёплы тон салодкай карамелі і малочнага шакаладу, высакародная бронза — сонца нязменна дорыць індывідуальнасць, насычаючы скуру жаданым колерам. Ніводны загар не падобны на іншы, уражваючы разнастайнасцю адценняў. Але агульнае паміж імі ўсё ж ёсць — небяспека, якой падвяргаецца арганізм пад уздзеяннем сонечных прамянёў.

Таму, "смажачыся" на сонцы, проста неабходна выкарыстоўваць сонцаахоўныя сродкі: яны дапамогуць захаваць эластычнасць і пругкасць скуры, утрымаць вільгаць у яе клетках і максімальна абароняць ад небяспечнага ўльтрафіялету.

Сонцаахоўныя сродкі могуць быць рознымі. Малачко лёгка наносіцца і ўмомант усмоктваецца. Крэм па кансістэнцыі гусцейшы, але і дзеянне яго больш доўгае. Алей робіць скуру атласнай, але не ўсім падабаецца адчуваць сябе "алеістым". Што датычыцца геляў, то некаторыя з іх могуць выклікаць смыленне.
 
І ўсё ж важная не столькі форма, колькі правільна падабраны SPF

SPF (англ. — sun protectіon factor) — параметр, які паказвае нам, якой ступені аховы ад сонца мы можам чакаць ад таго ці іншага прэпарату. Як ён разлічваецца? Безумоўна, вучоныя аперыруюць нейкімі сярэднімі лічбамі. Галоўныя з іх такія. Прынята лічыць, што скура чырванее ў сярэднім праз 20 хвілін пасля таго, як яе падставілі яркаму сонцу. Дозу сонечнага выпраменьвання, якую мы атрымліваем за гэты час, называюць мінімальнай эрытэмнай (эрытэма — пачырваненне). Тэарэтычна SPF-4 дазваляе нам знаходзіцца на сонцы ў 4 разы даўжэй: 4 разы па 25 хвілін, гэта значыць, прыкладна паўтары гадзіны. Тут важна падкрэсліць слова "тэарэтычна". Не трэба забываць, што сярод нас ёсць і бландзіны, і брунеты, і рыжыя. Прынятая ў свеце класіфікацыя падзяляе ўсіх нас на шэсць фотатыпаў — па ступені насычанасці скуры пігментам меланінам. Першы фотатып — самы далікатны. Яго прадстаўнікі ўмомант "згараюць": на іх чырвоную скуру нават навакольным балюча глядзець. Калі вы адносіцеся да гэтага фотатыпу, то паўтары гадзіны пад нялітасцівым сонцам, асабліва ў першыя пляжныя дні, стануць для вашай скуры катастрофай, і SPF-4 вас не выратуе.
 
Які SPF лепшы?

Можна меркаваць, што лепшы той, які большы. Але...
 
Перш за ўсё, велічыня SPF не знаходзіцца ў прамой залежнасці з магчымасцямі прэпарату. Мяркуецца, што SPF-2 пазбаўляе нас ужо ад 50 працэнтаў шкоднага выпраменьвання, SPF-4 — ад 75. Пры SPF-10 яно змяншаецца на 90 працэнтаў, пры каэфіцыенце 20 — на 95, пры 50 — на 98. Прэпарат з SPF-100 павінен быў бы засцерагчы нас практычна цалкам, на 99 працэнтаў. Аднак канцэнтрацыю фільтраў немагчыма павышаць бясконца. Пра прымітыўныя і гаварыць няма чаго: яны могуць выклікаць раздражненне аж да алергіі. Але нават і самыя сучасныя — калі іх "перабраць" — здольныя прынесці нашай скуры непрыемнасці, якія ўжо нельга лічыць адэкватнай платай за ахову ад сонечнага выпраменьвання.
 
Зразумела, даследчыкі пастаянна шукаюць магчымасць павысіць узровень аховы ад сонца і пры гэтым не прынесці скуры іншай, не ўльтрафіялетавай шкоды. Пакуль яны гэтым займаюцца, нам трэба засвоіць некалькі элементарных правілаў уласнай фотабяспекі.
Лічыцца, што два сонцаахоўныя сродкі павінны быць у кожнага з нас: адзін з SPF не ніжэй як 25, другі — з SPF-10 або крыху ніжэй. SPF-25 — для першых пляжных і дачных дзён; SPF-10 выкарыстоўваецца, калі скура ўжо прымірылася з сонцам і крышачку падзагарэла.
 
Што такое УФ-фільтры?

Выбіраючы сонцаахоўны сродак, абавязкова звяртайце ўвагу на яго хімічны склад. Ён павінен быць камбінаваным, г.зн. змяшчаць мінеральныя (фізічныя) і хімічныя УФ-фільтры (рэчывы, якія нейтралізуюць дзеянне ўльтрафіялетавых прамянёў на скуру).
 
Фізічныя фільтры дзейнічаюць накшталт экрана, не даючы УФ-праменям А і В пранікнуць у глыбокія слаі нашай скуры. Як правіла, гэтыя рэчывы ўяўляюць сабой нешта цвёрдае, што расцерлі ў парашок. Самыя распаўсюджаныя з іх — дыяксід тытану, вокіс цынку, вытворныя сіліконаў. Фізічныя фільтры апошніх пакаленняў — гэта мікранізаваныя парашкі. Сродкі з такімі фільтрамі не пакідаюць на целе бялёсую плёнку і не скачваюцца, як гэта адбываецца з фільтрамі маральна ўстарэлымі.
 
Хімічныя фільтры паглынаюць УФ-прамяні і, ператвараючы сонечную энергію ў цеплавую, тым самым нейтралізуюць іх уплыў. Хімічныя фільтры — гэта злучэнні з розных хімічных груп. Самыя распаўсюджаныя — вытворныя цынаматаў, эфіры саліцылавай кіслаты, бензахіноны і інш.
 
Камбінаваныя сонцаахоўныя сродкі закліканы змагацца з двума відамі прамянёў УФ-А і УФ-В. (А-прамяні надзвычай каварныя: яны пранікаюць глыбока ў скуру, выклікаючы змяненні калагену і эласціну, у выніку чаго скура дачасна старэе. В-прамяні ажыццяўляюць лабавыя атакі, выклікаючы пачырваненне і апёкі. Абодва віды прамянёў здольныя ўздзейнічаць на ядро клеткі і правакаваць пашкоджанне ДНК, што можа прывесці да неабарачальных наступстваў.)
 
Фотатыпы скуры

І тып: вельмі светлая скура, часта з вяснушкамі, блакітныя вочы, рыжыя валасы. Прадстаўнікі гэтага фотатыпу ўмомант "згараюць" на сонцы. Ім неабходна выкарыстоўваць сродкі з індэксам SPF не менш як 50.
 
ІІ тып: белая скура, светлыя валасы. Лёгка атрымлівае сонечны апёк; з цяжкасцю, але ўсё ж крыху загарае. Для аховы — SPF ад 30 да 50.
 
ІІІ тып: звычайны колер скуры, каштанавыя валасы і цёмныя вочы. Абгарае мінімальна, загарае паступова, раўнамерна. На першыя дні загару SPF — 30 адзінак; як толькі на скуры з'явіцца лёгкая "бронза", узровень сонцааховы можна знізіць да 20.
 
ІV тып: светла-карычневая скура, як правіла, цёмныя вочы і валасы. Абгарае мінімальна, заўсёды добра загарае. Можна выкарыстоўваць крэм з SPF-15.
 
V тып: цёмныя валасы і цёмная скура. Рэдка абгарае. Ім можна пачынаць прывыкаць да сонца з SPF-15, а потым пры жаданні апусціць планку нават да пяці адзінак.
 
VІ тып: людзі з чорнымі валасамі, чорнымі вачамі і чорнай скурай. Яны лепш за ўсіх абаронены прыродай ад шкоднага ўздзеяння сонца. У іх скуры вялізная колькасць пігменту меланіну, які і афарбоўвае скуру ў чорны колер. Шосты фотатып практычна ніколі не абгарае.
 
Як максімальна засцерагчы скуру на адпачынку?

• Да прыняцця сонечных ваннаў нельга карыстацца мылам, паколькі яно абястлушчвае скуру, разбураючы яе ахоўнае покрыва. Сонцаахоўны сродак неабходна наносіць за 20—30 хвілін да непасрэднага кантакту скуры з сонечнымі праменямі.

• Вельмі важна ведаць, колькі крэму наносіць на твар і на цела. Калі вы нанесяце маленькі аб'ём, то адпаведна яго ахоўнае дзеянне будзе нашмат меншае. На твар трэба наносіць столькі крэму, колькі змяшчаецца на канцавой фаланзе пальца. Для цела трэба столькі крэму, колькі па аб'ёме адпавядае шарыку для гульні ў гольф.
 
• У пахмурны дзень каля 80% ультрафіялетавых праменяў праходзіць праз аблокі, таму нават у гэтым выпадку неабходна карыстацца сонцаахоўнымі сродкамі.

• Прымаць сонечныя ванны варта толькі раніцай і вечарам — да 10.00 і пасля 17.00. З 12 да 16 гадзін усякі кантакт з нябесным свяцілам лепш спыніць: у гэты час ультрафіялетавае выпраменьванне асабліва інтэнсіўнае.
 
• Нязменнае правіла: больш як 20 хвілін загараць на адкрытым сонцы нельга! Пасля чарговага "сонечнага сеанса" адпраўляйцеся ў цень мінімум на 30 хвілін.

• Роўны загар ляжа, калі вы актыўна рухаецеся: бегаеце, ходзіце, гуляеце ў рухавыя гульні. Аматарам загараць пасіўна падкажам: класціся трэба нагамі да сонца і мяняць становішча цела праз кожныя 5—10 хвілін. Лежачы на сонцы, адкідвайце галаву назад, каб шыя атрымала сваю порцыю сонца. Не забывайце і пра ўнутраную паверхню рук.
 
• Ёсць шэраг найбольш адчувальных да ўльтрафіялетавага выпраменьвання месцаў. Для твару неабходна выкарыстоўваць сродак з найбольшым сонцаахоўным фактарам, каб пазбегнуць фотастарэння. Аднак вакол вачэй такія сродкі наносіць нельга. Каб абараніць вочы ад сонца, насіце сонцаахоўныя акуляры. Акрамя таго, існуюць эрытэмныя зоны цела — нос, вушы, плечы, спіна, грудзі (найбольш схільныя да апёкаў). Дарэчы, ад сонечных прамянёў і марской солі пакутуюць і валасы. Яны становяцца цьмянымі, ломкімі, дрэнна расчэсваюцца (асабліва гэта датычыцца афарбаваных валасоў). Для аховы валасоў неабходна таксама выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі (гэта могуць быць ласьёны і тонікі) з фактарам засцярогі не менш SPF-10.

• Існуе шэраг рэчываў, якія ўзмацняюць уплыў УФ-прамянёў. Напрыклад, ужыванне касметыкі і парфумы на аснове эфірных алеяў, раслінных экстрактаў, асабліва святаянніку (зверабою) можа прывесці да з'яўлення ўстойлівых пігментных плям. У спіс забароненай на пляжы касметыкі ўваходзяць усе спіртазмяшчальныя сродкі — ласьёны, дэзадаранты, а таксама туалетная вада. Таксама пігментныя плямы могуць правакаваць цытрусавыя: як своечасова нязмытыя кропелькі апельсінавага соку, так і крэм з цытрусавымі эфірнымі алеямі (мандарынам, лімонам і інш.). Не варта набываць і сонцаахоўныя сродкі з араматызатарамі. Яны могуць выклікаць раздражненне скуры або апёк.

• Пасля кожнага кантакту з вадой неабходна наносіць крэм паўторна. Калі ён з водаўстойлівай базай — значыць, яго нябачная плёнка будзе змывацца паступова і абнаўляць крэм пасля купання трэба не так часта.
 
• Падчас знаходжання на пляжы арганізм моцна абязводжваецца. Каб гэта прадухіліць, піце больш вады (да 2—3 л у дзень).
 
• Адпачываючы на марскім узбярэжжы, памятайце, што белы пясок і водная гладзь цудоўна адлюстроўваюць сонечнае выпраменьванне. У выніку вы атрымліваеце двайную дозу ўльтрафіялету. Да таго ж, калі пасля купання вы не выцерліся ручніком, кроплі вады на целе выступяць у якасці лінз, якія ўзмоцняць уздзеянне сонечных прамянёў.
 
• У ветраны дзень спёка пераносіцца нашмат лягчэй, але таму і згарэць можна нашмат хутчэй.
 
• Свае сюрпрызы чакаюць аматараў падводнага плавання. Здавалася б, ты ўвесь дзень ныраў з трубкай і маскай у Чырвоным моры, з вады не выходзіў, а вечарам высвятляецца, што ўся спіна абгарэла. А справа ў тым, што вада прапускае ўльтрафіялет на глыбіню да метра. Прасунутыя нырцы заўсёды выкарыстоўваюць водаўстойлівы сонцаахоўны крэм або, як мінімум, надзяваюць майку.
 
• Перад ад'ездам у водпуск трэба не толькі набыць сонцаахоўную касметыку, але і праінспектаваць свой гардэроб. Паколькі апёк можна атрымаць нават праз адзенне, аддавайце перавагу шчыльным тканінам. Сінтэтыка здольная прапускаць ад 20 да 50% ультрафіялету. А бавоўна прапускае толькі 6% сонечных прамянёў, аднак калі намокне — і ўсе 20%.
 
• Вярнуўшыся з пляжа, прыміце душ і ўвільгатніце скуру сродкам пасля загару.
 
А калі, убачыўшы пясок і пачуўшы шум прыбою, пра ўсе правілы загару вы ўсё ж забыліся — вечарам давядзецца лячыцца. Сімптомы лёгкага сонечнага апёку знаёмыя, бадай, усім — гэта сверб і "палаючая" скура. Каб аблегчыць стан, прыміце халаднаваты душ або зрабіце вільготныя кампрэсы (для гэтага дастаткова намачыць марлю вадой пакаёвай тэмпературы). Не выкарыстоўвайце алей і мазі, паколькі скура так не зможа нармальна дыхаць.
 
У аптэчцы заўсёды павінны быць пасляапёкавыя прэпараты, якія ўзмацняюць здольнасць скуры да рэгенерацыі (пантэнол, бепантэн і інш.). А сонца, на жаль, давядзецца выключыць з раскладу да поўнага загойвання скуры — звычайна на 1—2 тыдні.
Цяжкі ж сонечны апёк суправаджаецца цеплавым ударам. Сімптомы такога ўдару — боль, слабасць, дрыжыкі, гарачка, часам пачашчанае сэрцабіцце. Пашкоджаная скура становіцца ацёчнай, на ёй могуць з'явіцца пухіры. У гэтым выпадку без урачэбнай дапамогі не абысціся. 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Загар здольны змяніць наш настрой і знешнасць да непазнавальнасці. Сонца мяняе нас, дадаючы фігуры стройнасці, усмешцы — бляску, эмоцыям — аптымізму, вобразу ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика