Схваткі, або Што ў раддоме галоўнае?
04.08.2011
—
Новости Здоровья
|
Калі вам вось-вось нараджаць, упэўнена, вы заклапочаны тым, у якім раддоме гэта лепей рабіць, дзе б знайсці самых лепшых урачоў... Аднак практыка сведчыць, што задумвацца трэба пра іншае. І ў першую чаргу — пра ўласны пазітыўны настрой. Ложак, на якім давядзецца ляжаць, прыбіральня, якую давядзецца наведваць, урач, які будзе недзе побач, калі ты будзеш тужыцца — усё гэта важна, але не настолькі, наколькі важны твой унутраны настрой на тое, што ўсё будзе добра, твае правільныя паводзіны, тваё жаданне навучацца новай ролі. ...Таццяна выслухала, пра што я хачу напісаць, і ўсміхнулася: "Думаю, я не тая, хто вам патрэбны... Ляжала на захаванні, ведала, што будзе кесарава. У аўторак павінна была паступіць на планавую аперацыю, аднак у панядзелак адышлі воды... Урачы спрацавалі вельмі хутка". Таццяна дае мне зразумець, што ўсё ў гэтым выпадку залежала ад урачоў, якім яна вельмі ўдзячна. Аднак паступова я разумею, што Таццяна — тая, хто мне патрэбны. Ёй 34 гады, яны з мужам доўга чакалі дзяцей, і іх хлопчык — Фёдар — нарэшце прыйшоў. Для маці гэта быў нялёгкі шлях. Аднак яна была фізічна і маральна гатовая да выканання ўсіх рэкамендацый урача, да з'яўлення шрама, да таго, што радзільня, у якой мусіць ляжаць, не новая, і што прыбіральня — не ў "нумары", а на паверсе... І вось зараз яна цярпліва чакае ўласнага аднаўлення. Малайчына! Чалавек, што называецца, настройваўся і атрымаў добры вынік. Адзін урач, акушэр-гінеколаг, неяк сказала: колькі б родаў я ні прыняла за сваё жыццё, гэта не зрабіла мяне абсалютна спакойнай, калі нараджала мая дачка. І тым не менш, не будзем палохацца. Жанчына, якая збіраецца нарадзіць, не павінна зацыклівацца на шматлікіх страшных "расказах" пра тое, як "у адной знаёмай...". Яе задача — паглыбіцца ў тое, што рэкамендуюць урачы і пішуць у кампетэнтнай літаратуры. У адной замежнай кніжцы пра дзетанараджэнне спецыялісты-прафесіяналы прыкладна такім чынам спрабуюць адукаваць будучых мамуляў: "Пры першай цяжарнасці ў цябе абавязкова ўзнікне пытанне: якім чынам распазнаць пачатак родаў? У галаве раяцца расказы і легенды аб жанчынах, якія нараджалі так хутка, што нават не паспявалі сабрацца ў радзільню, або пра тых, якія, прачнуўшыся раніцай, захацелі ў туалет, але не паспявалі ўстаць з ложка, як — плюх! — дзіця ўжо нарадзілася. Або прыгадваюцца сентыментальныя кадры кінафільмаў, у якіх цяжарная, пагладжваючы сябе па паясніцы, без цені спалоху на твары ціхім голасам паведамляе навакольным: "Ах, я нараджаю!"...". Тым самым аўтары даюць зразумець патэнцыйнай будучай маці, што ёй ёсць на чым засяродзіць увагу — на ведах, якія дапамогуць годна перажыць адзін з самых важных этапаў у жыцці, не нашкодзіць сваімі няправільнымі дзеяннямі ні сабе, ні дзіцяці. А для гэтага трэба ведаць, напрыклад, што заўсёды ёсць прыкметы, па якіх можна зразумець, што роды сапраўды пачаліся — "адыходжанне слізістай пробкі, каляплодных водаў і пачатак рэгулярных схватак". Не лішне будзе ведаць і пра падманныя схваткі, тры перыяды раскрыцця ды выгнанне плода. "Натуральна, ты не раз спрабавала ўявіць сабе, якімі будуць твае роды. І калі ўсё адбываецца крыху інакш, ты перажываеш нешта накшталт расчаравання. Тым не менш, не варта рыхтавацца да горшага", — гаворыцца ў разумнай кнізе. Сапраўды, у родах ёсць нешта невытлумачальнае. Ну, вось чаму ў адных усё так цяжка, а іншыя — нібыта і не раджалі, а ў капусце дзіця знайшлі? Яшчэ старажытныя лекары гаварылі, што роды — наканаванне Божае... Кожная парадзіха павінна ведаць і пра тое, што абязбольвальныя сродкі пранікаюць праз плацэнту да дзіцяці. Адчуванне вяласці і санлівасці, якое можа ўзнікнуць у выніку падобнага ўмяшання, праявіцца не толькі ў самой маці, але і ў дзіцяці, якому неабходна пераадолець цяжкі шлях, і калі ў гэты час яно будзе знаходзіцца пад уздзеяннем прэпаратаў, нарадзіцца сваімі сіламі і зрабіць першы ўдых будзе значна складаней. Даследаванні паказалі, што ў дзяцей, чые маці падчас родаў знаходзіліся пад уздзеяннем абязбольвальных прэпаратаў, у першыя дні адзначалася запаволеная рэакцыя: яны слабей рэагавалі на гукі, пяшчоту і люлянне падчас плачу, горш бралі грудзі... У 1991 годзе вынікі сваіх работ апублікавала японская даследчыца Хаторы, якая даказала ўзаемасувязь паміж станам "змрочнага сну" ў парадзіх і развіццём у іх дзяцей аўтызму. Усе абязбольвальныя прэпараты аказваюць уплыў на дзіця. Таму спецыялісты заўсёды засцерагаюць: перш, чым прасіць урача даць таблетку ад болю, трэба падумаць. Праўда, думаць у момант схватак бывае цяжкавата. Вось чаму медыкі — двума рукамі "за" падрыхтоўку да родаў. — Зараз пры жаночых кансультацыях, некаторых радзільнях і медцэнтрах ёсць спецыяльныя падрыхтоўчыя курсы да родаў, — расказвае загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення №2 3-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска Наталля САВАЦЕЕВА. — Безумоўна, там можна атрымаць шмат карыснай інфармацыі. Сёння мы гаворым пра тое, што сучаснай сям'і, і ў першую чаргу жанчыне, якая будзе выношваць дзіця, неабходна рыхтавацца спачатку да зачацця, потым да выношвання, далей — да родаў, пазней — да груднога выкормлівання. Размова найперш ідзе пра атрыманне агульнага ўяўлення спачатку аб тым, якім павінен быць лад жыцця будучых бацькоў, калі яны жадаюць зачаць здаровае дзіця, далей аб тым, якім павінен быць лад жыцця будучай маці... Цяжарная — не хворая, і таму павінна жыць нармальным жыццём, аднак сёння мы назіраем, што некаторыя мамы не хочуць адмаўляцца ад курэння, яны няправільна харчуюцца, не прыпыняюць тэмп жыцця, не вытрымліваюць іншыя рэкамендацыі ўрача. Фактычна тут, у радзільні, мы маем справу з усімі тымі памылкамі, якія жанчына рабіла, пакуль расла, цяжарала і хадзіла цяжарнай... Для таго, каб роды прайшлі як мага лепш, каб нарадзіць здаровае дзіця, трэба рыхтавацца. Пажадана, каб наступленне цяжарнасці не аказалася непрыемным сюрпрызам, каб жанчына яшчэ да зачацця добра ўсведамляла, што ніхто за яе не вынасіць і не народзіць. Большую частку работы ў родах выконвае сама парадзіха, а медработнікі ўсяго толькі знаходзяцца побач, каб адкарыгіраваць роды, якія пайшлі па "няправільным" сцэнарыі. Вядома ж, нікога ў радзільні не кідаюць у свабоднае плаванне. Урач, акушэрка заўсёды побач. Але трэба слухаць і выконваць іх рэкамендацыі. Трэба мець пэўны настрой, думаць пра тое, што неверагодны боль завяршаецца нараджэннем дзіцяці. Такі настрой будзе спрыяць правільным, адэкватным паводзінам падчас і пасля родаў... ...Радзільны дом №3 — 1956 года нараджэння. Старыя карпусы звонку і ўсярэдзіне выглядаюць дагледжана, паколькі не так даўно тут быў праведзены капрамонт. Аднак планіроўка засталася, зразумела, ранейшай, цеснаватай, так бы мовіць, эканом-клас. Раддом №3 — гэта адно аддзяленне паталогіі, дзе знаходзяцца жанчыны да родаў, адно непасрэдна родавае і тры пасляродавыя, або акушэрска-абсервацыйныя. На паверсе акушэрска-абсервацыйнага аддзялення №2 усе палаты занятыя. У іх — ад аднаго да шасці чалавек. Адначасова можа знаходзіцца не больш як 30 матуль з дзецьмі. На гэтую колькасць са старых часоў прадугледжаны ўсяго дзве душавыя і адна прыбіральня. Чэргаў ля іх я не заўважыла. Цікава, што апошняя акалічнасць (усё ж такі цяпер ёсць раддамы і з больш зручнымі бытавымі ўмовамі) не засмучае парадзіх. Больш за тое, некаторыя мінчанкі ігнаруюць тэрытарыяльны прынцып размяшчэння ў радзільнях і пішуць заяву на імя кіраўніка ўстановы, каб ім дазволілі нараджаць менавіта ў "тройцы". Так паступіла і 23-гадовая Вольга: "Я павінна была нараджаць у 6-й бальніцы, дзе ляжала на захаванні, але знаёмыя неяк расказалі пра 3-ю клініку, і я прыйшла падпісваць абменную картку сюды". Вольга нарадзіла дзяўчынку Аліну. Баяцца не баялася, крычаць не крычала, бо рыхтавалася да нялёгкай справы. І выпісалася ўжо на трэці дзень... У палатах давялося ўбачыць не толькі стомлена-шчаслівыя, але і стомлена-заплаканыя твары. Адна заплаканая ніяк не прыстасуецца да кармлення (падштурхнуць некаторых немаўлят да кармлення — задача не з лёгкіх), другая "перажывае" перапад гармонаў (усё ж такі пасля родаў у арганізме ідзе магутная гарманальная перабудова)... Гэта нармальная "карцінка". А вось — і "ненармальная": адна дадумалася карміць стоячы, другая размаўляе па мабільным, калі дзіця прыкладзена да грудзей. Аб чым яны думаюць? "Я прыслухоўваюся да таго, што мне кажуць у радзільні, — кажа 27-гадовая Таццяна, якая ў гэтыя дні нарадзіла другое дзіця. — А вось пасля выпіскі, дома, выконваю не ўсё, а толькі тое, што сама лічу карысным...". Наогул гэтыя, другія, роды ў Тані прайшлі хутка. Паводле яе слоў, урачы аказалі ёй вельмі добрую дапамогу: "У першую цяжарнасць я хадзіла на курсы маладой маці. Аднак усё роўна чамусьці была напалоханая цяжкімі родамі. На гэты раз я ўжо вельмі добра настроілася, і ўсё прайшло значна хутчэй — літаральна за гадзіну... Я не бачу праблемы ў тым, што ў палаце — шэсць чалавек. Затое прасцей абменьвацца вопытам... Тое, што душ і прыбіральня "адны на ўсіх", мяне непакоіць менш за ўсё... Тры-пяць дзён можна і патрываць". Цяжарнасць, роды і пасляродавы перыяд мала агульнага маюць з "бязвоблачным ружовым шчасцем", якое будучая маці можа намаляваць сабе ў марах. Для таго, каб перажыць фізічную стомленасць, прывыкнуць і ўсвядоміць сябе маці, патрэбны час. І ўвесь гэты час варта падтрымліваць у сябе пазітыўны настрой, думаць пра тое, дзеля чаго "ўсё гэта". Іншых рэцэптаў лёгкіх родаў і шчаслівага мацярынства пакуль не прыдумана. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі вам вось-вось нараджаць, упэўнена, вы заклапочаны тым, у якім раддоме гэта лепей рабіць, дзе б знайсці самых лепшых урачоў... Аднак практыка сведчыць, што... |
|