Ці пераможа Беларусь рак малочнай залозы?
14.09.2011 09:22
—
Новости Здоровья
|
Ці пераможа Беларусь рак малочнай залозы? У нашай краіне па-ранейшаму высокі працэнт захворванняў на рак малочнай залозы, выяўленых на позніх стадыях…
На літоўскім тэлебачанні ўжо даўно не рэдкасць перадачы пра жанчын, якія перажылі рак. У Беларусі, па дадзеных грамадскіх жаночых арганізацый,і кожная чацвёртая беларуска наогул адмаўляецца гаварыць на гэтую тэму. "Калі я пра гэта падумаю, то, безумоўна, захварэю", – прыкладна так разважаюць многія. Як пераканаць беларусак прайсці раннюю дыягностыку? Шанец выжыць Да 2015 года Міністэрства аховы здароўя і грамадскія арганізацыі павінны забяспечыць "ўсеагульны ахоп жанчын мамаграфічным абследаваннем". Такая задача запісана ў Нацыянальным плане дзеянняў па забеспячэнню гендэрнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2011–2015 гады. "Я вельмі рада, што ў Нацыянальны план ўвайшлі асобныя рэкамендацыі Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын ААН, – кажа сустаршыня грамадскага аб'яднання " Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна. – На ўзроўні Міністэрства аховы здароўя цяпер распрацоўваецца праграма па ўкараненні ўсеагульнага мамаграфічнага скрынінгу. Гэта надзвычай важна, таму што з года ў год колькасць хворых жанчын павялічваецца, і многія звяртаюцца па дапамогу ўжо на такіх позніх стадыях, калі дапамагчы практычна немагчыма. Увядзенне скрынінгу будзе садзейнічаць выяўленню хваробы на ранніх стадыях, што дасць магчымасць больш аператыўна правесці лячэнне, і павялічыць шанцы на працяг жыцця ". Не марудзь! Не так даўно ў Вільнюсе прайшоў Пяты саміт краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі па пытаннях навучання, інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасці і адвакацыі рака малочнай залозы. На мерапрыемства былі запрошаныя і прадстаўнікі беларускіх жаночых арганізацый. "На саміце прысутнічалі высокапастаўленыя літоўскія чыноўнікі, лекары-анколагі, эксперты з амерыканскага Інстытута рака, – распавядае старшыня "Беларускай жаночай Лігі", адзін з нацыянальных каардынатараў кампаніі "Медыкі і грамадскасць – супраць РМЗ" Ніна Стужынская. – У Літве вельмі распаўсюджаная кампанія "Не марудзь!" па ранняй дыягностыцы рака малочнай залозы, ініцыятарам якой стала жонка мэра літоўскай сталіцы, зараз член сойма Агне Зуокене. Яна дамаглася таго, што з 2003 года па Літве пачаў курсіраваць "ружовы аўтобус", які абсталяваны апаратам УГД для абследавання жанчын. Экіпаж аўтобуса – лепшыя мамолагі і радыёлагі. Толькі за апошнія два гады яны аб'ехалі 650 мястэчак. І ў кожнай пятай жанчыны знаходзяць паталогію грудзей..." З 2005 года Літва ўвяла мамаграфічны скрынінг для жанчын 50–69 гадоў для прафілактычнага агляду, паколькі менавіта скрынінг на сённяшні дзень з'яўляецца самым дзейсным метадам ранняй дыягностыкі рака малочнай залозы. У сувязі з амаладжэннем рака літоўцы ставяць задачу, каб скрынінг пачынаўся з 45-гадовага ўзросту жанчыны. "У Літве шмат увагі надаецца прафілактыцы раку малочнай залозы, – працягвае Ніна Стужынская. – Для таго, каб жанчыны звярнулі на сябе ўвагу, праводзяцца розныя мерапрыемствы, куды прыходзяць вядомыя палітыкі, артысты, урачы, жанчыны, якія перажылі рак. У анкалагічных цэнтрах прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раздаюць ружовыя папяровыя жураўлікі – як сімвал надзеі, дораць ружовыя мабільнікі, арганізоўваюць продаж сувеніраў з ружовай сімволікай, каб затым перадаць грошы ў фонд барацьбы з ракам малочнай залозы. Сёння ў Літве імкнуцца ў што бы то ні стала захаваць захварэлай жанчыне грудзі. Калі ў 1997 годзе амаль 90 працэнтаў усіх аперацый былі толькі па выдаленні грудзей, то сёння, дзякуючы ранняй дыягностыцы, 72,5 працэнтаў хворых аперыруюць на ранніх стадыях, захоўваючы грудзі (для параўнання - 10 гадоў таму на 1 і 2 стадыях аперыравалі толькі 30 працэнтаў)..." Каб не захварэць Старшыня рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар, якая сама перанесла рак, перакананая: без дапамогі грамадскіх арганізацый медыкі не змогуць забяспечыць масавы і дабравольны ўдзел жанчын у мамаграфічным скрынінгу. "Нацыянальны мамаграфічны скрынінг мае пазытыўныя вынікі і для дзяржавы, і для грамадства толькі тады, калі не меньш за 80 працэнтаў жанчын у ім удзельнічаюць. – кажа Ірына Жыхар. – У Літве за 6 гадоў пасля ўвядзення такога скрынінгу яўка складае толькі 15 працэнтаў. І літоўскія медыкі перажываюць на гэты конт. Але важна ўбачыць станоўчую дынаміку, якая не можа не радаваць: у Літве на момант увядзення скрынінгу ў 2005 годзе выяўлялася 15 працэнтаў чацвёртай стадыі раку, а ў гэтым годзе – ужо 7 працэнтаў. За гэтымі невялікімі, здавалася б, працэнтамі, тысячы выратаваных жыццяў! Выжывальнасць пасля 5 гадоў з моманту пастаноўкі дыягназа зараз ў краіне-суседцы складае амаль 70 працэнтаў, у нас – каля 52. Памятаю, два гады таму я была на літоўскім тэлебачанні і хадзіла ў парыку, бо валасы яшчэ не адраслі пасля хіміятэрапіі, і грымёр, улавіўшы маю няёмкасць, сказала: маўляў, не хвалюйцеся, у нас кожны месяц перадачы з такімі жанчынамі праходзяць. Кожны месяц! І гэта толькі тэлебачанне, не гаворачы пра астатнія сродкі камунікацыі... І пры такім аб'ёме інфармацыі заахвочанасць жанчын абследавацца скаладае толькі 15 працэнтаў! Калі казаць пра Беларусь, то наш паказчык будзе значна меньшым. Сёння, па досведе працы нашай арганізацыі, дзесьці кожная чацвёртая жанчына наогул адмаўляецца на гэтую тэму гаварыць і што-небудзь слухаць. Яны ўпэўнены: "Калі я пра гэта падумаю, то, безумоўна, захварэю". Справа ў тым, што ў нашай краіне ў наступным годзе пачнецца эксперымент па ўвядзенню мамаграфічнага скрынінгу ў трох гарадах Беларусі. Аб гэтым паведаміў галоўны мамолаг Мінздрава сп. Путырскі. Эфектыўнасць эксперыменту будзе залежыць у тым ліку і ад нашай грамадскай актыўнасці. Калі мы хочам, каб у Беларусі мамографы стаялі ў многіх гарадах, а не толькі ў трох, грамадскія арганізацыі павінны прыкласці шмат намаганняў, каб заангажаваць жанчын з гэтых гарадоў прыйсці на абследаванне. Лепшага аргумента для дзяржавы для закупкі недастаючых мамографаў мы не зможам знайсці. Бо калі пад час эксперымента мамографы не будуць загружаны, заўсёды знойдуцца тыя, хто ўпэўніць пераразмеркаваць дзяржаўныя грошы на іншыя артыкулы бюджэта. І будзе крыўдна, калі такое здарыцца". Гэта проста новае жыццё А самой Ірыне Жыхар двойчы ставілі страшны дыягназ. Пры гэтым яна не лічыць, што хвароба прынесла ёй толькі няшчасце: "Так, не кожны гатовы змагацца і жыць з такім дыягназам, – кажа яна. – Я не магу сказаць, што гэта няшчасце. Гэта проста іншае жыццё. Я дзякую Богу, што прайшла гэта выпрабаванне і адкрыла для сябе новую старонку..."
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашай краіне па-ранейшаму высокі працэнт захворванняў на рак малочнай залозы, выяўленых на позніх стадыях… На літоўскім тэлебачанні ўжо даўно не рэдкасць...
|
|