Усе хваробы — ад прыхільнасцяў?. 21.by

Усе хваробы — ад прыхільнасцяў?

07.02.2012 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На пытанні чытачоў і слухачоў адказала  загадчыца аддзялення традыцыйнай кітайскай медыцыны Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, урач-рэфлексатэрапеўт Таццяна ДРАНІЧНІКАВА.

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 4 лютага.)

"Звязда": Як доўга можа працягвацца лячэнне?

— Зразумела, у шэрагу выпадкаў патрабуецца некалькі курсаў, бо спачатку мы проста зніжаем інтэнсіўнасць болю, а далей дабіваемся таго, каб прыступы сталі больш рэдкімі. Адзін сеанс доўжыцца каля 30 хвілін. Як правіла, адзін курс — не менш за 10 сеансаў. Паўторныя курсы прызначаюцца ў залежнасці ад захворвання. Перапынак паміж курсамі можа складаць пару тыдняў ці месяцаў.

"Звязда": Што патрабуецца ад пацыента падчас такога лячэння?

— Безумоўна, проста рэгулярна хадзіць да нас недастаткова. У любым выпадку неабходна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, у тым ліку мець на ўвазе навакольныя фактары. Скажам, вядома, што вецер, холад, вільготнасць спрыяюць аслабленню імунітэту. Няправільнае харчаванне, нізкая фізічная актыўнасць, негатыўныя эмоцыі, стрэс — усё гэта зніжае ахоўныя сілы арганізма — менавіта тую энергію, якая працякае па нашых энергетычных каналах.

"Звязда": Пазітыўныя эмацыйныя ўзрушэнні таксама могуць спрыяць парушэнню току энергіі?

— Вялікая радасць — таксама стрэс, а значыць, і дысбаланс энергіі. Лепш імкнуцца да раўнавагі. Нездарма кітайцы рэгулярна займаюцца спецыяльнай дыхальнай гімнастыкай з плаўнымі, размеранымі рухамі, каб энергія спакойна цякла ў арганізме... Дарэчы, кітайцы а 6-й гадзіне — усе ў парках, на стадыёнах займаюцца сістэмнай гімнастыкай. Але ёю трэба займацца не час ад часу, а пастаянна, і на першым этапе пад кіраўніцтвам спецыяліста. Спецыялісты, якія валодаюць такой методыкай, ёсць і ў Беларусі...

Кітайцы яшчэ кажуць, што ўсе няшчасці і хваробы — ад прыхільнасцяў. Найперш матэрыяльным каштоўнасцям. Для нармальнага жыцця чалавек павінен адчуваць сябе ўнутрана свабодным. Тады ў яго будзе належны запас энергіі і бясцэннае здароўе.

(— Мінская вобласць, Ала. Цікава, а дзе, акрамя вашага цэнтра, можна атрымаць усходняе лячэнне?

— Рэфлексатэрапеўты ёсць у раённых, гарадскіх паліклініках, шэрагу санаторыяў. А вось аддзяленне традыцыйнай кітайскай медыцыны ёсць толькі ў нас.

— Як іголкатэрапія спалучаецца з тэрапіяй медыкаментознай?

— У самым пачатку мы не спяшаемся рэкамендаваць адмаўленне ад прапісаных прэпаратаў. Аднак з цягам часу пасля кансультацыі з урачом-тэрапеўтам або іншым вузкім спецыялістам (скажам, кардыёлагам, калі размова ідзе пра артэрыяльную гіпертанію) можна рэгуляваць дозу лекаў. Калі мы гаворым пра болевы сіндром пры хваробе пазваночніка, то часам чалавек наогул перастае прымаць лекі для абязбольвання.

(— Віцебск, Кацярына. Рэфлексатэрапія можа праводзіцца толькі ва ўмовах стацыянара або існуе і які-небудзь хатні варыянт?

— Так, мы прымяняем карэйскі метад лячэння — суджок-тэрапію. Яна прадугледжвае ўздзеянне на кропкі, якія размяшчаюцца на кісцях рук, дзе, як і на вушах, знаходзяцца выхады каналаў усіх органаў. На кропкі кісцей рук ставяцца маленькія іголкі, затым — спецыяльныя магніцікі. Гэта вельмі падыходзіць дзецям... Урач тлумачыць, па якой схеме, праз які час трэба адзець і зняць гэтыя магніцікі. Такім чынам таксама можна лячыць розныя хваробы.

— Ці трэба прыходзіць да вас адразу з гатовым дыягназам або яго можа паставіць рэфлексатэрапеўт?

— Лепш загадзя абследавацца і ведаць свой дыягназ. Для спіны, суставаў можна зрабіць, напрыклад, магнітна-рэзанансную тамаграфію. Усё ж такі нам трэба бачыць памер паражэння таго ж дыска, асаблівасці грыжы, у які бок яна выпінаецца. Аднак у кітайскай медыцыне ёсць і свае метады дыягностыкі — гэта, напрыклад, вегатэст, або метад Фоля. Сутнасць такой методыкі ў тым, каб выявіць пашкоджаны канал і орган. Мы робім такую дыягностыку, напрыклад, пры наяўнасці алергіі. Часам чалавек абследуецца, у яго ўсё нібыта ў норме, а праявы хваробы ёсць. Алергія, як правіла, цесным чынам звязана з захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту. Але што менавіта пашкоджана — страўнік, падстраўнікавая залоза, жоўцевы пузыр, печань?.. Біярэзанансная методыка дазваляе ўбачыць, у якім з органаў мае быць напружанне. Далей лячэнне можа ажыццяўляцца як з дапамогай іголкатэрапіі, так і з дапамогай эндагеннай біярэзананснай тэрапіі. Урач-гамеапат, які звычайна і праводзіць дыягностыку па метадзе Фоля, прызначае гамеапатычнае лячэнне — спецыяльна зараджаную крупку або ваду. Паступова стан нармалізуецца.

(— Мінск, Таццяна Ільінічна. У іголкарэфлексатэрапіі ёсць некалькі метадаў... А які з іх найбольш эфектыўны?

— Уласна іголкарэфлексатэрапія — гэта традыцыйная кітайская медыцына. На кропку акупунктуры можна ўздзейнічаць не толькі іголкай, як гэта рабілі два тысячагоддзі таму, але і лазерам, і электрычным токам, ёсць вакуумная акупунктура, фармакатэрапія. Пры фармакатэрапіі мы не проста ўздзейнічаем на кропку, але і ўводзім пры гэтым лекавы сродак. Прымяняецца яшчэ прыпальванне палыновымі моксамі. Спецыяліст кожнаму пацыенту індывідуальна вызначае, з якога метаду лепш пачаць і якім чынам працягнуць лячэнне.

У Кітаі, напрыклад, вельмі шырока прымяняецца электраакупунктура, аднак лазерапунктуры ў іх няма. А мы яе выкарыстоўваем вельмі актыўна. Лазерапунктура добра лечыць дыскагенныя радыкуліты, коксартрозы. І нават нашы беларускія лазерныя апараты добра спраўляюцца са зняццем боляў такога кшталту. Электрапунктура забяспечвае аддалены эфект, лазерная акупунктура дзейнічае больш хутка.

— А можна проста памасажыраваць кропкі для аблягчэння стану падчас прастуды, паляпшэння самаадчування?

— Так, самастойны масаж цалкам можа быць. Калі з'явіўся насмарк, можна аказаць уздзеянне на кропку Хэ-гу, якая знаходзіцца паміж вялікім і ўказальным пальцамі левай і правай рук. Неабходна на працягу хвіліны памасажыраваць спачатку кропку на адной руцэ, затым на другой. Націскаць трэба моцна, каб з'явілася непрыемнае цягнучае адчуванне. Далей варта адначасова прамасажыраваць кропкі, якія знаходзяцца на ўзроўні крылаў носа. Уздзеянне на іх дапаможа нам умацаваць імунітэт, а значыць, і зняць праявы насмарку.

— Якія кропкі дапамогуць актывізавацца, пазбавіцца кволасці, апатыі?

— Можна масажыраваць тыя ж кропкі Хэ-гу. Уздзеяннем на адну кропку можна лячыць некалькі захворванняў... За зняцце болю ў сэрцы адказвае кропка Шэнь-мэнь, якая знаходзіцца ля запясця, каля мезенца, у складцы, калі рука згінаецца. Масажыраваць трэба па стрэлцы гадзінніка, на правай і левай руках... Многа кропак на вушах — тут "адлюстраваны" фактычна ўсе органы... Масаж вуха зверху ўніз і знізу ўверх дазваляе ўзняць агульны тонус, палепшыць настрой.

(— Брагін, Уладзімір. Неўроз навязлівых станаў, шызатыповае расстройства, вельмі зніжаная самаарганізацыя. 2 група інваліднасці. Ці можна мне рэкамендаваць іголкатэрапію?

— Я мяркую, вам можна паспрабаваць прайсці ўсходняе лячэнне. Спатрэбіцца, вядома, не адзін курс, і, можа, нават не адзін год. Поўнасцю вас вылечыць мы не зможам, але аблегчыць стан, думаю, здолеем.

(— Мінск, Ірына Уладзіленаўна. 59 гадоў. Ужо некалькі гадоў пакутую ад болю ў спіне — у мяне астэахандроз ніжняга аддзела пазваночніка. Ці можна пры гэтым захворванні прымяняць іголкатэрапію? Колькі будзе доўжыцца лячэнне?

— Вам не толькі можна, але і неабходна выкарыстоўваць іголкарэфлексатэрапію. Яна вельмі добра дапамагае пры захворваннях пазваночніка. Гэта будзе некалькі курсаў лячэння. Прычым тут можна прымяняць не толькі класічную іголкарэфлексатэрапію, але і фармака-, лазерарэфлексатэрапію.

(— Мінск, Святлана. У мяне ў шыйным аддзеле пазваночніка — грыжа. Што вы параіце?

— Вам вельмі добра падыдуць нашы метады. Прычым і класічнае ўздзеянне іголкамі, і фармакатэрапія, і лазерапунктура, і вакуумная тэрапія.

(— Гродзенская вобласць, Ірына. З дапамогай якога метаду рэфлексатэрапіі можна нармалізаваць вагу, знізіць апетыт?

— Класічную іголкарэфлексатэрапію можна спалучаць разам з вакуумнай рэфлексатэрапіяй і электраакупунктурай... На вуху ёсць дзве кропкі, якія зніжаюць апетыт. Метад уздзеяння на іх называецца аўрыкарэфлексатэрапіяй. Урач замацоўвае іголкі на гэтых кропках, а ад пацыента патрабуецца націсканне на іх кожныя паўгадзіны. Такім чынам зніжаецца апетыт. Безумоўна, гэта не лічыцца эфектыўным, калі чалавек не будзе прытрымлівацца дыеты, больш рухацца і ў цэлым не памяняе свой лад жыцця. Хадзіць на іголкі і есці булачкі не атрымаецца.

(— Мінск, Ганна. 12 гадоў таму ў мяне была анкалогія па шчытападобнай залозе. Зараз няма інфармацыі па прагрэсаванні захворвання. Ці можна мне прайсці іголкатэрапію па прычыне астэахандрозу, неўрозу?

— Вядома, можна. Проціпаказаннем з'яўляецца толькі наяўнасць пухліны. Калі ж анкалогія мела месца некалькі гадоў таму, пацыент атрымаў належнае лячэнне, то ўсходняя медыцына не проціпаказана.

(— Верхнядзвінск, Антаніна Аляксандраўна. Ці можна з дапамогай усходняй медыцыны дыягнаставаць захворванні?

— Можна. Для гэтага існуе метад Фоля, калі спецыяліст-гамеапат па кропках акупунктуры выяўляе разбалансаваныя каналы і праблемныя органы. Такі спецыяліст працуе і ў нашым цэнтры. Калі ласка, можаце пазваніць і запісацца на прыём.

(— Мінск, Ларыса Паўлаўна, 64 гады. Пакутую ад дэфармуючага артрозу каленнага сустава. Чым мне можна дапамагчы?

— Сярод іншых метадаў іголкарэфлексатэрапіі вам падыдзе лазерапунктура, фармакарэфлексатэрапія, калі з дапамогай увядзення лекавага прэпарата мы будзем дабівацца паляпшэння харчавання храстка, знімем запаленне і ацёк.

(Гомель, Ала Андрэеўна. Ці прымяняецца ўсходняя медыцына для лячэння анкалагічных захворванняў? Ці можа яна прымяняцца для лячэння іншых хвароб пасля перанесенага раку цела маткі?

— Іголкарэфлексатэрапіяй нельга лячыць анкалогію. Іншая справа, калі орган з пухлінай выдалены, калі на працягу пяці гадоў пасля гэтага няма рэцыдыву. Тады можна звяртацца і да ўсходняй медыцыны.

(— Мінская вобласць, Таццяна Віктараўна, 58 гадоў. Які курс лячэння вы парэкамендавалі б мне для пазбаўлення ад эмацыйнага напружання, для добрага сну? Зараз я прымаю лячэнне, прапісанае мне неўролагам. Аднак, напэўна, нельга ўвесь час сядзець на таблетках...

— Усходняя медыцына дапамагае пры такіх станах. Акрамя таго, у нас ёсць і іншыя спадарожныя метады аказання дапамогі — напрыклад, крыясаўна. Лячэнне холадам запускае механізм работы мікрасасудаў, што дае штуршок для паляпшэння мікрацыркуляцыі, і вельмі добра дапамагае пры неўрозах. Добра падыходзіць і азонатэрапія, якая таксама ёсць у нашым цэнтры. Фізраствор узбагачаюць азонам і ставяць кропельніцу. Такім чынам, кроў насычаецца азонам і гэта адначасова прафілактуе інфаркты і інсульты.

(— Мінск, Таццяна. Дзіцяці — 3,5 года. Часта здараюцца рыніты, фарынгіты. Ці можа тут дапамагчы ўсходняя медыцына?

— Можна прымяняць суджок-тэрапію, паставіць на кісці спецыяльныя магніцікі, якія будуць аднаўляць абарончыя сілы арганізма. Добра будзе і папіць курсам азанаваную ваду.

— У чым можа заключацца лячэнне бясплоднасці?

— Спатрэбіцца некалькі курсаў на працягу не аднаго года. Але тут важная і прычына бясплоднасці. Класічныя іголкі і прыпальванне палыновымі мопсамі дапаможа пры дысгарманальных парушэннях, калі ёсць парушэнне авуляцыі, гарманальныя скачкі. Уздзеянне ідзе на канал падстраўнікавай залозы, нырак, печані, а таксама на органы малога таза — агульны канал, які ў тым ліку нясе генную энергію і адказвае за дзетанараджэнне.

— А як да вас трапіць?

— Калі ласка, званіце па нумары: 263 81 89. Запіс звычайна робіцца на два тыдні наперад. У нашым аддзяленні працуе чатыры чалавекі. Усе прайшлі стажыроўку ў Кітаі.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні чытачоў і слухачоў адказала загадчыца аддзялення традыцыйнай кітайскай медыцыны Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика