Сацдаследаванне: большасць беларусаў набывае лекавыя сродкі без рэцэпта ўрача
12.04.2012 09:48
—
Новости Здоровья
|
Сацдаследаванне: большасць беларусаў набывае лекавыя сродкі без рэцэпта ўрача Як сведчаць звесткі сацыялагічнага даследавання, праведзенага спецыялістамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, асноўная маса беларусаў набывае лекавыя сродкі без рэцэпта ўрача, што можна кваліфікаваць як самалячэнне. Сацыёлагі паспрабавалі высветліць, якія фактары ўплываюць на выбар лекавых сродкаў, якім лекам (беларускім ці замежным) аддаюць перавагу наведнікі аптэк, якімі матывамі кіруюцца медыцынскія работнікі пры вызначэнні тактыкі лячэння пацыентаў і з якіх крыніц яны атрымліваюць інфармацыю аб новых лекавых сродках. У цэнтры ўвагі даследчыкаў аказаліся дзве мэтавыя групы: пакупнікі аптэк і медыцынскія работнікі (участковыя тэрапеўты і ўчастковыя педыятры).
Хто ідзе ў аптэку з рэцэптам? Падчас інтэрв'ю рэспандэнтам прапаноўвалася самім ацаніць матэрыяльны дабрабыт іх сем'яў. Былі вызначаны наступныя групы — з добрым сярэднім і дрэнным матэрыяльным становішчам. Аналіз дазволіў выявіць шэраг асаблівасцяў спажывецкіх паводзін розных груп на рынку лекавых сродкаў. Так, прадстаўнікі групы, якія ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча як добрае, часцей, чым прадстаўнікі іншых груп, набываюць лекавыя сродкі для прафілактыкі захворванняў (32,2 % супраць 27,5% у групе з сярэднім матэрыяльным становішчам і 20,4 % у групе з нізкім матэрыяльным становішчам). А прадстаўнікі групы з нізкім матэрыяльным становішчам часцей тлумачаць набыццё лякарства наяўнасцю часовага недамагання (42,6 %). Да таго ж прадстаўнікі гэтай групы часцей за іншых набываюць лякарства без рэцэпта (85,2 %). Таксама яны часцей за іншых заяўляюць, што лекавыя сродкі ім даводзіцца прымаць пастаянна (33,3%). Падчас апытання высветлілася, што 61,2% рэспандэнтаў набываюць лекавыя сродкі час ад часу, 22,9 % — пастаянна і практычна ніколі не прымаюць лекаў 15,9 % апытаных. З кола тых, хто набыў лекавы прэпарат, рэцэптам скарысталіся толькі 21% Даследчыкаў цікавілі таксама магчымасці рэспандэнтаў траціць грошы на набыццё лекаў. Амаль палова апытаных (49,7%) адзначыла, што яны набываюць усе неабходныя ім лекі, але гэтыя выдаткі ўяўляюць істотную нагрузку для іх бюджэту. 39,3% паведамілі, што могуць без цяжкасцяў набываць усе патрэбныя ім лекі, а 7% прызналіся, што ім не хапае грошай нават на набыццё патрэбных лекаў. Індыкатар якасці лекаў — цана? Як сведчаць вынікі даследавання, вызначальным фактарам пры выбары лекаў з'яўляецца іх цана: 80,5% рэспандэнтаў адзначылі важнасць кошту лякарства. На другой рэйтынгавай пазіцыі аказалася краіна-вытворца лекавага сродку (69,8%). Фірму-вытворцу ў якасці важнага крытэрыю назвалі 53,8% апытаных. Пры гэтым лекі імпартнай вытворчасці карыстаюцца ў насельніцтва большым даверам. Пры іншых роўных умовах 52,3% апытаных аддалі б перавагу імпартнаму прэпарату, 32,8 % паведамілі, што выбралі б айчынны і 14,9% не змаглі адказаць на гэтае пытанне. Свой выбар на карысць імпартнага лякарства рэспандэнты патлумачылі ўпэўненасцю ў іх большай эфектыўнасці і якасці, меншай колькасці пабочных эфектаў, адсутнасці падробак і лепшымі тэхналогіямі вытворчасці. Прыхільнікі ж беларускіх лекаў спаслаліся на імкненне падтрымаць айчынных вытворцаў, больш нізкую цану і давер толькі да айчынных вытворцаў. Пры гэтым выявіўся шэраг цікавых тэндэнцый. Чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым часцей рэспандэнты схільныя рабіць выбар на карысць імпартнага лякарства. А вось чым старэйшыя рэспандэнты, тым часцей яны выбіраюць беларускія лекі. Матэрыяльнае становішча таксама з'яўляецца важным фактарам у фарміраванні пераваг. Так, пры ўмове аднолькавай цаны імпартнае лякарства выберуць 60,2 % рэспандэнтаў. І толькі пры ўмове істотнай розніцы ў цане айчынны прэпарат купяць 55,5% рэспандэнтаў. Пры адказе на пытанне "Ці залежыць эфектыўнасць лекавага сродку ад яго цаны?" аўдыторыя падзялілася амаль папалам: 46,1% рэспандэнтаў адказалі, што эфектыўнасць лякарства часцей за ўсё не залежыць ад яго цаны, а 41,1% лічаць, што чым даражэйшае лякарства, тым вышэйшая яго эфектыўнасць. Адной з задач даследавання было ўстанавіць ступень даверу да інфармацыі аб лекавых сродках, атрыманай з розных крыніц. Высветлілася, што найбольшым даверам карыстаецца інфармацыя, атрыманая ад прадстаўнікоў медустаноў (93,5%), работнікаў аптэк (91,2%), а таксама ад сяброў, сваякоў і знаёмых, якія карыстаюцца пэўным лекавым сродкам (72,7%). Аднак да розных крыніц інфармацыі наведнікі аптэк прыбягаюць наступным чынам: да рэкамендацый урачоў — 46,9%, асабістага досведу — 35,6%, да рэкамендацый сяброў, знаёмых і сваякоў — 22,8%, рэкамендацыі работнікаў аптэк бяруць пад увагу 20,5% апытаных і 10,2% кіруюцца рэкламнай інфармацыяй з тэлебачання. Беларускія ці замежныя? А вось для медыцынскіх работнікаў галоўнай крыніцай інфармацыі аб новых лекавых сродках з'яўляюцца медыцынскія прадстаўнікі (74,7%), курсы павышэння кваліфікацыі (35,6%) і інтэрнэт (30,9%). Абсалютная большасць медыкаў станоўча ацэньвае ролю медыцынскіх прадстаўнікоў як важную крыніцу інфармацыі аб новых леках. Большасць урачоў ахвотна ўзаемадзейнічае з медыцынскімі прадстаўнікамі (68%), атрымлівае ад іх рэкламныя (59%) і наглядныя (44,9%) матэрыялы. Падчас даследавання вывучалася таксама ступень даверу ўрачоў да беларускіх і імпартных лекаў. Атрыманыя звесткі сведчаць, што пры іншых роўных умовах 49,7% урачоў прызначаць пацыенту імпартнае лякарства, 31,4% выпішуць айчынны прэпарат, а 18,9% не змаглі даць адназначны адказ. Матывацыя выбару на карысць імпартных лекавых прэпаратаў тлумачылася спецыялістамі наступным чынам: імпартныя лекі больш эфектыўныя і дазваляюць скараціць тэрмін лячэння пацыента; часцей прадстаўлены арыгінальныя прэпараты высокай якасці; лепшыя тэхналогіі выпуску імпартных прэпаратаў; больш строгі кантроль за тэхналогіяй і якасцю іх вытворчасці; наяўнасць клінічных выпрабаванняў. Аргументы на карысць айчыннага прэпарата — гэта даступная цана; нізкі кошт пры тым, што яны не саступаюць па якасці імпартным; магчымасць выпісаць ільготны рэцэпт; неабходнасць падтрымкі айчыннага вытворцы. Абсалютная большасць урачоў настойліва рэкамендуе ажыццяўляць строгі рэцэптурны водпуск лекавых сродкаў, якія павінны прадавацца ў аптэках толькі па рэцэпце ўрача. Больш за тое, многія ўрачы прапануюць праводзіць інфармацыйныя кампаніі, скіраваныя супраць самалячэння. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сацыёлагі паспрабавалі высветліць, якія фактары ўплываюць на выбар лекавых сродкаў, якім лекам (беларускім ці замежным) аддаюць перавагу наведнікі аптэк, якімі...
|
|