У мінулую пятніцу ў вёсцы Гарадная быў наладжаны кірмаш здароўя. Адкрываючы яго, урач-педыятр кабінета здаровага ладу жыцця Столінскай ЦРБ Раіса Аляксееўна Місюра ўзгадала, што з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мінула 32 гады.
Трагедыя моцна закранула і Століншчыну. За гэты час мы многаму навучыліся ў пераадоленні вынікаў гэтай бяды. Але катастрофа не стала толькі здабыткам часу і не мінула назаўжды. Даводзіцца сутыкацца з яе праявамі і цяпер. У першую чаргу адчуваецца ўплыў радыеактыўнага забруджвання на стан здароўя. Гэта патрабуе як дадатковых намаганняў сістэмы медыцынскай дапамогі, так і мерапрыемстваў з удзелам саміх грамадзян па мінімізацыі гэтага шкоднага ўплыву.
Як вядома, Гарадная – не толькі знакаміты цэнтр ганчарства, а і багатая лясамі мясціна, дзе спрадвеку прывыклі карыстацца дарамі прыроды. Але мясцовыя грыбы не заўсёды бясшкодныя, бо сярод іх яшчэ выяўляецца пэўная колькасць з перавышэннем дапушчальных узроўняў радыеактыўнага забруджвання.
На кірмашы здароўя мясцовыя жыхары мелі магчымасць яшчэ раз праверыць стан свайго здароўя. У амбулаторыі працаваў перасовачны ЛІЧ інстытута радыялогіі радыяцыйнай бяспекі “Белрад”, а перад амбулаторыяй была наладжана праверка прадуктаў харчавання, якія прыносілі на пробу мясцовыя жыхары. Таксама ў амбулаторыі спецыялістамі Столінскай ЦРБ даваліся кансультацыі кардыёлага, эндакрынолага, стаматолага. Стварылася чарга людзей на маніторынг стану здароўя, які праводзілі спецыялісты Пінскага СТ “Альсіменя” з дапамогай сістэмы “Rofes”.
У актавай зале Гараднянскага ЦСДК дэманстраваліся відэафільмы па чарнобыльскай тэматыцы.
Па тэме бяспечнага пражывання на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях перад удзельнікамі кірмашу здароўя выступіў памочнік урача-гігіеніста па радыяцыйнай гігіене ДУ “Столінскі РЦГіЭ” Анатоль Пятровіч Сычэвіч. Пра тое, як берагчы ад хваробы сэрца, расказаў урач-кардыёлаг Столінскай ЦРБ Валерый Іванавіч Мазоль.
У фае ЦСДК былі наладжаны выстаўкі інфармацыйных матэрыялаў па здаровым ладзе жыцця. Цікавасць выклікала выстаўка дзіцячых малюнкаў “Чарнобыль і жыццё ў вёсцы”. Былі вызначаны і заахвочаны пераможцы конкурсу малюнкаў.
На пляцоўцы перад ЦСДК была наладжана гульня “Спартландыя” паміж вучнямі Гараднянскай і Глінкаўскай сярэдніх школ.
А завяршыў праграму кірмашу здароўя канцэрт, падрыхтаваны сіламі вучняў Гараднянскай сярэдняй школы і калектыву Гараднянскага ЦСДК.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара