Адзін дзень з жыцця калектыву: Неспакойныя будні ў прыёмным пакоі Шаркаўшчынскай ЦРБ. 21.by

Адзін дзень з жыцця калектыву: Неспакойныя будні ў прыёмным пакоі Шаркаўшчынскай ЦРБ

15.06.2018 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

57617 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаць людзі ў белых халатах. Да іх мы спяшаемся, адчуўшы недамаганне, вядзем на прыём сваіх дзяцей, прыходзім па рэцэпты і звяртаемся па ўрачэбную параду.

У прыёмным пакоі Шаркаўшчынскай ЦРБ, як кажуць,пакой толькі сніцца. Гэта аддзяленне самі медыкі называюць фарпостам і апорай усёй бальніцы. Дзясяткі чалавек штодзённа праходзяць праз прыём, пачынаючы ад звычайных скаргаў на тэмпературу, ціск, галаўны боль і заканчваючы экстраннымі выпадкамі, калі ад зладжанасці ў калектыве і прадуманых дзеянняў залежыць жыццё пацыента.

Са жніўня мінулага года прыёмнае аддзяленне ўзначальвае малады ўрач-тэрапеўт Аляксандр Канстанцінавіч Рымдзёнак. Да гэтага часу ў прыёмным аддзяленні асобнага ўрача не было, пацыентаў прымалі ўрачы, якія дзяжурылі ў бальніцы ў гэты дзень. Вялікая доля адказнасці, вядома ж, была ўскладзена  на сярэдні і малодшы медперсанал — дружны жаночы калектыў, у складзе якога  сумленна працуюць і старанна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі жанчыны, якіх вы бачыце на здымку. Гэта старшая медыцынская сястра прыёмнага аддзялення Таццяна Дзмітрыеўна Ананіч, медыцынскія сёстры Рыма Ювінальеўна Бараноўская, Святлана Мацвееўна Зінькова і малады спецыяліст Вікторыя Уладзіміраўна Струй. Надзейнымі памочніцамі сярэдняга медперсаналу з’яўляюцца санітарачкі: Таццяна Мікалаеўна Лагун, Валянціна Валер’еўна Калтыжанкова, Наталля Леанідаўна Раковіч, Алена Мацвееўна Шамровіч, Надзея Валянцінаўна Арлова (зараз у дэкрэтным адпачынку). Пра спецыфіку сваёй няпростай прафесіі напярэдадні Дня медработнікаў карэспандэнту раённай газеты расказалі медыцынскія сёстры Таццяна Дзмітрыеўна Ананіч і Рыма Ювінальеўна Бараноўская.

— У прыёмнае аддзяленне людзі трапляюць па-рознаму: з паліклінікі, па выкліку хуткай дапамогі, часта звяртаюцца і самі. У аддзяленні забяспечваюцца рэгістрацыя, прыём, пярвічны агляд, санітарна-гігіенічная, аказанне кваліфікаванай неадкладнай медыцынскай дапамогі і шпіталізацыя экстранных і планавых хворых ва ўсе аддзяленні райбальніцы. Дапамога пацыентам аказваецца кругласутачна. За год праз прыёмнае аддзяленне праходзіць некалькі тысяч пацыентаў. І ад таго, наколькі прафесійна, хутка і зладжана дзейнічае медыцынскі персанал прыёмнага пакоя, у вялікай ступені залежыць поспех далейшага курса лячэння хворага, а ў асобных выпадках — нават жыццё.

Пераважная большасць медыкаў прыёмнага аддзялення — спецыялісты з дастаткова вялікім вопытам работы ў розных аддзяленнях, медыцынскія сёстры вышэйшай і другой катэгорый. 28 гадоў медыцынскага стажу у старшай медсястры Таццяны Дзмітрыеўны Ананіч, 25 гадоў — у Рымы Ювінальеўны Бараноўскай. Вялікі медыцынскі вопыт за гады сваёй прафесійнай дзейнасці набыла Святлана Мацвееўна Зінькова. У гэтых жанчын, як і ў іншых вопытных медыкаў райбальніцы, паспяхова пераймаюць вопыт маладыя супрацоўнікі: урач тэрапеўт прыёмнага аддзялення Аляксандр Рымдзёнак і медыцынская сястра Вікторыя Струй.

У выхадныя і святочныя дні, калі не вядзецца прыём пацыентаў у паліклінічным аддзяленні, нагрузка на медыкаў з прыёмнага пакоя павялічваецца. Для больш аператыўнага прыняцця рашэнняў наладжана прамая сувязь па рацыі з медыкамі хуткай медыцынскай дапамогі, якія на шляху да бальніцы могуць перадаць у прыёмны пакой неабходную інфармацыю пра стан пацыента, які будзе аператыўна дастаўлены ў бальніцу. Пры неабходнасці ў прыёмнае аддзяленне выклікаюцца ўрачы рэанімацыйнага і іншых аддзяленняў па профілі, іншыя спецыялісты. Сістэма работы адладжана. З медыкамі праводзяцца вучэбныя заняткі на выпадак узнікнення надзычайных здарэнняў ці выяўлення асабліва небяспечных, рэдкіх для нашай мясцовасці інфекцыйных захворванняў. Не разгубіўся невялікі калектыў прыёмнага аддзялення райбальніцы і ў той дзень, калі над Шаркаўшчынай пранеслася тарнада і ў бальніцу за кароткі прамежак часу звярнулася шмат пацярпелых з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Гэты экзамен, дарэчы, як і многія іншыя, увесь калектыў цэнтральнай раённай бальніцы вытрымаў дастойна.

Напярэдадні прафесійнага свята медыкам нашага раёна жадаем  поспехаў у іх такой няпростай, высакароднай і вельмі адказнай рабоце, ад якой залежыць самае дарагое, што ёсць у чалавека, — здароўе. Шчасця вам, сямейнага дабрабыту, моцнага здароўя і ўсяго самага найлепшага!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика