В санатории «Лесные озёра» оздоравливают не только гостей, но и ушачан. 21.by

В санатории «Лесные озёра» оздоравливают не только гостей, но и ушачан

27.01.2020 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сукенкі з маланкай на спіне работніца санаторыя “Лясныя азёры” Надзея Сімановіч апошнім часам не насіла: з-за таго, што моцна балеў плечавы сустаў і проста немагчыма было завесці руку назад, каб зашпіліць замок. Так званы “сіндром замарожанага пляча” не даваў спаць па начах і ўвогуле ўносіў у жыццё адчувальны дыскамфорт. І каб ёй сказалі, што гэту немач можна ўтаймаваць простай непрацяглай працэдурай – не паверыла б. Але ўжо пасля першага сеансу ўдарна-хвалевай тэрапіі, паспрабаваць якую ёй параілі ўрачы роднай здраўніцы, боль адступіў, а неўзабаве і маланкі перасталі быць праблемай!

– Наша “чароўная палачка” тут ужо многіх здзівіла, – усміхаецца доктар Ігар Уладзіміравіч Кавалёў, дэманструючы нам апарат для правядзення новай працэдуры. – Адзін з адпачываючых, які паўтара года не мог узняць угару руку, зараз ужо робіць дзесяць адцісканняў ад падлогі, другі мужчына з падобнымі праблемамі пачаў гуляць у тэніс!

Ігар Уладзіміравіч – урач вышэйшай катэгорыі з багатай практыкай работы ў сталічных установах – папоўніў кадравы склад санаторыя паўтара месяца таму і стаў ініцыятарам больш шырокага выкарыстання эфектыўнага метаду лячэння, заснаванага на ўздзеянні акустычных хваляў на касцявыя і злучальныя тканкі. За гэты кароткі час для кліентаў ужо праведзена больш 100 сеансаў.

– У якіх выпадках паказана ўдарна-хвалевая тэрапія? – цікавімся ў доктара.

– Па-першае, гэта праблемы апорна-рухальнага апарату: захворванні суставаў, астэахандрозы, грыжі пазваночніка, пераломы, якія дрэнна зрастаюцца, а таксама сумна знаёмая многім пятачная шпора. Дапамагае гэты метад і ў сферы андралогіі – пры хваробах прастаты, эрэкцыйнай дысфункцыі. Шырока выкарыстоўваецца ў касметалогіі і дэрматалогіі – напрыклад, для зажыўлення язваў, ухілення расцяжак і цэлюліта. Балявыя сімптомы ў пацыентаў як правіла знікаюць ужо ў час першага сеансу. Акустычныя нізкачастотныя хвалі разбіваюць адкладанні соляў, стымулююць працэс утварэння новых сасудаў і капіляраў вакол праблемных участкаў. Не назначаецца гэта лячэнне дзецям, тым, хто мае захворванні крыві і анкалагічныя праблемы. Увогуле лічу, што лячэнне акустычнымі хвалямі мае надзвычайны патэнцыял і будзе інтэнсіўна развівацца. Напрыклад, што датычыцца хвароб пазваночніка, то такая тэрапія з’яўляецца адзінай альтэрнатывай хірургічнага ўмяшальніцтва. Вядома ж, прайсці курс лячэння ў нас могуць і ўшачане: кошт аднаго сеанса – 15 рублёў.

Прынамсі, укараняюцца ў нашай здраўніцы і іншыя прагрэсіўныя тэхналогіі лячэння і дыягностыкі. Сярод навінак – абследаванне АМП: неінвазіўны аналіз крыві па метадзе Малыхіна. Як і для чаго ён робіцца? Пра гэта пытаемся ва ўрача-тэрапеўта Юрыя Іванавіча Зарубава, які таксама з нядаўняга часу працуе ў “Лясных азёрах”, пераехаўшы да нас з абласнога цэнтра.

– Гэта вельмі просты, зусім бязбольны і дакладны метад абследавання. Ён дазваляе ацаніць стан здароўя пацыента па 131 параметры жыццядзейнасці арганізма, якія счытвае спецыяльны апарат. Хоць і называецца АМП аналізам крыві, аднак калоць палец ці вену вам ніхто не будзе: замест гэтага на целе замацуюць пяць датчыкаў, а прыбор здыме і прааналізуе паказчыкі, пасля чаго выдасць папярэднюю падказку – які дыягназ можа быць у пацыента. У адпаведнасці з ёй урач парэкамендуе расшыраную дыягностыку або лячэнне.

Такім чынам, калі хочаце праверыць стан свайго здароўя, але не жадаеце хадзіць па кабінетах ды здаваць шматлікія аналізы – прыязджайце ў “Лясныя азёры” і за некалькі мінут атрымаеце адказ на пытанне, ці ўсё ў вас добра са здароўем. Да слова, непасрэдна праводзіць гэтае абследаванне ўрач Анастасія Аляксандраўна Люцько, якую многія чытачы ведаюць па яе рабоце ў раённай паліклініцы. Кошт АМП таксама прымальны – 27 рублёў.

Дзешавей, чым у гарадскіх паліклініках, у нашай здраўніцы можна зрабіць і папулярны зараз дыхальны тэст на Хелікабактэр пілары. Пра яго мы ўжо расказвалі раней, нагадаем толькі, што наяўнасць у арганізме названай бактэрыі можа прывесці да развіцця гастрыту, язвеннай хваробы, паліпаў і нават злаякасных пухлін. Да паслуг ушачан і вялікі пералік працэдур санаторыя, пра якія можна даведацца на сайце ці па тэлефонах.

– Хочацца ўнесці як мага большую лепту ў справу аздараўлення не толькі гасцей, а і нашых землякоў, – адзначае дырэктар здраўніцы Віктар Мікалаевіч Грынкевіч. – Як бачыце, мы імкнёмся развіваць свае паслугі, выкарыстоўваць самыя сучасныя метады дыягностыкі і лячэння. У гэтым плане можам стаць добрымі памагатымі для асноўнай медустановы раёна – Ушацкай ЦРБ, з якой у нас, да слова, наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва.

– Ушачанам увогуле моцна пашанцавала – жыць у такіх мясцінах, сярод унікальнай прыроды, дзе гаючае само паветра! – кажа напрыканцы нашай размовы Ігар Уладзіміравіч Кавалёў. – Ведаеце, за непрацяглы час я ўжо паспеў закахацца ў гэтую зямлю і калі прыязджаю па справах у Мінск – лічу хвіліны да ад’езду назад. “Лясныя азёры” – гэта сапраўдная крыніца здароўя, і канечне, мясцовым жыхарам варта карыстацца такімі дабротамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сукенкі з маланкай на спіне работніца санаторыя “Лясныя азёры” Надзея Сімановіч апошнім часам не насіла: з-за таго, што моцна балеў плечавы сустаў і проста...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика