Ісламіст хацеў зарэзаць дацкага карыкатурыста
02.01.2010 16:46
—
ЧП
|
75‑гадовы аўтар малюнкаў Магамета разам з 5‑гадовым унукам паспеў схавацца ў бронепакоі свайго дома. Паліцыянты падстрэлілі 28‑гадовага самалійца, узброенага кінжалам і сякерай. Ён уварваўся ў хату дацкага карыкатурыста Курта Вэстэргорда. Гэта ягоны малюнак прарока Магамета ў турбане ў выглядзе бомбы 5 гадоў таму ўзбурыў ісламскі свет. Кіраўнік дацкай выведкі заявіў, што нападнік звязаны з «Аль‑Кайдай» — тэрарыстычнай групай, што хоча знішчыць неісламскі свет. Усё адбывалася, нібы ў фільме жахаў. Зламыснік у пятніцу ўвечары сякерай прабіў дзверы будынку ў горадзе Орхус, у якім жыве карыкатурыст. На той момант разам з мастаком быў ягоны 5‑гадовы ўнук. Ад удараў сякеры па дзвярах спрацавала сігналізацыя. Вэстэргорд схапіў соннага хлопчыка і схаваўся ў ванным пакоі — адмыслова ўмацаваным на такія выпадкі. Стуль Вэстэргорд патэлефанаваў у паліцыю. Яна ўправілася прыехаць за дзве хвіліны. Тэрарыст, які безвынікова клюксаў сякерай па браняваных дзвярах, кінуўся з кінжалам на паліцыянтаў. Тыя стрэлілі і трапілі яму ў калена і руку. Пагрозы жыццю нягодніка няма. Карыкатура Вэстэргорда была самай знакамітай сярод тых 12‑ці, якія апублікавала газета «Jyllands‑Posten». 5 гадоў таму малюнкі выклікалі хвалю абурэння ў ісламскім свеце. У некалькіх краінах спалілі дацкія амбасады. Аднак урад краіны так і не папрасіў прабачэння за карыкатуры. Свабода слова дае права мастакам маляваць тое, што яны хочуць. Такая была пазіцыя Андэрса Фога Расмусэна — тагачаснага прэм’ера, які цяпер узначальвае НАТО. Дацкая выведка паведаміла, што «арыштаваны быў цесна звязаны з самалійскай групоўкай «Эль‑Шабаб» і кіраўнікамі «Аль‑Кайды» ва Ўсходняй Афрыцы. «Мой унук нармальна ўсё гэта перанёс, — кажа спадар Вэстэргорд. — Было страшна. Ён крычаў «Помста!» і «Кроў!» Але мы вытрымалі гэта». У кастрычніку амерыканскія спецслужбы злапалі двух жыхароў Чыкага, якія наважваліся забіць былога рэдактара аддзела культуры газеты і самога спадара Вэстэргорда. Пільнаванне радыкальных ісламскіх асяродкаў стала галоўнай задачай заходніх спецслужбаў пасля крывавай атакі 11 верасня 2001 года, у якой загінулі амаль 3000 амерыканцаў. Саюз дацкіх мусульманаў адмежаваўся ад тэрарыста і асудзіў любыя гвалтоўныя дзеянні. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
75‑гадовы аўтар малюнкаў Магамета разам з 5‑гадовым унукам паспеў схавацца ў бронепакоі свайго дома.
|
|