За што п’яны ўчастковы стрэліў у Ніну ва ўпор? — жахлівыя падрабязнасці. 21.by

За што п’яны ўчастковы стрэліў у Ніну ва ўпор? — жахлівыя падрабязнасці

28.07.2010 10:50 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Матэрыялы ў беларускай прэсе, якія выйшлі адразу пасля трагедыі, пакінулі шмат пытанняў. У народзе з’явіліся плёткі — «забіў з-за рэўнасці», «стрэліў выпадкова», «на курок націснула жонка міліцыянера» і гэтак далей. Што ж насамрэч здарылася ў мястэчку Доўск Рагачоўскага раёна страшнай купальскай ноччу? За якую правіну міліцыянер здзейсніў такі жорсткі ўчынак?

Гэтыя акалічнасці ад непасрэдных сведкаў высвятляў журналіст «Звязды» Яўген Валошын.

«Справу ўчастковага Клімянка» называюць «асабліва важнай», следствам займаецца Гомельская абласная пракуратура. Збольшага краіна ведае пра сухія і малавытлумачальныя акалічнасці трагедыі. У аўторак шостага ліпеня ўчастковы міліцыянер Рагачоўскага РАУС стрэліў у 22-гадовую дзяўчыну.

Ад стрэлу ва ўпор ахвяра атрымала «ачаговую траўму галаўнога мозга, адкрыты пералом звода чэрапа». Было зроблена некалькі цяжкіх аперацый. У пятніцу 16 ліпеня дзяўчына памерла…

Журналіст «Звязды» сустрэўся з непасрэдным сведкам пагібельнага стрэлу (прозвішча чалавека не называем у мэтах яго бяспекі, запісы гутаркі ёсць у рэдакцыі).

Падрабязнасці забойства Ніны Карасёвай абураюць цынізмам і бяспраўем, якое дазволіў сабе ўчастковы Мікалай Клімянок. Расповед сведкі кардынальна пярэчыць чуткам.

«Мне ўсё можна, перастраляю ўсіх»

— Размовы пра тое, што Ніна сустракалася з Клімянком — хлусня. Год таму ён паспрабаваў да яе заляцацца. Але Ніна адмаўлялася сустракацца з жанатым чалавекам, на гэтым размовы скончыліся. І вось яны сустрэліся ўпершыню ў гэтым годзе. Клімянок, участковы Курганскага сельсавета, прыехаў у Журавічы разам з палюбоўніцай, — распавядае сведка пра тое, як міліцыянер «нёс дзяжурства» на купальскую ноч. — У некаторых газетах напісалі, што ён абрываў Ніне тэлефон. Гэта няпраўда, ды і інфармацыю гэту можна лёгка праверыць, зрабіўшы раздрукоўкі тэлефонных размоў. Ніна сябравала з участковым Сяргеем К., які абслугоўваў тэрыторыю Журавіцкага сельсавета, дзе яна і жыла. Яны проста сябравалі, нічога больш. Яна вясёлая была, у кампаніі з ёй было цікава. У тую ноч яны дамовіліся сустрэцца, разам пагуляць у кампаніі. Міліцыянер і палюбоўніца Клімянка прыехалі ў Журавічы, да іх далучыліся яшчэ тры мясцовыя дзяўчыны, сярод якіх была Ніна. Разам пасядзелі на возеры, выпілі паўтары бутэлькі гарэлкі.

— Гэта няшмат, чаму ж кажуць, што міліцыянеры так «пагулялі», што ледзь стаялі на нагах?

— Міліцэйскі вадзіцель, які ўсіх прывёз, быў зусім цвярозы, іншыя міліцыянеры — больш-менш.

А Коля (Клімянок. — «Звязда») быў ніякі. Ужо на возеры ён пачаў сварыцца з Нінай.

— За што?

— Яна была дзяўчына вельмі добразычлівая, усіх абараняла, перад усімі старалася быць добрай. У Алега, з якім яна разам працавала, здарыліся праблемы. Якраз вырашалася, пакараюць яго ці не. Яна пачала за яго заступацца: «Навошта хлопцу жыццё калечыць?» Коля быў п’яны, пачаў крычаць: «Ды я яго ўвогуле засаджу, ён пачвара, такі-растакі». Потым кудысьці пабег, зачапіўся за пень, упаў. Пачаў крычаць, што рэбры паламаў. Згубіў кабуру ад пісталета. Мы яе знайшлі. А ён пачаў крычаць: «Мне ўсё можна, перастраляю ўсіх».

Чулі і такое, што казаў: «Трэба пастраляць». Думалі, што напіўся чалавек, вярзе лухту, не звярнулі на гэта належнай увагі. Ды і Коля сціх…

— Што здарылася пасля?

— Паехалі ў Доўск, ненадоўга — каб потым вярнуцца ў Журавічы на дзяжурства. Сядзелі ў машыне каля бара «Аляксандр». Размаўлялі на розныя тэмы, смяяліся. Адзін з нас пайшоў і ўзяў яшчэ гарэлкі, запівона. Думалі вяртацца.

Клімянок патрабаваў машыну, хацеў з’ехаць дадому. Яму казалі: «Куды табе за руль у такім стане? Ды і як мы цябе да жонкі прывядзём, ты ж на рагах». Нарэшце ён сабраўся ісці дадому пехам. І яму аддалі згублены на возеры службовы пісталет.

Клімянок узяў зброю, нечакана наставіў на Ніну і стрэліў ва ўпор, проста ў галаву.

Была нібы іскра, на перад машыны хлынула кроў.

— …Як так? Проста наставіў пісталет і стрэліў?

— Так, і сказаў пры гэтым: «Цябе, с…а, даўно трэба было грохнуць».

Можа быць, і ў іншых пачаў бы паліць, але пісталет тут жа адабралі. Ён сядзеў на пярэднім сядзенні і маўчаў. Толькі праз нейкі час пачаў казаць: «Забіце мяне…»

«Перакос у яго здарыўся, калі загінуў брат»

У артыкулах, дзе пісалася пра здарэнне, журналісты давалі слова ананімным супрацоўнікам сельсаветаў. Тыя давалі Мікалаю Клімянку такую характарыстыку, што хоць да раны прыкладай: «спакойны», «сумленны», «адказны».

Асабіста я, праехаўшыся па вёсках Рагачоўскага раёна, часта чуў пра былога ўчастковага іншыя характарыстыкі — злы, неўраўнаважаны.

— Яго нельга было дапускаць на працу ў міліцыю.

Перакос у яго здарыўся яшчэ тады, калі загінуў брат, — выказалася адна з жыхарак Доўска, дзе жыў участковы-забойца. — Брат вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі, у Горках. Дык кажуць, што забілі, а падрабілі так, нібы патануў.

Інфармацыю пра трагічную смерць брата нам пацвердзілі мясцовыя чыноўнікі.

Прыязджаю ў вёску Курганне, якую непасрэдна абслугоўваў Мікалай Клімянок. У будынку сельсавета дагэтуль вісіць аб’ява з тэлефонам былога ўчастковага: «Паважаныя грамадзяне, па ўсіх пытаннях, якія вы маеце і якія ўваходзяць у кампетэнцыю органаў унутраных спраў, Вы можаце звярнуцца да свайго ўчастковага інспектара міліцыі…»

— Мясцовыя жыхары кажуць пра яго рознае. Нехта: «Ён такі-сякі, так яму і трэба». Нехта ўвесь час пытаецца: «Што там з нашым участковым? Можа, дапамога трэба?» Некаторыя прапаноўваюць пісаць у яго абарону калектыўны ліст, — перадае рэакцыю людзей старшыня Курганскага сельсавета Сяргей Мартыненка. — Я сам участковага ведаў дрэнна, толькі два месяцы на сваёй пасадзе знаходжуся. Разам дзяжурылі на выпускным у сярэдняй школе, у святкаванне не ўмешваліся, нейкай агрэсіі ў яго дзеяннях не заўважыў. Паводзіў сябе спакойна. Але гарэлка можа пераўтварыць чалавека ў што заўгодна.

У Новых Журавічах, дзе загінулая Ніна Карасёва працавала бухгалтаркай на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, пра ракавую купальскую ноч узгадваюць у адзін голас —

«Гуляла міліцыя! Больш чым па мільёну зарабляюць, а людзей ні ў што не ставяць».

Куды б мы ні заходзілі, дзе б мы ні распытвалі пра трагедыю (у мясцовай сталоўцы, у моладзі і ў калег, і проста на дварэ ў старэйшых жыхароў) ніхто не сказаў пра Ніну Карасёву дрэннага слова.

— Ніна была камунікабельная дзяўчына, прыгажуня, умела пажартаваць. Мы яе прыцягвалі і на спартакіяду па валейболе ў жаночую каманду, — узгадвае Таццяна Драздова, старшыня Журавіцкага сельскага Савета. — Працаўніком яна была надзейным, часта заходзіла да мяне то факс прыняць, то дакумент размножыць. Даверылі ёй касу, нараканняў не было…

Ніну пахавалі ў вёсцы Драгунск, дзе жывуць яе бацькі. Паклалі ў труну ў белай сукенцы, твар быў закрыты, а наперадзе труны неслі прыгожы-прыгожы партрэт…

Калі стаяў ля магілы Ніны Карасёвай, прасякнуўся жахам. Гэтак жа за бяскрыўдны дыялог з неадэкватным супрацоўнікам міліцыі, за пошук справядлівасці альбо за трапны жарт мог загінуць любы чалавек — я, нехта з сяброў, блізкіх…

— Ён заслугоўвае смяротнага пакарання альбо сесці ў турму пажыццёва і кожны дзень прасіць Бога аб смерці, — плачуць у сям’і Карасёвых

. — Гэта чалавек са скалечанай псіхікай: калі ён выйдзе на волю, наробіць яшчэ большых бедаў. Але ведаем, што ў яго добры адвакат, уплывовыя сваякі. Баімся, што ў выніку ён можа прабыць за кратамі нядоўга…

Ніна Карасёва — не першая ахвяра Купалля пад Доўскам?

Не менш страшнае здарэнне скаланула Новыя Журавічы і ваколіцы летась. Здарылася гэта акурат у купальскую ноч

.

— Матацыкліст тут у нас каля плошчы дзяўчынку збіў, у дзве гадзіны ночы, — узгадвае старшыня журавіцкага сельскага Савета Таццяна Драздова. — З Хатоўні яна сама, 11-класніца Юля. Таксама прамучылася, зрабілі некалькі аперацый, памерла. У тую ж ноч у Балотні (суседняя з Новымі Журавічамі вёска. — «Звязда») падпальвалі пакрышкі, ставілі адна на адну. Адна з пакрышак упала на 15-гадовага хлопца. Вялікі апёк быў, інтаксікацыя арганізма, таксама не выжыў. Таму я перад гэтым Купаллем была ў напружанні, малілася, хоць бы ўсё было добра. І тут такое здарэнне, хоць і не на нашай тэрыторыі!

Афіцыйна

На наступны дзень пасля здарэння была заведзена крымінальная справа па артыкуле «Замах на забойства».

— Дзяўчына загінула, таму артыкул будзе перакваліфікаваны ў «Забойства». Здарыцца гэта, калі яму будуць прад’яўлены абвінавачванні, — паведамляе Юрый Дзям"янчык, начальнік следчага аддзела па найважнейшых справах Гомельскай абласной пракуратуры. — Вядзецца следства.

Адразу пасля той купальскай ночы на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў з’явіўся каментар палкоўніка Анатоля Курыльца, намесніка міністра ўнутраных спраў: «Гэта сапраўдная ганьба для ўсёй сістэмы органаў унутраных спраў. Гэта трагічны, але адзінкавы выпадак. Сістэма службовай падрыхтоўкі супрацоўнікаў міліцыі, якія часта знаходзяцца ў стрэсавай сітуацыі, ужо даўно не давала такіх збояў».

Як стала вядома журналісту «Звязды», адразу пасля здарэння з рагачоўскага РАУС звольніўся ўчастковы Сяргей К., той самы таварыш Ніны Карасёвай і калега Мікалая Клімянка:

«Пасля гэтага мне сорамна працаваць у міліцыі».

Пасады пазбавіўся і супрацоўнік РАУС, які адказваў за прафесійную падрыхтоўку асабістага складу.

Падзяліцца навіной: 
Яўген Валошын, Звязда

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што ж насамрэч здарылася ў мястэчку Доўск Рагачоўскага раёна страшнай купальскай ноччу? За якую правіну міліцыянер здзейсніў такі жорсткі ўчынак? Расследаванне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика