Міліцыянеру з Рагачова, які забіў дзяўчыну, заўтра выставяць абвінавачанне. 21.by

Міліцыянеру з Рагачова, які забіў дзяўчыну, заўтра выставяць абвінавачанне

30.09.2010 14:56 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пракуратура Гомельскай вобласці 30 верасня вынесла пастанову аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага міліцыянера з Рагачоўскага раёна, які забіў дзяўчыну.

1 кастрычніка яму будзе выстаўлена канчатковае абвінавачанне на падставе п. 13 ч. 2 арт. 139 КК (забойства з хуліганскіх намераў). Першапачаткова гаворка ішла пра замах на забойства (ч. 1 арт. 14 і арт. 139 КК), бо на момант распачынання крымінальнай справы дзяўчына была жывая, паведаміў начальнік следчага аддзела па найважнейшых справах пракуратуры Гомельскай вобласці Юрый Дзям’янчык. Паводле яго слоў, на наступным тыдні крымінальная справа будзе перададзена ў суд.

«Забойства было — гэта факт, а матыву забіваць не было, ён гэта ўчыніў беспрычынна», — сказаў Дзям’янчык.

Трагедыя здарылася 6 ліпеня. У 23.00 участковы міліцыянер Рагачоўскага РАУС параніў з табельнага пісталета ў службовай машыне 22-гадовую дзяўчыну, жыхарку вёскі Журавічы. Яна атрымала сляпое агнястрэльнае раненне галавы. Праз 10 дзён дзяўчына памерла ў рэанімацыі, не прыходзячы ў прытомнасць.

У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Журавічах святкавалі Купалле. За парадкам сачылі міліцыянеры з Рагачоўскага РАУС. Абвінавачаны павінен быў знаходзіцца тым часам на тэрыторыі іншага сельсавета. Пацярпелая дзяўчына і дзве яе сяброўкі селі ў машыну да трох міліцыянераў і паехалі з імі ў суседнюю вёску Доўск, дзе і здарылася трагедыя.

Устаноўлена, што міліцыянер на момант учынення злачынства быў п’яны — у яго крыві было прыблізна 1,8 праміле алкаголю. У крыві яго калегі-ўчастковага, які таксама знаходзіўся на месцы НЗ, было 2 праміле алкаголю. Трэці міліцыянер уцёк, таму яго не агледзелі.

Вадзіцель-міліцыянер быў цвярозы, але ён не праінфармаваў кіраўніцтва аб тым, што яго калегі п’янствуюць, а не ахоўваюць грамадскі парадак.

Пасля забойства больш як 30 супрацоўнікаў і кіраўнікоў сістэмы МУС былі прыцягнуты да адказнасці — ад вымоў да звальнення. Службовая праверка, праведзеная ўпраўленнем уласнай бяспекі МУС, паказала, што прычыны ўчынення злачынства — гэта не толькі асабістыя нізкія маральныя якасці міліцыянера, але і практычна поўная адсутнасць кантролю з боку кіраўніцтва Рагачоўскага РАУС і Гомельскага УУС.

За грубае парушэнне дысцыпліны звольнены з міліцыі абвінавачаны ва ўчыненні забойства дзяўчыны ўчастковы і тры яго калегі, якія знаходзіліся на месцы злачынства. Дысцыплінарнае пакаранне атрымалі кіраўніцтва Рагачоўскага РАУС, Гомельскага УУС і тры кіраўнікі ўпраўленняў МУС, адказныя за ахову грамадскага парадку, прафілактыку, кадры і следства.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пракуратура Гомельскай вобласці 30 верасня вынесла пастанову аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага міліцыянера з Рагачоўскага раёна, які забіў дзяўчыну. 1...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика