Начная дарога небяспечная. 21.by

Начная дарога небяспечная

26.09.2012 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Магілёўскім раёне ў ДТЗ загінулі два чалавекі.

Усё пачыналася з радаснай падзеі: у вёсцы Трылесіна Дрыбінскага раёна сабралася вялікая сям'я. Свята і застолле завяршыліся позна ўвечары, госці дадому не спяшаліся, бо быў і аўтамабіль, і вадзіцель. Праўда, на той момант ніхто не ўлічыў, што ў маладога чалавека зусім малы вопыт кіравання — крыху болей за паўгода. Паводле інфармацыі Магілёўскай ДАІ, каля поўначы 14 верасня паблізу вёскі Сухары Магілёўскага раёна вадзіцель страціў кантроль над аўтамабілем на закругленні дарогі, "Фальксваген" з'ехаў у кювет, некалькі разоў перакуліўся і збіў жалезабетонную апору лініі электраперадач.

— Аднаго з пасажыраў выкінула з мікрааўтобуса, — паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе абласной ДАІ Таццяна Старасотнікава. — Але мужчына сур'ёзна не пацярпеў. Два чалавекі ў аўтамабілі засталіся жывымі — сам вадзіцель і 15-гадовы падлетак. Два мужчыны, 40 і 55 гадоў, загінулі на месцы. Удар аб слуп трапіў па іх, і траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. Гэта вялікае гора для сям'і, і кіроўцу давядзецца адказаць перад законам.

Ілона Іванова.

Сын абвінавачваецца ў забойстве маці

Крымінальная справа па абвінавачанні 24-гадовага жыхара адной з вёсак Чэрвеньскага раёна ў катаванні і забойстве маці накіравана ў Мінскі абласны суд. Паводле слоў намесніка начальніка аддзела пракуратуры Мінскай вобласці Таццяны НАХОДКІ, малады чалавек, знаходзячыся нападпітку, больш як 40 разоў ударыў сваю 55-гадовую маці нагамі і дзяржальнам швабры, у тым ліку па галаве і грудной клетцы. У выніку жанчына загінула на месцы здарэння. Нагодай для забойства паслужылі словы пра тое, што яна не ведае, дзе знаходзіцца набытая сынам бутэлька гарэлкі. Як высветлілася, хлопец і да гэтага няшчасця неаднаразова падымаў на маці руку.

Забілі, каб не плаціць за праезд

Пракуратура Мінскай вобласці падтрымала дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе аб забойстве мінскага таксіста ў снежні 2011 года ў п. Калодзішчы Мінскага раёна. Паводле слоў пракурора аддзела пракуратуры Мінскай вобласці Алесі ЖАВАРАНАК, злачынства здзейснілі па папярэдняй змове, каб пазбегнуць аплаты за праезд, двое раней судзімых мінчан, 23 і 34 гадоў. Яны задушылі таксіста шпагатам, а таксама нанеслі яму нажавыя раненні і ўдары рукамі і нагамі па розных частках цела. Труп пакінулі ў лесе, а аўтамашыну і іншую маёмасць пацярпелага выкралі. Мінскі абласны суд прызнаў маладых людзей вінаватымі і прысудзіў па сукупнасці злачынстваў да 24 і 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Надзея ДРЫЛА.

Невядомы парашок у канверце нарабіў перапуду

Канверт з невядомым рэчывам быў выяўлены ў Салігорску: у доме па праспекце Міру грамадзянін бліжэй да абеду ў сваёй паштовай скрыні знайшоў адпраўленне без зваротнага адраса, унутры якога знаходзіўся празрысты пакецік з невядомым белым парашком і надпісам "Споры сібірскай язвы". — На месца прыбыла няштатная хімічная служба Салігорскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыя, брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Пад'езд дома быў ачэплены, доступ у кватэру абмежаваны, — распавялі падрабязнасці ў цэнтры прапаганды і навучання пры Мінскім абласным упраўленні МНС. — Работнікі дзяржаўнай установы "Салігорскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" пакецік з невядомым рэчывам упакавалі ў кантэйнер і накіравалі ў мікрабіялагічную лабараторыю ў Слуцк. Была праведзена санітарная апрацоўка трохпакаёвай кватэры і пад'езда дзевяціпавярховага дома дэзынфікуючым сродкам. Гаспадар жылля 1943 года нараджэння і яго на тры гады маладзейшай жонка былі дастаўлены ў інфекцыйнае аддзяленне Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы для абследавання. Паводле слоў галоўнага ўрача дзяржаўнай установы "Салігорскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі", папярэднія даследаванні знойдзенага парашка паказалі, што спор сібірскай язвы не выяўлена. Разгорнуты вынік будзе гатовы ў бліжэйшы час.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Зняў кватэру і абрабаваў гаспадыню

У Віцебску 22-гадовы малады чалавек зняў кватэру на суткі і... вынес адтуль сучасны тэлепрыёмнік і мікрахвалевую печ. Грошай гаспадыня кватэры ў якасці платы за пражыванне так і не атрымала. Скрадзены тэлевізар злодзей здаў у ламбард. Калі з ім паспрабавала выйсці на сувязь падманутая гаспадыня кватэры, мабільны тэлефон хлопца быў па-за зонай доступу... Праз некалькі месяцаў гэты ж хлопец "узяў касу" крамы папулярнай у Віцебску гандлёвай сеткі "Віцебскія прадукты". Жанчына-касір чакала інкасатара, а замест апошняга з'явіўся малады чалавек з нажом у руках, стаў патрабаваць грошы. У выніку адабраў 27,5 мільёна рублёў. — Падчас расследавання крымінальнай справы маці рабаўніка часткова кампенсавала страту краме — у памеры 15 мільёнаў рублёў... Прыгаворам суда за ўчыненыя крадзеж і разбойны напад злодзея пазбавілі волі тэрмінам на 7 гадоў, — расказаў Аляксандр Дзядзюра, памочнік пракурора Кастрычніцкага раёна Віцебска. — З канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, ён абавязаны кампенсаваць маральную шкоду касіру крамы — 5 мільёнаў рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

"Каратнула" электраправодку тэлевізара...

Удзень пра дым, які ішоў з кватэры на 8-м паверсе 9-павярховага жылога дома ў Мінску па вуліцы Ротмістрава, паведамілі суседзі.

— Як потым высветлілася, у жылым пакоі аднапакаёвай кватэры загарэўся тэлевізар "Гарызонт". Кватэра належала жанчыне 1968 года нараджэння. На момант загарання ў жыллі нікога не было, — расказаў старшы інспектар цэнтра прапаганды Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алег Малевіч. — Мяркуецца, што прычынай здарэння стала кароткае замыканне электраправодкі тэлевізара. У выніку быў знішчаны сам тэлевізар, пашкоджана шыба, мэбля. Работнікі МНС з суседніх кватэр з выкарыстаннем масак эвакуявалі 9 чалавек, у тым ліку дваіх дзетак. Пацярпелых не было.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магілёўскім раёне ў ДТЗ загінулі два чалавекі. Усё пачыналася з радаснай падзеі: у вёсцы Трылесіна Дрыбінскага раёна сабралася вялікая сям'я. Свята і застолле...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика