Пара плотак і ўсё жыццё
10.01.2014
—
ЧП
|
З пачатку года патанула ўжо чатыры чалавекі. Нягледзячы на плюсавыя тэмпературы, аматарам зімняй рыбалкі дома не сядзіцца. Яны выходзяць на крохкі лёд, каб гадзіну-другую пасядзець з вудай ля лункі. На жаль, часам гэта заканчваецца сумна. — Адразу пасля Новага года прыйшлося выцягваць з вады аднаго з такіх рыбакоў. На шчасце, мужчына застаўся жывы, — гавораць супрацоўнікі Цнянскай выратавальнай станцыі. — Наша вадасховішча прамерзла ўсяго на 6 сантыметраў, прычым лёд зараз пад вадой, а значыць, у любы момант можа праламацца. Тым не менш амаль штодзень сюды прыходзіць чалавек шэсць. Мы іх папярэджваем, а яны і вухам не вядуць. У выніку з пачатку года ў Беларусі патанула ўжо чатыры чалавекі, усе ў Брэсцкай вобласці. Апошні з выпадкаў адбыўся зусiм нядаўна: парэзаўшыся аб лёд, у Драгічынскім раёне патанула лодка з двума рыбакамі, праз два дні іх мёртвымі знайшлі за 70 метраў ад берага. — Аднаму чалавеку выходзіць на лёд лічыцца бяспечным тады, калі яго таўшчыня не менш чым 7 сантыметраў, — папярэджвае Алег Баразна, спецыяліст Рэспубліканскага савета ТРВОД. — Каб вытрымаць групу людзей, лёд павінен быць таўшчынёй 13 сантыметраў і больш. — Для гэтага на працягу некалькіх дзён тэмпература паветра павінна быць не вышэй за нуль, — кажа Марына Нагібіна, начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра. — Пакуль жа тэрмометры паказваюць «плюс». Дарэчы, з-за таго, што лёд усё яшчэ вельмі крохкі, мы не можам нічога сказаць пра яго таўшчыню, бо па тэхніцы бяспекі нашы спецыялісты пакуль не маюць права выходзіць на яго нават для вымярэнняў. Гэта вельмі небяспечна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З пачатку года ў нашай краіне патанула ўжо чатыры чалавекі |
|