КРАІНА СКАРБАЎ, АЛЬБО КОЛЬКІ КАШТУЕ СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА. 21.by

КРАІНА СКАРБАЎ, АЛЬБО КОЛЬКІ КАШТУЕ СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА

15.04.2010 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Зусім нядаўна Беларусь магла страціць яшчэ адну бясцэнную па значнасці рэліквію — срэбранік Уладзіміра Святога. Знайшоўшы яго, «аматар даўніны» з Магілёва меў намер збыць рарытэт за мяжу і выставіў гісторыка-культурную каштоўнасць на продаж у Інтэрнэце. І толькі дзякуючы сумленным людзям, гісторыкам, а таксама аператыўным дзеянням супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласці адбылося затрыманне злачынца.

Самае дзіўнае ў гэтай справе, што за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі — гэта першы выпадак, калі «чорны капальнік» прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У той жа час, паводле неафіцыйных падлікаў, у кожным рэгіёне Беларусі іх «працуе» па некалькі соцень. Дзейнасць так званых калекцыянераў даўно выйшла з шэрага аматарскай справы і ператварылася ў масавую злачынную з’яву, і калі яе не спыніць у бліжэйшы час, Беларусь можа пазбавіцца большасці сваёй гісторыка-археалагічнай спадчыны. Без усялякага перабольшання сёння можна сцвярджаць, што з-за дзейнасці «чорных капальнікаў» і надзвычай добра наладжанай сістэмы збыту за мяжу рарытэтаў (калі пералічыць на грошы і абстрагавацца ад таго, што гісторыка-культурныя каштоўнасці для любой дзяржавы бясцэнныя) Беларусь страчвае дзясяткі мільёнаў долараў штогод. З пытаннямі, чым прыцягвае Беларусь скарбашукальнікаў, наколькі актуальная для краіны праблема «чорных капальнікаў», як яе можна вырашыць мы звярнуліся да загадчыка кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова доктара гістарычных навук Ігара Аляксандравіча Марзалюка.
— Праўда, што на самай справе гэта міф пра тое, што Беларусь самая багатая краіна на скарбы?
— Гэта не міф, гэта так і ёсць. У былым СССР мы займалі першае месца па колькасці зафіксаваных і знойдзеных скарбаў. Толькі тады людзі былі больш сумленныя. У большасці выпадкаў скарбы здаваліся дзяржаве, ды і стымуляванне было нармальнае — 25 працэнтаў ад яго кошту. Нацбанк і сёння плаціць неблагія грошы: дае рэальную ацэнку і выплачвае, калі гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, да 50 працэнтаў ад яе рыначнага кошту. Але ўся справа ў тым, што калі скарб з каштоўных манет, то яго больш выгадна прадаць цішком, па-чорнаму, па аднаму наміналу. А для спецыяліста скарб манет дае магчымасць рэканструяваць шмат важных эканамічных момантаў, вызначыць характар хаджэння наміналу. У «чорнага капальніка» толькі адна мэта — выгадна збыць. Такім чынам, прадаючы па адной манеце, ён знішчае скарб як унікальную адзінку. Праўда, ёсць і сумленныя людзі, якія здаюць каштоўнасці ў Нацбанк і атрымліваюць за гэта таксама добрыя грошы.
— Калі гаварыць пра археалагічныя помнікі, ці ёсць чым ганарыцца?
— У нас вельмі багатая археалагічная спадчына. Гісторыкі і археолагі жартуюць: «У Беларусі ёсць усё ад палеаліту да галоўліта!» Але ў выніку дзейнасці «чорных капальнікаў» мы страчваем не проста ўнікальныя рэчы, а сваю спадчыну. Для археолага мала знайсці якую-небудзь рэч. Вельмі важна, каб яна была ў кантэксце іншых знаходак — гэта дае магчымасць зрабіць рэканструкцыю жыцця цэлай эпохі. Дзякуючы рыдлёўцы археолага, можна аднавіць цэлыя сацыяльныя сюжэты гісторыі, паказаць пачатак развіцця гарадоў, па-іншаму прачытаць старонкі кніжнай гісторыі Беларусі. І ўвогуле рэчы, як нішто іншае, сведчаць аб сацыяльным, матэрыяльным кантэксце жыцця. Яны заўсёды аўтэнтычныя — гэта пасланне з далёкага мінулага. Людзей няма, а рэчы працягваюць існаваць і расказваць пра іх жыццё. Напрыклад, апошнія археалагічныя раскопы на старым замчышчы Магілёва даюць магчымасць сцвярджаць, што горад узнік на беразе Дняпра не ў ХІV стагоддзi, як засведчана ў пісьмовых крыніцах, а на два, а то і тры стагоддзі раней.
— Наколькі вострая для краіны і захавання яе гісторыка-археалагічнай спадчыны праблема «чорнага капальніцтва»?
— Чамусьці так склалася, што ўсе 90-я гады ХХ стагоддзя і пачатак ХХІ стагоддзя ішлі пад знакам распаўсюджвання ракавай хваробы, якая называецца «чорныя капальнікі». Маштабы яе на сённяшні дзень проста страшныя. Паводле самых сціплых падлікаў, па 300—400 чалавек у кожнай вобласці займаюцца гэтым злачынствам. Прычым кола капальнікаў самае пярэстае: людзі з вышэйшай адукацыяй, як ні смешна, адстаўнікі МУС, гісторыкі, студэнты і г.д. І гэта даўным-даўно перастала быць бяскрыўднай з'явай, таму што ёсць людзі, якія лічацца беспрацоўнымі па 15 гадоў, але тым не менш яны вельмі добра пачуваюцца ў гэтым статусе. Калі беспрацоўны можа набыць сабе металадэтэктар, які каштуе 1,7 тыс. еўра, то такому беспрацоўнаму можна толькі «паспачуваць». І такая каштоўная рэч набываецца не проста так, а з разлікам гэтыя грошы вярнуць, ці, як кажуць, адбіць.
У Беларусі ўжо даўно склаўся чорны рынак антыкварыяту, які з’яўляецца сегментам такога рынку былой постсавецкай прасторы. І тут прысутнічаюць такія непрыемныя рэчы, як кантрабанда. І што граху таіць, беларускія рарытэты збываюцца ў асноўным ва Украіну і Расію, паколькі на межах нашых суседак не такі жорсткі мытны кантроль, як у заходнім напрамку. І самае сумнае, што ў сваёй большасці гэта робіцца пад «дахам» так званых нумізматычных клубаў, таварыстваў калекцыянераў. Безумоўна, ёсць тут і сумленныя людзі, прыстойныя калекцыянеры, дзейнасць якіх не супярэчыць дзеючаму заканадаўству, але, на вялікі жаль, вельмі шмат такіх, якія імкнуцца атрымаць клубныя білеты, каб нейкім чынам легалізаваць сваю злачынную дзейнасць па абароту і продажу каштоўнасцей, якія ім не належаць. Адна справа, калі прадаваць рэч, якая дасталася ў спадчыну ад бабулі, і зусім іншае, калі вы мэтанакіравана кожны дзень ходзіце па помніках археалогіі і знішчаеце іх. Такім чынам, заканадаўства парушаецца аж некалькі разоў.
На жаль, шмат помнікаў пакуль яшчэ не зарэгістравана і іх рабаўнікоў вельмі цяжка прыцягнуць да адміністрацыйнай, а тым больш да крымінальнай адказнасці. Але думаю, што ўсё будзе зменена кардынальна, бо пазіцыя Міністэрства культуры і яго новага кіраўніка ў гэтым плане вельмі жорсткая.
— Няўжо ў Беларусі няма дзейснага прававога поля?
— У Беларусі практычна адсутнічае ахова помнікаў — яна існуе хутчэй толькі намінальна, і больш за ўсё не шанцуе помнікам археалогіі, таму што помнікі архітэктуры знаходзяцца ў гарадах. Хай існуюць 2 інспектары на вобласць, але ім нават не па сілах здзяйсняць кантроль за эталоннымі помнікамі архітэктуры. А што казаць пра помнікі археалогіі — іх тысячы, і ніхто не звяртае ўвагу, што нейкія дзівакі ходзяць па палетках з металадэтэктарамі. Самае сумнае, што да апошняга часу гэты від злачынства ўспрымаўся несур’ёзна, маўляў, ну што там такога — дзеці пайшлі пагуляць, пазбіраць манеты і ўсё на гэтым. Але ж гэтым «дзецям» ад 40 да 60 гадоў, а тое, што яны знаходзяць, можа скласці гонар любой нумізматычнай калекцыі. Пры гэтым у Беларусі створана і добра наладжана сістэма збыту гісторыка-культурных каштоўнасцей, якая дае магчымасць «чарнушнікам» жыць бязбедна. А на самай справе ўсё гэта крадзецца у дзяржавы. І самае страшнае тое, што па-варварску, па-дзікунску знішчаюцца помнікі археалогіі. Дзеля таго, каб здабыць бронзавы крыжык XVI-XVII стагоддзяў, які каштуе 50 долараў, капальнікі не грэбуюць зруйнаваць магілу. Яшчэ больш іх прывабліваюць курганныя могільнікі, дзе можна знайсці не адзін дзясятак каштоўных рэчаў. Гэтыя «людзі» не маюць ніякай павагі да продкаў, дзеля ўласнай нажывы яны гатовы растаптаць, змяшаць з брудам косці і памяць памерлых. Гэты крымінальны бізнес пастаўлены на шырокую нагу: выдаюцца адпаведныя кнігі, на інтэрнэт-сайтах ёсць любая інфармацыя і юрыдычная падтрымка, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, якім чынам пазбегнуць крымінальнай адказнасці і г.д.
Але ўсё ж спадзяюся, што гэты год стане пераломным для «чорных капальнікаў» і за іх злачынную дзейнасць возьмуцца адпаведныя органы.
— Адкуль такая ўпэўненасць?
— Зыходным пунктам у гэтым, думаю, стане гучная крымінальная справа, якая не мае прэцэдэнтаў у новай незалежнай гісторыі Беларусі. Яе «героем» стаў чалавек, які выдаваў сябе за аматара даўніны, — у яго былі аж два адпаведна зарэгістраваныя членскія білеты, у тым ліку Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ён сістэматычна наведваў таварыства і нават дапамагаў у афіцыйных раскопках, і толькі выпадкова вызначылася яго сапраўднае мярзотнае аблічча.
Неяк мае знаёмыя падказалі, што праз Інтэрнэт прадаецца ўнікальная рэч — срэбранік Уладзіміра Святога. Існавала пагроза, што бясцэнны для Беларусі рарытэт будзе прададзены і вывезены за мяжу. Я звярнуўся ў праваахоўныя органы і, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, адбылося затрыманне злачынца.
У «аматара даўніны» падчас асабістага агляду пры правядзенні аперацыі па кантрольнай закупцы былі знойдзены і канфіскаваны 154 каштоўныя манеты. Дома ў «чорнага капальніка» было канфіскавана яшчэ больш за 600 прадметаў сівой даўніны. Але галоўнае, што быў уратаваны срэбранік Уладзіміра Святога, які мае велізарную гісторыка-культурную каштоўнасць для Беларусі як сімвал хрысціянізацыі беларускіх зямель, іх прыналежнасці да праваслаўнай усходнехрысціянскай цывілізацыі.
На дзевяноста дзевяць працэнтаў перакананы, што гэты рарытэт злачынцам быў знойдзены і скрадзены з раскопак унікальнага дружыннага могільніка побач з Магілёвам. Намі была знойдзена падвеска ад яго, і толькі праз нейкі час, можна сказаць неверагодным чынам, быў знойдзены і вернуты галоўны рарытэт. Божае пакаранне ўсё ж знайшло злачынца, якога можна назваць хрыстапрадаўцам, бо на адваротным баку манеты — аблічча Ісуса Хрыста.
На вялікі жаль, такіх людзей не адзінкі — гэта толькі мізэрны фрагмент, можа 0,5 працэнта ад таго, што мы страчваем штогод ад іх злачыннай дзейнасці ў выніку некантралюемага вывазу гісторыка-культурных каштоўнасцей праз мяжу. Наўрад ці я перабольшу, калі скажу, што каля 80 працэнтаў знойдзеных за апошнія 10 гадоў у Беларусі скарбаў не дайшлі да музейных калекцый і дзяржаўных сховішчаў. І калі абстрагавацца і не ўлічваць непапраўныя страты, якія прычыняюць «чорныя капальнікі» па знішчэнню нашай спадчыны і гісторыі, толькі ў грашовым вымярэнні Беларусь страчвае штогод дзясяткі мільёнаў долараў.
— Ігар Аляксандравіч, што, на вашу думку, варта ў першую чаргу зрабіць, каб прыпыніць развіццё гэтага крымінальнага бізнесу?
— Па-першае, трэба правесці ў самы бліжэйшы час поўную інвентарызацыю нашых археалагічных помнікаў, што не дазволіць пры затрыманні «чорных капальнікаў» выходзіць ім «сухімі» з вады. Па-другое, вельмі важна правесці інвентарызацыю абласных і рэгіянальных музейных калекцый. Трэба сістэмна правесці атрыбуцыю на кожную каштоўную рэч, зрабіць яе абгрунтаванне і зарэгістраваць. За крадзеж такой рэчы ўжо будзе зусім іншая крымінальная адказнасць.
Яшчэ адным важным крокам, на маю думку, павінна стаць удасканаленне сістэмы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Час патрабуе стварэння спецыяльнай службы, якая падпарадкавана непасрэдна Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь, толькі ў гэтым выпадку яна будзе рэальна працаваць. Інспектары гэтай службы павінны абавязкова быць незалежнымі ад мясцовых улад, інакш істотна нешта змяніць наўрад ці атрымаецца. І вось тут узнікае яшчэ адна праблема — ацэнка ўрону дзяржаве, нанесенага дзеяннямі «чорных капальнікаў». Звычайна ён ацэньваецца ў адпаведнасці з існуючымі цэнамі на тую ці іншую рэч на чорных рынках, а вось сетка штрафаў у залежнасці ад катэгорыі каштоўнасці ў нас адсутнічае, а на злоўленага ў сетку карася, у залежнасці і ад колькасці, і ад памеру, ёсць. І нічога тут не зробіш — сетку штрафаў трэба ствараць.
Яшчэ адна рэч, без якой нікуды не дзенешся, — гэта ўсталяванне жорсткага кантролю за продажам металадэтэктараў, геасканераў і іншых рэчаў. Пры набыцці звычайнай гумавай лодкі неабходна рэгістрацыя і прысваенне адпаведнага нумара, а вось зброя «чорных капальнікаў», якую яны выкарыстоўваюць для знішчэння нацыянальнай спадчыны, прадаецца свабодна, і гэта абсалютна легальны бізнес. Таму варта ў абавязковым парадку ўвесці рэгістрацыю такога кшталту абсталявання і ліцэнзаванне яго продажу.


Сяргей КУЛЯГІН, БЕЛТА
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зусім нядаўна Беларусь магла страціць яшчэ адну бясцэнную па значнасці рэліквію — срэбранік Уладзіміра Святога. Знайшоўшы яго, «аматар даўніны» з Магілёва меў намер збыць рарытэт за мяжу і выставіў гісторыка-культурную каштоўнасць на продаж у Інтэрнэце. І толькі дзякуючы сумленным людзям, гісторыкам, а таксама аператыўным дзеянням супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласці адбылося затрыманне злачынца.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика