Пасол Швецыі: Крытэрыі БДІПЧ адносна прызнання выбараў простыя і ясныя. 21.by

Пасол Швецыі: Крытэрыі БДІПЧ адносна прызнання выбараў простыя і ясныя

03.05.2010 14:27 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ацэньваючы нядаўнія выбары ў мясцовыя саветы, аналітыкі і эксперты імкнуцца зазірнуць наперад і разважаюць, як пройдуць наступныя — прэзідэнцкія выбары па новым Выбарчым кодэксе. З паслом Швецыі Стэфанам Эрыксанам мы размаўлялі пра мясцовыя выбары і пра тое, як вынікі прэзідэнтскіх могуць паўплываць на адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

— Спадар Эрыксан, вы — адзін з самых пільных назіральнікаў. Вашу працу на выбарах 25 красавіка нават адзначыў прадстаўнік ЦВК Мікалай Лазавік. Якое ваша ўражанне ад галасавання? Чаму Захад зацікаўлены назіраць за выбарамі ў Беларусі: чым больш назіральнікаў, тым больш дэмакратычныя выбары?

— Па‑першае, хачу падкрэсліць, што магу выказацца толькі зыходзячы са сваіх уласных назіранняў. Як вы ведаеце, пасольства Вялікабрытаніі на правах мясцовага старшынства Еўрасаюза ў Мінску ужо зрабіла агульную заяву. Хачу яшчэ нагадаць, што дыпламаты ЕС і іншых краін, якія назіралі за выбарамі 25 красавіка, не з`яўляюцца паўнавартаснай місіяй маніторынгу кшталту БДІПЧ.

Думаю, што

кожная краіна, дзе праводзяцца выбары, павінна быць зацікаўлена ў тым, каб у першую чаргу самі выбаршчыкі верылі ў тое, што вынікі галасавання сапраўды атрыманы ў ходзе справядлівага, дэмакратычнага і адкрытага выбарчага працэсу.

Канечне, ёсць таксама пэўная зацікаўленасць у тым, каб увесь астатні свет таксама паставіўся да вынікаў галасавання з даверам. Таму, відаць, ЦВК запрасіў замежных дыпламатаў прыняць удзел у назіранні за выбарамі.

Так, спадар Лазавік выказаў мне падзяку за тое, што я звяртаў увагу на магчымае парушэнне новага выбарчага заканадаўства. Для мяне было прынцыпова важна запытаць у старшыняў участковых камісій, ці будуць яны асобна абвяшчаць тры вынікі галасавання падчас падліку галасоў. Каб стала вядома, як размеркаваліся галасы паміж кандыдатамі па выніках датэрміновага галасавання, сярод тых, хто галасаваў па месцы жыхарства, а таксама на выбарчым участку непасрэдна ў дзень галасавання.

— Як вам падалося, ці добра былі падрыхтаваны камісіі?

— На першым участку мне сказалі, што інакш разумеюць папраўкі да закона і таму будуць абвяшчаць толькі агульныя вынікі на ўчастку. З гэтай нагоды я патэлефанаваў у ЦВК, каб даведацца пра іх тлумачэнне закона ў гэтым пытанні, і юрысты ЦВК пацвердзілі, што я правільна зразумеў сітуацыю. Напэўна, такім чынам спадарy Лазавіку і стала вядома пра мае назіранні.

На жаль, далёка не на кожным участку было дакладнае разуменне таго, як павінен праходзіць падлік галасоў паводле новага заканадаўства, але спадзяюся, што ЦВК у сваіх інструкцыях выбарчым камісіям цяпер будзе ўдакладняць і тлумачыць гэтае вельмі важнае пытанне.

— А дзе вы вялі назіранне? Ці змаглі вы и вашы калегі‑дыпламаты назіраць за падлікам галасоў??

— Магу распавесці пра мае назіранні падчас падліку галасоў на 29‑м участку Пляханаўскай выбарчай акругі Мінска. Там балатаваўся сярод іншых Уладзімір Навасяд, старшыня незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу. Ён добра вядомы ў сваёй выбарчай акрузе і шмат працуе з выбаршчыкамі. Усяго было шэсць кандыдатаў, сярод іх таксама прадстаўнік партыі «Справядлівы свет», так што ў выбаршчыкаў сапраўды быў рэальны выбар.

Што тычыцца назіранняў за падлікам галасоў, не магу выказаць ніякіх прэтэнзіяў, бо змог стаяць побач са сталом, дзе падлічваліся галасы. Увесь вечар на ўчастку таксама прысутнічала каманда з БТ, таму не выключаю, што беларускія тэлегледачы неўзабаве ўбачаць, як назіральнікі стаялі зусім блізка да сталоў, а не на адлегласці пяць метраў, як было на многіх іншых участках.

Старшыня камісіі абвясціў асобна вынік датэрміновага галасавання, праўда, толькі пасля таго, як адзін беларускі назіральнік нагадаў пра гэта. Вынікі галасання па месцы жыхарства і на ўчастку ў дзень галасавання не былі абвешчаны асобна, але іх разам можна было вылічыць з дапамогай лічбаў датэрміновага галасавання.

Карціна атрымалася такая:

аднаму кандыдату аддаюць 84% галасоў на датэрміновым галасаванні, а спадар Навасяд апынаецца на другім месцы з 7% галасоў. Сярод тых, за каго прагаласавалі выбаршчыкі 25 красавіка, Навасяд перамагае з больш як 50% галасоў. Мне вельмі цяжка патлумачыць, адкуль такія розныя вынікі. Па законах матэматыкі і логікі гэтыя лічбы проста не сыходзяцца, калі не лічыць, што датэрмінова галасуюць людзі з іншай планеты.

Такія ж назіранні былі зроблены на іншых участках гэтай жа акругі, дзе былі абвешчаны асобныя вынікі. На тым участку, дзе я назіраў, былі заўважаны яшчэ некаторыя іншыя дзіўныя рэчы. Назіральнікі вялі строгі падлік людзей, якія галасавалі 25 красавіка, і па іх падліках прыйшло прынамсі на 200 чалавек менш, чым запісана ў выбарчым пратаколе. Я думаю, што спадар Навасяд сам зможа распавесці пра падобныя назіранні на іншых участках яго акругі. Я ведаю, што ён напісаў скаргу ў пракуратуру і, відаць, будзе патрабаваць пераліку галасоў.

— Відавочна, што вы таксама адзін з самых вопытных назіральнікаў, бо гэта, здаецца, ваша трэцяя выбарчая кампанія. У які бок яна адрозніваецца ад папярэдніх? Як паўплывала новае заканадаўства?

— Насамрэч для мяне гэта ўжо чацвёртыя выбары за час працы ў Беларусі, і я заўжды імкнуўся сачыць за ходам выбарчай кампаніі і самога працэсу галасавання.

Павінен казаць, што ў мяне былі пэўныя спадзевы на тое, што новыя папраўкі да выбарчага заканадаўства будуць спрыяць празрыстасці і адкрытасці ўсёй выбарчай кампаніі. Але тыя спадзяванні не спраўдзіліся, як вы, напэўна, зразумелі з маіх папярэдніх слоў.

Канечне, пэўная трывога ўзнікла яшчэ тады, калі стала вядома, што толькі ў мізэрную частку ўчастковых камісій ўвайшлі прадстаўнікі незалежных арганізацый і партый. Калі розныя людзі будуць мець рэальныя магчымасці правяраць працу ўчастковых камісій, дык не будзе падстаў для падазрэнняў у падтасоўцы галасоў. Мне здаецца, што актыўны ўдзел усяго грамадства і прызнанне ім вынікаў галасавання павінны быць і ў інтарэсах ЦВК.

Я таксама пад уражаннем ад таго, як выбарчая камісія ў Віцебску на падставе штучнага абвінавачання ў распаўсюдзе шарыкаў і каляндарыкаў зняла цікавага і моцнага кандыдата Вольгу Карач з выбараў за некалькі дзён да 25 красавіка.

Трэба яшчэ дадаць, што, на жаль, мясцовыя выбары не выклікаюць вялікага інтарэсу ў беларускам грамадстве. Гэтаму, відаць, ёсць свае прычыны, пра якія таксама варта задумацца.

Шчыра кажучы, калі б я не працаваў дыпламатам, не ўпэўнены, ці заўважыў бы ўвогуле, што ў Беларусі адбываліся нейкія выбары…

— Якія высновы можна зрабіць напярэдадні прэзідэнтскіх выбараў?Ці варта Захаду мяняць стратэгію? Якія выбары ў Беларусі будуць прызнаныя Захадам? І як вы лічыце — ці можа Беларусь іх забяспечыць? Што залежыць ад прызнання прэзідэнтскіх выбараў дэмакратычнымі: будучыня нашых стасункаў?

— Мяне усё ж суцяшае той факт, што ЦВК недвухсэнсава пацвердзіў: вынікі галасавання павінны абвяшчацца асобна. А калі яшчэ і ва ўчастковых камісіях будзе шырэй і аб`ектыўней прадстаўлена беларускае грамадства, дык ёсць шанец, што наступныя выбары пройдуць больш дэмакратычна.

Канечне, АБСЕ і іншым еўрапейскім структурам варта працянуць дыялог і супрацу з Беларуссю ў тым, што тычыцца прымянення і далейшага змянення выбарчага заканадаўства. Але, як я ўжо казаў, мабыць, яшчэ важней, каб беларускае грамадства, уключна з недзяржаўнымі арганізацыямі і палітычнымі партыямі, прыняло актыўны ўдзел у адкрытым абмеркаванні таго, якім чынам пры сённяшнім беларускім заканадаўстве выбары маглі б больш адпавядаць міжнародным і еўрапейскім стандартам.

Я не думаю, што Захад мае нейкую сваю стратэгію ў дачыненні менавіта прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Парадак дня перапоўнены шмат якімі іншымі эканамічнымі і палітычнымі пытаннямі. Так, не сакрэт, што Еўропа хацела б убачыць рух у бок дэмакратыі ва ўсіх краінах свету, і перш за усё — сярод сваіх суседзяў. А Беларусь, вядома, гістарычна і культурна з`яўляецца нашым блізкім партнёрам.

Толькі самі беларусы могуць зрабіць выбар на карысць дэмакратычнай будучыні сваёй краіны. У ЕС няма працэдуры прызнання выбараў у іншых краінах, мы цалкам абапіраемся на высновы АБСЕ і БДІПЧ.

На маю думку, крытэрыі БДІПЧ адносна прызнання выбараў дэмакратычнымі і справядлівымі даволі простыя і ясныя, так што не бачу перашкод, каб Беларусь пры жаданні выканала гэтыя патрабаванні.

Еўропа заўжды будзе мець стасункі з Беларуссю, але, вядома, любыя стасункі, у тым ліку эканамічныя і інвестыцыйныя, маглі б развівацца больш плённа і эфектыўна пры аднолькавым разуменні дэмакратычных каштоўнасцяў.


Гутарыла Марына Рахлей, БелаПАН

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Па законах матэматыкі і логікі гэтыя лічбы проста не сыходзяцца, калі не лічыць, што датэрмінова галасуюць людзі з іншай планеты».
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика