Каб навальніца не нарабіла бяды
19.05.2010 10:55
—
Разное
|
Найбольш небяспечнай прыроднай з’явай у Беларусі ў цёплы перыяд года лічыцца навальніца. Менавіта з мая па верасень у нашых шыротах бывае звыш 99% навальніц. У апошнія гады на еўрапейскім кантыненце ўсё часцей назіраюцца анамальныя з’явы, звязаныя з рэзкімі зменамі надвор’я. Сёлета навальніц у нашай краіне стала значна больш. Што трэба ведаць, каб гэта сінаптычная з’ява не нарабіла бяды?
На пытанні адказвае начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Дзмітрый Рабаў. — Як хавацца ад навальніцы, калі яна напаткала чалавека на адкрытай прасторы? — У час навальніцы трэба неадкладна спыніць рух і шукаць укрыцце. Лепш навальніцу перачакаць у лагчыне, канаве ці яме. На вуліцы, у парку ці лесе не трэба хавацца пад вялікімі дрэвамі, а таксама пад кронамі адзінокіх раслін.Верагоднасць пападання маланкі ў канкрэтнае дрэва прама прапарцыянальная яго вышыні. Ад высокіх дрэў, слупоў і адзінокіх пабудоў лепш знаходзіцца на адлегласці не менш як 30—50 метраў. У лесе лепш хавацца сярод густога кустоўя. Заўважана, што ў пэўныя дрэвы маланкі б’юць часцей, а нейкія ўвогуле не чапаюць. Больш за ўсё «баявых шрамаў» заўважана ў дуба. Даволі часта маланкі ўдараюць па таполях, елках і соснах; менш — па бярозах, клёнах і ліпах, а арэшыну амаль не чапаюць.— Дзе перачакаць навальніцу ў населеных пунктах? — У горадзе трэба пастарацца як мага хутчэй трапіць у краму ці жылы дом. Яны маюць надзейную маланкаабарону, а вось на прыпынках грамадскага транспарту яна значна слабейшая.Калі да такога прыстанішча далёка, то лепей прыгнуцца, каб быць не вышэй за бліжэйшы ландшафт; ногі трымайце разам і зніміце ўсе металічныя рэчы з галавы і цела. Не раяць спецыялісты класціся на зямлю. Калі валасы ўсталі дыба ці вы пачулі гудзенне з боку буйных камянёў, агароджы, іншых прадметаў, то неабходна адразу перайсці ў іншае месца. — Што рабіць, калі маланка заспела ў транспарце… — Аўтамабіль з’яўляецца бяспечным прытулкам, таму ў навальніцу яго лепш не пакідаць. Трэба зачыніць вокны, апусціць аўтамабільную антэну, спыніць рух і перачакаць непагадзь на ўзбочыне ці аўтастаянцы, але далей ад высокіх дрэў.У час навальніцы ў машыне не трэба дакранацца да металічных частак і не набліжацца да іх. А вось веласіпед і матацыкл, наадварот, — небяспечныя сродкі. Іх трэба пакласці на зямлю і адысці не менш чым на 30 метраў. Мацней за ўсё прыцягвае маланку трактар у адкрытым полі. — Што рабіць з мабільнікам? — Сотавы тэлефон на вуліцы лепш адключыць. Былі выпадкі, калі ўваходны званок прыцягваў да сябе маланку.Пры выкліканні службы экстраннай дапамогі трэба гаварыць толькі па сутнасці і як мага карацей. — У навальніцу часам «нараджаюцца» шаравыя маланкі… — Пры сустрэчы з гэтым электрычным шарыкам трэба захоўваць спакой і спыніць любы рух. Не трэба набліжацца да яго, дакранацца чым‑небудзь, бо можа адбыцца выбух. Лепш не ўцякаць ад шаравой маланкі, бо з патокам паветра яна пацягнецца за вамі. Пры навальніцах у сетцы будынкаў можа ўзнікнуць электрычнае перанапружанне, якое распаўсюджваецца па лініях электраперадач і часам прыводзіць да перагарання электрапрыбораў. Раю закрыць заглушкамі электра‑ і радыёразеткі, коміны, вентыляцыйныя адтуліны, форткі, бо ў іх можа заляцець шаравая маланка. Спецыялісты не рэкамендуюць карыстацца стацыянарным тэлефонам, стаяць каля акон і дзвярэй і дакранацца да водаправодных кранаў. Выключыце ўсе электрапрыборы, прасачыце, каб у памяшканні не было скразнякоў, разам з якімі можа заляцець шаравая маланка.Не трэба паліць печ і камін, бо дым мае вялікую электраправоднасць, таму верагоднасць удару маланкі ў трубу павялічваецца. У навальніцу не трэба стаяць пад парасонам, не трымайце ў руках вуду ці іншыя падобныя прадметы. Лепш трымацца далей ад высокіх металічных канструкцый. Сяргей Куркач, Звязда Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што трэба ведаць, каб гэта сінаптычная з’ява не нарабіла бяды? Парады спецыяліста.
|
|