Офісная апазіцыя. 21.by

Офісная апазіцыя

20.06.2010 15:59 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Цягам трох тыдняў змагання вёскі Шырокая туды не наведаўся ніводзін лідэр незалежнага грамадства. Піша Алесь Залеўскі.

Жыхары вёскі Шырокая сцяной усталі супраць пабудовы шкоднай вытворчасці.

Шматлікія эксперты пішуць пра «чарговыя граблі», на якія наступае апазіцыя. Яе лідэры, як і мы з вамі, чытаем адны і тыя ж сайты, а таму бягучыя апініі палітолагаў/аналітыкаў яны таксама праглядаюць, спрабуюць дапасоўвацца. Вось толькі, чамусьці, прыходзіць новая выбарчая кампанія – лоб ізноў з гузаком, а на незалежных старонках з"яўляюцца чарговыя каментары пра «граблі». Можа, апроч экспертаў, варта прыслухацца і да шараговых беларусаў?

«Мы ж, не «бээнэфаўцы», каб нас труціць?!» -- ускліквае жанчына з-пад Ліды. У яе вёсцы Шырокая за гародамі знаходзіцца сцёкавая труба з гарадскіх ачышчальных збудаванняў, праз дарогу завод «Оптык», а праз 300 метраў мясцовыя ўлады маюць намер пабудаваць прадпрыемствы па ацынкоўцы металу.

Пра гэта неяк пісала «Наша Ніва». Я туды трапіў на наступны дзень пасля візіту ў вёску карэспандэнткі найстарэйшага выдання. Адчайная рэпліка жанчыны гучала ў адрас мясцовага ідэолага. Жыхары досыць заможнага і вялікага паселішча ўвечары вымушаныя зачыняць форткі, там нельга пабачыць шпацыраў моладзі, гаворак бабулек ля падворкаў. Смурод стаіць такі, што пасля працоўнага дня вяскоўцы вымушаныя замыкацца ў сваіх хатках. А таму акрэсленне гэтай сітуацыі жыхаркай Шырокай праз параўнанне з «бэнээфаўцамі» як найлепей пасуе. Як да вяскоўцаў, так і да апазіцыі. Праз акупаванне Уладай тэрыторыі па-за офісам яны вымушаныя заставацца ў сваіх хатках. Ім праз вокны відаць «прахадныя МАЗаў». Яны бачаць: крызіс дапёк рабочым! Вось слабое месца рэжыму! Ствараецца антыкрызісная платформа, яна піярыцца як галоўная зброя на мясцовай кампаніі, адзін з кандыдатаў (і яе аўтараў) яе выкарыстоўвае як прэзідэнцкую толькі пад іншай назвай.

Аднак,

як вынікае з апошніх сацыялагічных даследаванняў праведзеных лабараторыяй Новак і ацэненай экспертамі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS -- для амаль паловы беларусаў не ўсё так кепска і няма чаго крычаць пра крызіс, а для другой – можа і кепска, але жыць можна. Выходзіць, з мэсіджам не ўгадалі. То можа, адгадаем з адзіным? Але на пачатку створым працэдуру. Ці некалькі, а пасля вырашым, якая лепшая для дзесятка кандыдатаў на адзінага. Неістотна, якую ідэалогію ён прадстаўляе, які мае рэйтынг і грамадскі даробак -- галоўнае, каб ён пасаваў гаспадарам некалькіх партыйных офісаў ды, каб на Плошчы замест Адміністрацыі не павёў да Вечнага агню. Вось толькі ўзнікае пытанне: каго павядзе?

Тых 45% каму «ня ўсё так кепска» ці іншыя 45% каму «кепска, але жыць можна»? Не. Гэтыя праз аўтазакі ў дварах прадзірацца да Плошчы не будуць. Ці будуць, але ў выпадку, калі будзе упэўненасць, што на заўтра яны прачнуцца ў лепшай краіне.

На выбарах гарантыяй такога «лепшага заўтра» з"яўляецца ідэя. З яе вынікае, чаму ў беларуса будзе поўная лядоўня, на вуліцах парадак, на межах брак чэргаў, а ў гарвыканкамах спагадлівыя чыноўнікі. Іншая справа, што такую ідэю цяжка сфармуляваць, не ведаючы на чым палягае светапогляд шараговай сям"і не толькі ў Менску, але і на Лідчыне, і ў Чавусах і г.д. Як гэта зрабіць? Ва аўтарытарных рэжымах, дзе няма магчымасці для нармальнай палітычнай камунікацыі толькі праз непасрэдны кантакт. На першым этапе з ідэяй, пасля з яе носьбітамі, потым – на Плошчы – з яе галоўным рэпрэзентантам.

У Польшчы “Салідарнасць” магла ўвайсці ў кожныя дом. Яна камфортна там сябе пачувала, бо ведала пра ўсе праблемы і чаканні жыхароў гэтага дома. І яны міжволі станавіліся часткай “Салідарнасці”, часткай ідэі.

То можа час перастаць мерацца колькасцю ініцыятыўных групаў ці «спонсарскімі» кантактамі, а задумацца над ідэяй? Толькі гэтым разам паразмаўляўшы на пачатку з жыхарамі, хоць бы, той Лідчыны. Дарэчы, апроч вёскі Шырокай з такой жа праблемай там сутыкаюцца яшчэ тры суседнія вёскі.

Яны знаходзяцца фактычна на мяжы з райцэнтрам, а цягам трох тыдняў змаганняў і вострых канфліктаў з мясцовымі ўладамі, туды не наведаўся ніводзін лідэр ці, прынамсі, прадстаўнік апазіцыі.

* * *

Алесь Залеўскі – вядоўца праграмаў “Белсату”.


Алесь Залеўскі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цягам трох тыдняў змагання вёскі Шырокая туды не наведаўся ніводзін лідэр незалежнага грамадства. Піша Алесь Залеўскі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика