Пятро Краўчанка: Улёткі Бразаўскаса друкавалі ў Мінску
01.07.2010 13:50
—
Разное
|
З Бразаўскасам быў добра знаёмы былы міністр замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка. «Я пазнаёміўся з Бразаўскасам 20 гадоў таму. Не магу сказаць, што мы цесна сябравалі, але заўсёды былі досыць блізкімі людзьмі. Сёння я смуткую з нагоды ягонай смерці», — кажа П.Краўчанка. «У асобе Бразаўскаса Літва страціла сапраўднага патрыёта. Мне ўспамінаецца, як аднойчы ў Вільні я стаўся сведкам такой сцэны. У цесным двары хлопцы гулялі ў баскетбол. Адны гулялі за «жоўтых», іншыя — за «зялёных». І толькі адзін хлопчык гуляў «за Бразаўскаса». Калі я спытаўся, чаму, ён адказаў, што гэты чалавек — сапраўдны літовец. Альгірдас быў вельмі сціплым чалавекам. У 1999 годзе я прыехаў на вакацыі з Японіі. Вырашыў адпачыць у Юрмале. Бразаўскас запрасіў мяне ў госці ў гарадок Ніда, што на Куршскай касе. Дык вось, Бразаўскас нават не меў там лецішча. Ён прымаў мяне ў звычайнай літоўскай кватэры, якая належала ягонай дачцэ. Я запытаўся, чаму ты (часам мы былі на ты) не забяспечыў сваіх тылоў? «А ты забяспечыў свае?» — адказаў ён. На гэта я развёў рукамі. У нас былі складаныя моманты ў адносінах, калі мы многа спрачаліся. За тэрыторыю паблізу станцыі Гудагай, якую мы ўсё ж згубілі. Бразаўскас не ішоў насустрач у прынцыповых пытаннях. Я прасіў вярнуць Беларусі «Тураўскае Евангелле», але марна.Цяпер пра гэта ўжо можна казаць, але я адыграў пэўную ролю ў абранні Бразаўскаса першым прэзідэнтам Літвы. Ён тройчы наведваў Мінск інкогніта. Кебіч сустракацца з ім не хацеў, бо лічыў палітычным трупам. А ў нас з Бразаўскасам было шмат супольных сяброў як у Літве, так і ў ЗША. Значкі з Амерыкі з выявай Бразаўскаса праходзілі праз мяне. Усе ўлёткі кандыдата друкаваліся ў Мінску. А літаральна за тыдзень да выбараў ён папрасіў у мяне дапамогі, як падняць рэйтынг. І я прапанаваў паставіць у Літву трактары «Беларус», якія карыстаюцца попытам у фермераў і сялян. Гэта паказала , што палітык мае добрыя адносіны не толькі з Захадам, але і з Усходам. Бразаўскас згадзіўся, але Літва не мела грошай аплаціць. Мне ўдалося ўгаварыць Кебіча, і мы паставілі ў Літву 250 трактароў. Дырэктар МТЗ Іван Куляшоў быў супраць, але літоўскі бок разлічыўся з запазычанасцю. Бразаўскас быў першым з кампартыі, хто пайшоў на мітынгі «Саюдзіса», дзе казаў праўду. Яго там прынялі. У Беларусі асобы ўзроўню Бразаўскаса не знайшлося, хоць ім мог стаць Генадзь Барташэвіч. Такі самы дужы, моцны, як Бразаўскас. Апошняя наша сустрэча адбылася літаральна некалькі гадоў назад, калі я прывозіў да Альгірдаса свайго сябра, шахматыста Анатоля Карпава. Тады ж я падарыў яму тры ўласныя кнігі. Бразаўскас нездарма быў ганаровым доктарам ЕГУ. Ён часта сустракаўся з беларусамі, быў у курсе нашых праблем. Хацеў быць пасярэднікам у дыялогу паміж Беларуссю і Літвой». Запісаў Зміцер Панкавец Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Вільні пахаваюць былога прэзідэнта Літвы Альгірдаса Бразаўскаса. |
|