Поле цудаў. 21.by

Поле цудаў

31.07.2010 20:11 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На мінскай барахолцы можна купіць і кулямётную стужку, і парнаграфію, і бел-чырвона-белыя кукарды. Піша Юрась Ускоў.

Фота з серыі Артура Вакарава Wonderland, прысвечанай ждановіцкай барахолцы.

Слава «поля цудаў» на Ждановічах разнеслася далёка за МКАД. Я ў гэтым пераканаўся, калі адзін украінскі знаёмы пытаў мяне, ці не купіў бы я там яму каўпакі ад «мерсэдэса».

Дабірацца да галоўнай беларускай барахолкі трэба праз увесь рынак «Ждановічы» — таму шмат хто паспявае купіць усё патрэбнае яшчэ там, і на «поле» ідзе толькі па зусім ужо рэдкія рэчы ці па вельмі нізкія кошты (нішто так добра не ілюструе формулу «цана — якасць», як барахолка). Сярод гандляроў у асноўным тыя, хто распрадае ўласную маёмасць: шмат пенсіянераў, беспрацоўных, ёсць бамжы, якім і гандляваць амаль няма чым, а ёсць (і даволі шмат) тых, для каго перапродаж старых рэчаў — прафесія. І, вядома, хапае відэа- і аўдыёпіратаў, якія зазываюць пакупнікоў патройным слоганам: «Фільмы! Серыялы! Парнаграфія!»

Самыя папулярныя тавары

Гэта бензапілы (часам іржавыя), вайсковая форма ўсіх памераў і сезонаў, нашыўкі, якія вар’ююцца ад «ФСБ» да «Узброеныя сілы» з бел-чырвона-белым сцягам, пагоны.

— Арыгінальныя?

— Ну ясна!

— А адкуль яны ў вас?

— Бел-чырвона-белая — мая. Астатняе — ад сваякоў і сяброў. «ФСБ» знаёмы прывёз, дзе ўзяў — не ведаю.

Надзвычай шырокі і выбар самавараў усіх мадыфікацый — іржавыя электрычныя, што даўно страцілі форму (за дзесяць тысяч), і нейкі ўнікальны самавар ХІХ стагоддзя з цэннікам «600 у.е.», прычым гандляроў ля гэтай гістарычнай каштоўнасці так і не знайшлося. Тамсама прадаюцца «сякеры 20-х гадоў», якія для дваццатых гадоў выглядаюць надта новымі.

Яшчэ адзін папулярны тавар — мабільныя тэлефоны: любых мадэляў і любых цэнаў. Адразу ж задумляешся, адкуль яны ўзяліся — трыццаць штук розных мадэляў, і бачна, што не новыя. Каштуюць ад 25 да 150 тысяч. Незалежна ад маркі і мадэлі.

— Чаму так дорага?

— А колькі, вы думаеце, яны каштуюць?

— А яны з паперамі, з гарантыяй, з упакоўкай?

— Не, канечне. І увогуле, браць будзеце ці не?

— А дзе вы іх узялі?

— Ой, адчапіцеся. Не перашка¬джайце працаваць.

Ніводны з прадаўцоў так і не адказаў, адкуль ён бярэ апараты. Толькі адзін сказаў, што прадае свой стары. За дзесяць тысяч, на запчасткі.

Савецкае мінулае

— Колькі за Леніна хочаце?

— За якога? У мяне іх чатыры штукі.

Насамрэч, не даводзілася раней бачыць: на брудным дыванку, сярод напаўіржавых шрубоў, драўляных мядзведзяў, старой біжутэрыі, стаіць адразу некалькі Ільічоў.

— Ну, а колькі кожны?

— Вось гэты, — прадавец паказвае на бюст вельмі сціплых памераў, — пацягне на 180 тысяч. А вось гэты, — мужчына паказвае на статуэтку сантыметраў трыццаці, — вось ён за 300. Калі дорага, купіце Дзяржынскага ці Бухарына — яны таннейшыя.

Нешта мяне грызуць сумневы, ці можа гэта быць Бухарын — усё ж такі вораг народа, але спрачацца і перапытваць у прадаўца не даводзіцца — ён упэўнены, што я з яго здзекуюся і ніводнага з Леніных не вазьму. Прынамсі ў апошнім мае рацыю. І нават Дзяржынскага, які хоць і серабрыстага колеру і амаль новы. У наступным шэрагу ляжаць кнігі. На самым бачным месцы — трэці том збору твораў Леніна, а ля яго нейкая кніжка ў мяккай вокладцы — такіх шмат выпускалі ў дзевяностыя — з назвай «Пласкавокая пачвара». Ля іх ляжыць двухтомнік памерам з дзве а то і тры цагліны: «КПСС у рашэннях і рэзалюцыях», выданне сёмае.

— Колькі за КПСС?

— Вельмі танна. Усяго пяць тысяч. За кожны том. Вы так танна яе больш нідзе не знойдзеце — у букіністах яна трыццаць каштуе.

— І што, бяруць іх?

— Што вы дурасць пытаецеся — канечне, бяруць.

Наступны гандляр спецыялізуец¬ца на нумізматычных каштоўнасцях, самы хадавы тавар — царскія рублі. А таксама значкі кшталту «Памір», «Гатовы да працы і абароны». Пра царскія рублі і капейкі ён адказвае каротка: «Дорага». Затое значак «Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў» ацэньвае ў дзве тысячы. Як высвятляецца, не адзін я цікаўлюся савецкай атрыбутыкай, мужчына ля мяне доўга корпаецца ў пакеціку з капейкамі і металічнымі рублямі.

— За колькі два рублі аддасі?

— За рубель…

Нумізматы тут цікавяцца іншым — толькі ў аднаго на ўвесь рынак ёсць адразу дзесяць двухдаляравых купюр — рарытэт, які «прыносіць удачу». Не ведаю, як удачу, а грошы гаспадару ён прыносіць дакладна: менш чым за дваццаць даляраў яго не купіш.

«Купіце кулямётную стужку»

Дэфіцыт на полі цудаў — колы для дзіцячых калясак, іголкі для прайгравальнікаў вінілу, а таксама драты для савецкай тэхнікі. Колы ад калясак яшчэ сям-там мільгаюць, але дзе яны былі знойдзеныя — страшна нават падумаць, мяркуючы па іх стане. Іголкі ёсць толькі ў адным месцы, вельмі дзіўным. На самым ускрайку рынку стаіць адзінокі «Запарожац», ля яго сямейная пара гандлюе тым, «што знайшлося»: абавязковы самавар, цэлы набор шрубоў, а таксама тое, што калісьці было радыётэхнікай. Два прайгравальнікі танных класаў, з якіх з мясам выдраныя рэгулятары гучнасці і ўсяго астатняга. Зверху яны прысыпаныя пяском — відаць, вецер нанёс. Выглядаюць як археалагічныя знаходкі. Кожны каштуе сем тысяч — чаму так шмат? Бо ў іх ёсць іголка! Насамрэч вы купляеце іголку — а яна, дарэчы, падыходзіць толькі да тэхнікі гэтай жа мадэлі.

— Бярыце, усё адно іншых не знойдзеце. А гэты можна яшчэ наладзіць, — цікава, ці верыць сам гаспадар у гэта. — Можаце вунь магнітафон узяць.

Аказваецца, вось гэта скрыня з дратамі і мікрасхемамі ва ўсе бакі — магнітафон.

— Не. Дзякуй.

— Тады вазьміце кулямётную стужку, — гандляр паказвае на нейкую скрыначку. — Усяго за пяць тысяч.

— Кулямётную стужку?!

— Так. Бярыце, нідзе такой не знойдзеце. Хаця тут толькі каробка ад яе, але і каробку ад кулямётнай стужкі вы нідзе не знойдзеце. У мяне яшчэ штых з вінтоўкі быў, але ўжо купілі.

У нас і за мяжой

Скажам шчыра, «поле цудаў» па духу блізкае да еўрапейскіх барахолак. Нямецкія фломаркі — блышыныя рынкі — таксама збіраюць у выходныя людзей, якія імкнуцца прадаць старыя рэчы. Там таксама можна знайсці зашмальцаваную саколку, трэснуты кубак, насадкі для электрапілы, і яны таксама будуць іржавымі. Там таксама ёсць людзі, якія не прапускаюць ніводнага фломарку, а ёсць і тыя, хто саромецца туды хадзіць (апошніх, дарэчы, шмат сярод нашых эмігрантаў). Аднак спецыфіка ў беларускай барахолкі ўсё ж такі ёсць: гандляры шчыра ганарацца сваім таварам, самавар гэта за 600 даляраў ці спраўны грамафон, старое дзесяцілітровае вядро ці праржавелая мясарубка. Нашым гандлярам проста бракуе прастаты, а замінае звышсур’ёзнасць. Хаця ёсць на «поле» адзін прадавец, які ўвесь час грае на акардэоне, і, што дзіўна, калі спытаць, колькі каштуе інструмент, ён адкажа: «Не прадаецца. Гэта я так, для душы».

Падзяліцца навіной: 
Юрась Ускоў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінскай барахолцы можна купіць і кулямётную стужку, і парнаграфію, і бел-чырвона-белыя кукарды. Піша Юрась Ускоў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика