Мяцежны войт. 21.by

Мяцежны войт

07.10.2010 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра жыхара Крычаўшчыны Васiля Вашчылу хадзiлi чуткi, быццам ён унук самога Багдана Хмяльнiцкага

Вясной 1740 года пачалося сялянскае паўстанне ў Крычаў­скiм старостве — найбуйнейшае сялянскае ўзброенае выступленне ў Беларусi ў феадальную эпоху. Узна­чалiў яго пiсьменны мужык Васiль, якi аказаўся такiм таленавiтым кiраўнiком, што прымусiў дрыжэць ад страху i ўскокваць ноччу з ложка самога ўсёмагутнага князя Радзiвiла. Да ХVIII стагоддзя iмёны простых людзей рэдка траплялi на старонкi летапiсаў i хронiк. Вашчыла жыццём сваiм даказаў, што i звычайны селянiн можа стаць вяршыцелем гiсторыi.

Тэрыторыя Крычаўскага староства ўваходзiла ў склад дзяржаўных зямель, гэта значыць, юрыдычна належала каралю. Яму ж належалi i сяляне, якiя жылi тут. Але манархi звычайна аддавалi крычаўскiя землi ў часовае, а то i пажыццёвае карыстанне камусьцi з магнатаў Рэчы Паспалiтай. У якасцi ўзнагароды. Магнаты ж гэтыя знайшлi, як iм падавалася, зручны варыянт выкарыстання каралеўскага ўзнагароджвання. Яны дазвалялi гаспадарыць у старостве асобам, якiх называлi ў тыя часы арандатарамi. Па дакументах арандатары атрымоўвалi права зарабляць усiмi дазволенымi законам спосабамi грошы на тэрыторыi староства. Гаспадара цiкавiла толькi адно — своечасовая выплата арандатарамi грошай ды своечасовае атрыманне падаткаў з сялян. Падаткi гэтыя, згодна з дамовай, збiраць i дастаўляць пану маглi тыя ж арандатары.

Сума падаткаў была вызначана загадзя i зафiксавана ў адпаведных дакументах. Здаецца, якая выгода арандатару браць на сябе яшчэ i клопат па зборы сялянскiх грошай? Але хiтры чалавек паўсюль знаходзiць выгаду. Арандатары былi даволi багатымi людзьмi. Яны маглi адразу вылучыць са сваiх сродкаў належнае для магната. I таго пераставалi цiкавiць справы староства. Вось тады арандатары i пачыналi абдзiраць бы лiпку крычаўскiх сялян. Што толькi яны не рабiлi! Завышалi падаткi, уводзiлi новыя, абавязвалi выконваць шэраг павiннасцей, не прадугледжаных iнвентарамi ўладальнiкаў. Сяляне адчувалi сябе прынiжанымi i без­абароннымi.

У сярэдзiне XVIII стагоддзя Крычаўскае староства было падуладным князю Геранiму Радзiвiлу. Князь мала цiкавiўся становiшчам дадзеных яму каралём сялян. А выбраныя iм арандатары лютавалi. Нейкiя браты Ваўкавыцкiя, напрыклад, за два гады сабралi з сялян на сто тысяч злотых больш, чым было вызначана па iнвентару. Яшчэ больш пагоршылася становi­шча тутэйшых сялян пасля таго, як арандатарамi сталi багатыя яўрэi Шмуль i Гдаль Iцкавiчы. З гуртом узброеных слуг яны вымагалi з сялян завышаны чынш. Пры гэтым даволi часта нават не выдавалi квiткоў аб аплаце, сцвярджаючы што не маюць з сабою належных дакументаў. А праз пэўны час патрабавалi грошы зноў. Сапраўдная бяда была людзям, калi надыходзiў час везцi на млын зерне. Звычайна за млынарскiя паслугi пан браў адну дзесятую долю атрыманай мукi. А вось Iцкавiчы патрабавалi адну сёмую. Нахабныя арандатары былi ласыя да ўсялякiх «пачастункаў» ды «падарункаў». Не цуралiся яны нават звычайнага рабаўнiцтва.

Крычаўскiя сяляне неаднойчы накiроўвалi да Радзiвiла сваiх прадстаўнiкоў са скаргамi. Але ў большасцi выпадкаў людзi гэтыя нават не дабiралiся да пана. Людзi Iцкавiчаў пiльна сцераглi ўсе дарогi.

Тады крычаўцы абралi са свайго асяроддзя Васiля Вашчылу, сумленнага i, галоўнае, пiсьменнага селянiна з вёскi Селiшчы. Яму даверылi быць войтам. Васiль быў карэнным жыхаром Крычаўшчыны. Нарадзiўся ў вёсцы Лобжа. У Селiшчы сям’я перабралася пасля смерцi бацькi. Праўда, праз 19 гадоў пасля гэтага Васiль перасялiўся ва Украiну, у вёску Вуношава.

Войту Вашчылу двойчы ўдавалася данесцi скаргi сялян да пана Радзi­вiла. Першы раз дзеля гэтага Вашчыла паехаў ажно ў Варшаву. Другi раз знайшоў пана ў Мiры. Абодва разы на адваротным шляху Вашчылу хапалi прыспешнiкi Iцкавiчаў i жорстка каралi. Пасля варшаўскай паездкi ён атрымаў 150 удараў бiзуном, на здзiўленне ўсiм выжыў. Пасля другой сустрэчы з князем людзi Iцкавiчаў iзноў падпiльнавалi яго на зваротным шляху, збiлi, закавалi ў ланцугi i кiнулi ў сутарэннi Крычаўскай вязнiцы. Больш за ўсё пакрыўдзiла сялян тое, што мэтанакiраванасць i самаадданасць iхняга войта аказалiся дарэмнымi. Радзiвiл не стаў разбiрацца з арандатарамi, не ўступiўся за сялян.

Урэшце цярпенне людзей скончылася. Вясной 1740 года запалала арандатарскае жыллё ў вёсцы Панкi. За гэта былi арыштаваны 18 сялян, хутчэй за ўсё, першых, хто патрапiўся на вочы. Iх абвiнавацiлi ў падпале i прыгаварылi да смяротнага пакарання. Вестка пра гэты ганебны прысуд стала апошняй кроплей. Сяляне даўно ўжо былi гатовыя «ўзяцца за рукi i выступiць, каб абаранiць сябе ад пагiбелi».

Атрад паўстанцаў на чале з Вашчылам вызвалiў вязняў. Услед за гэтым паўстанне ахапiла ўсё староства. Сяляне i гараджане знiшчалi даўгавыя дакументы, грамiлi дамы тых, хто быў звязаны з арандатарамi, учынялi рабаўнiцтва яўрэяў-шынкароў ды лiхвяроў. Хутка ўлада Васiля Вашчылы i яго блiжэйшых паплечнiкаў Iвана Карповiча, Васiля Ветра, Навума Буяна распаўсюдзiлася на ўсё староства. Пераможцы выгналi арандатараў i ўзялi ў свае рукi кiраванне. Яны самi сталi збiраць падаткi i адвозiць iх пану. Але з некаторага часу Радзiвiла стала непакоiць незалежнасць паводзiн крычаўскiх мяцежнiкаў. Яны ўжо асмельвалiся спрачацца з iм, самастойна прымаць найважнейшыя рашэннi кiравання староствам, усё часцей узгадвалi, што яны не з’яўляюцца ўласнасцю пана Радзiвiла i толькi кароль мае права вырашаць iх лёс. А яшчэ ў асяроддзi крычаўцаў луналi думкi пра тое, каб вызвалiць ад панскага i арандатарскага прыгнёту сялян усёй Магiлёўшчыны i стварыць нешта накшталт казацкай рэспублiкi.

Супраць мяцежных сялян быў накiраваны атрад палкоўнiка Пястжэцкага. Той разбiў адзiн з атрадаў паўстанцаў, узяў вялiкi палон. Вашчыла на чале iншага атрада перахапiў ворагаў ля вёскi Калодзеж, разагнаўшы ваяроў па наваколлi. Цудам уратаваўшыся, палкоўнiк слёзна прасiў у Радзiвiла неадкладна прыслаць войскi, бо ў старостве «сапраўдная казаччына — нельга паказацца ў вёсках».

Дзейнасць Вашчылы i яго паплеч­нiкаў выклiкала трывогу i ў дзяржаўных улад. I нездарма. Бо ўспыхнулi паўстаннi ў Аршанскiм i Вiцебскiм паветах, захвалявалiся сяляне Магiлёўскай эканомii. Сярод насельнiцтва краю хадзiлi чуткi, быццам Вашчыла — унук самога Багдана Хмяльнiцкага.

У пачатку наступнага года князь Геранiм Радзiвiл накiраваў у староства конных ды пешых ваяроў з гарматамi. Кiраваў iмi ўсё той жа палкоўнiк Пястжэцкi. Сярод воiнства гэтага былi прафесiйныя ваенныя — саксонскiя наймiты. Атрад, не сустрэўшы нiякага супрацiўлення, увайшоў у Крычаў i далучыўся да мясцовага гарнiзона. Васiль Вашчыла адчуў небяспеку. Ён вырашыў нанесцi папераджальны ўдар, але гэта быў непрадуманы крок.

18 студзеня мяцежнiкi пайшлi на штурм крычаўскiх умацаванняў. Яны значна пераўзыходзiлi колькасцю абаронцаў, але саступалi ва ўзбраеннi. Да таго ж большасць з iх не мелi нiякага ваеннага вопыту. Яны былi лiтаральна выкашаны гарматнай карцеччу ды кулямi стрэльбаў. Мяцежнiкi разгубiлiся, i тады Пястжэцкi здзей­снiў нечаканую вылазку. Паўстанцы паспешлiва адступiлi , пакiнуўшы на полi бою каля сотнi загiнуўшых i больш за пяцьсот параненых паплечнiкаў. Семдзесят сем захопленых у палон мяцежнiкаў былi асуджаны на смерць.

Вашчыла з рэшткамi сялянскага войска не змог прыйсцi на дапамогу сябрам. Але ён яшчэ спадзяваўся адпомсцiць за iхнюю пагiбель. У вёсцы Царкавiшчы ён збiраў новыя сiлы. Планаваў зрабiць яшчэ адну спробу захапiць Крычаў. Цяпер мяцежнiкi, навучаныя горкiм вопытам, казалi пра тое, што горад трэба ўзяць у аблогу, а радзiвiлаўскiя ваяры, маўляў, самi складуць зброю пад пагрозай галоднай смерцi. Невядома, цi спрацаваў бы гэты план, таму што сярод паўстанцаў знайшоўся здраднiк, якi данёс Пястжэцкаму, дзе атабарылiся мяцежнiкi. Цёмнай ноччу войска падышло да вёскi Царкавiшчы i на свiтаннi нечакана абрынулася на паўстанцаў. Разгубленыя сяляне не здолелi наладзiць абарону. З Крычаўскiм паўстаннем было скончана…

Палонныя падзялiлi лёс сваiх таварышаў. А шаснаццаць правадыроў, згодна з паданнем, атрымалi кару з рук самога Радзiвiла. Ён падвергнуў iх нечалавечым катаванням, большасць з iх загiнулi. Пяцёра самых стойкiх кiраўнiкоў мяцежных крычаўцаў былi, маўляў, зашытыя ў мядзведжыя шкуры i аддадзены на разарванне паляўнiчым сабакам князя Радзi­вiла. Каб паздзеквацца з асуджаных, Радзiвiл абяцаў, што, калi iм удасца адолець сабак, ён захавае iм жыццё. Але ў бойцы з сытымi, добра абучанымi хартамi ды ганчакамi аслабленыя катаваннямi паўстанцы ўсе спаткалi сваю смерць…

Толькi некалькiм мяцежнiкам удалася выратавацца. У час бiтвы пры Царкавiшчы яны змаглi невялiчкай групай прабiцца да лесу i знiклi ў яго гушчары. Сярод людзей гэтых быў Васiль Вашчыла. Зразумеўшы, што болей не зможа сабраць войска, ён вырашыў прабрацца на тэрыторыю Расiйскай iмперыi. На украiнскiх землях яму ўдалося нават атрымаць пашпарт. Але Геранiм Радзiвiл шукаў паўсюдна галоўнага паўстанца, патрабуючы яго выдачы. I Вашчыла быў схоплены. Тым не менш расiйскi бок не спяшаўся выдаць праваслаўнага чалавека на смерць i пакуты раз’юшаным католiкам. Тым больш што ён выдаў сябе за падданага Расii, сцвярджаў, што нарадзiўся ў вёсцы Чамаданава Старадубскага палка Пачопскай сотнi. Пачалося следства, яно цягнулася надзвычай доўга. Абаронцы Вашчылы шукалi ўсялякiя спосабы выратаваць яго ад гневу Радзiвiла. Аднак у зняволеннi кiраўнiк крычаўскiх мяцежнiкаў захварэў на дызентэрыю i памёр. Гэта здарылася 28 жнiўня 1744 года.

Роўна праз 240 гадоў пасля падаўлення Крычаўскага паўстання выдатны беларускi пiсьменнiк Уладзiмiр Караткевiч напiсаў апошнi свой твор, п’есу «Мацi ўрагану», у якой адлюстраваў поўныя драматызму падзеi. У вусны Васiля Вашчылы ўкладзены словы, якiя, напэўна, адлюстроўваюць самую галоўную аўтарскую думку: «Ведаеш, мы часам павiнны ахвяраваць сабой той мацi-зямлi, што прыняла ў сябе тваю пупавiну i з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкi i дзяцей, нават без бацькоў. Але немагчыма жыць без Радзiмы».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра Васiля Вашчылу хадзiлi чуткi, быццам ён унук Багдана Хмяльнiцкага
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика