Прамень, які лечыць
21.01.2011
—
Разное
|
Без лазераў, лазерных тэхналогій сёння немагчыма ўявіць жыццё. Фізікі даўно пралічылі з’яўленне гэтакіх крыніц выпраменьвання. А стварыў першы лазер амерыканскі фізік Тэадор Мейман. І ўжо тады, у 1960-м, навуковая каштоўнасць і практычная карысць ад вынаходніцтва былі настолькі відавочнымі, што вывучэннем лазераў заняліся тысячы навукоўцаў ва ўсім свеце. Свой уклад у “лазерную тэму” зрабілі і беларускія навукоўцы. Даўно працуе ў ёй загадчык лабараторыі лазерных сістэм і прыбораў Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Васіль Мастоўнікаў. З ім наша размова.
— Васіль Андрэевіч, ці намнога адсталі нашы фізікі-лазершчыкі ад амерыканскіх на старце? — Мяркуйце самі. Доследы ў галіне лазернай фізікі пачаліся ў нашым інстытуце практычна адразу, як з’явіліся першыя паведамленні аб адкрыцці лазераў у ЗША. І ўжо ў 1962 годзе наш калега Уладзімір Антонавіч Піліповіч стварыў і запусціў першы ў Беларусі лазер на рубіне. Гэта значыць: у яго канструкцыі выкарыстаны крышталь рубіну. — А праз дзесяць гадоў, у 1972-м, вучоным Барысу Сцяпанаву, Анатолю Рубінаву і вам была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Пэўна, гэта была першая такога высокага ўзроўню адзнака працы беларускіх фізікаў. За што такі гонар? — На старце, як вы кажаце, тысячы фізікаў свету імкнуліся зрабіць лазер універсальным, больш зручным, эканамічным у выкарыстанні. І менавіта мы ў беларусім акадэмічным Інстытуце фізікі ўпершыню ў СССР у 1966 годзе стварылі лазеры на фарбавальніках. Дарэчы, тое ж незалежна ад нас і практычна адначасова зрабілі дзве групы даследчыкаў са ЗША і ФРГ. Па сутнасці, гэта лазеры новага тыпу, у іх можна пераналаджваць як частату выпраменьвання, зменьваць колер промня ад ультрафіялетавага да інфрачырвонага, так і працягласць імпульса. А ад гэтых параметраў залежаць і ўласцівасці лазернага промня. Гэта быў важны этап у развіцці лазера, з яго дапамогай стала магчымым вывучаць шэраг працэсаў у хімічных рэакцыях, фотасінтэзе, фізіцы плазмы… Карацей, дзякуючы лазерам ірванулі наперад многія навукі. — Дзе сёння выкарыстоўваюцца айчынныя лазерныя тэхналогіі? — Ведаеце, цяпер у Беларусі цяжка знайсці галіны навукі, тэхнікі, побыту, дзе б нашы распрацоўкі не ўжываліся. Без лазераў не абыходзяцца медыцына, тэлекамунікацыі, ваенная справа, машынабудаванне… У Беларусі ўпершыню на тэрыторыі СНД лазерныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца нават пры экспертызе твораў жывапісу, іх рэстаўрацыі. Беларускія навукоўцы стварылі цэлы комплекс медыцынскіх тэхналогій з выкарыстаннем лазераў. І цяпер нават у самай аддаленай ад сталіцы вясковай амбулаторыі ёсць тэрапеўтычныя апараты з лазернымі сістэмамі “Крыніца-1”, “СНАГ”, “Айбаліт”, “Малы”, якія вяртаюць людзям здароўе. Між іншым, аднымі з першых у свеце беларускія лазершчыкі і медыкі стварылі хірургічныя лазеры, якія могуць аб'яднаць тры даўжыні светлавой хвалі, і кожная з іх па-рознаму пранікае ў тканку, рэжа, прыпальвае яе. Так што хірург атрымлівае ўнікальны інструмент, які пры аперацыях павышае эфектыўнасць лячэння, а то і значна скарачае аперацыйны час. — Над чым цяпер працуе ваш калектыў? — Сёння вучоныя Інстытута фізікі сумесна са спецыялістамі Мінскага медуніверсітэта ствараюць лазерны пінцэт, і хутка ён будзе зроблены. Гэта ўнікальная прылада, пры дапамозе яе можна выконваць самыя складаныя аперацыі на ўзроўні асобных жывых клетак. А яшчэ нядаўна было выяўлена, што лазер можна выкарыстаць для выяўлення і лячэння ракавых захворванняў. І ў гэтым кірунку рухаемся. Увогуле пра лазер гавораць, што ён сам сабе шукае сферы прымянення, яго адкрыццё — з галоўных дасягненняў XX стагоддзя. Іна Ганчаровіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Без лазераў, лазерных тэхналогій сёння немагчыма ўявіць жыццё. Фізікі даўно пралічылі з’яўленне гэтакіх крыніц выпраменьвання. А стварыў першы лазер амерыканскі... |
|