Рагачоўшчына - культурная скарбніца Беларусі?
08.05.2012
—
Разное
|
Рагачоўшчына — край цудоўнай беларускай прыроды на беразе велічнага Дняпра, яркай гісторыі, якая адыграла сваю ролю ў фарміраванні эпахальных падзей, край, які даў нямала выдатных дзеячаў культуры, навукі, ваеннай справы, палітыкі, эканомікі. Іх лік ідзе на дзясяткі. Для аднаго раёна гэта больш чым салідна. Дастаткова назваць толькі некалькі імёнаў: Уладзімір Кігн-Дзядлоў, Андрэй Макаёнак, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Каплан, Мікалай Гарбачоў, каб задацца пытаннем, што ж у гэтым краі такога, што тут у такім багацці прадстаўлены таленты? — Так, гэта ўплыў прыроды, якая хвалюе і натхняе, падштурхоўвае да творчасці і пошукаў, — гаворыць намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Васіль Каральчук. — Ёсць тэорыя пра тое, што блізкасць да вялікіх рэк адыгрывае ў гэтым плане асобную ролю. У нас жа акрамя Дняпра, ёсць яшчэ паўнаводная Друць. Да таго ж раён размешчаны на перакрыжаванні дарог, на спалучэнні культурных пластоў. Менавіта Рагачоўшчына, сапраўдная культурная скарбніца Беларусі, стала месцам правядзення абласнога форуму, прысвечанага тэме ролі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў прапагандзе беларускай літаратуры. Мерапрыемства было прымеркавана да Года кнігі. Разам з абласной структурай яго арганізатарамі выступілі Рагачоўскі райвыканкам і Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на чале з Уладзімірам Гаўрыловічам. Форум пачаўся з наведвання аграгарадка Новыя Журавічы, дзе ўсталяваны бронзавы бюст пісьменніку і драматургу Андрэю Макаёнку, ураджэнцу вёскі Борхаў цяперашняга Журавіцкага сельскага Савета. Самыя прыемныя ўражанні засталіся ад наведвання Журавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, у якой вучыўся вядомы драматург і якая носіць цяпер яго імя. Цікавыя факты пра Рагачоўшчыну літаратурную расказваў настаўнік-краязнаўца Збораўскага дзіцячага сада — базавай школы Юрый Чарняўскі. У Рагачове нярэдка бываў Уладзімір Караткевіч, збіраў грыбы, паляваў, рыбачыў і — пісаў. Многія характары яго твораў, як і ў Макаёнка, навеяны сустрэчамі з жыхарамі краю. Як тут не ўзгадаць аднаго з любімых герояў Караткевіча — рагачоўца Гервасія Выліваху, веселуна, жыццялюба, які стойка пераносіць нягоды. Яго сам пісьменнік называў тыповым вобразам беларуса. У Рагачове захаваўся дом з рабочым кабінетам, дзе Караткевіч стварыў некаторыя са сваіх выдатных твораў ці іх асобныя эпізоды. Там і зараз жывуць сваякі пісьменніка, а ў кабінеце ўсё засталося так, як было пры яго жыцці. У ваколіцах Рагачова жыў высокаадукаваны для свайго часу (другая палова XIX — пачатак XX стагоддзя) пісьменнік, даследчык Уладзімір Кігн-Дзядлоў, які сябраваў з Мендзялеевым, Шышкіным, Урубелем, Васняцовым, Рэпіным, Чэхавым... На плянарным пасяджэнні ўдзельнікі форуму абмеркавалі літаратурныя пытанні, папулярызацыю кнігі ў сучасных умовах. Як сказаў яго старшыня Уладзімір Гаўрыловіч, гамяльчанам у гэтым плане ёсць чым ганарыцца. За шэсць гадоў выдадзена больш за дзевяць дзясяткаў разнапланавых выданняў, праводзяцца дзясяткі творчых конкурсаў, розныя літаратурныя мерапрыемствы. Нядаўна з пісьменнікамі сустракаўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Паказальным момантам мерапрыемства стала ўручэнне новаспечаным членам Саюза пісьменнікаў Беларусі членскіх білетаў. Іх атрымалі супрацоўніца мазырскай раённай газеты Наталля Канопліч і аўтар гімна горада Рагачова Віктар Купрыянчык. Яны паспяхова спалучаюць журналістыку з літаратурнай творчасцю. Прыемныя хвіліны яднання з мастацтвам падаравалі гасцям выхаванцы мясцовай школы мастацтваў, якія даказалі на сваім прыкладзе, што рагачоўская зямля працягвае вырошчваць таленты. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта высвятлялі ўдзельнікі абласнога форуму, прысвечанага тэме ролі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў прапагандзе беларускай літаратуры.
|
|