Жывыя нашы паданні, і песні, і мова, і строй
24.05.2012
—
Разное
|
У Кудрычах Пінскага раёна ўсё яшчэ адчуваецца каларыт сапраўднай палескай вёсачкі: тут збіраюць мёд з борцяў і перапраўляюцца па рацэ ў “дубах”. Ці не праўда, цяжка такое ўявіць у XXI стагоддзі? Таму і адправіліся на Піншчыну, каб усё ўбачыць на ўласныя вочы. Ад раённага цэнтра да ўнікальнай вёскі — каля трыццаці кіламетраў, у асноўным па “гравейцы”. Калёсным транспартам не надта тут наездзіш. Ды мясцоваму насельніцтву ён і не патрэбен. Прывыклі дабірацца на конях, а часцей — на чаўнах. Дарогу да Кудрычаў праклалі толькі ў 86-м годзе. А да гэтага людзі ў горад, суседнія вёскі, на поле і нават на могілкі дабіраліся па вадзе. Рэкі і балоты, што працягнуліся да самага Пінска, многія стагоддзі хавалі Кудрычы ад чужых вачэй. Таму гэты палескі куточак больш астатніх захаваў аўтэнтычны ўклад жыцця. Нібы іншы дзівосны свет адкрыўся перад намі за ўказальнікам “Кудрычы”.
І праўда, дзе сёння ўбачыш чаратовыя стрэхі на хатах і хлеўчыках, рыбалоўныя сеткі і чаўны на беразе возера (іх тут называюць “дубамі”), сена на платах і складзеныя па крузе дровы, безліч бусліных гнёздаў? А яшчэ — такіх шчырых і добразычлівых людзей, як жыхары Кудрыч. І хоць засталося іх толькі каля дваццаці чалавек, яны не цураюцца прыезджых, гасцінна сустракаюць людзей на сваіх падворках, кожны з якіх — бы музей пад адкрытым небам. Заходзім на падворак старасты вёскі Маісея Махаўца, якога ў Кудрычах клічуць проста Елісеевіч. Ого, колькі ўсяго тут можна знайсці! Косы, кашы, сярпы, палкі, ланцугі, пажоўклыя венікі (можа, з дзясятак), прымацаваныя да сцяны хлеўчыка. Збаночкі і кубачкі з аббітымі вушкамі, не выкінутыя, але павешаныя на палках у кветніку (каларыт яшчэ той!). Перакуленая бочка, ператвораная ў будку для невялічкага шэрага сабачкі. Нічога не змарнуе паляшук — усё прыстасуе ў гаспадарцы. Разглядаю рэчы, нібы музейныя экспанаты. Але ж гэта не музей — тут людзі жывуць. Жывуць гэтак жа, як і пяцьдзясят, сто, дзвесце гадоў таму. Гаспадыня падворка Вольга Мікалаеўна праводзіць у сад — таўшчэзныя борці стаяць ля кустоў, на дрэвах і нават пад самымі вокнамі хаты. І як не баяцца, каб пчолы не ўкусілі? Яны ж так і гудуць! — Оооо... чого ж бояцца? Гэто ж нашы кормылыцы, — тлумачыць гаспадыня. — Як і корывка, конік, куры і поросята...
Толькі дзякуючы гаспадарцы і агародам раней і ўдавалася выжыць палешукам. Але чаго гэта каштавала лю-дзям на балоце! Увесну возера і рэкі, на якіх стаіць вёска, разліваюцца так, што Кудрычы ператвараюцца ў сапраўдную палескую Венецыю. Нават да суседа без лодкі не дабярэшся. — Дзе ж палешукі садзілі агароды? — здзіўляюся. — Дзе грудочэк які буў — там і садзілы, — тлумачыць Вольга Мікалаеўна. Коня в дуб, воза в дуб, бороны, плугі, мешкі з насіннем в дуб — і на той грудочэк. Без лодкі ў Кудрычах было не выжыць. Кожная сям’я мела адразу некалькі “дубоў”. У іх дзеці ездзілі ў школу, на іх перавозілі труны на могілкі, што знаходзяцца на тым беразе ракі, у “дубах” перавозілі хмызняк на дровы, борці ў лясы, сена з лугоў... — Шчогод робылы по трыста копыт сіна — у копыте прымерна по сто пяцьдзесят кілограм, — расказвае стараста! — Шчо собе рыхтовалы — держалы по тры — чатыры корывкі. А шчо вязалы “в дубы” і везлы в Пінск — для еврэюв. Оны коровы держалы, коні. — Сам не з’есы, збыраеш, каб купыць хустку ці шчо, — успамінае бабуля. — Беднота ж кругом була. — Ды нам много і не трэбо — на уху ці на одну скавародку, — гаворыць Вольга Мікалаеўна. Затое агарод у Махаўцоў, хіба, не меншы за былы. Мо, з паўгектара будзе. І цяпліца такой велічыні, якую мне раней даводзілася бачыць толькі на фермерскіх участках. Елісеевіч і рассаднічак змайстраваў спецыяльны ля хаты. Ого! — заглядваю ўнутр. Тут нават печка ёсць. Побач — градуснік, каб кантраляваць тэмпературу. І з дзясятак карытцаў, поўных моцнай зялёнай расады. Нядзіва, што ў клапатлівых гаспадароў і расада такая вымахала!
— А дзеці у вас ёсць? — пытаюся ў Махаўцоў. — У мяні німа — у жынкі, — смяецца Маісей Елісеевіч. Вясёлыя ж гэта людзі — палешукі. Нягледзячы ні на нястачу, ні на цяжкую працу, заўсёды яны ўмелі, ды і ўмеюць радавацца жыццю. — Е, а як жа — трое дочак і сын, — ужо сур’ёзна гаворыць гаспадар. — Розбежаліся всі, праўда, — дапаўняе яго жонка. — Хто в Брэст, хто в Пінск. Але і прыязжают, помогают — хыба б мы зробылы со старым весь город?! Не хоча моладзь затрымлівацца ў Кудрычах — ёй бы бліжэй да цывілізацыі. А на чаротавыя стрэхі пагля- — А раней хат сто було. І ў каждой хаце по пяцеро-шэсцеро дзіцей, — успамінаюць Махаўцы. Разам з людзьмі трацяць Кудрычы і свой каларыт. Многія чаротавыя стрэхі, да прыкладу, ужо замененыя на шыфер. — Раней всё було в комышах, — расказвае Вольга Мікалаеўна. — В болото ідеш, нажнеш серпом тых комышов, после сушыш. Перекрывать хаты сталі літ пяць назад. Но сараі шчэ так стоят. Падтрымліваць аўтэнтыку самастойна жыхарам Кудрыч сёння складана. І справа нават не столькі ва ўзросце людзей (пажылыя палешукі, загартаваныя працай і прыродай, могуць даць фору нават маладым!), колькі ў забаронах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі заказніка “Сярэдняя Прыпяць”, куды ўваходзяць Кудрычы. Людзі проста не маюць права жыць, як сто гадоў назад, — ссякаць дрэвы для сваіх патрэб, лавіць сеткамі рыбу для продажу і гэтак далей. Праўда, турысты ў Кудрычы ўсё роўна завітваюць. Асабліва з-за мяжы. Бываюць тут і галандцы, і французы, і шведы... Ці трэба казаць, якое ўражанне ў іх пакідаюць Кудрычы! Хоць і праніклі сюды элементы сучаснасці тыпу шыферных стрэх, тэлевізараў і тэлефонаў, у Кудрычах усё яшчэ адчуваецца каларыт сапраўднай палескай вёсачкі. Не бутафорскай, не музейнай — самай што ні ёсць жывой — з радасным клёкатам буслоў, духмяным водарам бэзу і непадробнай шчырасцю палешукоў...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Кудрычах Пінскага раёна ўсё яшчэ адчуваецца каларыт сапраўднай палескай вёсачкі: тут збіраюць мёд з борцяў і перапраўляюцца па рацэ ў “дубах”.
|
|