Цуд на далонях вечнасці. 21.by

Цуд на далонях вечнасці

26.05.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— Рэчка пад мінскімі гмахамі... — дзе вытокі яе, дзе рэчышча й вусце?..
— А падводная лодка... — калі і хто з беларусаў працаваў над яе стварэннем?..
— А возера Нарач... — што было найперш: яно само ці легенды, якія яго спарадзілі?..
— А першы металургічны завод... — хто, дзе і калі заснаваў на беларускай зямлі тую доменную печ?..
З такіх вось, і падобных ім, нечаканых пытанняў і адказаў і прыйшла да юных чытачоў кніжная серыя “Сем цудаў Беларусі”.
Нагадаем: “У гасцях у вечнасці” (2001), “Званы Нямігі” (2002), “За наміткай гісторыі” (2003), “Адвечны покліч Радзімы” (2004), “Славутыя родам сваім” (2006), “Перуновага племені дзеці” (2008)...

Сапраўды своеасаблівая бібліятэка, таленавіта створаная пісьменнікам Анатолем Бутэвічам. Кніга за кнігай — і ў кожнай — гэтая сімвалічная лічба “сем”: па сем цудаў пад кожнай вокладкай, — як радаводны працяг тых славутых “Сямі цудаў свету”...

“Сем цудаў Беларусі” — а ў выніку атрымліваецца, што не “сем”, а сама меней сем разоў па сем. Такая зямля ў нас — цудоўная! А гэта сведчыць толькі пра адно: якое тут шырокае і творча спрыяльнае поле дзейнасці для пісьменніка. На жаль, цягам доўгіх гадоў было яно занядбанае...

Помніцца, як у час маёй працы  (далёкія ўжо 60-я гады мінулага стагоддзя) у рэдакцыях газеты “Піянер Беларусі” і часопіса “Бярозка” “галадалі” мы на творы навукова-папулярнай літаратуры. Багацце нашай прыроды, нашай гісторыі, культуры, духоўнага жыцця народа абміналася ў літаратуры для дзяцей і юнацтва з нейкім дзіўным маўчаннем...

Хаця — чаму дзіўным? Так па-міністэрску скіраваныя былі і школьныя праграмы: паводле іх увесь гістарычны шлях Беларусі здзяйсняўся недзе на іншых землях, іншымі людзьмі і героямі-суседзямі... Сваёй гісторыі  — ад “Перуновых стрэл”, ад Крыжа Еўфрасінні Полацкай да Статута Вялікага Княства Літоўскага — у нас як бы і не было зусім...

Гістарычныя, культурныя пласты нашай мінуўшчыны ляжалі ў асноўным нераспрацаванай аблогай. Яны маўкліва чакалі мастацка-публіцыстычнага асваення. Пільная неабходнасць актывізацыі творчых пісьменніцкіх намаганняў у галіне навукова-папулярнай літаратуры для юнацтва не выклікала сумневу. Рашучы зрух, нарэшце, акрыліўся ідэямі нацыянальнага адраджэння апошніх дзесяцігоддзяў.

Анатоль Бутэвіч быў адзін з самых першых, хто не толькі пачуў настойлівы покліч гэтай запатрабаванасці, але і творча — што самае важнае! — адгукнуўся на яе. Адгукнуўся дапытлівым пошукам і творчымі набыткамі.

Тое, што не падуладна часу, што вытрымлівае яго выпрабаванне на трываласць, — магчыма, не столькі фізічнае, колькі духоўнае, — тое трывала ўваходзіць у катэгорыю вечнасці.

Пісьменнік, застаючыся мастаком слова, як бы спасцігае сваімі творамі і свет мастацтва педагагічнага. Вехі гістарычнага і духоўнага жыцця народа — выдатная школа і пазнання, і выхавання, наглядны прыклад грамадзянскай, маральнай загартоўкі як сённяшняму, так і будучым пакаленням юных. Не толькі дапамагчы вывучыць, але і зрабіць блізкім і духоўна-вызначальным кожны з феноменаў Цуду, што знаходзіць адлюстраванне на старонках кніг, захаваць і перадаць іх наступнікам, — так разумее нялёгкую і адказную пісьменніцкую місію Анатоль Бутэвіч.

Творы яго — своеасаблівае запрашэнне цікаўным і дапытлівым да падарожжа ў свет пошукаў і адкрыццяў. Гэта пэўным чынам школьная чытанка, падручнік. А для настаўніка — багаты дыдактычны матэрыял, — пакарыстаемся гэтым крыху казённым словам, заўважыўшы, аднак, што кнігам найперш за ўсё ўласціва мастацка-эстэтычнае выяўленне гістарычных фактаў і дзей з непасрэдна-эмацыйным выхаваўчым зместам.
Гэтым, зразумела, вызначаюцца і стылявыя асаблівасці твораў, іх моўна-лексічная палітра, шматфарбнасць дэталяў, абумоўленая тэматычнай разнастайнасцю, іх канкрэтная і непаўторная адпаведнасць зместу.
Вось бог Сонца, урадлівасці і кахання — Ярыла. Людзі чакаюць яго, як чакаюць вясну (“Перуновага племені дзеці”).

“І ён прыходзіў. Напорыста і імкліва. Па-маладому радасна і весела. Сваімі чароўнымі ключамі рашуча адмыкаў да жыцця зямлю, выпускаў на волю расу і клікаў людзей у поле. Журавы трубілі ў свае гучнагалосыя трубы — абвяшчалі з’яўленне Ярылы. Гэтую радасную вестку па ўсіх палях і паселішчах разносілі няўтомныя на спевы жаўрукі. Нездарма яны лічыліся Ярылавымі пасланцамі...”

Сонечна-светлае любаванне і замілаванне вясновым наступам. Яго настраёвасць, радасная ўзнёсласць абуджэння прыроды нагадваюць лад песні-вяснянкі...

Параўнаем  (з кнігі  гістарычна-біяграфічных нарысаў “Славутыя родам сваім”): “Самы пачатак XVI стагоддзя. Няспынныя татарскія набегі становяцца ўсё больш жорсткімі. Войскі хана Баты-Гірэя даходзяць да Слуцка, па дарозе рабуюць гарады і вёскі, забіраюць мноства палонных. Татарам удалося захапіць слуцкія прадмесці. Ацалелыя жыхары схаваліся ў замку. Раз’юшаны Баты-Гірэй адступіў, але загадаў зрабаваць і спаліць Капыль, Койданава, Нясвіж, Клецк...”

Зусім іншая, чым у папярэднім урыўку, танальнасць. Сціслае, дакладнае сведчанне — у стылі летапіснай хронікі...

Для ілюстрацыі сваіх назіранняў і высноў пісьменнік шчодра скарыстоўвае вусную народную творчасць, асабліва паданні, легенды. Кола творчых памочнікаў у аўтара шырокае і аўтарытэтнае. Грунтоўную змястоўнасць сваіх нарысаў-эсэ ён дадаткова і заўсёды трапна, да месца, узбагачае выказваннямі і сведчаннямі славутых даследчыкаў, гісторыкаў — ад Герадота да Кіркора, пашыраючы тым самым далягляды аповеду.

Адным з немалаважных кампанентаў кнігі, адрасаванай юным чытачам (як пазначана ў нашым выпадку, “для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту”), з’яўляецца яе мастацкая аздоба і паліграфічнае выкананне. І тут нельга не адзначыць таленавітую працу мастака Паўла Татарнікава над афармленнем серыі “Сем цудаў Беларусі”. У кожным канкрэтным выпадку мы бачым не проста “дзяжурныя” ілюстрацыі да тэкстаў, а паралельную ім змястоўную плынь, здзейсненую мастацкімі сродкамі — і ў каляровых, і ў кампазіцыйных вырашэннях.  Гэта — у лучнасці з дастойнай  паліграфічнай версіяй — і ёсць сапраўднае мастацтва стварэння Кнігі. Праца і пісьменніка, і мастака ідуць у добрай згодзе...

А падсумаваннем гэтага творчага шчыравання з’явілася кніга “На далонях вечнасці” —  выбраныя творы з папярэдніх выданняў. І таму пад яе вокладкай мелі поўныя падставы змясціцца і нарысы Уладзіміра Ягоўдзіка, публікацыяй якіх была якраз і запачаткавана выдавецкая серыя “Сем цудаў Беларусі”.

Словы на сустрэчы з чытачамі і аўтар, і выдаўцы сказалі такія: “Разгарніце старонкі кнігі, і яна на далонях вечнасці панясе вас у чароўны і непаўторны свет мінулага, з якога прарастае наш сённяшні дзень і наша будучыня”...

Шчаслівай дарогі!.. Хай “Сем цудаў Беларусі” стануць упоруч з “Сямю цудамі свету” — яшчэ адным — восьмым!.. І Дзяржаўная прэмія Беларусі, якой гэтыя кнігі, бясспрэчна, заслугоўваюць, хай гэтаму паспрыяе.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цуд — што нараджаецца ў чалавечай фантазіі, там і застаючыся, і цуд, што становіцца рэальнасцю, цуд рукатворны, а яшчэ цуд, спароджаны самой прыродай, — усё гэта ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика