Маладзечанец на адной сцэне з “Placebo” (+аўдыё)
28.07.2012
—
Разное
|
![]() МузыкантGran+ (на фота) запрошаны на адзін з найбуйнейшых фестываляў Еўропы “Sziget”. Маладзечанец Сяргей Драбышэўскі, які выступае пад псеўданімам Gran+, едзе на адзін з найбуйнейшых фестываляў Еўропы за свае грошы. Ён стане чацвертым прадстаўніком Беларусі за яго 20-гадовую гісторыю.Сёлета на фестывалі выступяць такія сусветна вядомыя гурты, як “The Stone Roses”, “Placebo” і “Korn”. Пра суразмоўцу Сяргею – 23. Ён скончыў музвучылішча імя Агінскага і ўжо паспеў папрацаваць і настаўнікам па класе гітары ў школе, і гукааператарам у Мінскім абласным драмтэатры. Але сэрца і душа Gran+ застаюцца разам з музыкай, якую ён робіць сам. Менавіта дзякуючы ёй Сяргей і трапіў на такі прэстыжны фестываль. Усё пачалося з пералому − Усё пачалося з пералому, − пачынае расказваць Сяргей гісторыю сваёй музычнай творчасці. − Я тады вучыўся ў восьмым класе, вырашыў заняцца спортам. Зімой захацеў схадзіць на брусы. І вось аднойчы зваліўся з іх і атрымаў пералом. З’явілася шмат вольнага часу. Так узяў гітару, тады акорды я ўжо ведаў, пачаў іграць і пісаць вершы. З таго часу ў мяне засталося нават каля 20 запісаў. Потым пачаў эксперыментаваць і запісваць гітару разам з сінтэзатарам. А ў дзевятым класе дакладна вырашыў, што буду паступаць у музвучылішча. − Дык ты рыхтаваўся да паступлення ці гэта было нечаканасцю? − Знак быў. Я з сябрамі знайшоў у школе бас-гітару. Мы яе адрамантавалі. .І здарылася так, што мяне запрасілі іграць у гурт у Сасновым Бары. Там у нас усе песні загучалі! Нават адзін нейкі канцэрт быў. Але гурт хутка разваліўся, таму што ў нас усе дзядзькі дарослыя былі. Мне тады было 16 год, а ім ужо па 25, па 27. І вось дзякуючы гэтаму я адважыўся паступаць у вучылішча імя Агінскага на музыказнаўчае аддзяленне. “Я цярпець не магу музыку “па правілах” − А што там? − А там нас вучылі разбіраць музыку “па костачках” і разбірацца ў культуры. Вельмі класны педагог быў у мяне на трэцім курсе па музлітаратуры, Наталля Кулікова. Яна паказала мне свой прадмет зусім з іншага боку. Я сядзеў на яе занятках дзве гадзіны з адкрытым ротам. Асабліва, калі яна пачынала расказваць пра кампазітараў. Потым быў вельмі добры педагог Алена Доніна, у якой я на трэцім-чацвертым курсах атрымліваў шмат двоек і калоў. Бо яна знаёміла нас з поліфаніяй, дзе заўсёды ёсць заканамернасць. А я цярпець не магу музыку “па правілах”. Я тады абураўся, лаяўся, але мяне ніхто не слухаў, таму што “ёсць праграма, і яе трэба ведаць”. Шмат хто ў мяне выкладаў, і ўсім ім вялікі дзякуй. − А калі ты паспяваў пісаць электронную музыку? − Вучыўся і пісаў. Я сачкаваў заняткі, прызнаюся шчыра. Апраўдваўся пасля тым, што мне балела галава. Але на самой справе я ўставаў зранку і рабіў музыку да ночы. А потым, калі трэба было зноў ісці на заняткі, я разумеў, што ў мяне нічога не зроблена. Мне было сорамна прыходзіць непадрыхтаваным, і я зноў заставаўся дома і зноў пісаў музыку. Няма запрашэння – няма выступлення − Ну, а як на “Sziget” трапіў? − Заяўку падаў зімой. Зусім выпадкова натрапіў на гэты фестываль. Крыху раней я выпусціў першы афіцыйны рэліз на японскім лэйбле. Лэйбл − гэта, па простаму кажучы, фірма, якая афіцыйна выпускае музыку і дае пацвярджэнне, што ты сапраўдны артыст. З гэтага рэлізу і атрымаўся альбом “Now_vember”, які выйшаў у снежні, але быў напісаны яшчэ ў лістападзе. Адсюль і назва “Лістапад” на англійскай мове. На фестываль еду з гэтым альбомам і рэлізам “Tet-a-tet/Day”. − Як атрымаўся “Tet-a-tet/Day”? − Адзін мінскі ды-джэй і прадзюсар Diamos Roll, які таксама піша электронную музыку і мае свой лэйбл Ezhevika, дапамог мне. Дзякуючы яму выйшаў мой другі рэліз пад назвай “Tet-a-tet/Day”. “Tet-a-tet” для мяне – гэта танец. “Day” − дзень. Музыка вельмі энергічная, сонечная і яркая. Яна апраўдвае назву. − Як цябе запрасілі на фестываль? − На электронную пошту прыйшоў ліст, дзе ў мяне пыталіся, ці згодны я ехаць на фестываль. Я пагадзіўся. Арганізатары папярэдзілі, што ў іх няма спонсараў і яны не змогуць аплаціць мне дарогу. Таму я еду за свае грошы. Яшчэ мы доўга абмяркоўвалі пытанне з візай. Бо мне прыйшлося доўга тлумачыць арганізатарам, чаму мне трэба запрашэнне, каб мяне выпусцілі з Беларусі за мяжу. І мне яго ўсё ж такі даслалі. − І ў колькі табе абыдзецца вандроўка? − 150 еўра. − Чаго чакаеш ад “Szigetа”? − Мне вельмі хочацца, каб у памяць гэтых замежнікаў, якія маюць магчымасць думаць толькі пра сябе, учапіўся горад Маладзечна. Бо на самой справе славянскія музыкі бываюць нашмат круцейшыя за замежных. У нас ёсць адна вельмі адметная рыса. Мы маем такую душу, якой не мае ніхто. І яе нікуды не схаваеш, яна застаецца ў музыцы. − Якія цяпер задумы? − Цяпер хачу зрабіць паўнавартасны альбом. Якраз прыеду з “Szigetа”, буду выступаць і спадзяюся, што пасля гэтага атрымаецца ажыццявіць маю задуму. Як выжываюць музыкі − Ці лёгка быць музыкантам? − Справа ў тым, што ў нас няма развіцця. Усе музыканты робяць музыку і ўсім хочацца атрымліваць за гэта нейкія грошы. Калі токар точыць дэталь − яму за гэта плацяць. Дык чаму музыка, калі ён робіць трэк, укладвае ў яго душу, сядзіць, гарбее над гукам, не можа атрымаць тыя ж самыя грошы? Гэта таксама праца. Тым больш праца, якая даецца не кожнаму. А вось дэталь і я змагу вытачыць. Дайце мне кнігу, я прачытаю інструкцыю і зраблю гэта. − Слухай, я не разумею, як вы наогул выжываеце? − Музыкі працуюць на звычайных работах. Калі б было нейкае развіццё, я не працаваў бы. Сядзеў бы дома, пісаў музыку, выступаў. І гэта было б маёй працай. А так, канешне, не атрымліваецца. Як робіцца трэк − А з якой хуткасцю атрымліваюцца твае трэкі? − Працую я даволі хутка. Складана сказаць дакладна, але на пяціхвілінны трэк бывае трэба гадзін шэсць, бывае гадзіны чатыры, бывае дзве. І гэта толькі для таго, каб зрабіць “шкілет”. Гэта значыць, скласці кампазіцыю. А потым пачынаецца апрацоўка. Ты адточваеш кожны гук, дзесьці падпраўляеш біты, дзесьці басы. Робіш больш-менш якасную кампазіцыю. А потым ідзеш і дапрацоўваеш усё на маніторы. Глядзіш, каб трэк гучаў чыста і прыгожа. Тут ты адлюстроўваеш самога сябе. Зробіш блага – і пра тваю музыку казаць будуць блага. У чым сакрэт добрага трэка − Сяргей, як лічыш, што павінен мець чалавек, каб у яго атрымалася добрая музыка? − Галоўнае ў гэтай справе мець вушы і сваё ўяўленне аб музыцы, а не наслухацца чагосьці і рабіць тое ж самае. Падыход павінен быць свой. Трэба, каб гэта ўсё зыходзіла знутры і паказвала тое, што ты бачыш і адчуваеш. Калі ты пачнеш рабіць тое, што робяць іншыя, то нічога не атрымаецца. Які сэнс рабіць песню Філіпа Кіркорава, калі ён ужо яе напісаў? − Дык у чым асноўная праблема? − Многія людзі заганяюцца на стылі: калі пачаў ствараць dram'n'bass, то ўжо ніякага року. Я на стылі ніколі не заганяюся. Мне абсалютна фіялетава. Мы ж усе людзі аднаго складу. Навошта нас дзяліць на кавалкі? Для мяне музыка − адзін вялікі кавалак энергіі, які я аддаю слухачам. Мы ўсе, па сутнасці, з’яўляемся адной вялікай энергіяй, таму што нашы думкі і нашы ўчынкі ўзаемазвязаныя. Tet-a-tet, Gran+
Loft, Gran+ Настасся РОЎДА. Фота Настассі РОЎДЫ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладзечанец Сяргей Драбышэўскі, які выступае пад псеўданімам Gran+, едзе на адзін з найбуйнейшых фестываляў Еўропы за свае грошы. Ён стане чацвертым прадстаўніком...
|
|