Кубак кавы ля карцін
08.12.2012
—
Разное
|
Нацыянальны мастацкі музей працягвае здзіўляць унікальнымі праектамі для дарослых і дзяцей Велічны будынак з калонамі на Леніна, 20 (толькі ў такім будынку і жыць музам мастацтва) заўсёды прыцягваў увагу мінчан і гасцей сталіцы. І не толькі сваім выглядам. То музыка ў залах гучыць, то водар кавы даносіцца… Я ўжо не кажу пра ўласна мастацкія праекты! Якія толькі ідэі ні нараджаюцца ў галаве дырэктара музея Уладзіміра ПРАКАПЦОВА, толькі б прыцягнуць да музея і мастацтва як мага большую колькасць людзей. Як дарослых, так і дзетак – ім Уладзімір Іванавіч нават дазваляе маляваць, седзячы на падлозе самага вялікага ў Беларусі храма мастацтваў. Ёсць ва Уладзіміра Іванавіча ідэя адкрыць у музеі арт-кафэ, студыю-мансарду для дзяцей і яшчэ шмат чаго. Карэспандэнт “НГ” спытала дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова пра ідэі, поспехі і спадзяванні.
— Такія праекты робяцца не адзін дзень і не адзін год. Міжнародныя праекты звязаныя з вялікай падрыхтоўчай працай — гэта і дамоўленасць з нашымі калегамі, і збор неабходных сродкаў, і многае іншае. У юбілейны год Марка Шагала для нас было вельмі важным зрабіць прысвечаную яму выставу. Цікавы праект — выстава работ з Музея Вікторыі і Альберта “Каралеўскія скарбы”. Падзеяй стала наша сумесная з Белгазпрамбанкам выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. Праект рыхтаваўся не менш за два гады. Атрымаўся цудоўны арт-праект з кафэ, інтэрактывам, інфармацыйным і музычным суправаджэннем. Сёлета адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і стагоддзе яго дачы “Чайка”. Адбылося некалькі перасоўных выстаў — у Нясвіжы, Гомелі, Добрушы, Лепелі... Выставачны план гэтага года быў сапраўды вельмі напружаным. Плануем, што не менш цікавыя праекты будуць і ў наступным годзе.
— Так, у Год кнігі мы распачалі разам з выдавецтвам “Беларусь” серыю “Славутыя мастакі з Беларусі”. Выдадзена ўжо пяць кніг, прысвечаных Івану Хруцкаму, Валенцію Ваньковічу, Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю, Язэпу Драздовічу і Станіславу Жукоўскаму. Яркія, невялікія і недарагія (коштам каля 30 тысяч беларускіх рублёў) выданні, якія носяць асветніцкі характар, карыстаюцца вялікім попытам. Некаторыя ўжо перавыдаваліся два-тры разы. Кнігі на трох мовах, таму набываць іх могуць і замежныя турысты. Вельмі трапны праект, які мы абавязкова будзем працягваць. Тым больш што ён доўгатэрміновы і неабмежаваны — дваццаць, трыццаць, сто мастакоў... Можа быць і тысяча. Вось будзе маё стагоддзе, можа быць, і я патраплю ў гэтую серыю.
— Першыя крокі зроблены. Пры музеі створаны апякунскі савет. Вялікую дапамогу мецэнатаў мы адчулі падчас падрыхтоўкі “Каралеўскіх скарбаў”, выставы Марка Шагала. Вядома ж, усё гэта няпроста. Пакуль мы толькі на шляху адраджэння традыцыі. Трэба яе развіваць. Прывучаць моладзь з малых гадоў удзельнічаць у спонсарстве. Няхай ён кіне ў скрыначку на адраджэнне храма ці, скажам, Навагрудскага замка і сто рублёў. Галоўнае, каб у людзей выхоўвалася пачуццё неабходнасці захоўваць і берагчы сваю культуру. Вырасце гэты хлопчык ці дзяўчынка, стане багатым чалавекам і ператворыцца ў мецэната.
— Рэстытуцыя — гэта вяртанне, а не выкуп твораў. Калі ёсць даказальная база, твор вяртаецца, а не выкупляецца. Аднак спонсары маглі б дапамагчы ў іншым — удзельнічаць у аўкцыёнах і набываць творы, неабходныя для нашых музеяў і калекцый.
— Мару, каб тут была калекцыя слуцкіх паясоў. У даваеннай калекцыі іх было 48. Але ўсе яны былі вывезеныя з музея падчас вайны. І сёння сваіх паясоў мы не маем — бяром на дэпазіт з тых музеяў, дзе яны захаваліся. У Расіі, да прыкладу, іх каля ста. Мы нават гатовыя абмяняць на некалькі з іх, скажам, карціну сусветна вядомага мастака Шышкіна, толькі каб папоўніць фонд музея гэтымі беларускімі скарбамі.
— Праграма прадугледжвае толькі адраджэнне слуцкіх паясоў. Згодна з ёй у нашай краіне будуць рабіцца рэплікі на слуцкія паясы. Паясы, набліжаныя да арыгіналаў, будуць знаходзіцца ў музеях краіны, дэманстравацца ў школах, распаўсюджвацца як сувеніры. Вось, дарэчы, наш музей распачаў цікавы праект. (Уладзімір Іванавіч прадэманстраваў унікальныя тканыя папкі і вокладкі ў стылі слуцкіх паясоў.) Гэта эскізныя варыянты, выкананыя Барысаўскім камбінатам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У такой вокладцы-футляры можна падарыць, да прыкладу, набор кніг “Славутыя мастакі з Беларусі”. Глядзіцца вельмі каларытна.
— Плануецца, што так. Да прыкладу, у новым будынку музея, які адкрыецца ў 2014 годзе на вуліцы Карла Маркса, 24, будуць і арт-кафэ, і магазін... Гэта закладзена ў канцэпцыю музея.
— Якраз планую зладзіць у наступным годзе, калі буду святкаваць юбілей, сваю персанальную выставу. Ужо пераехаў у новую майстэрню і распачаў новы твор. Часу, вядома, вельмі мала. Даводзіцца працаваць па вечарах, на выхадных.
— А яго проста няма. Гэта толькі звонку падаецца, што працаваць у музеі — значыць гуляць сярод карцін ды сустракацца з мастакамі. Аднак у дырэктара музея вельмі шмат адміністрацыйных абавязкаў. З папер проста не вылажу. Праўда, заўсёды маю магчымасць пераключыцца, прайсціся ля карцін ды адпачыць душой. Магчыма, адсюль і працаздольнасць такая.
— Радзіма — гэта святое. Зараз якраз працую над серыяй работ з роднай вёскі Жгунская Буда, што на Гомельшчыне. Таму бываю там часта. Малюю эскізы з натуры, а пасля ўжо дапрацоўваю ў майстэрні.
— Калі гаварыць пра мару як дырэктара — хацелася б завяршыць музейны квартал. Даўно жыву гэтай ідэяй. Што датычыцца асабістай творчасці, мару напісаць карціну, на якой будуць прысутнічаць чатыры дырэктарымузея — Міхалап, Аладава, Карачун і я. Так і бачу нас за адным сталом. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт “НГ” спытала дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова пра ідэі, поспехі і спадзяванні.
|
|