Зюзя з Паазер’я і Зімнік з Налібокаў
29.12.2012
—
Разное
|
Якіх канкурэнтаў (ці калег?) Дзеда Мароза можна сустрэць у беларускіх лясах і мястэчках? У Амерыцы — Санта Клаўс, у Фінляндыі — Ёўлупукі, у Славакіі — Ёжышак, у Нарвегіі — Юлебук, у Карэліі — Пакайне, у Францыі — Пер Ноэль... Як толькі не называюць і не малююць казачных персанажаў навагодніх святаў. Свой “санта” ёсць і ў Беларусі. І нават не адзін! Усе мы добра ведаем пра галоўнага чараўніка Дзеда Мароза і яго рэзідэнцыю ў Белавежскай пушчы. Аднак Дзед Мароз не ўласна беларускі персанаж. Гэты дзядок прыходзіць на святы да ўсіх усходніх славянаў. Ды і не такі ён дзядок — нядаўна адзначыў усяго толькі сто гадоў. Вядома, што ўпершыню гэты персанаж з’явіўся на дзіцячым ранішніку ў 1910 годзе. А вось спрадвеку падарункі беларускім дзеткам прыносілі Зюзя, Зімнік ды Ледзяны Дзед. Але чаму прыносілі? І цяпер прыносяць! У кожнага з іх нават свае сядзібы ёсць. Завітайма ў госці Дзед Мароз — чырвоны нос Сівавалосы, з доўгай барадой і ў чырвоным кажушку, Дзед Мароз пасяліўся на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” ў снежні 2003 года. За дзесяць гадоў дзядуля нядрэнна абжыўся. На першым паверсе яго маёнтка — вялікая зала з разным драўляным тронам для прыёмаў. На другім — спальня з печкай і шырокім драўляным ложкам з сямю падушкамі. Побач з маёнткам Дзядулі Мароза — домік Снягуркі, музей, вятрак, чароўны калодзеж і безліч скульптурных кампазіцый з дрэва. Да прыкладу, тут можна сустрэць Беласнежку з сямю гномамі і казачных дванаццаць месяцаў. Знаходзіцца на тэрыторыі снежнай рэзідэнцыі і Скарбніца, дзе захоўваюцца самыя каштоўныя скарбы Дзеда Мароза — лісты і малюнкі дзяцей, а таксама іх падарункі. Месціцца маёнтак Дзеда Мароза ў вёсцы Камянюкі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Дзед Мароз працуе штодзень (які ж адпачынак, калі свята на носе!) і прымае гасцей з дзявятай раніцы да шостай гадзіны вечара. Мы патэлефанавалі Дзядулю і яго Снягурцы напярэдадні свята і пачулі шчырыя віншаванні з Новым годам.
Ледзяны Дзед з гарачым сэрцам Ледзяны Дзед у блакітнай снегавой світцы, валасы і доўгую бараду якога пакрывае густы іней, — таксама персанаж з беларускай міфалогіі. З нядаўняга часу яго месца прапіскі — вёска Мяркулавічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Разам з Ледзяным Дзедам тут жывуць Снягурка, Зімачка-зіма, Ліса, Дамавічок Кузя, разбойнікі і Баба Яга. Двор Ледзянога Дзеда поўны дзівосаў і цудаў. Тут і чароўны куфэрак з латарэяй, і лава, якая выконвае запаветныя жаданні, і спальня з чароўнымі люстэркамі, і трапезная, у якой Ледзяны Дзед частуе сваіх сяброў гарбатай і блінамі, і сапраўдны трон, які падарылі сёлета Ледзяному Дзеду мясцовыя ўлады. Пагуляць па чароўных сцежках, павадзіць карагоды каля ёлкі, сустрэцца са Снягуркай, пакатацца на конях і прыняць удзел у навагодніх тэатралізаваных паказах у сядзібе Ледзянога Дзеда можна з 23 снежня па 19 студзеня.
Зюзя... белавалосы і босы Галоўны канкурэнт Дзеда Мароза — старажытнабеларускі бог холаду і марозу Зюзя Паазерскі. Ён ужо каля васьмі гадоў стала жыве на Пастаўшчыне Віцебскай вобласці недалёка ад вёскі Пруднікі. Можа, раскошы ў Зюзявай сядзібе менш, чым у рэзідэнцыі Дзеда Мароза, але здзівіцца тут дакладна ёсць чаму. Сядзіба гэтая з кожным годам удасканальваецца і абжываецца ўсё новымі духамі. На сцежках, мастах, каля брам стаяць драўляныя ліхтары ў выглядзе пачварных істот і сустракаюцца то тут, то там усялякія пачвары, лесуны, вадзянікі. Жывуць тут і іншыя персанажы з беларускай міфалогіі. Вужалка, да прыкладу, Клікун на гадзюцы і Хапун, які выкрадае непаслухмяных дзяцей, — у яго для гэтага і торба вялікая ёсць. І, вядома, сам Зюзя. Праўду паданне кажа: невялікага росту, з жалезнай булавой, без шапкі і з босымі нагамі. І гэта зімой! Але ці яму, беларускаму богу зімы, баяцца холаду? Ён сам, калі раззлуецца, напалохае каго хочаш. Як стукне па дрэве сваёй булавой! Адсюль і трэск у лесе. Амаль увесь час Зюзя праводзіць у лесе. Да людзей заглядае толькі каб папярэдзіць пра маразы ці куцці пакаштаваць на Каляды. Дарэчы, спрадвеку было прынята пакідаць яму частку святочнай вячэры, прамаўляючы: “Зюзя на дварэ — куцця на стале”. А яшчэ першую лыжку кашы кідаць за акно. І няхай толькі не спадабаецца каша старому... Такую завіруху закруціць! Але за стагоддзі Зюзя вельмі падабрэў. Сёння ён не толькі не просіць кашы, але і сам з радасцю частуе гасцей пернікамі, блінамі ды гарбатай на зёлках.
Зімнік з пралескамі і баравікамі Яшчэ адзін канкурэнт (а можа, брат і сябар?) Дзеда Мароза пасяліўся ў лесе каля вёскі Залейкі, што ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Зваць яго Зімнік Налібоцкі — ад назвы Налібоцкай пушчы, з якой мяжуе Іўеўскі раён. За два гады, колькі жыве ў іўеўскім лесе Зімнік, стварыў ён вакол сябе сапраўдную чароўную казку. Тут дрэсіруе чорнага крумкача Баба Яга, паказвае розныя дзівосы Салавей-разбойнік, спяць у берлагу маленькія мядзведзікі і растуць грыбы з пралескамі — нават зімой! Кажуць, хто адважыцца прайсці па лясным гушчары і знойдзе гэтыя незвычайныя кветкі, той будзе шчаслівым увесь наступны год. Дзед Зімнік і баба Завіруха прымаюць дзяцей і дарослых з усіх куткоў Беларусі. Паглядзець на зімовых персанажаў у Іўеўскі раён прыязджаюць з Мінска, Барысава, Ліды, Гродна, Баранавічаў і многіх іншых гарадоў. І дзеці, і дарослыя з радасцю гуляюць у чароўным лесе, водзяць карагоды, удзельнічаюць разам з казачнымі персанажамі ў гульнях і спектаклях. Зімнік Налібоцкі прымае гасцей штодзень з 15 снежня па 15 студзеня (выключэнне — 31 снежня і 1 студзеня).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якіх канкурэнтаў (ці калег?) Дзеда Мароза можна сустрэць у беларускіх лясах і мястэчках?
|
|