Святлана і Рыгор Сарокі: “Сям’я без кахання – гэта амаральна” (+відэа)
09.01.2013
—
Разное
|
Святлана і Рыгор Сарокі шчыра і з усмешкай расказваюць пра сваё жыццё. Святлана і Рыгор Сарокі жанатыя дзевяць гадоў, але сумеснае інтэрв’ю разам далі ўпершыню. Як у Маладзечне паўстаў Палац культуры? Хто выхаваў музычны густ гараджан? У чым сакрэт стваральнай моцы шлюбу? Пра гэта распавялі нашы госці нумара.– Святлана Рыгораўна, праца сенатара аказалася для вас такой, як вы яе сабе ўяўлялі? Святлана С.: За год я ведала, што мая кандыдатура прапануецца ў Сенат, і за год я шмат папрацавала. Я вывучыла, чым займаюцца ў Савеце Рэспублікі, чым займаюцца ў камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, бо меркавала, што мяне накіруюць менавіта туды. Вывучала дакументы, якія прымалі, што наогул было зроблена камісіяй. Я ведала, на што я іду. І разумела, што будзе складана, таму што працу сенатара мы сумяшчаем з асноўнай працай. Да таго ж, усе праграмы, па якіх працуе і адукацыя, і міліцыя, і іншыя галіны, праходзяць праз культуру, таму я была ў тэме. – Рыгор Сямёнавіч, якім будзе самы буйны праект 2013 года? Рыгор С.: Опера пра Міхала Клеафаса Агінскага. Яна пішацца па маёй ідэі. На прэзентацыі фонду спадчыны Міхала Клеафаса ўжо прагучала арыя “Дзе ты, мая Айчына”. Зала проста ўзарвалася! Гэтая опера – сапраўдная бомба ў культурнай плыні Беларусі. І нараджаецца яна ў Маладзечне. А потым пойдзе гуляць па свеце і ствараць гісторыю. – Калі яе можна будзе пабачыць? Рыгор С.: Я пастаўлю яе да 28 лістапада, майго дня нараджэння. Гэта і будзе маім святкаваннем. Я неяк спрабаваў яго наогул не адзначаць, але мяне ўсё роўна віншуюць. Тым больш, што нам пашанцавала. На днях праекту оперы прысудзілі ў Мінску грант. Мы атрымалі ў дапамогу на пастаноўку 100 мільёнаў рублёў. І хоць гэта невялікая сума, але ўсё роўна грошы. Раней я ставіў оперы і наогул ніякіх грошай ніхто не даваў. – Чаму для вас такая блізкая асоба Міхала Клеафаса? Рыгор С.: Калі я шукаў імя музкаледжу, то выбіраў тое, якое ведае свет. Міхала Клеафаса ведаюць, асабліва ў Еўропе. Акрамя гэтага ён прывязаны да тутэйшых мясцін, бо насіў тытул графа маладзечанскага і меў замак у Залессі. Вядома, што Агінскі не Бетховен і не Шапэн. Але ён быў не толькі кампазітарам, а яшчэ і палітыкам, і рэвалюцыянерам. Таму, з гэтага боку, і Бетховен не мацнейшы за Агінскага. – Ці ўяўлялі вы, што ваша праца дасягне такога маштабу? Рыгор С.: Я проста хацеў займацца любімай справай. У мяне ў дзяцінстве не было вялікага выбару, куды падацца. Я нарадзіўся ў вёсцы Турэц-Баяры. Маці была звеннявая па лёну. Дарэчы, яна атрымала ў Маскве залаты медаль ВДНГ (выставы дасягненняў народнай гаспадаркі). Мой бацька, Сямён Мікалаевіч, працаваў майстрам вагоннага дэпо. Памятаю яго прасмоленае адзенне. Бацька быў выдатным краўцом. Займаўся гэтым пасля таго, як прыходзіў з асноўнай працы. Усе маладзечанскія стылягі шылі ў яго сабе адзенне. Юрый Антонаў у тым ліку. Яшчэ бацька іграў на розных музычных інструментах. – Дык гэта ён вам прывіў такі музычны густ? – Вядома. У нашым доме часта гучала музыка, бо бацьку ўвесь час хацелася ўзяць у рукі які-небудзь інструмент і зайграць. Ён і мне прывозіў розныя інструменты. Хаця бацькі не думалі, што я буду музыкантам. Бацька хацеў, каб я быў ветэрынарам. Тады ў вёсцы гэта была запатрабаваная справа. Але калі бацькі пабачылі мой талент, не супраціўляліся, а толькі дапамагалі. Асабліва бацька. – Як вы патрапілі ў музычную школу? Рыгор С.: Не адразу. Музычная школа была ў горадзе, а я жыў у вёсцы. Трэба было ездзіць 20 кіламетраў, таму мяне не прынялі. Я год займаўся музыкай у Лебедзеве з баяністам-самавучкай Корсакам. Потым бацька пабудаваў дом у горадзе, і мы пераехалі. Спачатку спрабаваў паступіць у музвучылішча, але не ўзялі. Затое прынялі ў музычную школу, і я скончыў яе хутчэй, чым тыя, хто паступаў раней за мяне. Тады я ўжо вучыўся ў 10-м класе і за два гады цалкам прайшоў пяцігадовы курс. А потым ужо зноў паступаў у музвучылішча. З вялікім поспехам яго скончыў, і мяне пакінулі тут працаваць настаўнікам. Кансерваторыю па класе баяніста і дырыжора я заканчваў ужо завочна. – Святлана Рыгораўна, вас заўсёды вабіла культура? Святлана С.: На пачатку свайго шляху я паступіла ў медыцынскае вучылішча разам з сяброўкамі. Сяброўкі не змаглі здаць экзамены, таму і я забрала дакументы, бо не хацела вучыцца без іх. А праз два гады прыняла рашэнне і паступіла адна, без сябровак, у мінскае культурна-асветніцкае вучылішча. І як цяпер падумаю, што з вёсачкі, без спецыяльнай адукацыі, вырашыла туды паступіць, то часам так смешна становіцца, як Фрося Бурлакова з фільма “Прыходзьце заўтра...”. Але было вялікае жаданне, мяне прынялі. Вучыцца было вельмі складана, бо іншыя – пасля музычнай школы, а я не ведала ні адной ноты. І я працавала над сабой. Пасля заняткаў усе разыходзіліся, а я шукала свабодны клас і вучыла ноты. І ўжо на першым экзамене па акардэоне я мела станоўчы вынік, а закончыла вучылішча на пяцёркі. Рыгор С.: Света закончыла інстытут культуры без ніводнай дзявяткі, усе дзясяткі ў яе. Пашукайце яшчэ такія дыпломы. А там складана вучыцца, шмат пераздач. Святлана С.: Я на той час працавала дырэктарам раённага метадычнага цэнтра, і калі з’явілася спецыяльнасць “Культуралогія, менеджмент сацыяльна-культурнай сферы”, то я зразумела, што гэта тое, што трэба. Раней жа нідзе не вучылі быць кіраўніком. І хаця былі такія прадметы, як бухгалтарскі ўлік, аўдыт, было вельмі цікава. – А як вы сталі дырэктарам Палаца культуры? Святлана С.: Раней раён гучаў больш, чым горад, было вельмі шмат мерапрыемстваў. А ў горадзе адзіная пляцоўка – музычны каледж, дзе адбываліся ўсе мерапрыемствы. Запрасіў мяне на размову мэр, паглядзеў адзнакі ў дыпломе і прапанаваў стаць дырэктарам палаца. Я адмовілася, ён яшчэ даў падумаць. Пасля падумала, а навошта я вучылася? Я не магла б рэалізаваць свае ідэі на той пасадзе. Мяне прызначылі дырэктарам Палаца культуры. Я прыйшла сюды, а тут былі толькі голыя сцены. І пасля гэтага два тыдні плакала, думаючы, на што ж я пагадзілася. Рабі, што хочаш. Спачатку я вывучыла ўсе памяшканні. Зыходзячы з таго, колькі памяшканняў, глядзела, які павінен быць персанал. Комплекс павінен быў сябе абслугоўваць, моцным мусіў быць інжынерна-тэхнічны бок. Узяла спецыяльныя кнігі і вылічвала па іх, колькі трэба спецыялістаў. Прыйшла да мэра і кажу, што, паводле штатнага раскладу, мне трэба столькі чалавек. Ён адказвае: “Колькі??? 131 чалавек?” Я тлумачу: гэта павінна абслугоўваць столькі і столькі чалавек, вось гэта – столькі. А справа ў тым, што калі ўзнялі пытанне будаўніцтва гэтага палаца, то адказалі, а навошта ён наогул трэба. Ёсць жа ў Салігорску, Барысаве і Слуцку, у якіх працуе 30-40 чалавек. А я адказала, што гэты палац будзе такім, што ўсе мерапрыемствы будуць праходзіць толькі тут. І што сюды будуць прыязджаць зоркі расійскай эстрады. Так яно і сталася, але ў гэта ніхто не верыў. Мэр сказаў, каб ехала ў аблвыканкам, і калі змагу дамовіцца, то няхай так і будзе. Паехалі разам з Надзеяй Сідарэнкай, загадчыцай аддзела культуры. Нам адказваюць, што будуць думаць два тыдні. Я кажу: “І што, будзеце самі для мяне калектыў падбіраць? Седзячы ў сваіх памяшканнях?” Надзея Іванаўна вельмі абурылася, я папрасіла яе трошкі прагуляцца, а сваіх суразмоўцаў запрасіла задаваць пытанні. На ўсе пытанні я адказвала, для чаго патрэбна столькі чалавек, бо была падрыхтаваная. І праз паўгадзіны заходзіць Надзея Іванаўна, а яны падпісваюць штатны расклад. – У дзяцінстве вы займаліся спевамі, а ці часта спяваеце цяпер? Святлана С.: Я вырашыла больш займацца клубнай работай. Я магу правесці мерапрыемства, але сама выбрала іншы шлях, я цяпер не спяваю. – Рыгор Сямёнавіч, музыка – гэта ваша адзінае захапленне? Рыгор С.: Я жудасны кнігалюб і ні дня не жыву без кнігі. Пастаянна чытаю: то Караткевіча, то японца Муракамі, то музычную спецлітаратуру. Кнігі зрабілі мяне чалавекам. У іх вялікі чалавечы досвед, які накопліваўся стагоддзямі, і шмат адказаў. – Калі вы пачалі купляць кнігі? Рыгор С.: Я купляю іх з дзяцінства. Яны каштавалі раней вельмі дорага. Памятаю, як раней казалі: “Любіш кнігі – разлюбі грошы”. – А адкуль у вас былі грошы на іх? Рыгор С.: Я пачаў працаваць у 15 гадоў. Спачатку канцэртмайстрам у чыгуначным клубе, потым баяністам у палітэхнікуме ці ва ўлікова-планавым тэхнікуме. – З чаго вы пачыналі свой кар’ерны шлях? Рыгор С.: Ад аркестра баяністаў. Мы з ім на адным з рэспубліканскіх конкурсаў занялі другое месца сярод навучальных устаноў. Потым у мяне быў аркестр рускіх народных інструментаў. Я ім кіраваў 19 гадоў, і за гэты час мы аб’ездзілі вельмі шмат краін. Але давялося яго пакінуць, бо перарос такую музыку. Яна не вялікая. Такая музыка знаходзіцца каля яе, а не ў самым эпіцэнтры. У эпіцэнтры знаходзіцца сімфанічная музыка, а сімфанічнаму аркестру пад сілу ўсё! – Чаму вы вырашылі жыць у Маладзечне? Рыгор С.: Я не люблю вялікіх гарадоў, вялікіх тусовак. Самае страшнае з урачыстасці для мяне – вяселле. Як запросяць на вяселле, дык у мяне за месяц настрой псуецца. Збяруцца розныя людзі, возьмуць гэтага вядучага, нейкага чужога чалавека, а той пачне праводзіць недарэчныя гульні. Хаця я люблю прыехаць у вялікі горад: Парыж ці Амстэрдам, – і паглядзець на прыгажосць, адпачыць. У паўсядзённасці мне трэба спакой, я вельмі люблю прыроду, лес. – Святлана Рыгораўна, як вам ўдаецца выглядаць заўсёды так чароўна? Святлана С.: Я часта кажу свайму калектыву, што калі чалавек у культуры, ён павінен і знешне, і ўнутрана быць прыгожым. І прычоска, і макіяж, і адзенне павінны быць у парадку. Рыгор С.: Тут тады трэба дадаць, што табе ніколі не забаранялі купляць, што ты хочаш. І туфляў тых сотні стаяць, і ўсё іншае. Святлана С.: Гэта нармальна для жанчыны (смяюцца). Хіба можна апрануць сукенку, калі да яе няма туфляў у тон? А паколькі мой муж эстэт і яму не ўсё роўна, як я выглядаю, ён ніколі не шкадуе грошай. – Як вы падтрымліваеце сваё здароўе? Рыгор С.: Я спартыўны чалавек. Раніцай 20 хвілін раблю зарадку. У мяне дома і турнік ёсць, на якім дзесяць разоў падцягваюся. У мяне ў вучылішчы з настаўнікаў ніхто так не падцягнецца! Я не лянуюся і хаджу пешшу. Трэба пайсці ў краму ці некуды злётаць – няма праблемы, мяне не трэба ўпрошваць. А вечарам люблю пагуляць у парку, каб падумаць і адпачыць. Не магу глядзець, калі ў лазні многія мужыкі падымуць руку, а ў іх мышцаў няма, толькі абвіслая скура. У мяне такога няма ( і спадар Рыгор дэманструе нам свае рукі). Дапамагае падтрымліваць форму і мая праца дырыжорам. Многія вядуць заняткі седзячы, я ж амаль не саджуся. Сачу за вагой, каб не было гэтых лішніх кілаграмаў. Колькі мужыкоў зараз, прабачце, як цяжарныя жанчыны! І маладыя, слухайце, а такія цюфякі! Ну і што, няўжо гэта здароўе? Разваліна! – А ці рэлігійны вы чалавек? Рыгор С.: Я лічу, веруючы той чалавек, які робіць на гэтай зямлі дабро! Я люблю жывёл, шкадую іх, купляю ім спецыяльна кілбасу і Свеце кажу: “Ты гэта не з’еш. Гэта не табе”. Трэба рабіць добрыя справы! У гэтым жа сэнс рэлігіі? Каб чалавек рабіў на гэтай зямлі дабро. Дык я гэта раблю! Іншы наогул прыйдзе ў царкву, памоліцца і пойдзе грашыць. І ён што, веруючы чалавек? Я так не лічу. – Як вы адпачываеце? Рыгор С.: Вельмі любім на Нарачы адпачываць. Часам адпачываем на моры – у Егіпце ці Турцыі. Святлана С.: Але гэта нас не вельмі цікавіць, толькі калі ўжо мы вельмі стаміліся і хочам, каб нас ніхто не турбаваў. Любім наведваць канцэрты, але толькі высокага ўзроўню, дзе нам не будзе рэзаць вуха. А лепшы адпачынак для нас – калі мы збіраемся са сваімі сябрамі, аднадумцамі такой цеснай кампаніяй, і тады мы набіраемся энергіі. Хочацца праводзіць час з людзьмі, з якімі цікава, у якіх ёсць чаму павучыцца і разам з якімі можна ствараць новыя праекты. Мы вельмі любім удваіх спакойна паразмаўляць, у такіх гутарках нараджаюцца новыя ідэі. Аднак гэта бывае нячаста, я ўвесь час за камп’ютарам – і справаздачы, і сцэнарыі да мерапрыемстваў. Рыгор С.: Паласа ў яе цяпер такая. Святлана С.: Адпачываем на лецішчы, дзе вельмі любяць збірацца нашы дзеці і ўнукі. Рыгор Сямёнавіч даглядае там сад, вырошчвае кветкі. І ў перыяд, калі я была вельмі занятая, прывозіў мне кветкі, каб я пабачыла, што ў нас расце. Падразае дрэвы, калі трэба, і сёлета ў нас упершыню былі свае яблыкі. Рыгор С.: На адной яблыні ажно 30 яблыкаў было! Прафесар Путырскі любіць да нас у госці прыязджаць. Святлана С.: Асабіста я яшчэ люблю вязаць. Гэта дапамагае выходзіць з розных псіхалагічных станаў. – Што вы вяжаце? Рыгор С.: Яна вяжа так, што ніхто не верыць, што вязала яна. Была паласа, калі яна кожны вечар вязала, я ўжо сварыцца пачаў. Святлана С.: У свеце столькі цікавага! Ну столькі, што можна рабіць рукамі. І калі б арганізм чалавека быў пабудаваны так, што мог бы наогул не спаць, я б наогул не спала. Рыгор Сямёнавіч часта робіць мне заўвагі, што не сплю. А я не магу, мне цікава, я пішу, штосьці яшчэ раблю. Я люблю ствараць рукамі. Рыгор С.: Так, яшчэ неяк захаплялася... Як гэта тэхніка называецца? Карлінг, калі з садавіны ці гародніны выразаеш штосьці прыгожае. З дыні выразала такую прыгожую ружу. Яна любіць дом. І калі б не такая занятая, а проста гаспадыня, то гэта было б нешта! Яна ўсё ўмее – і прыгатаваць, і так аформіць стол, што адразу відаць, якая яна таленавітая. Святлана С.: Рыгор Сямёнавіч мой у ежы непераборлівы, але заўсёды можа ацаніць, калі смачна прыгатавана і прыгожа аформлена. Вядома, каб энергетычна падтрымліваць сябе, трэба нармальна харчавацца. Таму ў абед мы заўсёды дома. Рыгор С.: Калі ў яе было больш часу, то яна ў абед, за гадзіну, паспявала прыгатаваць і першую, і другую стравы. Цяпер мы ад гэтага крыху адышлі, але я ёй заўсёды кажу, каб не хвалявалася, я куплю ў краме салацік, прыгатаванае мяса, пагрэю і паабедаю. Ці складана, калі ў адной сям’і два лідары, якія працуюць у адной галіне? Святлана С.: Усе рашэнні мы прымаем разам. Рыгор Сямёнавіч кажа, што ён вырашыў, і я адразу з ім пагаджаюся. А праз 30 хвілін я ўжо пачынаю расстаўляць кропкі над “і”, як жа будзе лепей. – Раскажыце пра сваіх дзяцей. Рыгор С.: Мая Оля са сваёй сяброўкай напісалі кнігу аб тым, як мы ўсталёўвалі памятную дошку Агінскаму, а таксама два гады працавалі над кнігай аб маім аркестры. Оля закончыла музкаледж, і пасля інстытут культуры. А Таня стала піяністкай і працуе ў маім аркестры. Яна таксама закончыла музкаледж, пасля Акадэмію музыкі і магістратуру. Святлана С.: А Дыяна скончыла гімназію-каледж, цяпер вучыцца ў інстытуце культуры. Яна стала харэографам. Старэйшы унучак – Грышка. Як мы хацелі, каб ён займаўся музыкай, але ён у бацьку, больш вабіць тэхнічнае. А ўнук Жэнька ў нас артыст з добрым слыхам, заўсёды нас цешыў, спяваў песні. – А што б вы пажадалі нашым чытачам? Рыгор С.: Я жадаю нашым вельмі дарагім землякам пражываць кожны дзень так, каб пасля яго можна было нешта пакінуць сваёй сям’і, на працы, у горадзе нейкі ўнёсак, які ўпрыгожыць нашае жыццё. Увесь час ствараючы нешта. Няхай усе будуць і здаровыя, і багатыя, і шчаслівыя, каб маглі выканаць галоўнае пажаданне. Святлана С.: А я жадаю любові ў сэрцы і душы. Гэта вялікае пачуццё, якое дапамагае ствараць нешта новае ў жыцці. Няхай кожны здзейсніцца ў сваёй працы. А галоўнае – гэта сям’я. Яе мы павінны берагчы ўсё жыццё. Жадаю, каб усе сагравалі цяплом сваіх родных. Няхай Новы год будзе не толькі святам, але і пачаткам добрых спраў і прыемных падзей. Сёлета музычнаму каледжу спаўняецца 55 гадоў, а аркестру Рыгора Сарокі – 45 гадоў. У 2015 годзе будзе адзначацца 250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага. Спадар Рыгор ужо рыхтуецца да гэтай даты. У лістападзе будзе пастаўленая опера пра Агінскага. Рыгор Сямёнавіч кіруе сімфанічным аркестрам маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага і адначасова з’яўляецца дырэктарам каледжа, а Святлана Рыгораўна працуе дырэктарам Палаца культуры і з 2012 года – член Савета Рэспублікі. Зоя ХРУЦКАЯ, Фота забяспечана Святланай САРОКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Святлана і Рыгор Сарокі жанатыя дзевяць гадоў, але сумеснае інтэрв’ю разам далі ўпершыню. Як у Маладзечне паўстаў Палац культуры? Хто выхаваў музычны густ...
|
|