За дарогамі сочаць і ноччу
20.01.2013
—
Разное
|
Дарожныя рабочыя на спецмашынах расчышчаюць снег, каб усе маглі трапіць на працу. Зімой дарожныя рабочыя прачынаюцца адны з самых першых, каб паспець пачысціць дарогі, па якіх усе астатнія паедуць раніцай на працу.Ноччу ў дарожнай рамонтна-будаўнічай установе сядзіць дзяжурны, які сочыць за тэмпературай і асадкамі. Калі паводле паказчыкаў надвор’я дарогі неабходна чысціць, тэлефануе работнікам і выклікае іх на працу. – Заўсёды ёсць дзяжурны кіроўца, які ведае, што пасярод ночы яго могуць разбудзіць і пасадзіць за руль, – кажа дырэктар ДРБУ–195 Аляксандр Пускоў. Нават калі няма снегу, вецер можа нанесці яго на дарогу з палёў. Тады дарожнікам падказваюць, дзе неабходна іх дапамога – дыспетчары аўтавакзала, аўтааматары. Кіроўцы першых рэйсаў адразу паведамляюць, дзе шмат снегу, і, калі вяртаюцца, заўважаюць, што дарогу ўжо пачысцілі. Што зроблена, што зробяць У Радашкавічах летась усталявалі адзін аўтапавільён (пляцоўка для прыпынку аўтобуса, для высадкі пасажыраў і сам павільён), а таксама два аўтобусныя прыпынкі. Усталявалі аўтобусны прыпынак і каля Відзеўшчыны. Арганізацыя выканала бягучы рамонт вуліцы ў вёсцы Мясата, а сёлета зробіць рамонт вуліцы ў вёсцы Дамашы. Зрабілі павярхоўную апрацоўку на аўтадарогах Маладзечна-Ілья і Маладзечна-Хажова-Ермакі на ўчастку ад Мойсічаў да Хажова. Сёлета ДРБУ–195 прадоўжыць апрацоўку гэтых дарог. Запланаваны рамонт асфальтабетоннага пакрыцця на пад’ездзе да цагельнага завода ў Радашкавічах. Наогул міжрамонтны тэрмін для асфальтабетоннага пакрыцця – каля васьмі гадоў. Участак дарогі ад Краснага да Белева таксама плануюць зрабіць. ДРБУ займаецца і абслугоўваннем стану дарог. Па меры неабходнасці праводзяць ямачны рамонт, уборку смецця, усталяванне збітых знакаў, абкошванне.
Смецце Дарожнікі прыбіраюць смецце на прыпынках і паміж населенымі пунктамі. – Шмат сродкаў выдаткоўваецца на ўборку смецця ўздоўж дарог, асабліва пасля зімы, – гаворыць Аляксандр Пускоў. – Вясной работнікі выходзяць на суботнікі і ўздоўж дарог усё гэта прыбіраюць, хаця такога можна было б пазбегнуць. Дарожнікі лічаць, што ўздоўж дарог хапае смеццевых кантэйнераў, а на прыпынках – невялікіх сметніц. Напрыклад, для таго, каб выкінуць упакоўку ад марожанага ці недапалак. – Але ў гэтыя урны вывозяць на машынах пакеты бытавога смецця, – працягвае Аляксандр Пускоў. – Сметніца адразу поўная, а потым іншыя ставяць свае пакеты каля урны. Тэрыторыя набывае вельмі непрывабны выгляд. Смецце ж мы потым мусім прыбіраць. – Стыхійныя звалкі ўтвараюцца менавіта каля садаводчых таварыстваў. Смецце з’яўляецца пераважна вечарам у нядзелю, калі людзі выязджаюць з лецішчаў, – распавядае Аляксандр Пускоў. – У іх не заўсёды ёсць кантэйнеры, таму смецце нясуць да бліжэйшага прыпынку. За гэта прадугледжаныя штрафы самім дарожным арганізацыям ад санэпідстанцыі за несвоечасовую ўборку. Прыпынкі прыбіраюць прыкладна раз на месяц, і гэтага дастаткова, калі імі карыстаюцца так, як прадугледжана. – Гэта ж грошы, якія можна было б укласці ў ямачны рамонт, а не траціць на смецце, – тлумачыць галоўны інжынер Яўген Адашкевіч. Зоя ХРУЦКАЯ, Фота kontakt.by. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зімой дарожныя рабочыя прачынаюцца адны з самых першых, каб паспець пачысціць дарогі, па якіх усе астатнія паедуць раніцай на працу.
|
|