Замак паўстане з руін. 21.by

Замак паўстане з руін

05.02.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да Дня беларускага пісьменства ў Быхаве пачнецца рэстаўрацыя старажытнага помніка

Як вядома, сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Быхаве. І горад гэты абраны невыпадкова, ён мае багатую гісторыю, нямала помнікаў мінулага. Асабліва вядомы Быхаў славутым Баркалабаўскім летапісам, што даў адметнае апісанне жыцця і побыту мясцовасці XVII стагоддзя. Адной з жамчужын Прыдняпроўскага краю з’яўляецца і Быхаўскі замак. Да свята яго плануюць вярнуць да жыцця. Карэспандэнт “НГ накіраваўся ў Быхаў, каб даведацца, як ідуць справы з рэканструкцыяй замка.

— Гаворка пра тое, каб аднавіць Быхаўскі замак, вялася і ў 50—60-я гады мінулага стагоддзя, — распавядае дырэктар раённага гістарычнага музея Сяргей Жыжыян.— Публікацыі на гэтую тэму з’яўляліся ў перыядычным друку. Але тады руінаў яшчэ хапала пасля вайны. Будавалі самае неабходнае: прадпрыемствы, жыллё. Прынамсі, замкавыя пабудовы знаходзіліся не ў такім сумным стане, як зараз. Хаця і не былі тымі ўмацаваннямі, якія ўзводзіліся пры Сапегах, бо шмат разоў перабудоўваліся. З развіццём зброі і з’яўленнем артылерыі тут доўгі час кватаравалі артылерыйскія часці. Пад іх размяшчэнне і прыстасоўваліся замкавыя пабудовы.

— Замкавы ансамбль, сінагога, касцёл узводзіліся практычна ў адзін час — у XVII cтагоддзі, — з веданнем справы працягвае суразмоўца (ён вырас у Быхаве). — У дзяцінстве даводзілася чуць ад дарослых, што паміж імі існавалі падземныя хады, якія давалі магчымасць у выпадку захопу ворагам умацаванняў замка ці пры асадзе іх выйсці за яго межы. Некаторыя сцвярджалі нават, што таемныя хады вялі ледзь не да Магілёва і ў Баркалабаўскі манастыр. Але першае малаверагодна, бо ў магілёўскім напрамку трэба было пераадолець Днепр. На жаль, ні на якіх планах і схемах падобныя хады не пазначаны. Але гэтаму таксама ёсць тлумачэнне: пры захопе ворагі не павінны былі пра іх даведацца. Так што хутчэй за ўсё таемныя хады мелі мясцовае значэнне. Аднавіць іх зараз няма ніякай магчымасці. Ды і небяспечна.

У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў у горадзе з’явіўся бізнесмен па прозвішчы Сапега, які пазіцыянаваў сябе як далёкі нашчадак польскіх магнатаў. Узяў замак у арэнду, запусціў у работу мэблевы цэх, тое-сёе з пабудоў аднавіў. Але ў хуткім часе ў гэтым цэху здарыўся пажар. І ўсё пагарэла. Прадпрымальнік пакінуў і сваю вытворчасць, і жаданне рэстаўрыраваць гістарычныя пабудовы і некуды бясследна знік. Так што давядзецца пачынаць справу фактычна з нуля.

У гутарцы старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Калееў адзначыў вялікі інтарэс мясцовых уладаў у аднаўленні замка. Да сёлетняга свята беларускага пісьменства зроблены немалыя захады для таго, каб распачаць рэстаўрацыю. Але за такі невялікі тэрмін ажыццявіць усе планы немагчыма. Бо, каб прыступіць да разгорнутых рэстаўрацыйных работ, патрэбна дэталёвае абследаванне таго, што засталося, заключэнне спецыялістаў. Ды і тых сродкаў, якія выдзяляюцца з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, недастаткова, каб удыхнуць у гістарычныя збудаванні новае жыццё.

— Але ад намераў і планаў не адступімся, — аптымістычна зазначыў Дзмітрый Міхайлавіч. — Будзем аднаўляць спадчыну ўсёй грамадой.

Словы кіраўніка раёна ўжо набываюць матэрыяльнае ўвасабленне. Райвыканкам адкрыў адзіны дабрачынны рахунак для збору сродкаў на кансервацыю і рэканструкцыю замкавых збудаванняў. Яго рэквізіты такія: № 3642045794327, ЦБУ № 706 філіял № 700 Магілёўскага абласнога ўпраўлення ААТ ААБ “Беларусбанк” МФО 153801536 УНП 700085055. Атрымальнік плацяжоў — аддел культуры Быхаўскага райвыканкама.

Вяртанне да жыцця старажытнага замка — не самамэта. У раёне актыўна развіваецца турыстычная галіна, асабліва аграэкатурызм. Тут з два дзясяткі аграсядзібаў, якія наведваюць аматары адпачынку з Расіі і з розных куткоў нашай краіны. І чым больш у пазнавальных праграмах-маршрутах будзе цікавых гістарычных мясцін, тым большай стане цікавасць наведвальнікаў да паездак на Быхаўшчыну.

У дырэктара краязнаўчага музея Сяргея Жыжыяна свае рэзоны з нагоды правядзення рэстаўрацыйных работ. У цяперашнім памяшканні музея зараз ідзе капітальны рамонт. Па яго заканчэнні месцы ў экспазіцыях, — а некалі яны лічыліся багацейшымі за іншыя раённыя, — зойме каля васьмі тысяч экспанатаў. І вельмі арганічна было б, калі б наведвальнікі музея сталі адначасова і наведвальнікамі замка.

Што ж, вялікая справа патрабуе доўгага часу для яе ажыццяўлення. І яна распачынаецца. На руінах старажытных пабудоў ужо працуюць спецыялісты, каб вызначыцца з аб’ёмам работ. Значыць, пачатак ужо пакладзены.

 Якім ён быў?

Вядома ж, драўляныя абарончыя збудаванні існавалі ў горадзе з моманту яго заснавання. А ўпершыню ў пісьмовых крыніцах успамін аб ім датуецца 1393 годам. Тады ў грамаце князя Дзімітра Сямёнавіча згадваецца паселішча “двор Быхаў”. Пазней тут уладарылі знакамітыя шляхціцы князі Свідрыгайлы, Гаштольды, Хадкевічы. У першай чвэрці XVII стагоддзя горад перайшоў да Сапегаў.

Мураваны замак з дазволу караля, пазначанага ў спецыяльнай грамаце, пачаў будаваць яшчэ гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Хадкевіч. А завяршыў узвядзенне непрыступных сцен і фартыфікацый ужо Леў Сапега. Хоць умацаванні сапраўды выглядалі ўнушальна, лічыліся непрыступнымі, у далейшым яны не аднойчы бачылі заваёўнікаў — і ў перыяд руска-польскага канфлікту ў сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя, і ў часы Паўночнай вайны. А з далучэннем Усходняй Беларусі да Расійскай імперыі Быхаў наогул страціў стратэгічнае значэнне. Таму і ўмацаванні ўжо не падтрымліваліся ў баявым выглядзе, неўзабаве прыйшлі ў заняпад.

Пэўную гістарычную ролю замак яшчэ адыграў пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Тут часовы ўрад утрымліваў вядомых царскіх генералаў, сярод іх — Дзянікіна, Карнілава, Шкуро. Падчас Вялікай Айчыннай тут было гета, пасля замак пакрысе ператварыўся ў руіны.

Быхаўскі раён

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да Дня беларускага пісьменства ў Быхаве пачнецца рэстаўрацыя старажытнага помніка
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика